• Газеты, часопісы і г.д.
  • Pro patria aliena Кляштар беларускіх айцоў марыянаў у Друі (1924—1938) Аляксандар Надсан

    Pro patria aliena

    Кляштар беларускіх айцоў марыянаў у Друі (1924—1938)
    Аляксандар Надсан

    Памер: 160с.
    Мінск 2006
    31.28 МБ
    3 адыходам Дэрбіньі Камісія Pro Russia страціла свой незалежны статус. Яна сталася часткаю ватыканскага Дзяржаўнага сакратарыяту („міністэрства замежных справаў“) і займалася толькі справамі каталікоў рымскага (лацінскага) абраду на тэрыторыі Савецкага Саюзу. Усе справы, датычныя ўсходняга абраду, перайшлі ў кампэтэнцыю Кангрэгацыі для Ўсходніх Цэркваў.
    Калі ў Рыме адбываліся гэтыя драматычныя перамены, Бучыс знаходзіўся ў Амэрыцы. Здаецца, ніхто нават не паклапаціўся паведаміць яму, што здарылася. Вярнуўшыся ў Рым, ён не знайшоў там ні камісіі Pro Russia, ні свайго пратэктара. Усходняй Кангрэгацыі ён быў непатрэбны, і яму не засталося нічога іншага, як вярнуцца ў Летуву. Але і там не знайшлося для яго адпаведнага занятку... У 1939 г. марыяне зноў абралі Бучыса сваім генэралам на месца Цікоты, і ён заставаўся ў гэтым званьні амаль да сьмерці ў 1951 г.
    У Друі Цікота паказаў немалыя арганізацыйныя і адміністрацыйныя здольнасьці. Трэба думаць, што гэта не ў апошнюю чаргу паспрыяла ягонаму абраньню генэралам марыянскага закону. Тым ня менш, тое, што пасаду заняў Цікота, больш нагадвала кампраміс: летувісы не хацелі бачыць на чале закону паляка, а палякі — летувіса. Для палякаў абраньне Цікоты мела таксама сваю выгоду: як генэрал, ён мусіў пакінуць Друю і жыць у Рыме. 3 трох друйскіх законьнікаў-сьвятароў, якія там засталіся, ніводзін ня быў здатны заняць ягонае месца. Таму супэрыёрам прызначылі польскага марыяніна Ўладыслава Лысіка. Яго ведалі як добрага і пабожнага сьвятара, але з ягоным прызначэньнем беларускі характар кляштару зьмяніўся. Здарылася тое, чаго даўно дамагаўся Ялбжыкоўскі.
    Хоць Камісія Pro Russia сышла са сцэны, наступствы ейнай дзейнасьці засталіся. Сярод іх быў Харбін, які вялікім цяжарам ляжаў на Друі і забіраў амаль усе яе сілы. У 1935 г. скончылі навучаньне тры маладыя сьвятары. Але з іх толькі адзін, Юры Кашыра, які атрымаў адукацыю ў Вільні і належаў да рымскага (лацінскага) абраду, застаўся ў Друі. Два іншыя, Найловіч і Падзява, якія вучыліся ў Русікуме, 9 ліпеня разам з Цікотам мелі аўдыенцыю ў Папы. Затым яны на кароткі час па-
    ехалі на Бацькаўшчыну разьвітацца з роднымі, але ўжо 11 жніўня ў італьянскім порце Брындызі селі на карабель, які плыў у Кітай. Раней за іх выехаў з Друі ў Харбін брат-законьнік Мікола (Станіслаў) Баговіч.
    Увосень 1935 г. распачалі навуку ў Вільні шэсьць друйскіх студэнтаў-клерыкаў134. Яны жылі ў сваім студэнцкім доме, або, як яны яго называлі, калегіі, на вуліцы Жыгімонта, 24. Узначальваў калегію ў 1935—36 навучальным годзе Юры Кашыра, які сам скончыў навуку на няпоўных тры месяцы раней і стаў сьвятаром 20 чэрвеня 1935 г. І ён, і ўсе клерыкі былі рымскага (лацінскага) абраду. Беларускія дзеячы жыва цікавіліся гэтай марыянскай калегіяй. Ужо ў першым годзе існаваньня яе наведалі а. Адам Станкевіч, Антон Луцкевіч, Ян Шутовіч і інш. Аднак болып шчыльных кантактаў паміж марыянскімі студэнтамі і беларускай грамадзкасьцю не атрымалася. Кашыра не дазволіў ім нават пайсьці 6 чэрвеня 1936 г. на асьвячэньне помніка на магіле а. Канстантына Стаповіча (паэты Казімера Сваяка), хоць іх запрашаў а. Адам Станкевіч.
    Тым часам а. Германовіч у Харбіне захварэў і прасіўся дамоў. Цікота не сьпяшаўся з дазволам. У лісьце ад 16 студзеня 1935 г. ён пісаў Германовічу: „у душы я ня смучуся, што хочаш прасіць адстаўкі ад Харбіна, бо ты ж надта патрэбны ў <...> Друі. Я аб гэтым ужо даўно думаю, толькі нікому не кажу <...> аб гэтым трэба яшчэ доўга думаць і маліцца, як і калі гэта трэба будзе зрабіць, але мусіць да гэтага дойдзе“.
    Германовіч паскардзіўся а. Адаму Станкевічу, і той адразу напісаў востры ліст Цікоту 20 красавіка 1935 г.: „Здаецца мне, што ўжо вялікая пара пачаць вам рэалізаваць паварот Язэпа з Харбіна. Падрабязнасьці гэтай патрэбы ўбачыш у пісьме, якое тут далучаю. Мне здаецца, што далей марнаваць там ягоны талент і здароўе — гэта нешта сапраўды кашмарнае. Пра-
    134 К. Шыдлоўскі ў сваіх артыкулах (гл. зноску №1) піша: „У сярэдзіне 30-х гг. друйскія марыяне адкрылі ў Вільні дом студый, куды накіроўваліся выпускнікі гімназіі". Насамрэч студэнцкі дом у Вільні прызначаўся не для звычайных „выпускнікоў гімназіі", а для маладых марыянскіх законьнікаў-клерыкаў, якія пасьля гімназіі працягвалі навуку, рыхтуючыся да сьвятарскага стану.
    бываньне далейшае Язэпа ў Харбіне — гэта на маю думку яўная супярэчнасьць вашай канстытуцыі. Каб нябошчык Матулевіч устаў з гробу і пабачыў на гэтую вашу харбінскую зацею, дык сапраўды за галаву ўзяўся б. Ну, але ты сам аб гэтым усім лепей ведаеш. Я тут толькі цябе «ад імя ўсей Беларусі» прашу выбавіць Язэпа з Харбіну і даць яму адпаведныя варункі жыцьця і працы“.
    Гэты ліст, відаць, дапамог Цікоту прыняць канчатковае рашэньне адносна а. Германовіча. У міжчасе а. Язэпу прыйшлося браць шасьцітыднёвы адпачынак (ужо другі раз), каб паправіць здароўе. Нарэшце 19 сьнежня 1935 г. ён пакінуў Харбін. Станкевіч 29 сьнежня пісаў Цікоту: „ВАдважны (літаратурны псэўданім а. Германовіча —А.Н.) піша, што з яго нэрвамі дрэнна і што ён ужо ў дарозе да цябе у Рым. Пахухай яго там, ды шлі ў Вільню. Можа няхай бы ён у Вільні з Юркай і застаўся? Тут наш культурны цэнтр, а яму гэтага трэба“.
    Пабыўшы некалькі месяцаў у Рыме, а. Германовіч 19 чэрвеня 1936 г. зьявіўся ў Вільні і затрымаўся на Жыгімонта, 24 у доме студэнтаў, сваіх колішніх вучняў з Друі. Увосень яго прызначылі кіраўніком (супэрыёрам) студэнцкага дому. У Вільні Германовіч аднавіў сваё супрацоўніцтва ў ХрысьціянскайДумцы, дзе пісаў пад псэўданімамі „Вінцук Адважны" („В. А.“, „В. Адв.“) або „Лявон Ветрагон". Гэтым апошнім псэўданімам ён падпісваў сатырычныя вершы на надзённыя міжнародныя і беларускія тэмы.
    Праз некалькі тыдняў пасьля прыезду ў Вільню ў ліпеньскім нумары Хрысьціянскай Думкі зьявіўся артыкул а. Германовіча (Вінцука Адважнага) „Мая думка аб Хрысьціянскай Думцы“, у якім сярод іншага аўтар пісаў: „Вось жа канечна трэба здабываць дая Хрысьціянскай Думкі новых падпішчыкаў і карэспандэнтаў. Яна павінна дайсьці да рук усіх беларусаў-каталікоў; павінна пісацца ня толькі ксяндзоўскай пэўнай рукою, але і дрыгучай клерыцкай і мазалістай сялянскай. Апэлюю да ўсіх братоў-беларусаў, старшых і вучоных, каторыя дзеля розных прычын пакінулі роднае пяро <...> Як яшчэ многа можна і трэба спадзявацца ад тых, што так бойка і жыва пісалі ў газ. Беларус, як а. Б. Пачопка, Пётра Просты, Паўла Раніца і мн.
    інш! Няўжо ж яны былі толькі яснымі мэтэорамі на нашым хмарным небасхіле? Народ разбудзілі, а самі заснулі"135.
    Артыкул выклікаў ажыўленую дыскусію пра тое, якой павінна быць Хрысьціянская Думка. Дасталося і друйскім марыянам, якія адзначыліся сваёй адсутнасьцю ў беларускім рэлігійным і грамадзкім жыцьці. Першы напісаў а. Язэп Рэшаць: „Пажадана, каб да Хр. Д. прылажыліся як належыцца беларусы айцы марыяне"136. Больш канкрэтна выказаўся а. Уладзіслаў Талочка: „Думаю, што было б добра, каб нашыя айцы марыяны пазволілі аднаму з іх падпісываць «Хр. Думку» як рэдактару, а так жа далі сваю марыянскую фірму як выдаўца. Можна і трэба запрагчы марыянскіх студэнтаў клерыкаў, каб нешта пісалі. Клерыкі літоўцы пішуць артыкулы ў Viln. Ausra. Клерыкі латышы пішуць у Katolu Dzeve. Клерыкі ўніяты ў Дубне пішуць у свой часапіс Друг. Вось жа ідзём і мы іх сьлядамі!“137 Нарэшце, Язэп Найдзюк, дырэктар друкарні імя Ф. Скарыны і рэдактар часопіса Шлях Моладзі, выказаў думку, якую падзялілі шмат якія беларусы: „Вось жа В. Адв... заклікае да працы ўсіх тых, што „народ разбудзілі, а самі заснулі...“. Добра гэта, але шкада, што В. Адв. нічога ня ўспомніў аб самым галоўным, а іменна аб беларускіх законьніках айцох марыянах. Бо мне здаецца, што ў выдавецтве Хрысьціянскае Думкі львіная часьць хлопатаў павінна прыпасьці якраз айцом марыянам. Яны, як ведаем, многа працуюць для Каталіцкага Касьцёла, але на жаль толькі ня ў родным краю, толькі не сярод беларускага народу. Праўда, ня іх у гэтым поўная віна. Але нягледзячы на ўсё, усё ж такі айцом марыянам трэба было б болын зьвярнуць увагі на свой беларускі народ, каторы можа больш іх патрабуе, чымся кітайцы. Мне здаецца, што абавязкам нават ёсьць марыянаў стацца для беларусаў тым, чым для палякаў ёсьць аа. францішканы з Непакалянова, або аа. базыліяны для ўкраінцаў. А дзеля гэтага абавязкам ёсьць айцоў марыянаў, каб Хр. Думка, падобна як Rycerz
    135 W. Adw. „Maja dumka ab Chryscijanskaj Dumcy“, Chryscijanskaj a Dumka, No. 7, Vilnia, lipien 1936, s. 5.
    136 Chyscijanskaja Dumka, No. 9, Vilnia, vierasieii 1936, s. 8.
    137 Chyscijanskaja Dumka, No. 10, Vilnia, kastrycnik 1936, s. 8
    Niepokalanej, была ўсюды, а перадусім у кожнай беларускай каталіцкай хаце. Абавязкам айцоў марыянаў ёсьць так жа, каб Хр. Думка выходзіла часьцей"138.
    Гэтая вострая, хоць і не беспадстаўная крытыка не датычыла а. Германовіча, якога ня трэба было заахвочваць да працы сярод беларусаў. Ён ня толькі пісаў у Хрысьціянскую Думку, але хутка стаў сябрам яе рэдкалегіі. Пад ягоным уплывам пачалі пісаць клерыкі Чэслаў Сіповіч (псэўданім Васіль Крывічанін), Антон Цьвячкоўскі (Антон Кумша) і Антон Падзява (крыптанім А.П.).
    Айцец Германовіч браў таксама актыўны ўдзел у рэлігійным і грамадзкім жыцьці Віленскае беларускае грамады, уцягваючы ў яго сваіх студэнтаў. Вось некалькі прыкладаў з хронікі студэнцкага дому, якую вялі Антон Цьвячкоўскі і Чэслаў Сіповіч:
    „13.Х (1936 г.). Адведаў а. супэрыёра Я. Германовіча а. Урбан, Т.І. і запрасіў да супрацоўніцтва ў часопіс Да Злучэньня.
    25.Х. Бр. Гайдзель грае ватыву на Кальварыі <...>. Вярнуўшыся, знаходзім гасьцей: п. А. Луцкевіча і інж. Трэпку <...>.
    2.XI. Задушкі. <...> На могілках Россы доўга шукаем магілы К. Стэповіча. Урэшце знайшлі. Аглядаем. Дзівіць нас прастата і скромнасьць. Запальваем сьвечкі. Адмаўляем супольна «Анёл Панскі». Айцец супэрыёр падае агульныя весткі аб асобе Казімера Сваяка і Альбіна Стэповіча. Дзіўным пачуцьцём напоўнены вяртаемся да хаты.
    7.ХІ. <...> Гэтага дня слухаем у сваім рэфэктары канцэрт. Іграе на цымбалах дзядзька Аляксандар Матусэвіч, родам з Галыпан. Перад музыкай падае аўтабіяграфічную зацемку. Быў у Манчжурыі, перайшоў бальшавіцкую Расею <...> Ігра была на высокім ураўні мастацкім <.„> Уражаньне як найлепшае. Прысутнымі былі госьці: кс. Ад. Станкевіч, Берняковіч (экс-студыта), студэнты В. Ермалковіч і П. Гайдзель.