Прэм’ера
Андрусь Горват
Выдавец: Альфа-кніга
Памер: 186с.
Мінск 2022
У камернай залі застылі ўсе гукі. Нібы вялікая рука націснула на будынак тэатра, і час унутры спыніўся.
Потым вярнуўся электрык.
Ён палез у шчотчык, і па тэатральных правадах зноў пабегла электрычнасць, дзверы ліфта адчыніліся, а пасажыры ў аўтобусе прачнуліся і дасталі з кішэняў мабільныя тэлефоны.
Маленькі цуд, у чаканні якога яны застылі, адбыўся: у свеце з’явіўся новы чалавек.
Аўтар даў яму імя Оля.
2.
Спачатку ў Олі было толькі імя.
Оля, как ваабшчэ?
Нармальна.
А ваабшчэ как?
Ім пакуль няма пра што размаўляць. У яе ёсць толькі імя. У яго толькі заплечнік.
I аўтар даў ім успаміны.
Месяц таму Оля прыязджала ў Прудок. Яны разам ездзілі на Прыпяць, разам сядзелі на канапе на верандзе.
Оля, помніш, мы ездзілі?
Помню. Мне было ўтульна на верандзе.
Ім ужо ёсць пра што гаварыць.
Цяпер яны маглі гаварыць доўга.
Пачалі каля варшаўскага Палаца культуры, дзе персанаж выйшаў з аўтобуса следам за Оляй, і працягнулі у яе дома.
У Олі ўтульная кватэра на першым паверсе, з выхадам у свой сад, які яна называе агародам. Але ў агародзе людзі гаруюць, а тут можна толькі балдзець.
Выбірай любы пакой.
3 усіх пакояў я выбіраю самы светлы.
Тут на ложку ляжыць кот.
Няхай у Олі будзе кот.
Яна выдае мне рушнік, прасціну і навалачку.
Оля, навошта мне навалачка? Я хачу куды-небудзь ехаць.
Едзь, ну. Памыйся і едзь.
Мыюся. Гэта важна.
Я думаю, што, пакуль чысты, усё пад кантролем. Пакецік для брудных шкарпэтак мусіць быць заўсёды пусты. Калі там з’явіцца штосьці, трэба ўсё кідаць, казаць: «Прасціце, я на мінутку» і бегчы да бліжэйшага вадаёма. А калі вадаёма няма, то ўрывацца ў любую кватэру і крычаць: «Жэншчына, мне срочна!».
На змеявік у ванным пакоі запаўзаюць сохнуць мае штаны.
Напішы, што Оля прыгожая, гаворыць Света Анікей.
Оля прыгожая.
Але аўтар не даў ім блізкіх адносінаў, каб потым лёгка было развязаць іх сюжэтныя лініі. Ён не назваў, хто яны адно аднаму. Усяго адно толькі слова магло спрасціць іх стасункі, але гэтае слова не было напісана.
Аўтар намаляваў Олі толькі контуры, каб яна была лёгкая і гнуткая, як кавалак кардону, які можна перастаўляць з месца на месца і кантраляваць.
Скажы, што Оля смачна гатуе, прапаноўвае Іра.
Оля частуе галубцамі і ўпарта робіць выгляд, што ў яе так заўсёды. Нібы ў любы момант можна пазваніць ёй у дзверы, і яна скажа:
Опа! Галубцы будзеш?
Ем галубцы, хоць мне нельга капусту. Потым будзе балець жывот. Пакуль жывот не баліць, мы вырашаем паехаць на мора.
Аўтар перачытаў апошні сказ.
Якое мора? Адкуль узялося мора?
Гэта мая мара убачыць мора, сказала Оля.
Яна зварыла каву і вынесла два кубкі ў сад.
Неба лагодна апусцілася ёй на плечы.
He, не, не ніякага мора! Трэба перапісваць сюжэт.
Оля паставіла кубкі з кавай на столік, выпрастала спіну і раптам чыхнула.
Гэта адбылося так нечакана, што яна сама здзівілася.
Новы твор гатовы, героі занялі свае месцы, і сюжэтныя лініі самі прывядуць іх не на мора, а ў Прудок. Цяпер аўтар мог не прысутнічаць побач увесь час.
Тым больш што на камернай сцэне Купалаўскага тэатра зноў праходзіла рэпетыцыя спектакля па яго кнізе.
У рэшце рэшт, персанаж не памёр ён хутка вернецца. Оля пакажа яму дарогу дадому.
Мала засталося чакаць.
I калі ён прысядзе на канапу на верандзе, то павінен адчуць сябе абароненым пад дзедавым небам.
Трэба, каб тут ужо сядзела цётка Дуня. Каб не Света Анікей прыбегла ў бігудзях і сказала:
- Андрусь, не абрашчай уніманія, я на самам дзеле цётка Дуня. Ты пасядзі пака, падумай пра дзевак на матацыкле, а я пайду розныя наскі надзену для антуражу.
А каб цётка Дуня сама.
I каб Пугачова стаяла ў сенцах, каб дымавыя пушкі былі запраўлены дымам для эфектнага выхаду Пугачовай.
- Я перастану ждаць цебя, а ты прыдзёш, прыдзёш унезапна, спяе яна.
I персанаж заплача, пацалуе зямлю пад ігрушай, абдыме Пугачову, казу, цётку Дуню і скажа:
- Госпадзі божа мой! Я ехаў, ехаў, ехаў. А тут я дома.
Таму купалаўцы стараліся.
Усе жаночыя ролі Анікей выконвала з бляскам.
Дзіма Есяневіч быў шыкоўным трактарыстам Колем. Такога хоць сёння саджай на трактар ён ці нап’ецца і засне ў канаве, ці ўсю работу паробіць. 3 трактарыстамі ніколі не вядома, на што ў іх сёння натхненне.
На сцэне замінаў толькі Міша Зуй. Яго і грыміравалі, і амаль усе рэплікі парэзалі усё адно быў не персанаж, а Зуй. Нават калі маўчаў, калі проста часаў руку за шторай, у рэжысёра электрызаваліся валасы: усім сваім целам ён адчуваў, што персанажа няма, і вельмі шкадаваў, што ён цяпер не на дачы з жонкай і дзецьмі. Хоць дачы ў яго не было.
Але Рома быў вінаваты перад акцёрам, таму не рабіў яму заўваг, а толькі крывіўся на яго патугі. Аднак ён крывіўся на ўсё, бо меў складаную размову з Пінігіным. 3 ліфта Падаляка выйшаў з атамнай бомбай унутры.
Аўтар, калі ўбачыў яго, адчуў гэтую бомбу і нічога не спытаў. Захоча сам раскажа. Ці няхай спачатку рване дзе-небудзь у бязлюдным месцы, а потым можна і пагаварыць.
Прайшоў тыдзень.
Рэжысёр нейкімі ўнутранымі рэсурсамі пераварыў атамную бомбу не тое што не выбухнуў, а знішчыў яе нават без адрыжкі. Ён сам падсеў да аўтара і сказаў:
Андруха, ты ж помніш, што заўтра прэс-паказ?
Помню.
Але аўтар не толькі не помніў, а і не ведаў.
Гэта было адным з пунктаў дамовы са спонсарам паказаць урывак са спектакля журналістам, каб тыя пачалі нагнятаць інтрыгу. Спонсару не паведамілі, што персанаж балдзее ў Варшаве з Оляй. Гэта не тая інфармацыя, якую расказваюць пры першай нагодзе. Знікненне персанажа заставалася тэатральнай таямніцай. I рэжысёр спадзяваўся толькі на падслепаватасць журналістаў.
Але адных спадзяванняў было мала для большай надзейнасці Падаляка знайшоў у п’есе такі эпізод, дзе галоўным на сцэне быў не Зуй, а качагар Аркадзій Зайчыкаў. Нават у качагара Зайчыкава роля была нескладаная: ён з’яўляўся адразу ў труне. Жыццё Аркадзія аказалася тэатру нецікавым. Цікавай была толькі яго смерць. Зайчыкава то ўносілі ў залю, то выносілі з яе. Усё, што яму заставалася, гэта ляжаць з заплюшчанымі вачыма і слухаць, як акцёры б’юцца ў творчых канвульсіях, пакуль рэжысёр гугліць на тэлефоне: «Куплю дачу нядорага». Тутсамае цяжкае не засмяяцца. Бо на рэпетыцыях Аркадзій не вытрымліваў і смяяўся, адзін раз нават напужаў удаву.
Як-та мрачна для прэс-паказа, сказаў аўтар.
Нічога, яны любяць такое, адказаў рэжысёр. I гроб мы ўжо купілі.
Аднойчы Аркадзію нават удалося ўстаць з труны і выйсці пакурыць. Усе былі так заняты адсутнасцю персанажа, што знікненне Зайчыкава ніхто не заўважыў. Ён курыў і думаў пра тленнасць быцця. А калі вярнуўся ў залю, не лёг назад, а сеў за спінай у аўтара і спытаў:
Скажыце, гэта вы аўтар?
-Я.
А можна мне таксама змяніць сюжэтную лінію?
Аўтар не любіў, калі сядзяць у яго за спінай, і незадаволена папрасіў:
Аркадзій, вяртайцеся ўтруну. Зараз ваш выхад. Вынас. Ну вы мяне зразумелі.
3.
Назаўтра прыйшлі журналісты.
Яны ўселіся не адразу: спачатку яны пераблыталі месцы і хвілін дзесяць згубілі на ракіроўку.
Разам з журналістамі прыйшла прыбіральшчыца Маруся Зайчыкава.
Яна з’явілася ўтэатры нядаўна, яшчэ не запомніла, на якім паверсе сядзіць начальства на пятым ці на шостым. А з акцёраў вывучыла толькі Дзіму Есяневіча. Ён, так ёй падалося, быў самым перспектыўным крэпкім і па-мужчынску прыгожым. Астатнія, як на яе густ, выглядалі хілымі і несур’ёзнымі. Асабліва акцёр Міша Зуй.
Калі Маруся пачула пра смерць Аркадзія Зайчыкава і пра тое, што з ім будуць развітвацца ў камернай залі, то падумала, што гэта нейкі сваяк.
Усе Зайчыкавы паміж сабой сваякі па якой-небудзь лініі.
Яна спытала ў Есяневіча, ці папраўдзе ўсё гэта. Дзіма быў у вобразе і сказаў:
He дай бог. He дай бог. Такая страта для нас.
Ён узяў Марусіну руку ў свае вялікія цёплыя далоні, моцна сціснуў яе і дадаў:
- Эта жызнь. Мужайцесь. Я з вамі.
Маруся выбегла і вярнулася з астрамі. Калі яна ўселася і паклала букет на калені, на сцэну выйшаў рэжысёр і абвясціў, што зараз будзе паказаны ўрывак з п’есы, падзеі ў якім адбываюцца ў Мазыры ў «Даліне анёлаў».
Зайчыкава павярнулася да журналісткі, якая сядзела побач, і спытала:
- Вы не знаеце, Аркадзій жыў у Мазыры?
Журналістка адказала:
- Я не ў курсе.
Тым часам Падаляка доўга і блытана расказваў пра саму «Даліну».
Спачатку гэта быў манастыр. Потым манахі з’ехалі, і старыя муры спакойна разбураліся. Але намаганнямі хлопцаў-энтузіястаў «Даліна анёлаў» стала пляцоўкай для канцэртаў і перфомансаў.
Па п’есе персанаж праводзіць там многа часу, асабліва ў другім акце, сказаў рэжысёр.
На слове «персанаж» ён запнуўся.
Падаляка пайшоў. Праз дзве хвіліны ўсе назіралі, як ён уладкоўваўся на тэхнічным балконе.
Святло згасла, публіка перастала гудзець, у цішыні і цемры з дынамікаў прагучаў тэкст, запісаны прыгожым мужчынскім голасам:
У «Даліне анёлаў» былі гаражы. Ніхто не ведаў, што з імі рабіць. Гаражы пуставалі.
На сцэну незаўважна выйшлі акцёры. Яны сталі на свае месцы і чакалі, калі з’явіцца святло. Дзіма Есяневіч быў трохі збоку і вярцеў у руках мабільны тэлефон.
Здароўце, хлопцы. Як ваабшчэ самі? Сільна прыжымаюць? сказаў ён, калі святло далі.
А што такое? спытаў Міша Зуй.
У мяне, хлопцы, свая фірма, пахваліўся Есяневіч.
Што за фірма, уважаемый?
Рытуальныя ўслугі «Ангел» чулі?
Ну.
От. Эта я. Дзірэктар.
Міша закашляў.
Так трэба было па п’есе, але Міша сіліўся паказаць усё, што ўмеў, і закашляў занадта натуральна. Многія гледачы падумалі, што гэта кашляе сам акцёр.
Есяневіч паглядзеў на яго і сказаў:
Абрашчайцесь. Здзелаем скідачку. У нас карпараціўная скідачка е. Сваім, так сказаць.
Харошая імправізацыя, кампетэнтна адзначыла журналістка, якая сядзела побач з Марусяй Зайчыкавай.
Яна разбіралася ў тэатральным мастацтве і зрабіла пазнаку ў нататніку намалявала плюсік побач са словам «кашаль».
А вы не знаеце, Аркадзія хутка вынесуць? спытала Маруся. Мне на дзяжурства ў тры.
Я не ў курсе, адказала журналістка.
На сцэне Дзіма Есяневіч працягваў:
Хлопцы, такое дзела. У вас жа гаражы е.
Група акцёраў паглядзела на вялікі квадратны плакат, на якім былі намаляваны гаражы. Журналісты таксама паглядзелі на плакат.
Ну е.
Здайце нам у арэнду. У мяне шэсць бусікаў. Няма куды ставіць на ноч. Вы «Даліна ангелаў», мы «Ангел». Давайце, як той кажа, адкрыем холдзінг.