Птушкі з пакінутых гнёздаў
Алесь Марціновіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 248с.
Мінск 2015
— Яны адпусцілі вас? — пацікавіўся Арэй.
— Прапаноўвалі застацца, але мы далі зразумець, што нас чакаюць там, адкуль мы прыйшлі. Тады яны далі нам на дарогу харчу: і рыбы, і мяса сушанага, дый нейкіх карэнняў, а калі развітваліся, зноў пачалі паўтараць: «Непра... Непра...». Сумнення не заставалася: яны і нас запрашалі
28
ісці туды, дзе цячэ рака Непра і дзе шмат рыбы водзіцца, многа дзічыны.
— Непра кажаш? — Арэй перапытаў быццам для пэўнасці, але адказ яму не патрэбен быў, бо ўжо зразумеў, што там, у далёкіх землях, іхняе ўратаванне. Проста захацелася запомніць гэтае, раней не чутае ім слова, якое, ведаў, і стане арыенцірам і для яго самога, дый для ўсяго племені.
Аднак той, хто прынёс гэтае слова да супляменнікаў, запытанне старэйшыны зразумеў пасвойму, таму і паспяшаўся запэўніць яго:
— Але, Непра... Рака такая ёсць у чужых краях.
— Да Непры мы і пойдзем,— заявіў Арэй так упэўнена, што ўсе зразумелі, што ад гэтага намеру ён ніколі не адступіцца. Заўважыў яшчэ, што нешта хоча сказаць Кій. Здагадваючыся што, апярэдзіў старэйшага сына: — Вось і твой час надышоў.
— Да Непры ісці? — здагадаўся Кій,— Я гатоў адразу ж адправіцца ў дарогу.
Гэтая рашучасць сына Арэю спадабалася, аднак ён усё ж кінуў Кію з папрокам:
— Гарачая ў цябе галава,— і дадаў: — Усё ж маладзён яшчэ, але маладосць — не загана, тым няменш...
Кій не даў яму дагаварыць:
— Дык калі адпраўляцца? — не цярпелася яму.
— Ты сур’ёзна?! — узлаваўся Арэй,— Зіма на носе, хіба можа пра гэта ісці гаворка?
— А і сапраўды,— сумеўся Кій.
— Таму памаўчы, пакуль усё не сказаў!
— Слухаю, бацька...
— He адзін пойдеш,— удакладніў Арэй,— а з братамі сваімі.
— To мо і Лыбедзь з сабой узяць?
У гэтых словах Арэю пачулася падколванне, таму рэзка асудзіў Кія:
— He той выпадак, каб жартаваць!
Кій, аднак, не пакрыўдзіўся, бо і не збіраўся жартаваць, таму патлумачыў:
— Я сур’ёзна кажу. Яна ж — такая смелая і рашучая, быццам і не дзяўчына, а юнак.
Арэй задаволена ўсміхнуўся:
— Ты Лыбедзь не чапай. Яна разам з усімі пойдзе.
— Значыць, усё племя рушыць у дарогу? — здагадаўся Кій.
29
— Крыху пазней,— патлумачыў Арэй,— Праз некалькі ўзыходаў сонца пасля вас. А вы са Шчэкам і Харывам па вясне адправіцеся. I абавязкова возьмеце з сабой тых, на каго ў дарозе можаце спадзявацца, як на саміх сябе...
Зіму перажылі, ледзь зводзячы канцы з канцамі. Калі сякіятакія буданы ўсё ж паспелі ўзвесці, дык куды цяжэй было з харчаваннем. Амаль усе звяры пасля землятрусу пакінулі гэтыя мясціны, а тых, якія засталіся, было цяжка ўпаляваць, таму жылі галаднавата. Асабліва цяжка даводзілася старым і дзецям, але калі пра дзяцей яшчэ клапаціліся, дык пра старых часта зусім забывалі. Ды тыя за такое стаўленне да сябе не вельмі крыўдавалі. Разумелі, што паспелі пажыць ужо, а ў дзяцей усё яшчэ наперадзе.
Па вясне ж Кій з братамі і тымі са сваіх дружыннікаў, якіх выбраў для гэтай дарогі ў невядомасць, а таксама з тымі, на каго паспадзяваліся Шчэк і Харыў, развітваліся з супляменнікамі. Кій пры гэтым не надта смуткаваў
— Яшчэ сустрэнемся! — казаў ён упэўнена.
Але Арэй не асабліва падзяляў ягоны аптымізм:
— He трэба загадзя так гаварыць...
— Ты ж сам неаднойчы казаў што спадзяванне памірае апошнім.
— Я не пра гэта,— Арэй уздыхнуў, і Кій нечакана для сябе заўважыў, як бацька пачаў здаваць. У ягоным позірку адчувалася тая стомленасць, што сама па сабе ўжо сведчыць пра тое, наколькі цяжар пражытых гадоў не прайшоў бясследна,— На жаль, сынку, не ўсе мы сустрэнемся,— роспачна прамовіў ён.
— Вышэй галаву, бацька! — вырашыў падбадзёрыць яго Кій.
— Я не толькі сябе маю на ўвазе... Многіх мы не далічымся, але не ісці нельга.
— Сустрэнемся, бацька! — яшчэ раз запэўніў Кій перад тым, як з братамі і дружыннікамі развітацца з супляменнікамі. I нават пасля таго ўжо, калі крыху адышліся, не ўстрымаўся, абярнуўся: — Сустрэнемся !
Стары Арэй, не саромеючыся, заплакаў.
Плакалі і тыя, хто застаўся, каб праз некалькі ўсходаў сонца таксама зрушыць з месца.
Ім было куды цяжэй, чым тым, каго павёў Кій, бо з імі ішлі нямоглыя, дзеці, але і ў іх была тая ж рашучасць, як і ў Кія,— абавязкова дайсці да Непры. Дайсці, каб там, каму пашанцуе, пачаць новае жыццё.
30
Шмат хто дайшоў... Але не ўсе. I не толькі таму, што многія памерлі ў дарозе, a то і загінулі ад драпежных звяроў, калі трапілі ў мясцовасць, дзе вадзілася іх шмат. За час дарогі наміж Арэем і некаторымі старэйшынамі родаў пачаліся рознагалоссі, на што, безумоўна, вельмі ўплывала тое, што ўсе даўно стаміліся і кожнаму здавалася, што ён ведае лепшы і карацейшы шлях да здзяйснення запаветнай мары, чым іншыя.
Рознагалоссяў пабольшала, калі сёйтой з правадыроў, убачыўшы мясціны, прыдатныя для жыцця, пачаў прапаноўваць спыніцца і пачаць абжываць іх. Але Арэй настойваў: усё ж трэба ісці да Непрыракі. Тады старэйшына аднаго з родаў Кісек заявіў, што ён са сваімі людзьмі далей не пойдзе. Арэй не асуджаў яго, як не асуджаў і тых, хто падтрымаў свайго правадыра, хоць з Кісекам пагадзіліся не ўсе з ягонага роду і частка вырашыла працягваць далейшы шлях.
Калі падышлі да Непры, Арэй зусім знямогся. Паспеў толькі парадавацца, што Кій, прыйшоўшы сюды раней, пачаў ужо абжываць гэтыя мясціны. А яшчэ параіў яму абавязкова будаваць тут горад:
— Лепшага месца, сынку, не знойдзеш.
Гэтыя словы сталі ягоным запаветам, бо неўзабаве Арэй памёр, а Кій з братамі прыслухаўся да слоў бацькі. Калі з’явіліся першыя пабудовы, паселішчу далі назву Кіеў — у гонар Кія як старэйшага і найбольш аўтарытэтнага.
Было гэта ў 430 годзе... Кій жа ўзначаліў і ўсё племя, стаўшы ягоным князем. Супляменнікі з вялікай павагай ставіліся да яго, спадзеючыся, што толькі пры ім можна жыць спакойна і шчасліва. А для гэтага самой прыродай тут былі створаны ўсе ўмовы. У Непры вадзілася шмат рыбы, у навакольных лясах — розных звяроў. Было нямала ягад, грыбоў, арэхаў.
Ды толькі спакойна жыць не атрымалася.
Плямёны, якія жылі па суседству, не маглі змірыцца з тым, што ў такой прыдатнай для жыцця мясціне з’явіліся чужыя. Шмат крыві Кію і ягоным супляменнікам папсавалі тыя, хто называў сябе язамі. He паспелі з імі разабрацца, як праз некалькі гадоў падышлі готы, продкі якіх у свой час перасяліліся на паўднёвае ўзбярэжжа Балтыйскага мора і стараліся заваяваць іншыя плямёны.
Аднаму Кію цяжка было спраўляцца з іхнімі набегамі, таму паспяшаўся знайсці хаўруснікаў сярод іншых
31
славянскіх плямёнаў. На яго заклік аб’яднацца ахвотна адгукнуліся паляне, драўляне, крывічы, ляхі, і пачалі яны называць сябе русінамі. Правадыры гэтых плямёнаў згадзіліся, каб усіх іх узначаліў Кій. А калі да русінаў далучыліся ільмерцы, дык готам нялёгка давялося. Адзінае, што ім заставалася — адступіць.
Слава пра Кія як пра смелага і мудрага правадыра дайшла і да далёкай Візантыі. Для гэтай краіны таксама настаў нялёгкі час, яна якраз вяла вайну з гунамі Атылы. Візантыйцы вымушаны былі заключыць з імі нявыгадны для сябе мір і плаціць даніну.
Імператар Візантыіі запрасіў Кія да сябе і вёў з ім перамовы аб сумесных дзеяннях супраць агульнага ворага. Кій са сваімі братамі нават узначаліў войска, якое накіравалася да Дуная. Але супраць іунаў так і не выступіў, а, наадварот, знайшоў з імі паразуменне і разам павёў барацьбу супраць готаў.
Пазней хадзіў на волжскіх і камскіх балгараў. У першых адваяваў славянскі горад Галунь. Перамога атрымалася настолькі значнай, што пасля гэтага камскія балгары адмовіліся ад вядзення баявых дзеянняў.
Ва ўсіх дзеяннях і пачынаннях надзейнымі памочнікамі Кія былі ягоныя браты, якія, як і сам ён, так і не паспелі абзавесціся сем’ямі. Адна Лыбедзь напаткала сваё шчасце, і ў яе нарадзіўся сын, названы Лебядзінам.
Памёр Кій праз трыццаць гадоў пасля пачатку ўзвядзення Кіева. Кіеўскім князем стаў Лебядзін, які апошнім часам у адсутнасць дзядзькі правіў у сталіцы княства. Але такога адзінства сярод славянскіх плямёнаў, як раней, ужо не было. Кожнае з плямёнаў, якія дагэтуль аб’ядналіся, вырашыла адасобіцца ад Кіева. 3 Лебядзінам засталіся толькі паляне. Драўляне ж, дрыгавічы і іншыя выбралі сваіх правадыроў. He адсталі ад іх і палачане. Ды хто імі правіў — невядома.
Дарэчы, і звестак пра самога Арэя і пра ягоных дзяцей захавалася не так і шмат. Да ўсяго пры супастаўленні розных крыніц атрымліваецца, што факты не заўсёды супадаюць. Аднак калі ўважліва прачытаць «Аповесць мінулых гадоў» і асабліва «Вялесаву кнігу», вымалёўваецца прыкладна тое, пра што вышэй і распаведзена.
Канешне, не ўсе з імёнаў, якія згадваюцца, ёсць у гэтых творах. Ды не так і важна, як звалі тых ці іншых людзей, якія мелі дачыненне да лёсаў Арэя, Кія, Шчэка, Харыва,
32
Лыбедзі. Галоўнае, у чым няма сумнення, яны існавалі ў рэальнасці. Што да галоўных герояў, звесткі пра іх можна напаткаць і ў фальклорных творах.
Прынамсі, Лыбедзь як сястра трох братоў — родапачынальнікаў палян, прысутнічае ў адной з рускіх казак, у якой дзейнічаюць тры браты і сястра. Яна праходзіць як багагырка Белая Лебедзь. Гэтая Белая Лебедзь валодала жывой вадой і маладзільнымі яблыкамі, за якімі і былі пасланы тры браты. Даследчыкі мяркуюць, што імя Лебедзь магло быць ператворана з першапачатковага Лыбедзь пад уплывам міфалагічнага матыву пераўвасаблення багатыркі ў птушку. Паходжанне ж слова «Лыбедзь», верагодней за ўсё, трэба браць ад славянскага «Lub», што паруску азначае «лыб», «верх» (лыбонь) — верхняя частка галавы жывёлы. Між іншым, па сённяшні дзень пад Кіевам над ракой Лыбедзь ёсць Дзевічгара.
Паходжанне ж імя Кій звязваюць са славянскім «Kuj», якое абазначала боскага каваля — паплечніка грамавержца ў яго паядынку са змеем. Паводле аднаго з украінскіх паданняў, гэты каваль перамог лютага змея, што браў з насельніцтва неймаверна вялікія паборы. Каваль пасля запрог яго ў плуг і пачаў араць зямлю. 3 барознаў утварыліся рака Днепр, дняпроўскія парогі і валы ўздоўж гэтай ракі — так званыя Зміевы валы. А загадкавая рака Непра, да якой і спяшаліся Кій з братамі — не што іншае, як цяперашні Дняпро, Днепр.
У розных варыянтах легенды пра трох братоў і іхнюю сястру бытуюць і ў Беларусі, а гэта лішні раз пацвярджае, што згаданыя аповеды недалёкія ад ісціны. Як і сведчыць пра тое, што ўсходнія славяне маюць у сваёй гісторыі нямала агульных старонак. Расказаная ж намі — адна з найбольш яркіх.