Птушкі з пакінутых гнёздаў
Алесь Марціновіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 248с.
Мінск 2015
8
...Назаўтра, калі Дажбог сваімі промнямі пачаў шчодра саграваць зямлю, быццам просячы прабачэння за тое, што і так запазніўся з цяплом, на самым досвітку — баяліся, каб снег не растаў настолькі, што па ім немагчыма будзе ісці, і накіраваліся туды, дзе, ведалі, знайшоў сабе зімовы спачын мядзведзь. Аднаго баяліся: каб не паспеў ён пакінуць логава, тады давядзецца яго шукаць у лесе, а гэта марная справа, бо яго, калі сам не адважыцца напасці, а такая смеласць у яго наўрад ці з’явіцца, знайсці наўрад ці ўдасца. Застанецца альбо вяртацца ні з чым, альбо арганізаваць ловы на аленяў, ласёў ці дзікоў, але ні першае, ні другое ў іх планы не ўваходзіла.
Ім патрэбны быў мядзведзь.
Ён асабліва патрэбны быў Арэю, якога на паляванне ўзялі ўпершыню і які, як і кожны б на ягоным месцы, гарэў жаданнем упаляваць сваю першую дабычу.
Што мядзведзь яшчэ працягвае спаць, зразумелі пры набліжэнні да бярлогі. Хоць снег і паспеў на сонцы пачарнець, але ніякіх слядоў на ім не заўважалася — хіба прысутнічалі розныя кручкіпісягі, пакінутыя птушынымі лапкамі.
Назаўсёды запомніў Арэй бацькаву засцярогу напярэдадні ловаў: «Наперад не лезь! Мядзведзь вельмі страшны, калі хтонебудзь перапыніць ягоны сон. Трапішся на яго шляху, лічы, што прапаў».
Ды не паслухаўся, а мо і проста не звярнуў на гэта ўвагі. I ледзь не паплаціўся за неасцярожнасць жыццём.
Калі двое самых вопытных паляўнічых, не зважаючы на небяспеку, пачалі крычаць і варушыць дзідамі ў бярлозе, мядзведзь дзіка зароў і праз нейкае імгненне выскачыў са свайго логава, азіраючыся па баках і шукаючы крыўдзіцеляў, бо тыя паспелі своечасова адскочыць, схавацца за дрэвамі. Адтуль і паслалі ў яго свае дзіды, адна з якіх так паласнула звера па загрыўку, што з раны хлынула кроў.
Мядзведзь заматаў галавой, быццам спрабуючы з сябе скінуць нешта, нябачнае яму, а кроў працягвала цячы, і ад болю, а таксама ад страху ён спешна пачаў шукаць крыўдзіцеляў. Аднак, бадай, зразумеў, што тых, хто знаходзіўся за дрэвам, не адолець, таму рынуўся наперад, дзе стаялі некалькі чалавек з дзідамі.
Гэта адбылося так хутка, што яны, спалохаўшыся, адскочылі, нават кінуўшы зброю, і Арэй, які стаяў сярод іх, застаўся адзін на адзін перад раз’яраным зверам.
9
Светлагор, пабег напярэймы, але не паспеў, а Арэй не разгубіўся і з усяе сілы ўдарыў мядзведзя дзідай.
— Уцякай! Уцякай! — крычаў бацька.
— Ратуйся! — чуліся галасы.
Толькі Арэй ці то ўсё ж спалохаўся, ці меркаваў, што мядзведзь яму ўжо не страшны, застыў на месцы.
— Уця...— Арэй яшчэ пачуў, як роспачна закрычаў ягоны бацька, і ў гэты момант вялізная туша звера падмяла яго пад сябе.
Ён адчуў цяжкае дыханне звера, ад якога патыхала, як ад падліны, і заўважыў поруч, ажно зажмурыцца захацелася, ягоныя маленькія, налітыя крывёю вочкі. Неяк машынальна, аднак, паспеў выхапіць нож і ў той момант, калі мядзведзь гатоў быў пачаць ірваць яго зубамі, усадзіў нож туды, дзе было сэрца звера.
Мядзведзь адразу абмяк і ўсім тулавам наваліўся на Арэя, які пасля гэтага нібыта паляцеў у прорву — перад вачыма паплылі кругі і ён страціў прытомнасць.
Ачнуўся ад трывожнаўзрадаваных галасоў. Доўга не мог зразумець, што ж гэта з ім адбылося. I толькі калі заўважыў поруч мёртвага мядзведзя, якога дабілі паляўнічыя, і адчуў, што балюча грудзям — правёўшы па іх рукой, заўважыў на ёй ліпкую кроў.
Свядомасць вярталася паступова, быццам вызвалялася з нейкай зашчэпіны, якая трымала яе моцна, не жадаючы адпускаць. Разам з тым прыйшло і радаснае ўсведамленне таго, што ўсё ж не пабаяўся такога страшнага звера, не разгубіўся, дастойна сустрэў яго. Гэта прымусіла ўсміхнуцца.
— Жывы! — узрадаваўся бацька.
— Жывы,— ціха адказаў Арэй.
Пасля ў яго было нямала іншых ловаў. Таксама небяспечных, але і куды больш удалых, чым гэтыя, бо спакваля прыходзіў вопыт, а з ім і ўменне з гонарам паводзіць сябе ў самых нечаканых сітуацыях, што дазваляла вяртацца з палявання яшчэ з больш важкім набыткам. Часам за адзін раз удавалася здабыць столькі рознай дзічыны, што, калі гэта адбывалася не зімой, не паспявалі яе з’есці, пакуль мяса не сапсавалася.
Але менавіта першыя ягоныя ловы ўзвысілі Арэя ў вачах супляменнікаў. I калі напачатку гэта было звычайнае захапленне ягонай смеласцю, дык паступова ўсе ўпэўніваліся, што Арэй зможа стаць неблагім іхнім правадыром.
10
Пра гэта думаў і сам Светлагор, разумеючы, што зза ўзросту яму становіцца ўсё цяжэй апраўдваць давер тых, хто на яго паранейшаму спадзяецца. А аднойчы ён сабраў сародзічаў, перад гэтым перагаварыўшы з Арэем. Той, праўда, прапанове бацькі стаць важаком племені здзівіўся, і па тым, як запярэчыў, Светлагор адчуваў, што сын гаворыць шчыра. Ды ад свайго не адступаў:
— Стары я, нямоглы.— Ён працёр вочы, робячы выгляд, што туды штосьці трапіла, аднак Арэй заўважыў, што ў бацькі з’явіліся здрадлівыя слёзы.
Заўважыў, ды зрабіў выгляд, што нічога не ўбачыў, толькі пастараўся супакоіць яго:
— Хоць арол і стары, ды крылы яшчэ моцныя.
— He тыя ўжо крылы,— роспачна адказаў Светлагор,— Ты ўжо таксама не маладзён, рыхтуешся сваю дваццатую вясну сустракаць, а я...— Ён зноўку крануўся рукой вачэй, але не затрымаў яе, а паднёс да лба, пацёр маршчыністыя палосы, што барознамі праляглі на ім,— Мне, калі такі высокі давер аказалі, было прыкладна столькі ж.
Арэй ажно здрыгануўся ад гэтых слоў. Яму здавалася, што бацька куды маладзейшы, а бач ты, удвая старэй за яго.
Светлагор ягонае маўчанне расцаніў пасвойму:
— Думаеш, што ёсць больш вартыя за цябе? — Заўважыўшы, што Арэй хоча нешта сказаць, не даў яму раскрыць рота: — Ты, толькі адзін ты зможаш быць замест мяне!
Зразумеў Арэй, што гэта канчатковае бацькава рашэнне і пярэчыць цяпер няма ніякага сэнсу.
— Дзякуй за давер.— Яму хацелася абняць бацьку, прыхінуцца да яго, але пасаромеўся.
Бацька сам абняў яго, зазірнуўшы даверліва ў сынавы вочы:
— Колькі можна быць аднаму?
Разумеў Арэй, што невыпадкова ён завёў падобную гаворку.
Галуба, якую Арэй кахаў да самазабыцця, нядоўга была з ім поруч. Так нядоўга, што не паспелі нават дзяцей завесці. Згасла, нібы кветка завяла, не паспеўшы, як след расквітнець. Быццам ні на што не скардзілася, аднак праз дзень яе не стала.
Пасля гэтага Арэй хадзіў сам не свой і нават пасля таго, як адшугала водамі вясна, аддыхала спякотай лета,
11
барвовымі фарбамі мінула восень і зноў прыйшла зіма, ён усё ніяк не мог прыйсці ў сябе. Быццам нічога вакол для яго не існавала і нішто яго не радавала.
— Ты ж ведаеш, як атрымалася,— уздыхнуў Арэй.
— Аднаму нягожа быць,— спачувальна сказаў Светлагор,— Птушкі і тыя разам. Звяры, каб прадоўжыць род свой, сустракаюцца. А хіба можа быць адзін чалавек?
— He магу забыць Галубу — Арэй з цяжкасцю стрымліваў сябе, каб не заплакаць.
— А хіба Забава горшая?
Ад ягоных слоў Арэй нават схамянуўся: «Бач ты, пра ўсё ведае. Хоць як не ведаць, не такое племя і вялікае, кожны навідавоку».
Забава была за яго нашмат маладзейшая. Калі вёсны і зімы Арэя паспелі ўжо скласці тугі клубок, дык яна знаходзілася ў тым узросце, калі яшчэ няшмат думаецца аб будучым, бо пакуль сённяшняе так радуе, што з захапленнем ставішся да ўсяго таго, што атанае цябе, і з кожным днём нават пановаму ўспрымаеш людзей, якіх, здавалася б, добра ведаеш.
He Забава першая кінула на яго зацікаўлены позірк, a сам Арэй. Яшчэ тады, калі памяць па Галубе для яго была асабліва балючай. Але зазірнуў у вочы гэтаму маладому дзяўчу — і ўнутры быццам нешта абарвалася. Нават падумаць паспеў, што калі і возьме сабе новую жонку, дык абавязкова ёю стане Забава. Аднак тут жа, быццам злоўлены на чымсьці недазволеным, і адпрэчыў гэтую думку, спалохаўся, што пра ягонае жаданне Галуба можа даведацца.
Яна ж недзе недалёка знаходзіцца. Магчыма, у траве, што радуе вока яшчэ кволым зелянівам сваім. Ці ў завязі ранніх красак, што запунсавелі на ўзлеску. А можа, і пераўвасобілася ў якуюнебудзь птушку...
Дарыў Дажбог новыя світанкі і забіраў іх, прыносячы на зямлю цемру, а Арэй усё не знаходзіў сабе спакою. Ён стараўся не думаць пра Забаву, але гэта было не ў ягоных сілах. I чым далей, тым часцей у галаву прыходзіла думка, што калі нехта і зможа яму замяніць Галубу дык толькі яна, Забава.
— Забава — зусім дзяўчо яшчэ,— нарэшце выціснуў з сябе.
— Ды вы вельмі падыходзіце адно аднаму— Светлагор памаўчаў і, цяжка ўздыхнуўшы, дадаў: — Мне б твае гады...
12
Пра Забаву Светлагор напомніў сыну зноў пасля таго, як той стаў старэйшынам племені. I зрабіў гэта своечасова, бо Арэй і сам ужо падумваў аб тым, што час перастаць маркоціцца аб Галубе. Лішнія гэтыя перажыванні, бо яна ўсё адно ў сваім новым жыцці шчаслівая. А што Галуба абавязкова шчаслівая, Арэй ніколькі не сумняваўся. Ён быў упэўнены, што такія людзі, як яна, што б ні здарылася, абавязкова нідзе не стануць лішнімі. Дый прыходзячы ў ягоныя сны, Галуба сама заўсёды нагадвала, што адчувае сябе добра.
— Вядзі яе да сябе ў будан, сынку, паслухай мяне, старога.— Пачуўшы гэтыя словы Светлагора, Арэй уважліва прыгледзеўся да яго і не пазнаў.
Спіна бацькі сагнулася, рукі неяк абвіслі. Заўважалася, што яму цяжка стаяць. Але найбольш Арэя ўразілі ягоныя вочы — яны былі нейкія застылыя, пазбаўленыя колішняга бляску, як тая мутная вада ў возеры, калі ў познюю восень, пасля доўгіх дажджоў, рака прыносіць у яго розны друз, уперамешку з апалым лісцем.
А Светлагор працягваў:
— Мне яшчэ хацелася пабачыць вашых дзяцей.
Паслухаўся Арэй бацьку, прывёў да сябе ў будан Забаву і хутка пачаў забываць пра Галубу.
Маладая і страсная Забава паланіла яго не растрачанай пяшчотай і нястомнай прагай кахання. Калі ён і ўспамінаў Галубу, дык ужо толькі таму, што, як ні дзіўна, з ёю сябе так шчасліва, як з Забавай, ніколі не адчуваў. I разумеў, у чым прычына гэтага. Тады яны абое былі нявопытныя, а цяпер ягоная сталасць вельмі добра спалучалася з яе цнатлівасцю пачуццяў.
Светлагор дачакаўся іхняга першынца, якога назвалі Кіем.
Паспеў нават і пагушкаць яго на слабых руках.
Паспеў падарыць немаўляці пяшчоту.
Арэй з Забавай спадзяваліся, што ён парадуецца яшчэ не аднаму папаўненню ў іхняй дружнай сям’і. Ды на самым схіле зімы Светлагора не стала. Памёр за некалькі дзён да таго, як Забава нарадзіла яшчэ аднаго сына, якога назвалі Шчэкам.