Птушкі з пакінутых гнёздаў
Алесь Марціновіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 248с.
Мінск 2015
Пераважная большасць шляхты заставалася на баку Яна II Казіміра. He спакусілася яна і на тое, што, паводле дамовы, шведскі кароль абавязваўся выгнаць з тэрыторыі
153
Вялікага княства Літоўскага маскоўскае войска, а замкі, гарады, землі, што былі захоплены, вярнуць іх былым уладарам. He спрацавалі і пагрозы: падкрэслівалася, што ў тых, хто не падпіша пагадненне, будзе канфіскавана маёмасць.
Яшчэ важны адзін момант: дэкларавалася свабода веравызнання, толькі і гэтая акалічнасць не асабліва прываблівала тых, хто не хацеў аб’яднання са Швецыяй. Таму з моманту прыняцця пагадненне не працавала.
Становішча ўскладнілася, калі рознагалоссі пачаліся і сярод прыхільнікаў дамовы, хоць і дагэтуль нельга сказаць, што погляды іх цалкам супадалі. Але тады разыходжанні тычыліся толькі асобных узаемаадносін і мелі не заўсёды істотны характар. Цяпер Радзівілы зразумелі, што калі яны не праявяць абачлівасці, далейшы працэс аб’яднання будзе сарваны. Таму ў першапачатковы варыянт унеслі некаторыя ўдакладненні, каб задаволіць і тых, хто займаў хісткую пазіцыю.
Другі варыянт пагаднення задаволіў ужо 1142 чалавекі, у асноўным прадстаўнікоў шляхты і каталіцкага духавенства, якія і паставілі пад ім подпісы 20 жніўня 1655 года. Аднак абставіны склаліся так, што гэтая дамова засталася, па сутнасці, толькі на паперы: 31 снежня нечакана памёр Януш Радзівіл. Паводле некаторых звестак, галоўнага ініцыятара Кейданскай дамовы атруцілі.
Пасля смерці стрыечнага брата пазіцыі Багуслава Радзівіла аслаблі. А тут яшчэ ў красавіку 1656 года ў Жамойці адбылося антышведскае паўстанне, пасля чаго адміністрацыя, прызначаная Карлам X Густавам, а таксама войска, што знаходзілася на гэтай тэрыторыі, адышлі ў Інфлянты. Пасля ўсяго дамова канчаткова страціла сваю сілу.
Аднак Багуслаў Радзівіл не адмовіўся ад сваіх планаў і планаў памерлага Януша. Ён паранейшаму надта шчыльна супрацоўнічаў са шведскім дваром, а пры неабходнасці і браў удзел у баявых дзеяннях, хоць і з пераменным поспехам. Нямала перамагаў але зведаў і горыч паражэнняў.
Найбольшая няўдача яго напаткала 8 кастрычніка 1656 года, калі, далучыўшы да сваіх атрадаў брандэнбургскія і шведскія войскі і ўзяўшы іх пад сваё агульнае камандаванне, пад Просткамі, што знаходзіліся ў Прусіі, уступіў у бой з падраздзяленнямі польнага гетмана Вялікага княства Літоўскага В. Гасеўскага. Перавага аказалася на баку апошняга, і Радзівіл, нягледзячы на тое, што дзейнічаў умела, справіцца з праціўнікам не здолеў. Аб’яднанае
154
войска было разгромлена, а цяжка паранены камандзір апынуўся ў палоне.
Перспектыва адкрывалася нярадасная. Многія ўспрымалі Багуслава звычайным здраднікам, а таму маглі пазбавіць жыцця. Але гэтым разам фартуна ўсміхнулася яму. Гасеўскі 22 кастрычніка 1636 года пацярпеў паражэнне каля Філіпава пад Сувалкамі, і палонны бьіў вызвалены.
Развітаўшыся са шведамі, перайшоў на службу да сваяка па матчынай лініі брандэнбургскага курфюрста Вільгельма. Узяў на сябе дыпламатычныя абавязкі падчас перамоў з польскім, аўстрыйскім і іншымі дварамі. Вайна ж працягвалася, таму было неабходна вырашаць неадкладныя задачы не толькі на полі бою. Розныя бакі, уцягнутыя ў сутыкненне, часта манеўравалі, каб атрымаць хоць якуюнебудзь выгаду.
3 лістапада 1656 года ў маёнтку Немежы пад Вільняй было падпісана перамір’е паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай аб спыненні ваенных дзеянняў дзеля сумеснай барацьбы са Швецыяй, якое ўвайшло ў гісторыю як Віленскае. Праўда, забягаючы наперад, трэба сказаць што гэты антышведскі блок не вытрымаў выпрабавання часам. Ваенныя дзеянні паміж новымі саюзнікамі ўзнавіліся пасля таго, як летам 1658 года на Варшаўскім сойме рускаму цару адмовілі на выбранне каралём, і польскі бок запатрабаваў аддаць усе захопленыя землі.
Віленскае перамір’е выклікала адпаведную рэакцыю з боку прыхільнікаў Швецыі, вынікам чаго стала Радноцкая дамова, падпісаная ў Трансільваніі ў першай дэкадзе снежня 1656 года паміж Швецыяй, Трансільваніяй, БрандэнбургскаПрускай дзяржавай і Запарожскім казацтвам Хмяльніцкага. Актыўны ўдзел у заключэнні гэтага пагаднення прыняў і Багуслаў Радзівіл, які не збіраўся мяняць прашведскую арыентацыю.
Паводле дамовы, а таксама дамоўленасцей, дасягнутых у час з’езда ў ШамасУйвары, які праходзіў у студзені 1657 года, меркавалася аддаць тытул польскага караля разам з Малой Польшчай, Мазоўшам, Валынню, Падляшшам і Брэстчынай трансільванскаму князю Дзёрдзю II Ракацы. На некаторыя заходнепольскія землі, апрача таго, прэтэндаваў брандэнбургскі курфюрст Фрыдрых Вільгельм, стрыечны брат Багуслава Радзівіла. Тая ж частка Польскага Каралеўства, што заставалася пасля падзелу паміж Дзёрдзю II Ракацы і Фрыдрыхам Вільгельмам, разам
155
з Курляндыяй, Віленскім, Трокскім і Інфляндскім ваяводствамі Вялікага княства Літоўскага павінна была адысці да шведскага караля Карла X Густава. Прымаліся пад увагу і інтарэсы Хмяльніцкага, які хацеў уключыць у склад сваёй дзяржавы ўсходнія землі Беларусі.
Такі магчымы падзел ні ў кога з тых, хто распрацоўваў яго, асаблівых спрэчак не выклікаў Страсці ўзмацніліся, калі гаворка зайшла аб землях, якія пасля заключэння дамовы павінны належаць Радзівілам. Сам Багуслаў пры абмеркаванні не прысутнічаў. Ён у гэты час знаходзіўся ў Прусіі, таму прыслаў свайго прадстаўніка Мяжэнскага. Планавалася стварыць для Багуслава асобнае незалежнае спадчыннае княства, у якое ўвайшло б Наваградскае ваяводства, а таксама некаторыя уладанні іншых Радзівілаў.
Інтарэсы Багуслава як быццам пры гэтым не забываліся, але ж Кейданская дамова 1655 года давала яму куды больш зямель. Пра гэта і нагадаў Мяжэнскі, запатрабаваўшы, каб у склад асобнага незалежнага Радзівілаўскага княства ўвайшлі таксама Падляшша і Брэстчына. Аднак да меркаванняў яго не прыслухаліся і дамову прынялі ў першапачатковым варыянце, а праз некаторы час былі зроблены захады для ажыццяўлення задуманага. 23 мая 1657 года шведскатрансільванскаказацкае войска ўзяло Брэст.
Вестка пра гэта, як і чакалася, выклікала рэзкі пратэст у Багуслава. Ды да яго абурэння ніхто асабліва не прыслухоўваўся. У Брэсце з’явіўся камендант — трансільванец Гаўдзі. Багуславу давялося звяртацца па дапамогу непасрэдна да Карла X Густава. Патрабаваў, каб Гаўдзі перадаў Брэст, а таксама навакольныя землі яго прыхільнікам. У тым жа лісце таксама прасіў шведскага караля накіраваць атрады на Слуцк і прымусіць іх здаць яму горад.
Невядома, ці ўдалося б Багуславу адстаяць свае інтарэсы, якія, як меркаваў, паводле Радноцкай дамовы, ўшчэмлены, калі б гэтая дамова не перастала існаваць, на што паўплывала змена знешнепалітычных абставін, якая была не на карысць саюзнікам Радзівіла.
Адной з прычын стала тое, што Трансільванія неўзабаве пацярпела паражэнне ад Польшчы. Пасля таго як Данія пачала вайну супраць Швецыі, ваенная магутнасць апошняй аслабла. А яшчэ памёр Карл X Густаў. У выніку саюз, не паспеўшы ўзнікнуць, распаўся.
156
Праўда, і пасля гэтага Багуслаў Радзівіл ненашмат змяніў сваю арыентацыю. 14 кастрычніка 1657 года ён быў прызначаны генеральным губернатарам (намеснікам курфюрста ў Прускім герцагстве). Адначасова з’яўляўся камандуючым брандэнбургскай арміі ў ім. Паранейшаму шмат працаваў у далечыні ад радзімы і, па сутнасці, не на карысць ёй, што ў многім цяжка вытлумачыць.
Разгарнуцца яму было дзе. З’яўляючыся прадстаўніком так званай біржанскай лініі радзівілаўскага роду, для свайго часу быў адным з самых багатых магнатаў Вялікага княства Літоўскага. Паводле далёка не поўных падлікаў, агульнае яго багацце складала прыкладна 590 тысяч так званых чырвоных злотаў — дукатаў. Гэта былі ў першую чаргу спадчынныя ўладанні Радзівілаў, але не трэба забываць, што нямала багаццяў Багуславу дала і жаніцьба на стрыечнай пляменніцы Ганне Марыі, дачцэ Януша Радзівіла. Яна прынесла ў пасаг многія бацькавы ўладанні, сярод якіх былі Біржы, Віжуны, Кейданы, Папелі і Яшуны ў Літве, Любача ў Наваградскім павеце, Дойліды і Заблудаў у Гродзенскім, а таксама Невель у Віцебскім і Себеж у Полацкім паветах.
Дзяржаўныя клопаты дый немалыя амбіцыі часта надоўга адрывалі Багуслава ад Слуцка, які ён праз некаторы час зрабіў цэнтрам усіх сваіх беларускіх уладанняў. Таму, каб сачыць за парадкам, паспяхова вырашаць неадкладныя пытанні, гэтыя абавязкі ўскладаў на намеснікаў Спачатку быў адзін, яго яшчэ называлі стараста. Але ўжо ў 1658 годзе прызначыў двух камісараў — Уладзіслава Гурына і Казіміра Клакоцкага, якім належала вышэйшая распарадчая ўлада не толькі ў Слуцку, але і ва ўсім Княстве. Гэтыя ж камісары складалі і апеляцыйны суд.
Незадоўга да смерці, якая напаткала яго 31 снежня 1669 года, пішучы завяшчанне, паводле якога ўладанні перадаваў дачцэ, кіраванне ўсімі справамі ў Княстве ўсклаў на двух аканомаў, адзін з якіх прызначаўся старэйшым. Ім стаў той жа Клакоцкі, які з 1663 года з’яўляўся губернатарам Слуцкага і Капыльскага княстваў. Старэйшы аканом адначасова браў на сябе абавязкі ваеннага губернатара. Каменданты крэпасцей павінны былі выконваць любы яго загад, не кажучы аб тым, што яму падначальваліся салдаты і прызваныя на службу навабранцы.
Для вырашэння важных ваенных пытанняў склікалася асобная вайсковая рада, так званы кансіліум белікум,
157
што складалася з дарадцаў. Толькі пасля кансультацыі з імі старшы аканом мог прызначыць на пост каменданта крэпасці таго ці іншага афіцэра. Дарадцы ўваходзілі і ў калегію, і ў спецыяльную калегію пры аканомах. Раз у два месяцы, а калі ўзнікалі нейкія складанасці з правядзеннем, не радзей аднаго разу ў тры, аканомы і саветнікі збіраліся на спецыяльныя з’езды — кансіліумы. Праходзілі яны па чарзе то ў Слуцку, то ў Біржах. Пры разглядзе на кансіліумах статутаў ці фінансавых пытанняў запрашаўся «камермейстар» Слуцкага княства, які стаяў на чале фінансавага ведамства.
Слуцк пры Багуславе Радзівіле інтэнсіўна развіваўся і, як ужо адзначалася, умацоўваўся. Колькасць насельніцтва дасягнула 7,5 тысячы чалавек. Пачалі з’яўляцца новыя рамесніцкія прафесіі. Калі ў XVI стагоддзі іх было 20, дык у першай палове XVII — 48.
Працавалі ў горадзе і людзі, род дзейнасці якіх блізкі да рамесніцкіх заняткаў. Архіўныя матэрыялы сведчаць, што, паводле прывілеі ад 29 студзеня 1648 года, дазвалялася адкрыць аптэку доктару Крыштофу Вінку, а таксама «аптэкару і цырульніку» Маціяшу Валерыяну Пецігеру. Шкада, што звесткі аб агульнай колькасці слуцкіх рамеснікаў не захаваліся, але ў падатковым рэгістры 1648 года згадваюцца 79 пекараў і перакупшчыкаў, 19 мяснікоў, 14 скамарохаў і дудароў, 182 «розных рамеснікаў».