Птушкі з пакінутых гнёздаў
Алесь Марціновіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 248с.
Мінск 2015
— А ці не маленькая бародка? — часам пыталася яна ў жнеяў, баючыся, каб тыя, чаго добрага, не пакрыўдзілі Вялеса.
Жнеі ўважлівым позіркам акідвалі пакінуты лапік і супакойвалі яе:
— He маленькая бародка атрымалася. Вялес жа не пераборлівы. Пра нас болей дбае, чым пра сябе. Капрызнічаць не стане. Прывык менш браць, а больш аддаваць.
— Яно і праўда,— пагаджалася Прадслава, узіраючыся ў неба, на якім згасала сонца.
I вось атрымлівалася, калі верыць Вользе (дый не Вользе, а падумаць толькі: княгіні Алене), багі, якіх шануюць палачане з веку ў век, зусім не тыя, каму можна і трэба пакланяцца.
«Не! — пярэчыў унутраны голас Прадславы,— Я ніколі не здраджу ні Перуну, ні Вялесу, ні іншым сваім багам, бо яны не намі выбраны, а продкамі нашымі. Адпрэчыць іх — значыць, у нечым запляміць памяць пра тых, хто жыў раней».
— He! — сказала яна Вользе, калі тая пачала яе ўгаворваць прыняць хрысціянства.— Сваім багам я ніколі не здраджу.
Гэта было прамоўлена так рашуча, што кіеўская княгіня зразумела: угаворы нічога не дадуць.
На тым і рассталіся.
43
Вольга спадзявалася, што ім яшчэ ўдасца сустрэцца, каб зноў звярнуцца да гэтага пытання.
Ды не сустрэліся, бо Прадслава памерла.
Як сцвярджае Маскоўскі летапісны звод канца XV стагоддзя, адбылося гэта «ў дні Святаслава Ігаравіча». Князь жа Святаслаў адышоў у вечнасць у 972 годзе. Значыць, Прадслава памерла да 972 года.
Яе пераемнікам на полацкім троне і стаў Рагвалод, які «меў сваю воласць у Полацку». Кім ён даводзіўся Прадславе, цяжка сказаць.
Можна, праўда, выказаць версію, што з’яўляўся яе сынам і чымнебудзь не задавальняў палачан. Але ж, як вядома, у Рагвалода быў брат Тур, чаму ж у такім разе яму не прапанавалі трон. Таксама нечым не падыходзіў? Аднак наўрад ці магчыма такое супадзенне, што пасля смерці князя перавага не аддаецца ні аднаму з яго сыноў, а жонцы, і толькі пасля смерці апошняй успамінаюць пра аднаго з іх, а менавіта пра Рагвалода.
Застаюцца, прынамсі, яшчэ два варыянты.
Рагвалод мог быць братам Рагнеды, але наўрад ці мог ён знаходзіцца ў такім узросце, каб прэтэндаваць на трон.
I як запасны варыянт: Рагвалод — пляменнік Прадславы. Да яе смерці ён правіў недзе далёка за межамі Полацкага княства, а калі цёткі не стала, вярнуўся ў родную вотчыну.
Гэта, здаецца, найбольш праўдападобная гіпотэза, толькі і яна ніколі не зможа канчаткова праліць святло на тое, кім быў Рагвалод, перш чым заняць трон.
Няменшая загадка і сама Прадслава — княгіня, якая ў полацкай гісторыі паранейшаму ўспрымаецца міражом, але гэта такі прывід, верагоднасці існавання якога ўсё ж нельга адмаўляць.
КАХАННЕ КНЯЖАЦКАН КЛЮЧНІЦЫ
Малуійа
Вецер нечакана зайшоў з боку Дняпра і, хоць стаяла цёплая летняя ноч, прынёс з сабой адчувальную прахалоду. Малушы стала зябка, і яна, забыўшыся пра тое, што яшчэ некалькі хвілін назад адчувала сябе са Святаславам сарамліва, раптоўна прыхінулася да яго, а князь, узрадаваўшыся гэтаму, моцна прыціснуў дзяўчыну да сябе, адчуваючы, як палахліва затрапятала ў яе грудзях сэрца, а сама яна неяк адразу сцішылася, быццам сціснулася, ператварыўшыся ў маленькі жывы камячок, які абдымалі ягоныя дужыя і пажадлівыя рукі.
Святаславу захацелася яшчэ мацней прыціснуць Малушу да сябе, і ён абавязкова зрабіў бы гэта, аднак у апошні момант дзяўчына спахапілася, спалохана адштурхнула яго ад сябе. Пачала азірацца па баках, нібы жадаючы ўпэўніцца, што і на самай справе няма нікога поруч.
— Баішся? — князь усміхнуўся.
Малуша нічога не адказала, а толькі зрабіла яшчэ паўкроку ад яго, каб знаходзіцца на больш бяспечнай адлегласці. Гэта зусім рассмяшыла Святаслава.
— Малка, дык мы ж толькі ўдваіх,— смеючыся, ён наблізіўся да яе, спрабуючы зноў абняць, але Малуша ўхілілася ад яго.
Хоць ноч была цёмная, і толькі ў недасягальнай позірку вышыні адзінока пабліскваў месяц, спрабуючы сваім сярпом разрэзаць сіняватую тоўшчу хмар, Святаслаў заўважыў, як спалохана бегаюць у Малушы вочы. Аднак гэта не спыніла яго, а, наадварот, надало яшчэ большай рашучасці.
45
Яму ўжо жадалася безупынку цалаваць яе вочы, што выразна бачыліся ў цемры і злёгку паблісквалі, як вабныя, прыцягальныя агеньчыкі.
Князь, не раздумваючы, не жадаючы разумець, што ягоная напорыстасць можа зусім напалохаць дзяўчыну, наблізіўся да яе і, абхапіўшы стан Малушы так рэзка, што ад ягонага моцнага абдымку яна ажно прыўзнялася, разгарачанымі вуснамі крануўся яе прыадкрытага рота, з якога зыходзіла парывістае дыханне, а пасля, гэтаксама цяжка дыхаючы, як і Малуша, пачаў цалаваць яе вусны, шчокі...
Страсць настолькі апанавала Святаслава, што ён ужо не мог цалкам усвядоміць таго, што адбывалася з ім, бо ўсё гэта знаходзілася як бы на мяжы свядомасці, а таму ён не звяртаў увагі на тое, як успрымае яго дзеянні Малуша, хоць і заўважыў, што яна, якая напачатку як толькі магла працівілася ласкам, паступова расслабілася і ўжо не адштурхоўвала ад сябе. Стала пакорлівай, падатлівай.
Ды пакора гэтая, аднак, не пазбавіла Малушу разважлівасці, дазваляла ёй кантраляваць свае ўчынкі. Дастаткова было Святаславу паспрабаваць паваліць дзяўчыну на траву, як яна рэзка вырвалася з ягоных рук, а на вуснах князя застаўся саланаваты прысмак слёз.
Ён, канешне ж, мог бы, не зважаючы ніякай увагі на нежаданне Малушы адказаць яму ўзаемнасцю, узяць яе прымусова, і нікуды яна ад яго не дзелася б, не змагла б адмовіць, бо ён не хтонебудзь, а яе князь, як не адмаўлялі яму ў каханні дзесяткі іншых дзяўчат і жанчын пры двары, на каго ён кідаў позірк. Але Святаславу якраз і не хацелася дамагацца Малушы сілай.
Тыя, каго ён меў дагэтуль, таксама прываблівалі яго прыгажосцю. Ды толькі то было іншае памкненне, чым да Малушы. Тады Святаславу не важна было, з каторай легчы ў пасцель, таму ён і, не надта задумваючыся, выбіраў для сябе любую з іх, найчасцей тую, якая першай трапляла яму на вочы, абы толькі як мага хутчэй супакоіць мужчынскую плоць.
3 Малушай у яго ўсё было іначай. Яе Святаслаў таксама хацеў, аднак яна неабходна была яму не для аднаго задавальнення. I адбывалася так таму, што бачыў у ёй, у Малушы, тое, чаго не заўважаў у іншых.
Што канкрэтна, нават і не мог сабе дакладна вытлумачыць, а магчыма, ягонае памкненне і не трапляла пад нейкае адно, канкрэтнае вытлумачэнне.
46
Малушу ён успрымаў так, як чалавек успрымае ўсё звыклае і даўно блізкае яму. Быццам і паспеў прызвычаіцца да яго, але кожны раз яно нязменна прыцягвае да сябе, выклікаючы жаданне пастаянна адчуваць гэтую звыкласць, якая ў той жа час непаўторная ў сваёй сутнасці.
Гэтаксама ніколі нельга насыціцца свежасцю паветра і пахам красак на лузе.
He можа надакучыць прыгажосць нябёсаў. Як і люстраная роўнядзь возера, на хвалях якога пагойдваюцца, пакалыхваюцца птушкі.
Загадкавы пошум лесу, у якім няйначай за кожным тваім крокам уважліва сочыць лесавік, таксама выклікае шэраг асацыяцый, любая з якіх абуджае жаданне пастаянна насычацца гэтай прыгажосцю і загадкавасцю.
Кожная сустрэча з Малушай, хоць пакуль паміж імі нічога таго асаблівага, што б магло сведчыць аб пераадоленні мяжы, якая падзяляе памкненне адно да аднаго ад найвышэйшага праяўлення кахання, не адбылося, станавілася для Святаслава не толькі радасцю, але і пакутай, бо дзяўчына паводзіла сябе з ім паранейшаму насцярожана. I чым далей, ён з усё большай цяжкасцю стрымліваў сябе, каб перастаць звяртаць увагу на яе пярэчанні. Ды разумеў, што радасць, якая будзе атрымана прымусова, стане мімалётнай. Малуша пачне глядзець на яго толькі як на свайго гаспадара, а не як на каханага. А апошняга Святаславу якраз і не хацелася. Яму жадалася бачыць у Малушы не тую, што толькі задавальняе ягоную плоць, a любага і дарагога чалавека, кожная сустрэча з якім ператвараецца ў свята.
...Малуша плакала, чаго ён спачатку і не заўважыў.
Яму стала шкада яе. Настолькі шкада, што, хоць нічога і не здарылася, адчуваў сябе вінаватым. Захацелася згладзіць гэтую віну. Прытуліў Малушу да сябе. Так асцярожна прытуліў, як маці туліць да сябе любае дзіця, жадаючы, каб яно хутчэй супакоілася. I Малуша памкнулася на ягоны покліч, прыціснулася да грудзей, але не сцішылася, a заплакала — горка, ледзь не наўзрыд.
Мабыць, у яе душы назбіралася столькі нявыказанага, што яна толькі чакала моманту, каб найхутчэй пазбавіцца гэтага цяжару, які неймаверна ціснуў, не даючы спакою. Такі момант як быццам наступіў. Ва ўсякім разе гэтак падалося Малушы, таму яна, не даўшы Святаславу і рота раскрыць (а князь якраз збіраўся яе суцешыць, толькі
47
шукаў падыходзячыя словы, каб зрабіць гэта як мага тактоўней), прамовіла як на адным дыханні. Нават не прамовіла, а пракрычала скрозь слёзы, што душылі яе, перапыняючы дыханне:
— Кахаю цябе!
Гэта было настолькі нечакана, піто Святаслаў ажно разгубіўся, але імгненна прыйшоў у сябе:
— I я цябе кахаю, Малка!
Думаў, што пасля такога ўзаемнага прызнання яна паспяшаецца выцерці слёзы, аднак Малуша, як ні старалася, ніяк не магла супакоіцца.
— Мілая мая,— Святаслаў з цяжкасцю знаходзіў неабходныя словы,—Досыць слёз. Навошта яны, мы ж кахаем адно аднаго...
— Але ж ты...
Ен пасвойму зразумеў тое, што яна мела на ўвазе, таму паспяшаўся запэўніць:
— Я ж сказаў, што таксама кахаю цябе.
— Я не пра гэта...
— А пра што?
— Ты ж — князь!
— I што з гэтага?
— А я — звычайная ключніца,— Малуша працягвала плакаць.
Святаслаў адразу зразумеў, куды яна хіліць.
Становішча атрымалася сапраўды няёмкае.
Безумоўна, не толькі ён сам, аднак і Малуша добра ведалі, што князю дазвалялася адначасова мець некалькі жонак. Але ведалі яны і іншае: колькі б жонак у князя ні было, аднак найчасцей бліжэй пры ім знаходзілася не толькі тая, якую ён найбольш кахаў ці ў нечым вылучаў сярод іншых, а па сваім паходжанні блізкая яму. Малуша ж не магла прэтэндаваць на падобную ролю, бо яна і сапраўды пры Святаслававай маці, княгіні Вользе, з’яўлялася ўсягонаўсяго ключніцай.
I тут адбылося тое, што не павінна было б адбыцца.
Святаслаў, працягваючы абдымаць Малушу, прамовіў:
— Аднак хоць ты і ключніца — не такая ключніца, як іншыя.
Словы «не такая, як іншыя» ён падкрэсліў.
Малуша раптоўна сціхла, і яе вочы, поўныя слёз, уважліва паглядзелі на Святаслава. Ён гэтага не мог не заўважыць, бо серп месяца якраз выглянуў зза хмар.