Птушкі з пакінутых гнёздаў
Алесь Марціновіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 248с.
Мінск 2015
...Калі з’явіліся першыя чуткі, што клас скульптуры хочуць закрыць, Ельскі асаблівай увагі ім не надаў. Палічыў, што іх распускаюць звычайныя нядобразычліўцы, якіх было нямала і ў яго, некаторыя нават адкрыта выказваліся аб мэтазгоднасці спыніць навучанне скульптараў, асобныя ішлі яшчэ далей у сваіх развагах, будучы ўпэўненымі, што раскошай для Віленскага універсітэта з’яўляецца існаванне ўвогуле факультэта жывапісу, скульптуры і архітэктуры. Калі хто мае належны талент, зможа паступіць у Пецярбургскую акадэмію мастацтваў.
Устрывожыўся пасапраўднаму толькі тады, калі даведаўся, што нядобразычліўцы дайшлі да вышэйшых улад. У сваіх лістах яны пісалі, што Віленшчына бедная на таленты, тым больш на скульптараў. Падрыхтоўка ж іх — неапраўданыя расходы для казны. Калі ж прыняць пад увагу,
270
што гатовыя спецыялісты не могуць быць выкарыстаны з «найвялікшай карысцю» для дзяржавы, дык фінансаванне класа скульптуры папросту звычайнае марнатраўства.
Пасля гэтага Ельскі зразумеў, што трэба прымаць тэрміновыя меры па ўратаванні класа, без якога, па сутнасці, ужо не ўяўляў сабе жыцця, інакш можа быць позна. Параіўся з аднадумцамі і прыйшоў да высновы, што неабходна звяртацца непасрэдна да самога міністра асветы адмірала А. Шышкова. Але лепш, калі падобны ліст падпіша рэктар універсітэта. Той да падобнага пошуку выйсця са складанага становішча паставіўся з паразуменнем. Ліст на імя міністра народнай асветы падпісаў не задумваючыся. Неабходнасць захавання класа скульптуры аргументавалася тым, што «навучэнцы — у большасці людзі беднага саслоўя і з вялікімі цяжкасцямі ўтрымліваюцца тут пры сваяках. Яны не маюць сродкаў не толькі на пражыццё, але і на праезд да СанктПецярбурга. Тыя ж, якія маюць дастатковыя сродкі для ўтрымання, звычайна займаюцца гэтай справай між іншым, як аматары».
3 гэтай вытрымкі з ліста відавочна, што Ельскі і яго аднадумцы сыходзілі з неабходнасці захавання скульптурнага класа для таго, каб і надалей вучыцца ў ім маглі выхадцы з народных нізоў тыя, чые бацькі не маюць неабходных сродкаў, каб паслаць сваіх дзяцей у Акадэмію мастацтваў у сталіцу. Аднак намаганні ўжо былі марнымі. Да вырашэння гэтага няпростага пытання быў падключаны імператар Аляксандр I, якога паспелі пераканаць, што скульптурны клас у Віленскім універсітэце трэба закрыць. Што і бьіло зроблена ў тым жа 1826 годзе, як адзначалася ў загадзе, «за непатрэбнасцю».
Сапраўднай прычынай закрыцця класа скульптуры некаторыя даследчыкі называюць тое, што і сам Ельскі, і яго студэнты ўваходзілі ў шэрагі філаматаў і філарэтаў, а гэтыя падпольныя таварыствы, як вядома, адмоўна ставіліся да царскага самадзяржаўя. Аднак падобнае меркаванне, як нам падаецца, выглядае ўсё ж сумнеўным, бо сам факультэт, у склад якога ўваходзіў гэты клас, працягваў існаваць, хоць і на іншых аддзяленнях яго вучылася нямала тых жа філаматаў і філарэтаў. А быў зачынены толькі ў 1832 годзе разам з закрыццём усяго Віленскага універсітэта. Значыць, прычынай спынення работы класа скульптуры стала ўсё ж тое, што многія не разумелі значэння гэтага жанру, а правільней — былі перакананы, што выхадцам з народа неабавязкова станавіцца скульптарамі, таму і рабілі на іх шляху любыя перашкоды.
271
Нават заслуг Ельскага па падрыхтоўцы будучых скульптараў дастаткова, каб яго згадваць як аднаго з тых, хто ў самых неспрыяльных умовах клапаціўся аб духоўным росквіце свайго народа, развіцці яго культуры і мастацтва. Але ж куды больш вартыя ўдзячнасці нашчадкаў асабістыя мастакоўскія набыткі майстра, а ён, дарэчы, з поспехам працаваў у станковай і манументальнай скульптурах, неабыякавым заставаўся і да пластыкі малых форм, стаў першым прафесарам скульптуры ў Беларусі. Аднак, што таксама важна, як у сваёй творчасці, так і ў поглядах з’яўляўся прыхільнікам сінтэзу мастацтваў і нават напісаў у 1822 годзе трактат «Аб сувязі архітэктуры, скульптуры і жывапісу», за які быў удастоены ступені ад’юнкта.
На жаль, многае з мастакоўскай спадчыны Ельскага незваротна страчана. А тое, што захавалася, знаходзіцца за межамі Беларусі — у музеях Літвы і Польшчы. На радзіме ж выдатнага скульптара даводзіцца задавальняцца толькі рэпрадукцыямі яго твораў, а ў асобных выпадках карыстацца сведчаннямі тых, хто ў свой час мог пазнаёміцца з тым, што да нашых дзён не дайшло. Аднак і гэтага дастаткова, каб упэўніцца, што Ельскі належаў да майстроў, якія бачылі ў сваёй працы прызванне, працуючы плённа і натхнёна, каб як мага лепш і паўней раскрыць свой талент, уносячы пасільны ўклад у агульную культурную скарбонку.
Адказ на тое, як Ельскі разумеў скульптуру, якія задачы ставіў перад гэтым відам мастацтва, наколькі быў упэўнены ў яго неабходнасці, у пэўнай ступені дае ўяўленне яго барэльеф «Алегорыя скульптуры», створаны ў 1858 годзе. Гэтая кампазіцыя шматфігурная і, як звычайна ў падобных выпадках, мае некалькі планаў. Асноўную нагрузку нясе першы, на якім адлюстравана прыгожая жанчына — увасабленне самой музы скульптуры. Твар жанчыны — сведчанне вялікай духоўнасці, а разам з тым і адухаўлення, што кажа аб высокіх творчых памкненнях. Муза аголеная да пояса. У правай руцэ яна трымае малаток, у левай — шпунт. Сама ж апусцілася перад бюстам мужчыны, над якім працуе. Работа блізкая да завяршэння. Застаецца зрабіць усяго некалькі удараў і выява атрымае задуманае ўвасабленне. А што праца будзе плённай, сумнявацца не даводзіцца. Пацвярджэнне таму — выразная апрацоўка асобных дэталяў бюста, а таксама два анёльчыкі, якія з абодвух бакоў падтрымліваюць бюст. Яны сваёй прысутнасцю як бы спрыяюць яшчэ большаму натхненню, а таксама
272
лепшаму ўвасабленню творчай задумы. Ельскі нагадаў: мастакоўскі працэс развіваецца не толькі па сваіх законах, але і ўбірае ў сябе шмат таго, што звычайнаму вытлумачэнню не паддаецца, бо яно знаходзіцца на мяжы рэальнага і чагосьці незвычайнага, існаванне якога — вечная загадка.
Шмат працаваў Ельскі ў жанры партрэта, пры гэтым часта ішоў ад антычнай традыцыі. На карысць такога меркавання сведчыць і выява прафесара Віленскага універсітэта Захарыя Нямцэўскага. Дакладная дата стварэння бюста даследчыкамі не ўстаноўлена, яны мяркуюць, што гэта адбылося ў прамежку 1810—1820 гадоў. Нямцэўскі паказаны з аголенымі плячыма і грудзямі, а ў выніку больш нагадвае нейкага старажытнарымскага імператара з шэрагу тых, якія добра вядомы па антычных творах, чым навукоўца, сучасніка Ельскага. Аднак падобная трактоўка вобраза абраная невыпадкова. Яна спатрэбілася для таго, каб падкрэсліць манументальнасць характару Нямцэўскага, узвысіць яго над будзённасцю.
Інакш паставіўся Ельскі да ўвасаблення вобліку Марціна ПачобутаАдляніцкага — аднаго з самых выдатных прадстаўнікоў беларускай навукі таго часу. ПачобутАдляніцкі шмат зрабіў для пашырэння ў Беларусі прыродазнаўчых ведаў. Астраном і асветнік, ён быў заснавальнікам Віленскай астранамічнай школы, арганізатарам Віленскай астранамічнай абсерваторыі. Гэтым разам скульптар свядома адмовіўся ад антычнага пачатку, ён прыхільнік рэалістычнага стаўлення да вобразу. ПачобутАдляніцкі паказаны ў глыбокім роздуме: вочы яго нібыта прыжмураны, на твары як бы нейкая сцятасць, а за ўсім гэтым паўстае напружаная праца думкі, высокая адухоўленасць. Відавочна ўменне Ельскага псіхалагічна глыбока пранікаць у чалавечы характар, прачытваючы тое, што магчыма заўважыць і адчуць толькі тады, калі валодаеш уменнем тонкага спасціжэння людской душы.
Увагу Ельскага найперш прыцягвалі постаці неардынарныя. Напаткаўшы цікавага чалавека, ён загараўся жаданнем увасобіць яго вобраз. Пры гэтым ішоў не толькі ад асабістых назіранняў, а і імкнуўся паболей даведацца пра таго, каго выбіраў персанажам свайго будучага твора,.хоць, безумоўна, шмат значылі і асабістыя канктакты. Як ў выпадку з Лебрунам, якога цудоўна ведаў He мог не вылепіць партрэт гэтага выдатнага чалавека і творцы. A ўвогуле ім былі створаны бюсты такіх вядомых дзеячаў
273
культуры і вучоных, як Францішак Пелікан, Адам Бялькевіч, Ян Снядэцкі, Францішак Смуглевіч, Юльян Нямцэвіч, Іаахім Храптовіч і інш.
Ужо да 1833 года Ельскі з’яўляўся аўтарам не менш чым 33 бюстаў — ва ўсякім разе столькі называе іх сам у лісце да рэктара Ягелонскага універсітэта. А наперадзе ж былі яшчэ 34 гады працы (памёр у сакавіку 1867 года). Можна не сумнявацца, што яны сталі для Ельскага не менш плённымі, чым папярэднія, хоць, безумоўна, перажыванні ад таго, што быў закрыты скульптурны клас, а затым і Віленскі універсітэт, не прайшлі бясследна. Сказалася гэта і на мастакоўскай актыўнасці, але паранейшаму працаваў бо толькі ў творчасці знаходзіў заспакаенне, пазбаўляўся трывожных думак.
Асобная старонка творчасці Ельскага — праца ў галіне сакральнай і мемарыяльнай пластык. Зварот да яе меў пад сабой дзве прычыны. Гэта і жаданне ўвекавечыць памяць тых, каго ведаў альбо паважаў, але гэта і выкананне замоваў ад сваякоў памерлых. У кожным выпадку імкнуўся працаваць з поўнай аддачай, з імкненнем, каб да зробленага можна было ставіцца і як да твораў мастацтва. Стварыў надмагілле маршалка Віленскай губерні Міхала Ромера і яго жонкі, размешчанае ў іх родавым склепе ў Новых Троках. Вылепіў бюст біскупа Страйноўскага для яго надмагілля ў касцёле Святога Яна ў Вільні. Ім жа была зроблена і гіпсавая мадэль помніка Вітальда для Віленскага кафедральнага сабора.
Застаючыся на працягу ўсяго жыцця прыхільнікам сінтэзу мастацтваў, гэты прынцып ажыццяўляў і на практыцы. На карысць таму сведчыць рэльеф «Акт стварэння Віленскага універсітэта ў 1803 годзе», зроблены ў 1820 годзе. Кампазіцыя была настолькі ўдала распланаваная, што асобныя дэталі яе аб’ядноўваліся адзінствам задумы. Скульптурнае і архітэктурнае вырашэнні складалі адно цэлае. На агульным фоне вылучаліся постаці імператара Аляксандра I, куратара універсітэта Адама Чартарыйскага, рэктара біскупа Гераніма Страйноўскага. Ельскі ўпрыгожваў і калонную залу Віленскага універсітэта, выканаў барэльеф «Заключэнне Парыжскага міру ў 1813 годзе».
Дый над шмат чым іншым ён працаваў. А вось над чым дакладна — не ведаем. А таму застаецца задавальняцца тымі старонкамі з яго творчасці, пра якія да нас дайшлі звесткі. Іх дастаткова, каб засведчыць, што Казімір Ельскі шмат зрабіў для станаўлення і развіцця нацыянальнай скульптуры.