Радзіны і маленства ў традыцыйнай культуры беларусаў
Таццяна Кухаронак
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 140с.
Мінск 2017
Іншыя ж павітухі ўлічвалі пол дзіцяці: хлопчыка спавівалі толькі ў бацькоўскае адзенне (кашуля, штаны), каб ён быў ва ўсім падобны на бацьку, пераймаў мужчынскія якасці характару і гендарную ролю, а дзяўчынку ва ўсё мацярынскае, каб яна пераняла фізічныя і маральныя якасці сваёй маці. На Брэстчыне лічылася, што выкарыстанне жаночага адзення для пялёнак хлопчыка магло прывесці да яго фізічнай слабасці, няўмеласці ў працы. А. Сержпутоўскі фіксаваў гэту забарону з тлумачэннем, што чорт падменіць такіх людзей: з мужчыны зробіць жанчыну, з жанчыны мужчыну і прымусіць іх служыць сабе. Сустракаўся яшчэ і варыянт выкарыстання адзення, якое належала процілегламу полу. На Віцебшчыне і Міншчыне, калі нараджалася дзяўчынка, павітуха загортвала яе ў мужчынскія споднія нагавіцы і абавязкова бацькоўскія, каб яе ў будучым любілі хлопцы, а хлопчыка у сарочку маці, каб яго любілі дзяўчаты. Часта павітуха загортвала дзяўчынку ў бацькоўскую кашулю, каб бацька любіў сваю дачку. Акрамя таго, калі, напрыклад, у сям'і нараджаліся толькі хлопчыкі, ці толькі дзяўчынкі, то загортвалі немаўля ў адзенне процілеглага полу, каб наступнае дзіця было іншага полу.
Абрадава-магічныя дзеянні з пупавінай і паследам
Пераразанне і перавязванне пупавіны ў беларусаў заўсёды ўтрымлівала магічны кампанент. Пупавіну перавязвалі пасмачкай чыстага лёну ці суравой ніткай, зрэдку да лёну дабаўлялі адну чырвоную нітку. Пераразалі пупавіну нажом на адлегласці двух-трох пальцаў ад месца перавязкі «на два пальцы ад жывата», падклаўшы (калі нарадзіўся хлопчык) нож, малаток, сякеру, дубовую кару, кавалачак хлеба, кніжку: «Бабы казалі, што нада на кніжкі пуп рэзаць. I ён <сын> так вучыўся харашо» (в. Падлессе Быхаўскага р-на); «Нада ўмеючы тожа пупавіну атрезаць: як мала аставіш то не зажываець. Перявязвалі нітачкай такой льняной» (в. Вялікія Шарыпы Горацкага р-на). На Віцебшчыне ж катэгарычна забаранялася павітусе пераразаць пупавіну хлопчыку на сякеры інакш «ён стане разбойнікам». Часта ў паўночных раёнах Беларусі пупавіну хлопчыку перабівалі камянямі, «каб быў сільны». Дзяўчынцы пераразалі пупавіну на грэбні, верацяне, нітках, кручках,
РАДЗІНЫ I МАЛЕНСТВА Ў ТРАДЫЦЫЙНАЙ КУЛЫУРЫ БЕЛАРУСАЎ
Традыцыйныя прылады для мужчынскай працы.
Фотаздымак Т. Кухаронак
Традыцыйныя прылады для жаночай працы. Фотаздымак Т. Кухаронак
на нажніцах «будзе швачка». Сэнс, закладзены ў гэтых абрадах, указвае на сувязь іх з земляробчым бытам народа, з дыферэнцыяцыяй працы паводле полу: «Я знаю, кагда пуп отрэзалі, то дзевочкі на потасі, штоб была хазяйка, а хлопца на кніжцы, штоб учоны быў» (в. Валішча Пінскага р-на). Маніпуляцыі з пупавінай, паводле традыцыйных уяўленняў, мелі вялікае значэнне і для палавой ідэнтыфікацыі дзіцяці: так, пупавіну хлопчыку бабка пакідала даўжэйшую, каб яго палавы орган быў даўжэйшы.
Але часцей за ўсё, варажыла над пупавінай не павітуха, а іншая, так званая прыёмная, «выбраная», «назначана(-я)» баб(-к)а, якая даводзілася блізкай сваячкай сям’і, станавілася хроснай «хрышчонай», «ксціннай» бабкай / бабушкай для дзіцяці і яго маці, прыносіла яму падарункі на розныя святы: «Адна бабка хадзіла роды прыняць, ці дзве іх было, не кажная ж можа роды прыняць, а пупок завязаць, пакупаць эта ўжо другая была, з радні» (в. Смольніца Смалявіцкага р-на); «Баба-прырода гэта што роды прымае, а кума, куму і бабушку выбіраюць» (в. Замошша Чашніцкага р-на); «Патом звалі бабку, яна купала, спавівала. Гэта была хрышчоная бабка» (в. Клінок Чэрвеньскага р-на); «Вот, бабка я, напрымер, бяру свекрыві сваей сястру за бабку. А другія тожа бяруць сваіх родных. Мама, свякроў, тады як нарадзіла, ужо пайшлі па бабу. У бальніцы ражалі, а ўсё роўна бабу бралі» (в. Паварчыцы Салігорскага р-на); «Ды будзець казаць: “Каго вы бабулею думалі браць? Ці гаварілі вы з ім?" А я дажа стыдзілась казаць яму <мужыку> пра ета. Ну, тады кажу: “Ідзі туды й туды. А калі ня пойдзець? Тады ў другую хату йдзі". Ну, праўда ета первая пашла. Сын яе кажэць: “Мама, калі табой ня гребуюць, кажаць, сабірайся і йдзі”. Ну, тады прішла, мальчіка етага перебабіла, пупок атрезала, перевязала. Яны ж знаюць, сколька нада там, трі ці чатыры пальца ат жывоціка, пакупала яго, тады прінясла мне пакарміць яго. Я яго пакарміла» (в. Міхалінава Дубровенскага р-на). Паводле народнага меркавання, стаць хроснай бабкай вялікі гонар для любой жанчыны сталага веку, акрамя таго, гэта магло станоўча паўплываць на яе замагільнае жыццё. Нездарма ў Магілёўскай вобласці пра жанчын, якія ні разу не выконвалі функцыі хроснай бабкі, казалі: «Ты, мусіць, не хадзіла ў бабкі і будзіш зайцоў пасвіць на тым свеце». Пупавіна звычайна адвальвалася на чацвёртыпяты дзень. Маці хавала яе ў куфар ці запіхвала ў дзірку, якая была прасвідравана для гэтай мэты ў сцяне хаты, «каб дзіця не скідвалася з лавы»: «А тады тую пупавінку, як атрезалі, пад столь падторкнулі» (в. Вялікія Шарыпы Горацкага р-на). Вузельчык з пупавінай захоўвалі на працягу трох-сямі гадоў. Па дасягненні трохгадовага ці сямігадовага ўзросту дзіцяці давалі гэты вузельчыкз пупавінай развязаць, «каб развязаць яму розум»: «Кажуць, ету пупавіну, яна як атваліцца, храніць нада. Яна засыхаіць, канешне, крепка. Каб ён ужо падрос, тады давалі развязаць тады ўжо будзець дужа разумный дзяцёнак» (в. Міхалінава Дубровенскага р-на); «Бабка казала: “Схавай эты пупік, каторы адваліўся, як яноўжо падрасце, каб яно эту нітачку само развязала будзя граматная, будзяўсё панімаць» (в. Касцяшы Уздзенскага р-на); «Пупок Тоні
РАДЗІНЫ I МАЛЕНСТВА ЎТРАДЫЦЫЙНАЙ КУЛЫУРЫ БЕЛАРУСАЎ
мне аддалі, ён ляжаў схуваны ў шкапе. Як яна пашла ў школу, я кажу: “На, развязвай”. Развяжэць сама будзець умненькая» (в. Кучарына Шклоўскага р-на); «Пупавінку раньшы забіралі дамой. I я ўсех сваіх шасцёх дзяцей пупавінку эту прівязвала к жердачке. / када ісполніцца пяць гадоў, давала, штоб дзіцёнак яго расплутаў. Дак каторы расплутуваў, каторы не расплутуваў, а каторы сядзіць доўга кавыряецца. Эта так паложана, штоб расплутуваў, можа будзе граматны, як развяжа эты вузялок» (в. Пачапы Краснапольскага р-на). Як адзначаў П. Багатыроў, «вера ў магічную сілу абрада заснавана, у прыватнасці, на літаральным разуменні метафары развязаць пупавіну ці мяшочак, у якім яна ляжыць, значыць, «развязаць» работу, гэта значыць справіцца з ёй». На Віцебшчыне аж да пачатку XX ст. бытаваў звычай захоўваць пупавіну доўгі час, а калі хлопец ішоў у войска, а дзяўчына замуж, ім аддавалі яе, «каб шчаслівыя былі».
Калі навародак не падаваў прыкмет жыцця, бабка імкнулася ажывіць яго, злёгку тармасіла, шлёпала па попцы, калі гэта была дзяўчынка ёй у вуха гучна выкрыквалі імя маці, што, паводле народных уяўленняў, здольна было ажывіць немаўля.
Управіўшыся з дзіцём, павітуха працягвала завіхацца каля парадзіхі. Звычаі і абрадавыя дзеянні, звязаныя з паследам («дзіцячым мест(-ц)ам», «дзіцячай пасцеллю»), былі заснаваны на перакананні, што дзеянні, якія здзяйсняліся з ім, могуць аказаць станоўчы або адмоўны ўплыў на дзіця, яго лёс, здароўе, характар. У беларусаў паслед, які акраплялі святой вадой, чыталі над ім малітвы і замовы, загортвалі ў кавалак тканіны разам з хлебам і соллю, зрэдку клалі цвік, аловак (паслед хлопчыка), іголку, нітку (паслед дзяўчынкі) і пасля закопвалі пад вугал хаты, пад печчу, пад сталом («на куце»), у каморы, пад жорны, у хляве, варыўні, у садзе пад фруктовае дрэва, клалі за абразы: «4 места, бывала, закапваюць пад печ, было падпечча бальшое, тама курей дзяржалі. Так яна <бабка> выкапала ямачку і тама закапала» (в. Ляды Дубровенскага р-на); «Мама мая раджала дома ўсіх нас. Дзецкая места, падымалі пол, доску падымалі, пад палом выкапывалі ямку, бабка эта закручывала яго ў чыстую палатняну тряпачку / пад мост яго і закапае. Пад палом. / хлопчыкаў, і дзевачак <дзецкае места> усіх пад пол закапвала ў зямлю. Эта я сама відзела» (в. Пачапы Краснапольскага р-на). Галоўная ўмова закапаць паслед там, дзе звычайна не хадзілі і не тапталіся людзі: «Места зарывалі ў бані пад полкам, дзе людзі не ходзяць» (г. п. Хоцімск); «Места тама, айдзе не ходзяць, ні скот, нічога: ці пад забор куда, ці пад страенія» (в. Канічы Касцюковіцкага р-на);
«Места era як выходзіць, с тымі тряпкамі яна яго ўсё скруціла ў вузялсж, звізала і дзе-та закапвала, мо пад печчу» (в. Сава Горацкага р-на). Паводле традыцыйных уяўленняў беларусаў, жыццё дзіцяці складзецца шчасліва, калі пупавіна і плацэнта знаходзяцца ў добрым стане. Калі ж ім нанеслі пашкоджанні ці згубілі іх пакутавала і дзіця.
Варажба пра долю
Беларусы лічылі, што ўтую хвіліну, як нараджаўся чалавек, ён атрымліваў сваю долю, а на небе з’яўлялася новая зорка: «Дзіцёнак радзіўся і Бог яму долю ўжо вызначыў. На небе загараецца звязда / гарыць, пака чалавек жыве. Эта не маці, а мая бабуня гаварыла, яна тожа пражыла доўгі век, эта па мамінай лініі. Яна гаварыла, як родзіцца чалавек, значыцца, на небе загараецца звёздачка. / яму дадзены анёлхраніцель, каторы дзержыць кнігу, дзе напісана твая судзьба, / ты яе змяніць ніяк не можаш. Анёл стаіць за правым плячом» (аг. Навасёлкі Ашмянскага р-на); «Доля, канешна, есць. Каждый чалавек раждаецца, Бог стаіць пад акном і даець долю каждаму чалавеку. Да, даець: катораму утапіцца, катораму задавіцца, катораму што. Што Бог даў тое і будзе» (в. Маскаляняты Гарадоцкага р-на); «Яна ёсць спрадвеку вякоў доля. Дзе ты ня будзеш не абойдзеш сваю долю, канём не аб’едзеш” (в. Касцюшкавічы Крычаўскага р-на).
На Беларусі існавалі разнастайныя спосабы варажбы пра долю, будучы лёс дзіцяці ў дзень яго нараджэння. Бачным знакам шчаслівага лёсу з’яўлялася так званая дзіцячая сарочка, гэта значыць перапонка на галаве, з якой нараджалася немаўля. Лічылася, што шчасце і дабрабыт не пакінуць такога чалавека ўсё яго жыццё, адсюль выраз: «нарадзіўся ў сарочцы / рубашцы»: «Чула, што шчаслівы, што ў рубашке радзіўся, а якая яна, тая рубашка, Бог яе ведаець. А іх нешта й мала шчаслівых людзей» (в. Міхалінава Дубровенскага р-н). Гэтыя ўдача і шанцаванне распаўсюджваліся і на яго сям’ю. Такую «сарочку» пры купанні баба-павітуха здымала з дзіцяці, і яе захоўвалі ў сям’і як талісман. Шчаслівым у беларусаў лічылася дзіця, у дзень нараджэння якога ў доме з'яўляўся які-небудзь прыбытак, а таксама калі нованароджаны хлопчык быў падобны на маці, а дзяўчынка на бацьку. Паводле народных вераванняў, нядоўга пражыве дзіця, калі ў дзень яго нараджэння ў вёсцы было пахаванне нябожчыка, ці якое з малых год расло вельмі дасціпным.