Прэм’ера
Андрусь Горват
Выдавец: Альфа-кніга
Памер: 186с.
Мінск 2022
Цётка таксама жыве адна. Нейкі час у яе быў певень. Але ён збег ад яе і тры дні жыў на канаве. Цётка ўгледзела яго і пазваніла:
Андрусь, усё кідай і бяжы хутчэй-скарэй! Вазьмі з сабой сетку.
Якую сетку? Няма ў мяне сеткі.
Ай, ну што ты за мужык такі! Бяжы, я дам.
Я прыбег, узяў цётчыну сетку і наблізіўся да пеўня.
Цётка Дуня нерухома стаяла ў канцы агарода і назірала ў бінокль. Певень цярпеў мяне, цярпеў, а потым як крыкнуў! Як драпануў па полі! Я спужаўся, а цётка праз увесь агарод сказала, што я калека.
Аўтар чакаў на смех Іры, але той у залі не было. Ён так захапіўся п’есай, што не заўважыў, як Іра пайшла.
Класна, Андруха. Вельмі класна, сказаў рэжысёр і таксама выйшаў з залі.
Аўтару камплімент спадабаўся. Усе аўтары любяць, калі іх гладзяць па спіне. Яму нават стала шкада, што рэпетыцыя скончылася. У залі з ім засталася толькі Света Анікей. Яна была ў вобразе цёткі Дуні.
Света ўсю сябе аддавала ролям і вельмі стамлялася пасля.
Яна прысела на канапу, якая стаяла пасярод сцэны.
Аўтар так добра адчуваў, так разумеў кожную яе ролю, але за маскамі ніколі не бачыў саму Свету. Сапраўдная Света заўсёды выходзіла за штору.
Ён сеў побач з ёй.
Ну што вы, Света? Як вам спектакль?
Харошы спектакль. Жызнены. А я ў Мані баршчу паела і падумала... Ладна, пайду я наскі пераадзену.
Света Анікей выйшла за штору.
Аўтар застаўся адзін.
Нібыта ўсе сцэны былі вясёлыя і лёгкія, але цяпер, калі нікога не было побач, аўтар ізноў адчуў, што персанаж зводзіць сябе. Па п’есе ён мусіць быць шчаслівы. Аднак шчасце выглядала як шорты Зуя не таго памеру.
«Гэта ўсё вясна, падумаў аўтар. Проста персанаж занудзіўся ў адзіноце».
Ён паабяцаў сабе перачытаць п'есу, калі вернецца ў гасцінічны нумар, і ўжо дайшоў да дзвярэй, але не змог выйсці. Штосьці трымала яго тут, не адпускала.
Аўтар азірнуўся і ўбачыў персанажа. Персанаж сядзеў на канапе.
Вечарэла.
3 неба мусілі падаць знічкі ў вядро ля студні і назаўжды станавіцца пажоўклым лісцем. Але нічога такога не адбывалася. Неба было зацягнута камарамі.
Персанаж сказаў:
- Ты што, не бачыш, як мне пагана?
Аўтар бачыў і нават хацеў выбачыцца. Але разгубіўся і адказаў:
- Цярпі.
СТАНЕ ЙС ^РА^Л^.ЬА С^ЭНБ
С7^ЦЬ
3 ф^НВрьі
АУТ4Р \
С/Ап ; ць пб pgah AXA
Персанаж сказаў:
Ты што, не бачыш, як мне пагана?
Аўтар бачыў і паабяцаў сабе перачытаць п’есу, калі вернецца ў гасцінічны нумар.
Гасцінічны нумар яму аплаціў Купалаўскі тэатр. Мабыць, тэатр лічыў аўтара важным чалавекам, бо ў нумары быў нават кабінет з дубовым сталом. За гэтым сталом ён не напісаў ніводнага слова.
У гасцініцы аўтар набраў поўную ванну гарачай вады, раздзеўся, узяў п’есу і апусціўся ў глыбіню.
Доўгі час мне даводзілася мыцца ў двары пад небам.
Аднаго разу я цэлы дзень грэў на вогнішчы ваду і з радасцю прадчуваў, як акунуся ў прахалоду, нада мной будуць плыць рэдкія аблокі і галіна грушы будзе калыхацца на ветрыку.
Закіпяціў два бідоны вады, развёў кіпень халоднай са студні.
Тое-сёе, пачаўся вечар, спякота спала. Я раздзеўся, улёгся ў чыгунную ванну і задрыжэў. Але падумаў, што зараз прыцярплюся. А тут падняўся вецер, і на мяне пасыпаліся гнілыя грушы і галлё з лісцем. Я прызвычаіўся, але лупануў дождж.
Потым я сядзеў у хаце ля акна і глядзеў праз шыбу, як у маёй ванне плаваюць грушы і бурбалкі.
Так я прыдумаў правесці ў хату водаправод.
Сем дзён я пракладаў трубы і выкладваў на падлозе будучага ваннага пакоя мазаіку з раздробленай кафлі. Парэзаў усе пальцы, не заўсёды еў і рэдка выходзіў з двара, у сне бачыў толькі трубы з халоднай і гарачай вадой. Першы год у Прудку я субліміраваў сэксуальную энергію ў пасеў гародніны. Цяпер у водаправод.
Калі я закончыў з трубамі, стаў выбіраць душавую кабінку.
Патлумачце мне: навошта ў душавых кабінках тэлефон? Што можа здарыцца, каб я захацеў пазваніць з душавой кабінкі?
- Алё!
- Алё.
Прывет! Я з душавой кабінкі званю. У мяне тут тэлефон е. Я стаю голы, вада на галаву льецца. I ўспомніў пра цябе. От пазваніў.
- Што ты хацеў?
А? Грамчэй кажы у мяне вада льецца!
- Што ты хочаш?
Што?
Перазвані, калі памыешся!
Дык я з кабінкі магу гаварыць у мяне тут тэлефон е!
Што ты хацеў?
А?
Я ўсталяваў кабінку і падключыў пральную машынку, закінуў мыць адзенне, сеў на падлогу, прытуліўся да грубкі і глядзеў, як у барабане круцяцца мае кашулі.
Дзед бы заплакаў, каб яму сказалі, што ўсё можа быць так проста.
Я нават гель для душа купіў. Я ішоў у прудкаўскую краму купляць гель для душа, як мой бацька ішоў купляць свой першы аўтамабіль. У мытай кашулі прыйшоў і сказаў Зоі Казлянскай:
Мне ліверку катам. Што я яшчэ хацеў? А! У вас гель для душа е?
У нас, Андруша, толькі такое. Тры ў адном: шампунь, бальзам і гель. Пахне абрыкосамі. На панюхай.
Але нічога.
Я наліў на галаву «тры ў адном». Цёплая мыльная вада пабегла па целе. Усё маё жыццё змянілася.
Душавая кабінка была касмічным караблём. Яна выцягнула мяне з Прудка. Тут мне яшчэ ніхто не грукаў у шыбу. He гаварыў, што я схуднеў. He прасіў зрабіць флюараграфію.
Толькі я падумаў такое, як пазваніла цётка Дуня. Яна пазваніла ў душавую кабінку, пакуль я мыўся.
Ну прывет. От і я. А што ты не радуешся, што я званю?
Я радуюся.
Мала радуешся. Ты яшчэ болей схуднеў.
Скуль вы ведаеце, што я схуднеў? Вы ж мяне не бачыце.
Але на ўсялякі выпадак прыкрыўся рукой.
Хіба я па голасе не чую? Гарачае трэба есці, сказала цётка. I пастрыгчыся.
Я ўважліва паглядзеў на тэлефонны апарат. Калі закончыў мыцца, заклеіў дзве шляпкі балтоў ізалентай і спусціўся ў рэстаран паснеДаць.
Штодня тут былі бясплатныя сняданкі. Яны ўваходзілі ў рахунак, які аплочваў Купалаўскі тэатр. Але бясплатнае аўтар саромеўся есці многа, таму стараўся снедаць сціпла. Яму здавалася, што ўсё, што ён з’ядае, кудысьці запісваецца і перадаецца ў тэатр. У тэатры дырэктар чытае і выклікае да сябе Пінігіна.
Тры свіныя катлеты! Брусельская капуста! Падліўка з паджаркай! Авакада! Ну і аўтар! А такім худзенькім здаваўся. Ён што сабе думае? Нам самім, можна сказаць, есці няма чаго. Мікалай Мікалаевіч, вы там намякніце аўтару, што трэба стрымліваць апетыты, паўплывайце, так сказаць. Бо хутка, каб пракарміць яго, нам прыйдзецца скарачаць штат акцёраў.
Нічога такога, вядома, не было. Ніхто не сачыў, колькі аўтар еў. Але на ўсялякі выпадак ён стараўся выбіраць самыя маленькія катлеткі, асабліва калі дзяўчына за барнай стойкай глядзела на яго.
I цяпер аўтар паклаў на талерку трохі таго, трохі сяго, сеў за вольным столікам, якіх тут было многа: у рэстаране, апроч яго, снедаў толькі адзін чалавек, які жыў у гасцініцы даўно. Здаецца, гэты чалавек быў доктарам, бо некалькі разоў да яго звярталіся так.
Аўтар хутка справіўся са сваім сціплым сняданкам.
Да свіданія! радасна сказала дзяўчына за барнай стойкай.
Да свіданія, адказаў аўтар.
Але ў яго жываце бурчэла.
Можна я вазьму яшчэ дэсерт?
Вазьміце.
Аўтар узяў дэсерт, вярнуўся за свой столік. З’еў дэсерт, устаў.
Да свіданія, ізноў радасна сказала дзяўчына.
Гэта было недарэчы, бо аўтар збіраўся папрасіць каву.
Да свіданія, адказаў ён.
Доктар, які сядзеў непадалёк, нібы пачуў яго думкі і параіў:
Вазьміце яшчэ каву. Сёння няпросты дзень.
Да рэпетыцыі заставалася гадзіна быў час спакойна падумаць пра ўчорашні канфлікт з персанажам. Але што тут думаць? Яшчэ вечарам аўтар перачытаў п’есу і запэўніўся, што яна была напісана добра.
Аўтар пісаў п’есу два гады жыў у Прудку і пісаў. Героі хадзілі і гаварылі, як жывыя. Усе былі гарманічныя. Усе.
Акрамя персанажа.
Іншы раз аўтар не разумеў яго.
Ён успомніў словы, якія персанаж сказаў учора: «Ты што, не бачыш, як мне пагана?».
Ён бачыў. Але не разумеў: чаму пагана?
Па п’есе персанаж быў шчаслівы.
Спачатку аўтар разгубіўся. А калі вярнуўся ў гасцініцу, падумаў, што персанажу проста адзінока, і вырашыў быў увесці новага героя. Так, нязначную жаночую ролю, каб персанаж не сумаваў. Ён нават прыдумаў герою імя Оля.
Але перапісваць п’есу было позна.
Яе ўжо ўзгаднілі.
Спонсар перавёў на рахунак тэатра вялікую суму грошай.
Рэжысёр Падаляка захапіўся спектаклем.
Акцёры патрапілі ў вобразы.
Прыхільнікі, прыхільнікі палюбілі кнігу і чакаюць пастаноўку.
Аўтар, можна сказаць, быў на кані.
А персанаж неспакойны. I што ў яго ў галаве?
Раней жа ён быў шчаслівы. У яго нічога не было, а ён радаваўся. Ён радаваўся, калі засяліўся, калі варыў каву на вогнішчы ў іржавай місцы пад дажджом.
Цяпер у яго дзве туркі, два электрачайнікі. У яго ёсць кававы апарат і нават душавая кабінка. Аўтар палічыў: дваццаць навалачак! На якой з іх персанаж высыпаўся? Сам аўтар добра спаў без Олі і без навалачкі ў каморы. Там было восем градусаў цяпла, і яму хапала.
Што змянілася?
Так, пакуль усё выглядае не вельмі цікава, аднак гэта толькі рэпетыцыі. Акцёры часта паўтараюць тыя ж рэплікі. «Ты зноў схуднеў», гаворыць Света Анікей кожны раз, калі персанаж выходзіць з хаты.
Гэта не жыццё, а спектакль.
Хата бутафорыя.
Навалачкі рэквізіт.
Як іначай?
Усе так жывуць, і ніхто не скардзіцца. Трэба цярпець.
Пасля рэпетыцый будзе прэм’ера. Прэм'ера гэта галоўнае. Прыйдуць людзі з кветкамі. Крытыкі напішуць рэцэнзіі. Гэта важна.
Ужо няма часу перапісваць п’есу.
Нічога, нічога. Персанаж проста занудзіўся. 3 кім не бывае?
Аўтар дайшоў да тэатра хутка, хоць стараўся зусім не спяшацца.
Каля службовага ўвахода закурыў цыгарэту. Раніца выглядала спакойнай. Адно што хацелася есці.
Тут да яго падышла Вольга Дзядкова. Невядома, што яна ў ім знайшла, але была пры пасадзе ў тэатры і па магчымасці апекавала аўтара. Цяпер убачыла яго і захацела абняць.
Ну абдыміце.
Пакуль Дзядкова абдымала аўтара, ён адганяў ад яе цыгарэтны дым.
Яна сказала:
Ты толькі не бяры да галавы, добра?
Добра.
Так здараецца. Але выпрабаванні даюцца нам не проста так.
Я зразумеў.
Папраўдзе аўтар не зразумеў нічога. Ён нават пачаў думаць на той дэсерт, які ўзяў у рэстаране гасцініцы. Хіба ўжо пазванілі з рэстарана і данеслі. Тэатр пайшоў у мінус, спектаклю скарацілі фінансаванне, а мо і закрылі. Мо і сам тэатр закрылі. Столькі дурных думак можа нарадзіцца ў невядомасці.
Але не ў дэсерце ж справа. Што здарылася?
Аўтар прайшоў міма вахцёркі, якая правяла яго маўклівым позіркам, дайшоў да ліфта, націснуў на кнопку.