Радзіны і маленства ў традыцыйнай культуры беларусаў
Таццяна Кухаронак
12+
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 140с.
Мінск 2017
Выкупанае і спавітае чырвоным поясам дзіця павітуха падносіла бацьку і маці, якія яго цалавалі: «Як дзіця родзіцца, пазавуць бабку. Яна купая, тады спаўе яго, дзіцятка тое, і паднясе пад рожаніцу, каб
маці яго пацалавала. / бацько паднясе, каторы возьме да ў адно вакно, у другое, у трэцяе, як дзевачка, штоб хлопцы так у вокны пазіралі, да дзевачку забралі. Дзіця спавівалі і ў калыбельку клалі» (в. Паварчыцы, Салігорскага р-на); «Пакупала, выцярла і аддала маме, штоб расла бальшая. Такое я помню» (в. Будагова Смалявіцкага р-на). Шырокае распаўсюджанне на Беларусі мела вераванне, што калі дзіця пасля першага купання пакласці на правы бок, то яно ў далейшым усё будзе рабіць правай рукой «будзе праўшаком», а калі на левы то, наадварот, «будзе леўшаком».
Ваду, у якой першы раз мылі дзіця, вылівалі ў такім месцы, дзе не хадзілі людзі і жывёла: «Вылівалі на дваре пад вугол, дзе іконы вісяць» (г. п. Хоцімск); «А вадзічку вылівалі раньшы пад сараі, адзе людзі ня ходзюць, туда вылівалі (в. Прусіна Касцюковіцкага р-на); «Я знаю, што кагда рабёнак радзіцца і першы раз купаеш, то абізацельна нада пад печ зліць, каб ужо ніхто-ніхто не стаптаў шчасце, якое ён прынёс на гэтат свет. Ён тады ўсё сваё возьмець» (в. Германавічы Шаркаўшчынскага р-на); «Ваду нада выліваць пад угалок ілі пад пуню, ілі пад хату» (в. Сава Горацкага р-на); «Як бабка першы раз купая, дак тую ваду вылівая на вугал хаты, на другое ці на трэцяя бярвяно» (в. Касцяшы Уздзенскага р-на); «Як дзіця пакупаюць, выліваюць ваду там, штоб людзі не хадзілі. I первы раз і кажды раз, як купалі, ваду па сцежцы ня вылівалі» (в. Паварчыцы Салігорскага р-на).
Ваду пасля першага купання маглі выліць пад пладовае дрэва, каб дзіця добра расло: «Тую вадзічку пад дзерава абычна лілі, пад яблыньку» (в. Баркалабава Быхаўскага р-на); «А тую вадзічку толькі пад куст ці пад дзерава выліваць, нельзя пад ногі" (в. Печары Касцюковіцкага р-на); «Як пакупаюць мальчыка, воду на яблыню льюць, а як дзівочку то на грушу льюць» (в. Оса Кобрынскага р-на); «Дзевачку, як купаюць, вадзічку лілі пад яблыню, а мальчыку на вугал дома» (в. Ляды Дубровенскага р-на). Лічылася, калі хто пераступіць тое месца, дзе вылілі ваду пасля першага купання, то дзіця можа захварэць. На Палессі ваду пасля купання дзяўчынкі вылівалі на ганак, каб яна, стаўшы дарослай, хутчэй выйшла замуж.
Першае кармленне таксама патрабавала вялікай увагі і ведання мясцовых прыкмет, павер’яў, звычаяў. Найперш, усе маладыя мамы пільна сачылі, каб першы раз даць дзіцяці правую цыцку ды яшчэ і правай сваёй рукой тады яно ўсё будзе рабіць правай рукой, што ў традыцыйным грамадстве пры тагачасным ладзе жыцця лічылася абсалютнай нормай: «Цыцку давалі сразу, нада правую даваць, каб ня быў ляўшой» (в. Вялікія Шарыпы Горацкага р-на); «Грудзі давалі правую,
РАДЗІНЫ I МАЛЕНСТВА Ў ТРАДЫЦЫЙНАЙ КУЛЫУРЫ БЕЛАРУСАЎ
каб ляўша не быў» (в. Заходы Шклоўскага р-на); «Грудзь нада правую даваць сначала, эта мне свякроў гаварыла» (в. Гарадзец Шклоўскага р-на); «Нас прэдупрэждалі, штоб правую грудзь даваць, штоб правай рукой рабіць. / дажа ў бальніцы акушэркі гаварылі» (аг. Навасёлкі Ашмянскага р-на); «Першы раз карміць дзіця давалі правую цыцку правай рукой, тады будзя праваю рукою ўсё рабіць, а хто ня панімая, да дасць леваю будзя ляўшун. Яно ўжо кідаецца і пісаць леваю рукою, і есці леваю рукою» (в. Касцяшы Уздзенскага р-на); «Первы раз грудзь давалі правай рукой, еслі левай то будзет левша. I такія прызнакі есць. У меня тут саседка, так ана гаварыла па-суседцкі, што ей, мол, мама левай рукой грудзь дала і ана все левой рукой дзелает: і шьёт, і копает, все время левая рука ей замешчала за правую» (в. Хаціслаў Маларыцкага р-на); «Мама мне гаваріла: “Дзетачка, дай правую цыцку сразу”. Я й дала» (в. Ляды Дубровенскага р-на/ Як правіла, маці пачынала карміць дзіця грудзьмі ў дзень родаў, ці крыху пазней, «калі падыдзе малако». А да таго часу паілі немаўля салодкай вадой або адварам рамашкі, маглі даваць соску з жованкай з хлеба і цукра.
Паўсюдна на Беларусі жанчыны выконвалі разнастайныя забароны і правілы паводзін, каб у іх было малако для кармлення дзіцяці. Большасць з іх з’яўляліся рацыянальнымі ў сваёй аснове і былі накіраваны на тое, каб засцерагчы жанчыну ад прастуды, ад сполаху і іншых траўмаў і непрыемнасцяў. Акрамя таго, жанчынам, якія кармілі грудзьмі, забаранялася адліваць ваду назад у калодзеж інакш малако прападзе; даваць піць ваду з вядра другой жанчыне, якая корміць свае дзіця, малако пяройдзе да яе і г. д. Для магічнага стымулявання большай колькасці груднога малака, жанчына на парозе хаты ела «абыдзённы» пірог, спечаны з сумесі злакавых; сырое цеста з таго месца ў дзяжы, дзе быў выціснуты знак крыжа. Жанчына ў час кармлення дзіцяці павінна была сачыць за сваімі паводзінамі: «Калі маці будзе нечым узрушаная, то яна не павінна даваць дзіцяці грудзі, перш чым зусім не супакоіцца, у крайнім выпадку можа пакарміць дзіця / адразу, але няйнакш як сеўшы на ключ, бо ў іншым разе ў дзіцяці пачнуцца канвульсіі» (Ф. Вярэнька).
Кармленне грудзьмі, як лічылася ў народнай традыцыі, устанаўлівала паміж дзіцем і маці асаблівую як фізіялагічную (напрыклад, беларускае павер’е «Як мацеры малако ў грудзях кальне, а дзіцяці пад той час няма, то тады дзіця цыцкі захацела і плача»), так і эмацыянальную сувязь, у час якой ажыццяўляецца не толькі кармленне дзіцяці, але і, згодна з уяўленнямі, успрыманне ім каштоўнасцяў нематэрыяльнага плану. Сам працэс ссання мацярынскіх грудзей набывае сімвалічнае
значэнне карыстання дабротамі, прывілеямі (напрыклад, «Ліслівае шчанё / цялё дзве цыцкі ссе»). Паўсюдна малако маці лічылася для дзіцяці лепшым лекава-прафілактычным сродкам ад захворванняў скуры, хваробаў вачэй, насмарку: «Казалі, што глазкі як загнаяцца ўдзіцяці малачком мамы прамыў і ўсё» (в. Паршына Горацкага р-на).
Выкананне рэжыму кармлення грудзьмі не лічылася абавязковым. Кармілі дзіця шмат разоў у суткі усялякія неспакойныя паводзіны з боку дзіцяці, плач, ссанне сваіх ручак супакойвалі тым, што яму адразу ж давалі грудзі: «Я малаком карміла ўсіх траіх сваіх дзяцей. Есць жа было нечага, ета ж цяперя і ядуць, і п’юць, і берягуць радзіху, Госпадзі мілы! А ў іх малака німа. А ў мяне есць не было чаго, хлеба не было куска а малако было! Што тады калхозы, дадуць якога смецця, да на жорны змелеш, да які-небудзь талалуй спячэш, што яго цяперя дажа б курі не елі. А мы елі і дзяцей малаком кармілі» (в. Ляды Дубровенскага р-на).
Традыцыя раіла карміць дзіця малаком маці да аднаго-двух гадоў, хоць, канешне ж, сустракаліся адхіленні як у той, так і ў другі бок: «Мы ж кармілі <дзяцей грудным малаком> па паўтара года» (г. п. Хоцімск); «Кармілі ў каго як у грудзях было: хто да года, а хто бывае і болей» (в. Касцяшы Уздзенскага р-на); «Перва доч радзілася, так я яе год карміла, бо нада ж была работаць, дзекрета не было, не седзелі так, як зараз сідзят. Патом маць яе гледзела» (в. Хаціслаў Маларыцкага р-на); «Дочку карміла доўга, ёй ужо гады два было як аднялася, нармальна аднялася» (в. Гарадзец Шклоўскага р-на); «А ўсяк кармілі: хто два гады, хто трі, а хто й чятырі корміць. У нас адна сем гадоў карміла, кор-
Кармленне грудзьмі
РАДЗІНЫ I МАЛЕНСТВА Ў ТРАДЫЦЫЙНАЙ КУЛЬТУРЫ БЕЛАРУСАЎ
мяць як у каго малака ёсць. Было, гаварілі, пака корміш, то не забяременееш. Як доўга корміш дужа разумныя дзеці» (в. Паршына Горацкага р-на). Праўда, існавала і процілеглае меркаванне аб залежнасці тэрміну кармлення і развіцці разумовых здольнасцей дзіцяці: «Нельга доўга карміць дзіця грудзьмі зробіцца дурное» (Е. Раманаў).
У прамежку паміж кармленнем давалі своеасаблівы прыкорм: хлеб з цукрам, загорнуты ў льняное палатно, паводле народнай тэрміналогіі «суслу», «сусолку», «куклу»: «Прысмакаў у нас не было, сусду дзелалі, пячэння якога купіш і ў трапачку ілі ў бінцік і ссець. Мы жылі на хутары возле Дняпра» (в. Гарадзец Шклоўскага р-на); «Давалі хлеб с сахарам, у марлю ўкручвалі сусолка звалася» (в. Паршына Горацкага р-на); «Давалі куклу: хлеб пожуе, пожуе маці да сахару, дробовы быў сахар, сахару дробок, і вжэ куклу тую дзіця ссе-ссе. Але ж трэбо нітку, каб не ўцягло ў рот, с полотна робілі куклу, ніточкою параважам, каб таўсцей было» (в. Хатынічы Ганцавіцкага р-на); «Дзелалі яшчэ куклу: нажуе якога пячэньня ці хлеба, у льняную трапачку закручвае эту куклу і дзяцёнку ў рот. Дак яно смокча эту куклу, пака мама працуе. Бывала, мама расказвала, што ў куклу эту дабаўлялі жованы мак, каб спала дзіця» (в. Глыбоцкае Гомельскага р-на).
Калі ў жанчыны не было груднога малака, дзіця кармілі каровіным малаком, разбаўленым вадой. Такіх дзяцей называлі «скусцьвеннікамі»: «Як малака не хватаець, малако <каровіна> кіпяцім, бутылачку, соску ідаеш» (в. Паршына Горацкага р-на).
Важным рытуалам, які сімвалічна афармляў канчатковае развітанне маці і дзіцяці, было адлучэнне ад грудзей. 3 утылітарных задач адлучэнне ад грудзей мела на мэце аблягчэнне пераходу ад вадкай (дзіцячай) ежы да дарослай, ад малака да кашы і асабліва да хлеба. Разам з тым пераход дзіцяці да дарослай ежы яшчэ адзін крок у працэсе яго сацыялізацыі і паступовага выхаду са сферы прыроднага і ўключэння ў сферу культуры. Паводле традыцыйных уяўленняў, адлучаць ад грудзей раілася ў панядзелак, аўторак ці сераду, але ні ў якім разе не ў пятніцу: «Старанна сочаць, каб дзень адлучэння ад грудзей не прыпадаў на пятніцу, таму што дзіця плача, не спіць і наогул блага пераносіць адлучэнне’’ (Ф. Вярэнька);“Кал/ ў пятніцу адняць дзіця ад цыцкі доўга плача, нудзіцца. Казалі ў аўторак харашо патом не будзе прасіць суслу» (в. Касцяшы Уздзенскага р-на). Бытавала і такое перакананне: “Каб дзіця не нудзіла доўга па цыццы, то найлепш адлучаць у той дзень, у каторым яно нарадзілася» (М. Федароўскі). Паводле традыцыйных вераванняў, меў значэнне не толькі дзень, але нават і час сутак: «Калі дзіця адлучыць вельмі рана, задоўга перад ядою, будзе
яно худое, а калі падчас абеду ці снядання, падвячорку ці вячэры будзе тоўстае» (Ф. Вярэнька).
3 пораў года найлепшай лічылася вясна, калі з'яўлялася першая зеляніна: «Атымаць ад грудзей нада, як пачынаець лес адзявацца, вясной» (в. Паршына Горацкага р-на); «Атымалі вясной, калі лясок адзенецца, каб толькі не на голы лес» (в. Стары Дзедзін Клімавіцкага р-на); «Атнімала ад грудзей, як лес адзенецца» (в. Асвея Верхнядзвінскага р-на); «Ну, як адвучалі? Выбіралы якысь місяцы, на вісні, як сады цвітуць, подбіралы такія місяцы» (в. Оса Кобрынскага р-на); «Адлучаць ад грудзі найлепей увесну, калі вада пусціць і лясок адзенецца» (Ф. Вярэнька). Царкоўна-хрысціянскі каляндар таксама аказваў істотны ўплыў на тэрміны адлучэння дзіцяці ад грудзей, бо ніколі не рабілі гэтага ў пост, а таксама назіралі, каб у той дзень не было памяці якога-небудзь мучаніка, інакш дзіця будзе пакутаваць (Е. Раманаў).