Прэм’ера
Андрусь Горват
16+
Выдавец: Альфа-кніга
Памер: 186с.
Мінск 2022
Як-та нялоўка, сказала яшчэ раз.
Гэта на шчасце. На шчасце.
Калі ўсім было наліта, на стол паставілі талерку з грыбамі.
Рэдактар Косцікаў падняў келіх з шампанскім і сказаў:
Калегі, мне так баліць за беларускую літаратуру. А гэта там у вас марынованыя грыбочкі?
Белыя, сказала Грыб.
Далей не было пра што размаўляць. Пра беларускую літаратуру ўсё сказалі, грыбы разгледзелі. Салат ва ўсіх быў аднолькавы.
Віктар Анатольевіч успомніў пра аўтара, моцна сціснуў яго тонкі біцэпс рукой далонь была вялікая, мужыцкая, можна было ўсунуць у яе і другі біцэпс і сказаў:
От прыклад маладога літаратара, які дасягнуў поспеху.
Кампанія недаверліва паглядзела на аўтара: усе даўно пахавалі беларускую літаратуру і з поспехам гастралявалі па памінках.
Гэта сёння сустрэча з вамі? спытала Грыб.
Аўтар кіўнуў.
А я думаў, што з Зояй Андрэеўнай. Яна каля ліфта стаяла, сказаў Косцікаў.
Гэта яна прыйшла паглядзець на нашага аўтара, патлумачыў Віктар Анатольевіч.
Проста яна каля ліфта стаяла, я і падумаў, што з ёй.
He, не з ёй.
Ну панятна. А вы, малады чалавек, таксама пішаце? Мы вас яшчэ не друкавалі? Вы начынаюшчый? А пра што пішаце? Якая ў вас тэма?
Аўтар паспяшаўся праглынуць салат, але неяк многа паклаў у рот. Пакуль ён дажоўваў, Віктар Анатольевіч міністэрскай хваткай ізноў сціснуў аўтару біцэпс і сказаў:
Яго персанаж пераехаў у вёску.
Падвіжнічэства, мда. Я ў васьмідзесятым увёў у літаратуру. Цяпер гэта стала модна, сказаў пісьменнік нумар адзін. А вы, Раіса Арнольдаўна, грыбы папробуйце. Харошыя. Новы Лабановіч, ну панятна. Гэта пахвальна, што абапіраецеся на класіку. Колас, Купала, Танк. Мда. Харошыя грыбы.
Мне так баліць за беларускую літаратуру, чамусьці зноў сказаў рэдактар Косцікаў.
Пасля гэтых словаў гаварыць не хацелася. Кампанія ўважыла класікаў хвілінай маўчання.
Калі доўга маўчаць, значыць, хтосьці нарадзіўся, сказаў пісьменнік нумар два.
Літаратуразнаўца Грыб падхапіла яго думку:
Давайце вып’ем за таго, хто нарадзіўся.
Выпілі за немаўля.
Прынеслі суп і выцерлі лужу.
Вы ешце, ешце гарачае, сказала аўтару літаратуразнаўца Грыб.
Гарачае ўплочана, ешце, дадаў Віктар Анатольевіч з міністэрства.
Госпадзі, які худзенькі. А вашая мама з вамі жыве? Грыб амаль крычала, нібы аўтар праз худабу быў глухім ці ўбогім.
Ён ужо хацеў хутчэй выйсці, але дырэктарка выдавецтва Барадаўкіна сказала:
Вы ешце, ешце. I пішыце. Мы вас надрукуем. Абрашчайцесь. Ешце.
Аўтар толькі цяпер добра разгледзеў чалавека, які сядзеў за ёй. Гэта быў Міхаіл Афанасьевіч Булгакаў. Ён увесь час усміхаўся, многа запісваў у нататнік і не еў.
Рэдактар Косцікаў стаў успамінаць і пра сваю кнігу.
А я, калегі, столькі шуму нарабіў. Той пісьменнік, здаецца, і піша, і піша, а ніхто яго не чытае. А я адзін раз напісаў, і ўсе прачыталі, сказаў.
Пад яго словы вынеслі капусту з катлетай.
Вы напісалі кнігу? спытала ў яго літаратуразнаўца Грыб. Як яна называлася?
«У імя вечнасці».
Таленавіты вы чалавек. I рэдактар, і кнігу напісалі. На ўсе рукі проста.
Выпіць ужо не было.
Калегі, у нас хутка сустрэча з аўтарам, як бы апраўдваўся Віктар Анатольевіч, Але яна ненадоўга. Пасля сустрэчы вас чакае фуршэт.
Балуеце вы нас. Я ўжо так наелася, сказала Грыб.
Яно ўляжацца, дадала Барадаўкіна і добра патрэсла сваю торбу.
А з якім аўтарам сёння сустрэча? спытаў Косцікаў.
Кампанія ўстала з месцаў. Аўтар таксама хацеў устаць, але літаратуразнаўца Грыб паклала яму на плячо крэпкую вясковую руку і сказала:
А ты, Андрусь, даядай усё да канца. Гарачае трэба есці, бо зноў схуднеў, бляха.
Аўтара страсанула. Ён падняў вочы.
Грыб дадала:
Даядайце, я скажу Л юдзе, што вы зараз будзеце. He спяшайцеся, пражоўвайце харашо.
Усе пайшлі. Засталіся сядзець толькі аўтар і Булгакаў.
Я не люблю грыбы, прызнаўся аўтар.
Бо штосьці ж трэба было сказаць.
Можно, я это тоже запншу? спытаў Булкагаў.
Запісвайце, Міхаіл Афанасьевіч, усё запісвайце. I грыбамі частуйцеся. Ешце, ешце грыбы, запісвайце.
2.
Пасярод сцэны стаяла венскае крэсла.
На крэсле сядзеў аўтар.
Усе глядзелі на аўтара. Аўтар глядзеў на ўсіх.
Злева ад яго была трыбуна з мікрафонам.
Першай на сцэну выйшла Вольга Дзядкова з букетам астраў. Яна доўга гаварыла ў мікрафон. Але мікрафон быў выключаны, Дзядкова гаварыла ціха, публіка шапацела, круцілася на крэслах, нават аўтар не ўсё пачуў. Калі мікрафон уключылі, Вольга Дзядкова ўжо заканчвала свой маналог словамі:
...гэта космас.
Пасля чаго яна павярнулася да аўтара і запляскала ў далоні.
Літаратары зразумелі, што гэта ўрачысты момант, і вяла запляскалі ўслед за ёй.
Ну, не ўсе, не ўсе.
Дзядкова радасна паднесла аўтару букет кветак. Яна хвалявалася. Аўтар разгубіўся. Атрымалася, што яна не дала яму астры ў рукі, а паклала іх яму ў ногі.
Потым на сцэну выйшлі прыхільнікі. Яны сыпалі ў залю жмені жыта, але шырока размахваліся і адну жменю ўсыпалі аўтару ў твар. Ён заўважыў, што людзі ў першых шэрагах пачалі плявацца жытам.
Прыхільнікі па чарзе зачытвалі любімыя ўрыўкі з п’есы. Чамусьці выбіралі самыя няўдалыя. I чыталі іх не з той інтанацыяй, з якой аўтар пісаў.
Тым часам ён напружана думаў, у які момант лепей падняць кветкі з падлогі, каб гэта выглядала натуральна.
Потым адзін за адным да мікрафона сталі падыходзіць крытыкі і літаратары.
Першыя крытыкі хвалілі.
Іх ніхто не слухаў.
Пасярод іх выступу на сцэну выскачыў мужчына ў мятым касцюме і паказаў аўтару кукіш.
Заля ажывілася. Мужчыну вывелі.
Адна пісьменніца пачала маналог з кампліментаў аўтару, закончыла вялікім захапленнем. А паміж гэтымі дзвюма часткамі з усмешкай расказала, чаму яго п’есу нельга лічыць сур’ёзнай літаратурай. I галоўнае з нейкай радасцю, нават урачыстасцю.
Аўтар і сам чамусьці абрадаваўся.
Яна падышла абняць аўтара. Заадно падняла з падлогі астры і дала букет яму ў рукі.
Цяпер аўтар выглядаў прыстойна.
Адзін пісьменнік выйшаў, каб расказаць пра сваю новую кнігу.
Хтосьці спытаў, дзе кнігу можна купіць. Пісьменнік сказаў, што не чакаў такога ажыятажу і ўзяў з сабой толькі дзесяць асобнікаў.
У яго купілі восем.
У дзверы пачалі ламіцца.
- Гэта людзі ломяцца.
- He ўпускайце, сказаў пісьменнік. Літаратура не для людзей.
Дзверы не адчынілі. Пісьменнік кончыў і пайшоў.
Адзін рэдактар гаварыў многа. У асноўным гадасці. Крывіўся, калі глядзеў на аўтара, нібы аўтар быў кіслай капустай. He хацеў пакідаць сцэну, не адразу пагадзіўся аддаць мікрафон крытыку Жбанкову і застаўся стаяць побач, каб каментаваць выступоўцаў.
Жбанкоў быў акуратны, прыгожы, ад яго словаў пахла французскімі духамі. Ён сказаў:
Трэба разбураць інэрцыю.
Люда, пра што ён гаворыць? ціха спытаў аўтар.
Пра нейкую інэрцыю.
От і я так пачуў. А ён пахваліў мяне ці не?
Непанятна.
За ім выйшаў публіцыст. Гэты гаварыў многа. У асноўным пра тое, што побач з аўтарам задыхаецца. Люда пабегла адчыніць дзверы за сцэнай, каб упусціць свежае паветра.
Паэт прачытаў верш. Заля радавалася: верш быў з матамі.
Некаторыя выступоўцы сказалі, што кніга аўтара не заслугоўвае ўвагі і яны не збіраюцца яе чытаць. Некаторыя прачыталі і палюбілі, але на ўсялякі выпадак прамаўчалі. Некаторыя спачатку палюбілі, але тут, у залі, зразумелі, што памыліліся.
Аўтар павярнуўся да Люды. Але Люды побач не было.
На яе месцы стаяў персанаж.
Персанаж быў спакойны, трымаў у руцэ бутэльку польскага піва.
Ён сказаў:
Паехалі ў Парыж.
Што? спытаў аўтар.
У Парыж.
Які Парыж?
Персанаж паставіў бутэльку на падлогу, стаў перад аўтарам на калені, паглядзеў яму ў вочы і яшчэ раз сказаў:
Паехалі ў Парыж.
Аўтар пачаў баяцца яго.
Што ты хочаш?
Парыж! Паехалі ў Парыж!
Ён схапіў аўтара за тонкія плечы і стаў трэсці:
Паехалі ў Парыж!!!
Што?
Оля! Оля! Паехалі ў Парыж!
Паехалі, адказала Оля. Чаго ты крычыш?
3.
Мы сядзім на беразе мора.
Тут зямля заканчваецца. Я ўпёрся ў край зямлі і зняў кеды.
Вечаровае сонца ўтанула ў вадзе, і мора пачало дыхаць. Хвалі набягаюць мне на ногі. Лашчаць, лашчаць мае ногі хвалі.
Але вецер просіць не спыняцца, не скідаць заплечнік.
Вецер расказвае, што ў свеце ёсць Парыж.
Оля, паехалі ў Парыж.
Паехалі.
Калі я прачнуўся, Оля ўжо сядзела побач і чакала, каб сказаць:
У мяне няма пашпарта, зубной шчоткі. I ваабшчэ. Ну які Парыж? Трэба хадзіць на работу. Трэба карміць ката.
I даіць казу, дадаў аўтар услых і выключыў ноутбук.
Сёння ён не хацеў ісці ў тэатр. Яму здавалася, што літаратары яшчэ не разышліся з учорашняга дня і чакалі яго там. He было ніякага сумневу, што ўжо і Падаляка, і Пінігін перачыталі п’есу і таксама зразумелі, што аўтар графаман.
Тым больш цяпер, калі персанаж не ў Прудку, а на беразе мора, у гэта лёгка паверыць.
Як вы так павяліся, Мікалай Мікалаевіч? гаворыць дырэктар Пінігіну. Ну няхай я. Гэта не мая работа чытаць. А вы-та?
Падаляка грызе пазногці ужо дзевяць з дзесяці згрыз, ходзіць па пакоі і мычыць.
Рома, ну а ты? «Вы не панімаеце, он геній...». Цьху!
Вольга Дзядкова плача каля батарэі.
I што гэта за гісторыя з астрамі?
Маўчыце, маўчыце, гаворыць Дзядкова. Я напішу заяву... Я па сваім жаданні... Сама... Пайду... Я не буду...
Аўтар і сам ледзьве не плакаў. Яму асабліва было шкада Вольгу Дзядкову.
Ён адчуў жаданне куды-небудзь збегчы.
Было б добра зараз таксама апынуцца на моры.
Каб там не было ні літаратуры.
Hi тэатру.
Каб вакол гулялі пенсіянеры і альбіносы.
- Я ніколі ў жыцці не бачыла столькі людзей без колеру, сказала Оля.
Аўтар перачытаў сказ і выправіў альбіносаў на альбатросаў.
Вакол гулялі пенсіянеры і альбатросы. Польскія? Нямецкія?
Бераг мора аб’ядноўваў.
Горад Свінавусце не такі, як уся астатняя Польшча. Ён суровы, ветраны, інтравертны. Гэта горад, па якім увечары можа гуляць толькі Оля. Ранкам яна будзе расказваць, як вецер штурхаў яе ў мора. А яна казала:
- Ой мамачкі!
Ці не ў мора, а ў ложак на мансардным паверсе хостэла.
Я перад сном слухаў гэты вецер, глядзеў на яго ў акно над галавой.
А ранкам Свінавусце пачынае дыхаць напоўніцу: яно перажыло саму ноч. Ужо не вецер, а будаўнікі з перфаратарамі ў суседнім доме гаспадараць тут.
Гэта горад, у якім у ранішнім спакойным сонцы на балконе вельмі добра піць каву і пісаць кнігу, пакуль яна спіць, а на батарэях сохнуць шкарпэткі.