Pro patria aliena
Кляштар беларускіх айцоў марыянаў у Друі (1924—1938)
Аляксандар Надсан
Памер: 160с.
Мінск 2006
14.XI. Адведвае нас др. Станіслаў Грынкевіч. Ветлівы, гаваркі. Ай. супэрыёр запрашае яго да нас з дакладам з галіны псыхіятрыі.
26.ХІ. Прагулка. Па дарозе аглядаем бажніцу караімаў.
138 Chryscijanskaja Dumka, No. 10, Vilnia, kastrycnik 1936, s. 7.
Вельмі ўсім спадабалася. Густоўная, стыль маўрэтанскі. Пекна ў прапорцыях і дробных аздобах.
29.XL Першая нядзеля Адвэнту. Айцец Я. Германовіч цэлебруе «рараты» ў касьцёле сьв. Духа. Прыслугоўваюць да імшы «modo сапопісо» бр. Сіповіч і Цьвячкоўскі. Казаньне гаварыў кс. Адам Станкевіч.
6.ХІІ. Ай. Супэрыёр чытае ў Бел. Інстытуце Гаспадаркі і Культуры лекцыю на тэму: «Манчжурыя — край і людзі».
13.XII. «Дзень беларускай культуры». Калегія in corpore бярэ ўчасьце. Акадэмія ў салі гімназіі Вітаўта Вялікага. Рэфэрат аб культуры чытаў кс. Ад. Станкевіч. Сільнейшыя кроме таго мамэнты слаўнага вечара: прамова ўкраінскага пасла Трэяна па-ўкраінску, мілагучныя напевы хору Шырмы і сьпеў солё артысты опэры La Scala Забэйды-Суміцкага. Уражаньне як найлепшае11.
Весткі пра дзейнасьць Германовіча дайшлі да Цікоты, і ён зьвяртаўся да а. Язэпа 2 сакавіка 1937 г.: „Маю да цябе, даражэнькі, просьбу: будзь ласкаў на такія рэчы, як Акадэмія ў дзень культуры або штось падобнае, клерыкаў не пускаць. Прыходзіць мне думка, ці ты іх не пушчаеш часам на лекцыі БІГК (Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры —А.Н.), а гэта тож было б непатрэбна. Яны мусяць мець свайго роду далейшы працяг навіцыяту, і яны аб гэтым павінны ведаць. He забывайся тож аб абставінах, у якіх знаходзіцеся. Трэба тож старацца, каб яны і ў нядзелю мелі імшу сьвятую ў сябе дома і не хадзілі па касьцёлах".
Цікота меў, відаць, на думцы ўдзел марыянскіх клерыкаў у багаслужэньнях для беларусаў, якія адпраўляў у нядзелі і сьвяты а. Адам Станкевіч у касьцёле сьв. Мікалая. У студэнцкай хроніцы ёсьць пра гэта згадкі, як, напрыклад, наступная пад датай 2 лютага 1937 г.: „Імшу сьв. слухаем у касьцёле сьв. Мікалая. Казаньне стройна гаварыў кс. Адам Станкевіч. Громка сьпявалі «Божа, што калісь народы»“.
Грамадзкая і пісьменьніцкая дзейнасьць Германовіча таксама была Цікоту не зусім даспадобы. У лісьце за 14 траўня 1937 г. ён пісаў: „Прыкра мне прыпамінаць табе ўжо ня першы раз канстытуцыі (марыянаў—АН), але мушу рабіць гэта са свайго аба-
вязку і вельмі, вельмі прашу помніць, што істнуе 365 н. Кон (стытуцыяў), a 180 н. забараняе нам мяшацца ў якія колечы нацыянальныя спрэчкі і наказывае заўсёды шукаць толькі справы Хрыстусовай і Касьцёла139. Выбачаймне, што табе дакучаю. Але скажы мне, што ты рабіў бы, знаючы, што хтось з тваіх падуладных робіць штось без дазволу і нязгодна з канстытуцыямі? Няўжо ты думаеш, што твой талент прападзе, калі будзеш з яго карыстацца, атрымаўшы дазвол, паддаючыся адпаведнай цэнзуры і нікому не прыпісваючы «асьліных вушэй»?“
Згадка пра „асыіныя вушы“ адносіцца да канфлікту між а. Германовічам (Лявонам Ветрагонам) і ананімным крытыкам у газэце Беларускі Фронт, рэдактарам якое быў а. Вінцэнт Гадлеўскі. Вельмі магчыма, што прычынаю гэтага канфлікту стаўся верш Лявона Ветрагона ў сьнежаньскім нумары 1936 г. Хрысьціянскае Думкі, дзе той пісаў:
У беларускім гарызонце
Фронт пад фронтам, фронт на фронце. А як фронт удасца слабы — Падпіраюць яго бабы.
Гэй, палітыкі, глядзеце:
Душы цэлай не дзялеце!
Жыцьцё наша, як захоча
Вашы фронты пераскоча.140
139 Вось адпаведныя пункты марыянскай канстытуцыі:
„365. ...ня можна законьнікам без пазваленьня свайго старшага вышэйшага <...> і мясцовага біскупа выдаваць кніжак зьместу сьвецкага, а таксама ня можна пісаць у газэтах, часопісях ці журналах пэрыядычных, ані кіраваць імі.
180. Сусім забараняецца прымаць мандат у соймы, а такжа агітаваць. У работу адміністрацыйную, палітычную, ці нацыянальную не павінны мяшацца, ані ўчасьнічаць у агітацыі. Павінны быць у старане і вышэй ад спраў палітычных і партыйных, іхняй справай павінна быць справа Хрыстова і Каталіцкага Касьцёла1* (Konstytucyja Kongregacyi Ajcoii Maryjana.il. Pieraklau z lacinskaj movy a. Jazep Hermanovic. Vilnia, 1934, s. 101 i 52).
140 Lavon Vietrahon. „I dziuna i strasna", Chrystijanskaja Dumka, No. 12(126), Vilnia, sniezan 1936, s. 8.
У №4 за 1937 г. Беларускага Фронту зьявіўся нікім не падпісаны агляд беларускіх пэрыядычных выданьняў, у тым ліку Хрысьціянскай Думкі, пра якую невядомы аўтар пісаў: „Найгорай прадстаўляецца Хрысьціянская Думка, якая хоць і пачала выходзіць часьцей <...>, вымагае аднак лепшай апрацоўкі матар’ялу і лепшага ўкладу <...>. На наш погляд трэбаХр. Д. рэдагаваць папулярна <...>, але папулярнасьць гэта яшчэ ня тое самае, што наіўнасьць. Бо ці не наіўнымі трэба прызнаць інфармацыі з загранічнай палітыкі або палітычныя вершы Лявона Ветрагона? Гэты апошні асьвятляе «палітыку» ня толькі наіўна <...>, але і тэндэнцыйна, пры гэтым ягоная тэндэнцыя ідзе па лініі для нас вельмі загадкавай"141.
Лявон Ветрагон адказаў у Хрысьціянскай Думцы вершам „Мікель Анджэлё і ягоны крытык“, які ён прысьвяціў „майму крытыку з Беларускага Фронту". У вершы аўтар распавядае пра вялікага італьянскага мастака, які адпомсьціў свайму зацятаму крытыку, зьмясьціўшы ягоны партрэт у пекле на сваёй карціне Страшнага Суду ў Сыкстынскай капліцы ў Ватыкане. Верш сканчаецца радкамі:
Вось крытык, дужа невясёлы Зьмяёю апаясан, голы Сядзіць у пекле тымчасамі На дне з асьлінымі вушамі142
Германовіч прыняў крытычныя заўвагі свайго законнага начальніка спакойна, але асабліва імі, відаць, не праняўся. Цікота хацеў адгарадзіць клерыкаў ад беларускага рэлігійнага і грамадзкага жыцьця па-за кляштарам, іншымі словамі, трымаць іх у парніковых умовах. Германовіч, наадварот, лічыў, што клерыкі павінны адчуваць сябе часткаю грамадзтва, сярод якога ім прыйдзецца працаваць, а для гэтага ім трэба ведаць ня толькі мову. Таму, нягледзячы на дамаганьні Цікоты, ён не зьмяніў сваіх мэтадаў узгадаваньня. У хроніцы
141 „Крыху аб абноўленай бел. прэсе“. Беларускі Фронт, №4(13), Вільня, 5.3.1937, с. 3.
142 Lavon Vietrahon. „Michel Angelo i jahony krytyk“, Chryscijanskaja Dumka, No. 6 (132), Vilnia, 20.3.1937, s. 7.
студэнцкага дому пад датаю 16 траўня 1937 г. чытаем: „Участвуем усе ў канцэрце беларускім, ладжаным студэнцкім саюзам у салі Сьнядэцкіх УСБ (Унівэрсытэт Сьцяпана Батуры — А.Н.). Сьпяваў мілагучна хор Шырмы і Забэйда-Суміцкі. Усе на высокім уроўні мастацкім". А праз чатыры дні, 20 траўня, вялікі беларускі сьпявак быў госьцем у марыянскім студэнцкім доме: „Гэтага ж дня гасьцілі ў нашым доме: ЗабэйдуСуміцкага, артысту сьпевака опэры Мілянскай La Scala; кс. рэд. Ад. Станкевіча, рэд. Я. Пазьняка, інж. Клімовіча і мгр. Шутовіча".
Дамаганьне Цікоты, каб Германовіч даваў свае творы на папярэднюю цэнзуру, гучала дзіўна. Хрысьціянская Думка была рэлігійным часопісам і выходзіла „з дазволу духоўнай улады“, як ясна зазначалася ў кожным нумары. Гэтай уладаю ў дадзеным выпадку быў ня хто іншы, як архібіскуп Ялбжыкоўскі, які з прыемнасьцю зачыніў бы часопіс, калі б знайшоў у ім што-небудзь супярэчнае з навукаю Царквы. Цэнзуру палітычную праводзілі польскія ўлады, якія сканфіскоўвалі нумар, калі знаходзілі ў ім нешта такое, што „пагражала бясьпецы дзяржавы". Цікота хацеў увесьці для Германовіча яшчэ трэцюю — сваю, марыянскую цэнзуру...
Цікота, відаць, думаў, што, седзячы ціха і пазьбягаючы ўсяго, што б прыцягвала ўвагу польскіх уладаў, ён уратуе Друю, на якую тыя глядзелі крывым вокам. Марна спадзяваўся. 15 ліпеня 1937 г. уХрысьціянскай Думцы зьявілася наступная вестка: „У Вільні паявіліся чуткі, што робяцца захады выселіць айцоў марыянаў з Друі, бо там пагранічная паласа, a гэныя айцы, як пераважна беларусы, маюць быць там непажаданыя. Калі б так сталася, то гэта была б сапраўды іронія лёсу, бо ж айцы марыяне ў Друі, нягледзячы на сваю беларускасьць, бадай выключна працуюць па-польску і гэтым самым для польскасьці“143.
143 „Ргосій ajcoti maryjanati“. Chryscijanskaja Dumka, No. 14 (140), Vilnia, 15.7.1937, s. 4.
„Раскіданае гняздо“
Тым часам у Друі зьнішчаліся апошнія сьляды беларускасьці. Айцец Язэп Дашута пісаў Цікоту 8 чэрвеня 1937 г.: „У нашым жыцьці няма чым пахваліцца <...> Дысцыпліна, асабліва сярод малых хлапцоў, была папросту немагчымая144. Трох хлапцоў па Вялікадні пагналі з кляштару. Мы ніякага ўплыву на дзяцей і навонкі ня робім, але самі паддаемся пад уплыў звонку. Месяц таму нп. Супэрыёр (паляк Уладыслаў Лысік — А.Н.) склікае сабраньне Рады і ставіць унёсак гаварыць з хлапцамі пацеры па-польску, а не, то па-лаціне, бо ён на дамаганьне хлапцоў правёў галасаваньне і большасьць высказалася за польскім. Дзеці ў гімназіі тож не даюць яму спакою, дапытваюцца, калі ў кляштары перастануць пацеры гаварыць па-беларуску“.
Айцец Германовіч у Вільні быў вельмі заняты. Ён даваў рэкалекцыі, у тым ліку для беларускай інтэлігенцыі ў лютым 1937 г.; дапамагаў у пастырскай працы айцом Адаму Станкевічу, Казімеру Кулаку і Міхалу Борыку; пісаў шмат уХрысьціянскую Думку. І ўсё гэта — у дадатак да абавязкаў кіраўніка (супэрыёра) дому беларускіх марыянскіх клерыкаў-студэнтаў, якія, як пісаў а. Дашута Цікоту 12 лістапада 1936 г., „а. Германовіча хваляць, што болей імі апякуецца і лепш корміць, чым а. Георгій (Кашыра — А. Н.У‘.
Недалёка ад Вільні была гара Кальварыя, куды прыходзілі пілігрымкі з усёй Віленшчыны. Там стаяў некалі дамініканскі кляштар, на тэрыторыі якога месьціліся г. зв. „станцыі" Крыжовага Шляху, кожная з якіх выяўляла эпізод з Мукаў Госпада Ісуса Хрыста. Пілігрымы, выслухаўшы сьв. Імшу, абыходзілі станцыі, а сьвятар ці сьвятары пры кожнай з іх казалі кароткае слова. Усё гэта суправаджалася адмысловымі малітвамі і сьпевамі. Пілігрымка сканчалася ў Кальварыйскім касьцёле Блаславеньнем Найсьвяцейшым Сакрамэнтам (Сьвятымі Дарамі). Беларусы ўпершыню зладзілі сваю пілігрымку ў 1935 г.
144 Маюцца на ўвазе хлопцы-гімназісты, якія выказалі жаданьне ў будучыні паступіць у марыянскі закон; яны жылі пры кляштары ў г. зв. „ювэнаце" пад кіраўніцтвам аднаго з законьнікаў.
Праз год арганізатары спалучылі яе з урачыстасьцю высьвячэньня надмагільнага помніка а. Кастусю Стаповічу (паэту Казімеру Сваяку). У 1937 г. прызначылі пілігрымку ў нядзелю 6 чэрвеня, а кіраўніком яе абралі а. Язэпа Германовіча. Вось як апісвае сваё ўражаньне ад пілігрымкі адзін з удзельнікаў: „Па прыкладу папярэдніх гадоў зборка пілігрымаў была ў касьцёле сьв. Мікалая, адкуль, выслухаўшы імшы і вельмі прыгожага казаньня кс. Я. Германовіча, з крыжам і беларускімі ксяндзамі, сьпяваючы беларускія песьні, ідзём вуліцамі Вільні аж у Кальварыю, дзе па малым перапынку пачынаем абходзіць і разважаць Крыжовую Дарогу нашага Збаўцы. Пры кожнай стацыі ксяндзы мелі беларускія прамовы, якіх людзі слухалі з захапленьнем і кожнае іх слова, як агнём, выпалівала знак у нашай душы“145. 3 нагоды пілігрымкі ўпершыню моцна прагучалі „экумэнічныя" матывы. Да іх непасрэдна спрычыніўся вядомы „місіянэр", канонік Караль Любянец, які на некалькі дзён раней таксама наведаў Кальварыю з вялікай групай праваслаўных беларусаў, з якіх ён намагаўся зрабіць добрых польскіх каталікоў. Хрысьціянская Думка з гэтай нагоды пісала: „Некалькі сот праваслаўных беларусаў прывёў у Кальварыю ксёндз, які прамаўляў да іх выключна па-польску і які нават не прызнае беларускай нацыі, дык чаму ж аб гэтым не падумаюць ксяндзы беларусы?“ Газэта працягвае: „На будучы год трэба паправіцца, на будучы год у Беларускай Пілігрымцы павінны быць і каталікі і праваслаўныя, пілігрымка гэта павінна быць агульнабеларуская. Бо ці ж не адна была для ўсіх нас Дарога Крыжа нашага Спаса?“146