Птушкі з пакінутых гнёздаў
Алесь Марціновіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 248с.
Мінск 2015
Што такое чынш, чыншавая плата, бадай, асаблівага тлумачэння не патрабуецца — гэта плата землеўласніку за карыстанне зямлёй паводле чыншавага права. Як і паняцце «талака», ён і сёння на слыху ў многіх, калі нешта робіцца агульнымі намаганнямі гурту людзей. А вось дзякла, ці дзякло,— з паняццяў, якія з цягам часу забыліся.
У часы Боны Сфорцы (а таксама раней, дый пазней) так называўся натуральны аброк на зямельны надзел, які здавалі збожжам, пераважна жытам і аўсом, хоць у некаторых выпадках і ячменем, пшаніцай. Выкарыстоўваліся дзеля гэтай мэты і іншыя сельскагаспадарчыя прадукты і нават грошы, што залежала ад волі ўладальніка.
Забылася сёння і паняццце «стацыя», а ў даўнія часы, калі вялікі князь выязджаў у воласці, яму дастаўлялі ялавічыну, бараніну, свініну, свойскую птушку, а таксама сена, авёс і нават мёд і піва. Усе гэтыя прыпаднашэнні называліся стацыяй. Пазней стацыя стала пастаянным зборам прадуктаў і ўжо не звязвалася з прыездам вялікага князя.
He лішне патлумачыць і што такое згоны. Іх яшчэ называлі гвалтамі. I нездарма, бо згоны, ці гвалты, абавязкова былі звязаны з якімінебудзь тэрміновымі сялянскімі павіннасцямі, а тыя, у сваю чаргу, з рознымі сельскагаспадарчымі работамі. На вялікія гвалты зганялі ўсіх працаздольных, а на малыя, неабходнасць у якіх узнікала ў час ворыва ці сяўбы, вылучаліся па аднамудва работнікі з гаспадаркі. А яшчэ згоны падзяляліся на конныя і пешыя.
Памер зямлі ў адну валоку, прымаючы пад увагу гаротнае становішча пераважнай большасці беларускага
87
сялянства, быў немалы, таму, як правіла, дзве сям’і аб’ядноўваліся і сумесна апрацоўвалі яго. Папалам дзялілі і атрыманы ўраджай. Падобным чынам дзейнічалі і тады, калі наставаў час разлічвацца па павіннасцях. Іншыя ж угоддзі, як і да правядзення рэформаў, знаходзіліся ў калектыўным карыстанні сельскіх абшчын.
Правядзеннем сельскагаспадарчай рэформы ініцыятыўная італьянка не абмежавалася. Яна занялася і лесаўпарадкаваннем. Бачачы, якую вялікую плошчу займаюць лясы на тэрыторыі Кароны і Княства, зразумела, што і з гэтага можна атрымаць немалую выгаду.
Па загаду Боны Сфорцы паўсюдна пачалі будавацца заводы па перапрацоўцы драўніны, узводзіліся смалакурні, прадукцыя якіх карысталася вялікім попытам за мяжой. Каля лесапільных заводаў і смалакурань часта ўзнікалі новыя паселішчы, бо ўзводзіліся яны нярэдка далёка ад існуючых населеных пунктаў, там, дзе знаходзіліся некранутыя лясныя багацці.
Юіапацілася Бона Сфорца і аб пракладванні новых дарог, будаўніцтве мастоў. Дзякуючы ёй у некаторых месцах праляглі каналы, што раней у Рэчы Паспалітай амаль не практыкавалася, але каралева ведала, якая карысць ад каналаў у яе на Радзіме, таму і не пакідала паза сваёй увагай і гэтую важную справу.
Дзейнасць Боны Сфорцы ўспрымалася магнатамі неадназначна. Асаблівае супраціўленне яна сустрэла з боку тых, хто сам быў буйным землеўласнікам. Але яна ад сваіх намераў адступаць не збіралася. У асобных выпадках выкупала каралеўскія маёнткі, што знаходзіліся ў закладзе. Калі ж феадалы, якія лічылі ўжо іх ледзь не сваімі, не хацелі палюбоўнага вырашэння пытання, справа даходзіла да суда. I ў падобных выпадках Бона Сфорца найчасцей выходзіла пераможцай, аднак не толькі таму, што з’яўлялася каралевай. Яна ўмела пераканаць суддзяў у праваце сваёй справы, таму закон і станавіўся на яе бок.
Многія яе проста баяліся. У тым ліку і сам Жыгімонт I, а што гэта і сапраўды так, паказала так званая «птушыная вайна», якая адбылася летам 1537 года. Пачаткам яе стала тое, што кароль, па настойлівай просьбе Боны Сфорцы, якую можна ўспрымаць ледзь не загадам, склікаў пада Львовам «паспалітае рушэнне», каб разгледзець пытанне з падаткамі. Пасля прынятага рашэння дазвалялася адкупляцца грашыма, каб толькі не працаваць на землеўласнікаў.
88
Разлік быў просты: за кароткі час каралеўская казна значна папоўніцца. Але можна было зразумець і шляхту, якая занепакоілася, што тым самым гатова сарвацца ўборка ўраджаю. I шляхта ўзбунтавалася. На працягу сямі тыдняў з ранку да позняга вечара яна патрабавала ў караля адмены гэтага, непапулярнага для яе рашэння. Выкрыкваліся пагрозы, чуўся свіст, адно патрабаванне змяняла другое.
Жыгімонт I так і не выйшаў да пакрыўджаных. А тым больш не жадала выслухоўваць іх Бона Сфорца. Сітуацыя нагадвала тую, якая назіраецца, калі нечакана ў куратнік забралася лісіца. Шэрая хітруха ласуецца птушкамі, а яны толькі крычаць, кідаюцца ў паніцы ў розныя бакі і нічога зрабіць не могуць. Таму хтосьці трапна і назваў гэтае супрацьстаянне «птушынай вайной». Пакрыўджаная шляхта ў рэшце рэшт мусіла пайсці ні з чым.
Але ў грамадстве Вялікага княства Літоўскага была незадаволенасць і іншага кшталту. Яна тычылася таго незайздроснага становішча, што стварылася ў выніку саюзу дзвюх дзяржаў — Кароны і Княства, калі пры роўнасці на паперы, Вялікае княства Літоўскае ў сапраўднасці знаходзілася ў залежнасці ад Кароны, было падначалена яму. 3 гэтым не маглі і не хацелі змірыцца ўплывовыя магнацкія роды.
Яшчэ ў 1526 годзе на чарговым сойме, што праходзіў у Вільні, яны вырашылі нагадаць аб гэтым. I выбралі арыгінальны спосаб: вялікім князем літоўскім быў абвешчаны малалетні Жыгімонт Аўгуст (нарадзіўся 1 жніўня 1520 rofla). Але на гэтым інцыдэнт не скончыўся. У Жыгімонта I Старога запатрабавалі, каб ён прывёз сына ў Вільню для каранацыі. Калі б гэта адбылося, Вялікае княства Літоўскае цалкам стала б самастойным.
На падобны крок Жыгімонт I Стары пайсці не мог. Аднак вярхі Княства ад свайго намеру не адмовіліся і на працягу некалькіх гадоў вялі намаганні ў згаданым кірунку. Нарэшце ў лютым 1530 года свайго дамагліся: Жыгімонт II Аўгуст быў каранаваны пры жывым яшчэ бацьку — выпадак сам па сабе унікальны. Канешне, вялікім князем літоўскім Жыгімонт Аўгуст на гэты час з’яўляўся фармальна, але ўплывовыя сілы ў Вялікім княстве Літоўскім яшчэ раз нагадалі, што яны ніколі не адмовяцца ад імкнення да незалежнасці.
У дадзенай сітуацыі Бона Сфорца займала пазіцыю сына. На першы погляд, гэта больш чым дзіўна і ніяк не ўвязваецца з тым, што яна як магла ўмацоўвала ўладу
89
мужа. У сапраўднасці ж яна заставалася той, якой і была заўсёды і ні пры якіх абставінах нічога не рабіла на шкоду сабе. Рэч у тым, што Бона Сфорца задумала ператварыць Вялікае княства Літоўскае ў каралеўства, у якім адводзіла галоўную ролю Жыгімонту Аўгусту. I дзеля здзяйснення сваіх планаў знайшла нямала хаўруснікаў сярод беларускіх уплывовых магнатаў. Саюзнікам яе быў і троцкі ваявода Альбрэхт Гаштольд. Але пераважыла пазіцыя тых, хто хацеў, каб заставалася Княства. У ліку іх былі і Радзівілы, а да голасу іх прыслухоўваліся многія.
Адносіны Боны Сфорцы з сынам пагоршыліся пасля смерці Жыгімонта I Старога, якая напаткала яго 1 красавіка 1548 года. Спачатку, праўда, яна адчула на сабе яшчэ большую непрыхільнасць грамадскасці Рэчы Паспалітай. Але калі пасля замужжа гэта назіралася ў асноўным з боку прадстаўнікоў Княства, дык цяпер і грамадскасць Кароны неўзлюбіла яе, на што, безумоўна, нямала паўплывала тое, як паводзіла яна сябе ў час правядзення зямельнай рэформы.
Кошка ж паміж маці і сынам прабегла ўжо тады, калі яна пачала ўмешвацца ў яго дзейнасць як караля і вялікага князя літоўскага. Жыгімонт II Аўгуст таксама аказаўся з характарам і не любіў калі яму ўказвалі, што і як рабіць. He трываў падобных рэкамендацый і з боку маці. Але то былі толькі першыя непаразуменні.
Д ы на гэтым усё не скончылася. Нечакана памерла жонка Жыгімонта Аўгуста Гальшка (Лізавета) Габсбургская. Пачалі пагаворваць, што смерць насільная і дачыненне да яе мае не хто іншы, як Бона Сфорца, якой не падабалася нявестка, бо паходзіла з роду яе пастаянных ворагаў Габсбургаў. Хоць Жыгімонт Аўгуст асабліва і не любіў Гальшку, але тое, што маці магла атруціць ягоную жонку, непрыемна здзівіла. Падумаў, што ад блізкага чалавека пасля гэтага можна чакаць якой заўгодна подласці.
Ды і пра Гальшку, і пра тое, што не сваёй смерцю памерла, хутка забыў, бо быў закаханы да самазабыцця ў Барбару Радзівіл. Аднак Бона Сфорца, даведаўшыся, хто каханка сына, рашуча заявіла, што Барбары не месца ў каралеўскім палацы. Калі ж Жыгімонт Аўгуст, не зважаючы на матчыну непрыязнасць, вырашыў усё ж ажаніцца, прылюдна заявіла, што новую нявестку атруціць.
Як вядома, Барбара Радзівіл, якая дагэтуль не магла паскардзіцца на здароўе, неўзабаве пасля вянчання цяжка
90
захварэла і ў вялікіх пакутах памерла. Цяжка адназначна сказаць, ці мела Бона Сфорца дачыненне да гэтай смерці, але тыя, хто паспеў з павагай паставіцца да Барбары Радзівіл, яшчэ больш пачалі ненавідзець «італьянскую гадзюку».
Супрацьстаянне маці і сына, пагаршэнне адносін Боны Сфорцы з уплывовымі магнатамі Вялікага княства Літоўскага і элітай Рэчы Паспалітай прывялі да таго, што ў 1556 годзе Бона Сфорца назаўсёды развіталася з краінай, якая, па сутнасці, так і не стала для яе сваёй, і вярнулася ў Італію. Аднак вярталася не з пустымі рукамі, а захапіла з сабой нямала каштоўнасцей. He адмовілася забраць і клейноды Вялікага княства Літоўскага — так называліся тады атрыбуты ўлады, не ў апошнюю чаргу каралеўскай.
Свой характар праявіла і на Радзіме. Ды яшчэ з большай настойлівасцю і агрэсіўнасцю. А для гэтага падставы былі. Як высветліла па прыездзе, за той час, пакуль жыла ў Рэчы Паспалітай, многія яе родзічы ў шапку не спалі і прыхапілі сабе вялікія багацці, у тым ліку і тыя, што належалі ёй.
Палічыўшы сябе пакрыўджанай, пачала весці актыўную барацьбу за перагляд спадчыны. Толькі фартуна ёй не ўсміхнулася. Сваякі адступаць не збіраліся, а калі зразумелі, што з Бонай Сфорцай падобраму не дамовіцца, не знайшлі нічога лепшага, як выкарыстаць той сродак, да якога неаднойчы звярталася і яна сама, пазбаўляючы жыцця сваіх праціўнікаў ці тых, хто ёй нечым не падабаўся. Падгаварылі аднаго з прыдворных, а той бліжэй сышоўся з поварам і лекарам, якія абслугоўвалі нядаўнюю каралеву. Хаўруснікі, даведаўшыся, што іх «праца» будзе належным чынам аплачана, не доўга думаючы, Бону Сфорцу атруцілі...
Цяжка сказаць, што пераважала ў яе жыцці — добрае ці благое. Дый, думаецца, падобныя падлікі наўрад ці апраўданыя, бо не будзем забываць, што кожны чалавек «сатканы» з «плюсоў» і «мінусаў», а калі ён займае ў грамадстве высокае становішча, тым больш. Таму, згадваючы Бону Сфорцу, нельга кідацца ні ў адну, ні ў другую крайнасць, а неабходна імкнуцца як мага аб’ектыўней спасцігнуць сутнасць яе характару, разабрацца ў яе жыцці, абавязкова засяродзіўшы ўвагу і на тым, што ў дачыненні да яе з’яўляецца вельмі важным. На асобных аспектах мы і паспрабавалі засяродзіць увагу. Аднак партрэт Боны Сфорцы будзе няпоўным, калі не нагадаць, што і пры яе дапамозе пабачылі свет творы вядомага беларускага пісьменніка Міколы Гусоўскага.