Pro patria aliena
Кляштар беларускіх айцоў марыянаў у Друі (1924—1938)
Аляксандар Надсан
Памер: 160с.
Мінск 2006
112 Наколькі пашыраным было перакананьне, што Абрантовіч меўся стаць біскупам, сьведчыць хоць бы зацемка, зьмешчаная ў Хрысьціянскай Думцы ўжо тады, калі той плыў караблём у Кітай: „Шырока ведамы ксёндз беларус пралат прафэсар др. Ф. Абрантовіч з закону айцоў марыянаў у Друі, як пісала Ватыканская газэта Osservatore Romano і нямецкая каталіцкая Augsburger Postzeitung, сьв. Айцом назначаны на біскупскі пасад у Харбін (Манчжурыя)“. Chryscijanskaja Dumka. No. 15, Vilnia, 15.9.1928, s. 3.
113 Цікота пісаў Бучысу 21 кастрычніка 1929 г.: „Што будзе і калі будзе дом у Пінску, яшчэ невядома, але аа. Гэрмановіч і Дашута рыхтуюцца".
„П(інска) не бярыце таму, што там няма чаго рабіць, будзеце зьвязаны за рукі і ногі праз тых, што вас прызываюць, рускія і палякі будуць вашымі ворагамі, беларусаў сьвядомых няма, говару мяйсцовага ня знаеце, разаб’ецеся ў Друі і аслабнеце і т. д.“.
Глыбоцкі дэкан Антон Зянкевіч пісаў 23 ліпеня 1928 г. а. Талочку пра ўніяцкую парафію ў Мікалаеве каля Дзісны: „Пішу да Друі пра Мікалаева, яны ж маюць яшчэ аднаго ўсходніка, можа там яго асадзяць". Пад „усходнікам" Зянкевіч меў напэўна на ўвазе Германовіча, які рыхтаваўся да працы ва ўсходнім абрадзе. Сам Германовіч пісаў 3 жніўня 1928 г. Абрантовічу: „Тут кс. Зянкевіч стараецца для Друі васточную парафію ў Мікалаеве каля Дзісны. Але мусіць так дадуць, як і Беразьвеч!“ Талочка зрабіў на лісьце Зянкевіча зацемку, у якой назваў адмову марыянаў узяць Мікалаева „peccatum omissionis (грэх пропуску) Друі“.
У канцы 1930 г. засталася без сьвятара ўніяцкая парафія ў вёсцы Ільля ў Вілейскім павеце. Айцец Талочка пісаў Бучысу 20 студзеня 1931 г.: „Архібіскуп мае намер запрапанаваць айцом марыянам адну ўсходнюю парафію па а. Сулкоўскім. Было тут за часоў а. Сулк(оўскага) 19 хростаў і 20 шлюбаў, дык трэба ратаваць, каб парафія не засталася страчанаю, як зьніклі ўжо ў нас пачаткі парафіяў у Мікалаеве, Паставах...“. Праз дзевяць месяцаў, 12 кастрычніка, ён паведамляў: „Ільля пустуе, a pusillus grex (маленькі статак) расьцярушыўся“.
Далятычы, Пінск, Ільля, Мікалаева, Паставы — столькі страчаных магчымасьцяў працы ў Беларусі! Тым часам друйскія марыяне едуць у Харбін „навяртаць“ расейцаў...
Тут неабходна прыгадаць адну справу, якая мае непасрэднае дачыненьне да тэмы гэтай працы. У 1917 г. княгіня Магдалена Радзівіл ахвяравала на заснаваньне беларускай грэкакаталіцкай калегіі ў Рыме брыльянтавае калье. Адным са сьвятароў, якому яна даручыла гэтую справу, быў Фабіян Абрантовіч. Перад тым, як пакінуць Пецярбург пасьля прыйсьця бальшавікоў да ўлады, Абрантовіч здолеў надзейна схаваць каштоўнасьць. У 1924 г. ён паехаў у Пецярбург дыпляматычным кур’ерам і вывез адтуль калье ў Польшчу, дзе прадаў яго
за 15 тысячаў амэрыканскіх даляраў. Большую частку гэтых грошай ён пазычыў біскупу Лазінскаму на пабудову сэмінарыі ў Пінску. За рэшту ён купіў маёмасьць у Наваградку. У 1926 г. Абрантовіч уступіў у марыяны ў Друі. Увесну 1927 г., яшчэ ў навіцыяце, ён склаў „тэстамэнт“, згодна з якім усе грошы, пазычаныя Лазінскаму, а таксама маёмасьць у Наваградку пераходзілі ва ўласнасьць друйскім марыянам. Маральны аспэкт гэтага ўчынку, відаць, ні яго, ні астатніх зацікаўленых асобаў ня вельмі турбаваў. Тым часам пра калье даведаліся іншыя і таксама заявілі на яго свае правы. Абрантовіч мусіў напісаць княгіні Радзівіл, якая тады жыла ў Нямеччыне, распавесьці ёй пра ўсё, што зрабіў, і спытацца, ці добра ён паступіў. Княгіня ў лісьце ад 17 сакавіка 1927 г. адказала, што дар прызначаўся „выключна на карысьць Беларусі, а галоўным чынам для грэка-каталіцкай Царквы. Скарыстаць яго для іншай мэты было б выразным прысваеньнем чужой (г. зн. грэка-каталіцкай, беларускай) уласнасьці. Мараю гэтай асобы (ахвярадаўцы — А.Н.) было заснаваць у Рыме ўніяцкую калегію“. Княгіня Радзівіл ведала Абрантовіча і давярала яму. Можна ўявіць ейныя пачуцьці, калі праз чатыры гады, у 1931 г., яна даведалася, што Абрантовіч зрабіў з калье, як хацеў, не палічыўшыся з ейнай воляй. Абрантовіч знаходзіўся ўжо тады ў Харбіне, і таму яна зьвярнулася да Бучыса, патрабуючы або вярнуць грошы, або выкарыстаць іх згодна з воляй ахвярадаўцы. Бучыс цынічна падзякаваў „Найшаноўнейшай пані княгіні за такія шчодрыя дары для нашага сьціплага закону" і паспрабаваў пераканаць яе, што ўсё рабілася згодна з патрабаваньнямі канстытуцыяў закону марыянаў і кананічнага права. Ён раіў ёй не настойваць на сваіх дамаганьнях, каб пазьбегнуць „непатрэбных судовых выдаткаў, бо абавязак Марыянскай галоўнай рады, а таксама і мой — трымацца праўных нормаў, якія абавязваюць у Каталіцкай Царкве, што я і раблю“. Адказ княгіні быў кароткі і дарэчны: „Права кананічнага ня ведаю, але ў жыцьці бачыла шмат ашуканцаў, якіх спрытны габрэйадвакат ратаваў ад катаргі пры дапамозе перакручаных на розныя лады тэкстаў Кодэксу. Для мяне і для многіх асобаў, якім я расказала пра паводзіны аа. Абрантовіча і Цікоты,
справа, бачная ў сьвятле сёмага прыказаньня, ёсьць яснаю. Наогул, учынак, які патрабуе для доказу сваёй нявіннасьці доўгіх і вытанчаных тлумачэньняў, ёсьць падазроны. Людзі сумленныя ня маюць патрэбы ў красамоўных аргумэнтах".
13 лістапада 1931 г. Бучыс пісаў Абрантовічу ўХарбін: „3 продажам дому ў Наваградку могуць быць цяжкасьці. Княгіня дамагаецца звароту ўсяго, што яна дала Вялебнаму Айцу, кажучы, што (ейная) ахвяра была выкарыстаная не на тую мэту“.
Тым ня менш дом у Наваградку пайшоў на продаж. У лісьце за 14 чэрвеня 1933 г. намесьніку генэрала марыянаў Казімеру Бранікоўскаму ў Рым айцы Цікота, Хамёнак і Смулька пісалі: „Мы чакалі купца некалькі гадоў, і той, хто яго купіў за параўнаўча малую цану, хацеў зусім адрачыся“. За грошы, атрыманыя ад продажу Наваградзкай маёмасьці, вырашылі купіць дом у Вільні, які „ня толькі будзе служыць памешканьнем для нашых студэнтаў, але і даваць нам сталы даход (ад кватарантаў — A-H.}, без якога Друя ня зможа. існаваць". Увосень 1935 г. у навакупленым доме на вуліцы Жыгімонта, 24 пасяліліся друйскія студэнты-клерыкі, якія праходзілі ўнівэрсытэцкі курс навучаньня ў падрыхтоўцы да сьвятарства. У 1938 г., калі беларускіх марыянаў выселілі з Друі, у студэнцкім доме ў Вільні пачалі гаспадарыць палякі.
Сярод беларусаў хутка распаўсюдзіліся чуткі, што дом у Вільні набыты за грошы, якія ахвяравала княгіня Радзівіл беларускім марыянам. У траўні 1940 году ў газэце Крыніца зьявіўся артыкул з патрабаваньнем вярнуць беларусам віленскі марыянскі дом, „дзе і далей чамусьці галоўную скрыпку іграюць палякі“. Аўтар абгрунтоўваў дамаганьні тым, што „Дом марыянскі ў Вільні куплены за беларускія грамадзкія грошы. Падарыла іх княгіня М. Радзівіліха, празначаючы іх на беларускія каталіцкія культурныя справы. Тым часам у гэтым доме праводзіцца польская работа, а беларускія грамадзкія ўстановы <...> мусяць сабе наймаць і плаціць грошы“114.
114 М.К. „Cas napravic kryudu". Krynica. No. 37, Vilnia, 10.5.1940, s. 1.
Так нарадзілася легенда пра „дар княгіні Радзівіл беларускім марыянам". Яе паўтарылі амаль усе пазьнейшыя аўтары, якія пісалі пра Друю115.
115 Вось галоўныя працы, у якіх згадваецца „дар княгіні Радзівіл беларускім марыянам": Сіповіч Ч. „Айцец Архімандрыт Фабіян Абрантовіч", Божым Шляхам, №76—81, Парыж, 1957, с. 12; Туронак Ю. „Беларускія марыяны ў Друі“, Шыдлоўскі К. „Друйскі кляштар айцоў марыянаў“ (гл. зноску №1); Абламейка С. „Невядомая Унія“, Унія, №4, Менск, 1995, с. 39; Грыгор’ева В., Навіцкі У., Філатава А. „Уніяцтва на Беларусі ад Полацкага Сабора да нашых дзён“, у кн. 3 гісторыі уніяцтва ў Беларусі, Менск, 1996, с. 128; тое самае ў кнізе Канфесіі Беларусі, Менск, 1998, с. 209—10; Юрэвіч Л. Камэнтары, Менск, 1999, с. 145.
Антон Луцкевіч з марыянскімі клерыкамі ў Вільні 18.11.1936. Зьлева направа: Фэлікс Журня, А. Луцкевіч, Антон Падзява, а. Язэп Германовіч, Чэслаў Сіповіч, Казімір Аніськовіч.
Марыянскія клерыкі з а. Язэпам Германовічам ў Бэрнардынскім парку. Чэрвень 1937, Вільня.
Друйскія марыяне, 1934. Сядзяць зьлева направа а. Віталіс Хамёнак, а Казімір Смулька, архімандрыт Фабіян Абрантовіч, а. генэрал Андрэй Цікота, а. Язэп Дашута, Юры Кашыра.
Друйскія айцы і ювэнат 4.08.35.
Ill -
а. Андрэй Цікота.
Архімандрыт Фабіян Абрантовіч, айцец-генэрал Андрэй Цікота і біскуп Пётра (Францішак) Бучыс. Рым, 1934.
а. Язэп Германовіч — місіянэр усходняга абраду ў Харбіне.
а. Юры Кашыра (1904—1943)
Кс. канонік Юзаф Бародзіч.
Пётра Бучыс, біскуп АлімпаЛікійскі, генэрал марыянаў. Пасьляваенны здымак.
Руіны касьцёла і капліца сьв. Антона ў Друі — месца інцыдэнту з кс. Бародзічам 13.06.1929.
Беларускія і ўкраінскія сьвятары і рэлігійныя дзеячы, удзельнікі уніяністычнага кангрэсу ў Велеградзе (Маравія, Чэха-Славаччына). Жнівень 1924 г. Сядзяць зьлева направа: Андрэй Цікота, мітрапаліт Прэчан, мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі, Язэп Рэшаць, Антон Леваш; стаяць: Адольф Клімовіч, Францішак Чарняўскі, нявысьветленая асоба. Са збору У. Ляхоўскага.
„Міцкевічаўская“ тэатральная вечарына ў Друйскай польскай
гімназіі, 1935.
-VII -
Айцы марыяне Германовіч і Абрантовіч сярод расейцаў у Харбіне 3.02.1935.
„Надо для русскнх пока что работать...“
Згодна з задумаю блаславёнага Юра Матулевіча, Друйскі кляштар меў служыць „pro alborussis“ (для беларусаў). Высылка Абрантовіча ў Харбін пад ціскам Камісіі Pro Russia і Бучыса адмоўна адбілася на далейшым разьвіцьці кляштару. Ад 1928 г. ніводзін новы беларускі сьвятар не прыйшоў у Друю, відаць, баючыся, каб і яго не напаткаў той самы лес, што Абрантовіча. Тым часам ціск на Друю не спыняўся. У 1929 г. трох друйскіх клерыкаў выслалі ў Рым, у новаадкрытую Расейскую калегію, вядомую пад назовам „Русікум". У наступным годзе да іх далучыліся яшчэ двое. Студэнты Русікуму мусілі даць Камісіі „Pro Russia" пісьмовае абяцаньне, што будуць працаваць місіянэрамі сярод расейцаў. Быццам гэтага было мала, за навуку ў Русікуме меў плаціць Друйскі кляштар. Абрантовіч пісаў Цікоту 25 красавіка 1931 г.: „Дзівіць мяне вельмі, што за нашых хлапцоў у Русікуме ты плаціш. Неяк гэта нешта неяк... Мне тут прысылаюць 16 тыс. GD (?!) у год, а з вас голых бяруць людзей і на людзей. Бараніся. Праўда, што мо’ з гэтага калі што і будзе. Надо для русскйх пока что работать без русскйх й даже протйв русскйх, йбо это элемент не созйдательный, а разрушйтельный“.