Радзіны і маленства ў традыцыйнай культуры беларусаў
Таццяна Кухаронак
12+
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 140с.
Мінск 2017
роднага меркавання, рабілася гэта дзеля таго, «каб дзіця ціхае было, і людзі не абгаворвалі». Як і пры ўсялякім выездзе ў дарогу, кумы садзіліся на лаўку, а гаспадыня зачыняла печ засланкаю, каб была ўдалая паездка («каб у дарозе добра паводзілася») (А. Сержпутоўскі). Па дарозе кумам забаранялася размаўляць паміж сабой, каб дзіцё не было крыклівым. На перакрыжаванні дарог, калі ехалі хрысціць дзіця, кумы выкідвалі гліну і соль, каб засцерагчы малое ад сурокаў. На Палессі пры гэтым яшчэ прыгаворвалі: «На тобі, чорце, плату». Калі па дарозе ў царкву / касцёл ішоў снег або дождж, прадказвалі ў будучым дзіцяці багацце: «Як едуць хрысціць і дождж ета харашо» (в. Вялікія Шарыпы Горацкага р-на). Кумам належала перад дарогай паесці ўхаце бацькоў дзіцяці.
Звычайна ў дзень царкоўнага хрышчэння адзначалі сямейную ўрачыстасцьз нагоды нараджэння дзіцяці хрэсьбіны, якія па-рознаму называлі ў розных мясцовасцях; крэсьбіны, кресьбіны, хрысціны, хрыстыны, крысціны, крісціны, ксціны, радзіны. Калі ж хрышчэнне дзіцяці ў сілу абставін здзяйснялася ў хуткім часе пасля яго нараджэння і сям'я не паспявала як след падрыхтавацца, правядзенне хрэсьбін адкладвалася на некалькі дзён або тыдняў.
У той час, як кумы адпраўляліся ў царкву / касцёл, гаспадар пасылаў каго-небудзь запрашаць сваякоў і суседзяў на ўрачыстасць. Існавалі разнастайныя варыянты запрашэння, напрыклад: «Прасілі тата і мама, і я прашу на хрэсьбіны» заходзячы ў хату, казала дзяўчынка; «Прыходтэ на родыны»; «Прыходзьце на малую / малога на баль». Пакуль кумы былі ў царкве, госці, пераважна сямейныя пары, паступова збіраліся ў хату да бацькоў дзіцяці: «А як вжэ хрыстылы, на хрыстыны ішлы тоды з мужыкамі. Хліба булку возмэш, тое-другое, пілёнак з полотна тканога занысэш» (в. Оса Кобрынскага р-на). Без запрашэння на гэтую ўрачыстасць ніхто не прыходзіў. Маладыя хлопцы і дзяўчаты звычайна не ўдзельнічалі ў хрэсьбінах, бо там здараліся жарты і выказванні гуллівага характару, і народная традыцыя тактоўна іх засцерагала ад таго, каб не трапіць у няёмкае становішча.
Усе жанчыны, што ішлі на святкаванне, неслі з сабой прадукты харчавання, якія адрозніваліся прыкметнай аднастайнасцю па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Гэта былі ў першую чаргу хлеб, пірагі, сыр. У Гродзенскай губерні, акрамя таго, кожная запрошаная жанчына несла яшчэ «гаршчок грэцкай кашы, малако, яечню». У Віцебскім павеце хрэсьбіны пачыналіся вечарам. Тут жанчыны неслі з сабой на ўрачыстасць «бліны, баранкі, булкі, кашу, яечню, варанае мяса» (Е. Раманаў), мужчыны абавязкова хлеб. Да сярэдзіны XX ст. звычай несці на хрэсьбіны прадукты харчавання захоўваўся: «На хрыстыны кампот варылі,
штоб там былі сухія грушы і чэрніка сухая обязацельно такі кампот дзелалі. Раньшэ такія гладышкі былі, ідуць на хрыстыны тыя, несёт кума гладышку, і там грушы тыя і чэрніка, / все ставяць на стол» (в. Хаціслаў Маларыцкага р-на). Збіраючыся на хрэсьбіны, кожны лічыў сваім абавязкам прыгатаваць і аднесці парадзісе падарунак, часцей за ўсё што-небудзь смачнае з ежы. Найбольш багатыя выпякалі пірагі з пшанічнай мукі, аладкі, хрушчыкі, палівалі гэтыя вырабы растопленым салам або смятанай, складвалі ў міску ці латушку і неслі з сабой: «Падаркі прыносілі, як раньшэ былі платочкі такія дзяшовенькія, платочак еты прынясець кума. А цяперь жа кума нада багатая. Кума драчону спячэць, пірог такі з мукі, і прынясець, ета як сталі мы жыць багата» (в. Вялікія Шарыпы Горацкага р-на). Больш бедныя ішлі на хрэсьбіны звычайна з хлебам, пасыпаным соллю (П. Самцэвіч). Запрошаныя мужчыны неслі з сабой грошы для парадзіхі і для павітухі, а найболын багатыя яшчэ і гарэлку.
У некаторых вёсках Валожынскага р-на ў дзень хрэсьбін, перад тым як прыходзілі дарослыя госці, гаспадары збіралі малых з усёй вёскі: ад тых, што пачалі ўжо хадзіць, да 6-7-гадовых і частавалі іх кашай або хрушчыкамі, каб, як тут казалі, «яны наша дзіця ў крапіву не садзілі».
Хрэсьбіны ўключалі ў сябе і агульнае частаванне. На стол падавалі стравы, прыгатаваныя гаспадыняй і прынесеныя гасцямі: «Ксціны гулялі, самі ўсё дзелалі / кашу варылі, / бліны, / халадзец, а тады завем гуляць» (в. Вялікія Шарыпы Горацкага р-на). Як засведчыў П. В. Шэйн, у XIX ст. звычайнымі стравамі на хрэсьбінах з'яўляліся: квас (кіслы суп з пара-
Хрэсьбіннае застолле.
Фотаздымак Т. Кухаронак
РАДЗІНЫ I МАЛЕНСТВАУ ТРАДЫЦЫННАМ КУАЬТУРЫ БЕЛАРУСАЎ
сём), млінцы, узвар (мястэчка Ельск). У Быхаўскім павеце падавалі «мяса, аладкі, рэзнікі, а затым боршч, крупень і іншыя вараныя стравы» (Е. Раманаў). У Лепельскім павеце колькасць страў, паводле народнага меркавання, павінна была быць няцотнай: 3, 5, 7 і г. д. «Першай падавалі на стол поліўку, потым лапшу густую ці бабку, затым халадзец, тушаную бульбу з мясам, апошняй жа кашу ячную ці грэцкую з маслам...» У іншых месцах Віцебскай губерні на хрэсьбінах ставілі на сталы яшчэ «пірог пшанічны, халоднае мяса, каўбасы, кашу з ячменных круп і юшку з гусіным ці цялячым тлушчам...». Да сярэдзіны XX ст. закускі ў час хрэсьбін заставаліся ў асноўным традыцыйнымі: «На стол сала понаразаюць, колбаскі, як у нас кажуць, пальцам пханая, каша, боршч. Пірагі обязацельно пекуць на хрысціны, пырогы с шаблямі, як тут кажуць. Шаблі эта фасоль, картошка. Пірагі пяклі такія бальшыя. Навараць картошкі, фасолі, натаўкуць вмесце, вмесце зажаруюць і запраўляюць салам, лукам і тады такія камкі скатываюць і в печку. I такія пірагі абязацельна далжны быць на хрысцінах» (в. Хаціслаў Маларыцкага р-на).
Хросных бацькоў разам з дзіцем, што вярталіся з царквы / касцёла, на ганку сустракалі родныя бацькі і госці. Усе прысутныя ўставалі, калі кумы з дзіцём вярталіся з царквы / касцёла, каб дзіця не стала «седуном» (М. Нікіфароўскі). Бабка-павітуха была апранута ў вывернуты поўсцю наверх кажух, каб дзіця не баялася сурокаў. Кум адразу аддаваў дзіця бабцы, а тая клала яго на ложак. У другіх вёсках быў другі звычай: кума клала немаўля на некалькі хвілін у падпечак, што, як лічылі, спрыяла спакойнаму, добраму сну дзіцяці, і толькі затым аддавала яго маці. Іншым разам хросныя аддавалі дзіця родным бацьку або маці са словамі: «На табе тваё ражонае, а наша хрышчонае» або: «Дай Бог твайму сыну (дачцэ) стаяць так пад вянцом, як пад хрэстом". Прыняўшы дзіця, бацька перадаваў яго маці. Сярод мясцовых беларусаў-католікаў у Віцебскай губерні бытаваў наступны звычай: калі вярталіся з касцёла, кумы перадавалі дзіця бацьку, які ў сваю чаргу клаў яго на некалькі хвілін на ганак, што называлася «асвяціць дзіця праз парог» (А. Кіркор). Лічылася, каб дзіця пачало своечасова хутка і выразна гаварыць, хросныя бацькі павінны былі, пераступіўшы ганак хаты, хутка назваць імя дзіцяці, якое яму далі пры хрышчэнні; калі яны пры гэтым запнуцца дзіця будзе заікацца (М. Нікіфароўскі).
Калі збіраліся ўсе госці. гаспадар запрашаў грамаду за стол. Спецыяльнага абраду, які б распачынаў хрэсьбінную ўрачыстасць, на большай частцы тэрыторыі Беларусі не існавала. На Палессі ж і ў некаторых раёнаў Паазер’я хрэсьбіны пачыналіся з абраду «перапівання кумоў»:
гаспадар выпіваў чарку, клаў туды грошы і напоўненую перадаваў куму. Той рабіў тое ж самае і перадаваў чарку са сваімі дарамі гаспадару. У іншых месцах Беларусі, каб пачаць хрэсьбіннае застолле, некалькі прывітальных слоў гаварыў кум: «Як мы відзелі (імя дзіцяці) пад храстом, штоб так відзелі пад вянцом, штоб ён добра пахаў ды добра малаціў», а затым звяртаўся да бацькоў: «Дай Бог вам і налета гэта». Маглі пачацца хрэсьбіны і якім-небудзь жартам. Напрыклад, гаспадар, падняўшы першую чарку, звяртаўся да бабкі: «Будзем жывы і здаровы, бабуля!», на што тая адказвала: «Сахарам на душу, галубок». На хрэсьбінах «бацька парадзіхі ці другі блізкі кроўны сваяк дарыў нованароджанага вуллямі, пчоламі, мёдам» (К. Машынскі).
Па традыцыі самыя ганаровыя месцы за сталом належалі кумам і бабцы-павітусе. Кумы, седзячы за бяседным сталом, прытрымліваліся пэўных правілаў паводзін. Так, на Палессі яны садзіліся блізка адзін да аднаго, каб у дзіцяці выраслі густыя зубы і каб яно жыло ўсё жыццё з людзьмі ў згодзе (А. Сержпутоўскі). Таксама кумам раілі паболей гаварыць, жартаваць на хрэсьбінах, каб іх хроснік (хросніца) рос гаваркім, ветлівым, прыязным да людзей. 3 мэтай жа засцерагчы дзіця ў будучым дарослым жыцці ад п’янства, кумы самі не павінны былі напівацца, а выпіць толькі цотны лік чарак (часцей за ўсё дзве), каб іх хроснік жыў у пары.
У беларусаў Смаленскай губерні дзеці ў час хрэсьбін падыходзілі пад акно хаты з пеўнем, калі нованароджаным быў хлопчык, і з курыцай калі нарадзілася дзяўчынка, і драпалі лапкай птушкі па шкле да таго часу, пакуль не атрымлівалі кавалак пірага або кашы.
Спецыяльнай абрадавай стравай на хрэсьбінах з’яўлялася бабіна каша, якую ў большасці раёнаў Беларусі гатавала хросная бабка ці бабка-павітуха, толькі ў Заходнім Палессі сама парадзіха ці яе маці: «А кашу всегда варыць хазяйка ці маці ее, маці радзіхі» (в. Хаціслаў Маларыцкага р-на). Звычайна для прыгатавання абрадавай стравы куплялі новы гліняны гаршчок, прыкладнай ёмістасцю 1 ці 1,5 л: «Гаршок новы абізацельна баба брала для кашы. Гаршкі былі после вайны гліняныя, латушкі зваліся» (в. Валёўка Дубровенскага р-на). Часцей за ўсё гэта была прасяная, пярловая, ячная, пшанічная, грэцкая, рысавая каша, якую варылі ўкрутую з вялікай колькасцю малака, масла, дадавалі мёд або цукар: «Як ужо кресьбіны былі, бабіну кашу варілі. Каша era крупяная, асобенна пярловая ці ячмень, абтоўчаны ў ступе. Ці быў тады рыс, ці была тая гречка?» (в. Ляды Дубровенскага р-на); «Кашу с пшана варілі туда і масла лажылі, і мёд» (в. Гарадзецкая Краснапольскага р-на); «На крестіны кашу варылі с па(-у)шаніцы, салодкую»
РАДЗІНЫ I МАЛЕНСТВА Ў ТРАДЫЦЫЙНАЙ КУЛЬТУРЫ БЕЛАРУСАЎ
(в. Валёўка Дубровенскага р-на); «На хрэсьбіны кашу варілі нармальную: ці з рыса, ці с пшана, ці са сваіх круп, пярлоўку дажа варілі» (в. Міхалінава Дубровенскага р-на). Але нездарма ж кажуць: «Што край то абычай». Так і з бабінай кашай: гэта магла быць і яечня, прыгатаваная ў вялікай місцы і ўпрыгожаная зверху абаранкамі; любая выпечка з мукі, нават у выглядзе “курыцы с куранятамі”, піражкі з прасяной кашы: «На хрэсьбіны бабіна каша: пякла такі пірог круглы як торт, ня з круп, не, з мукі» (в. Бялькоўшчына Верхнядзвінскага р-на); «Баба, катора пуп атразаіць, пячэць кашу эта такія сухары. Такія сухарыкі накруціць, нарэжаць. Місу напячэць і закрыіць, завяжаць» (в. Асвея Верхнядзвінскага р-на); «На хрэсьбіны варылі кашу яіц наб’ець і ў печ» (в. Дзяньгубы Лепельскага р-на); «Бабіна каша эта не каша, а проста там пячэнне, канфеты. А раньшы каша с крупы, пярлоўкі. Эта цяпер культурнейшая каша» (в. Трасцянка Талачынскага р-на); «На хрэсьбінах баба далжна кашу мець купляіць канфеты, пячэнне бальшую міску. Ета яе каша і за ету кашу ёй аплачвалі» (в. Маскаляняты Гарадоцкага р-на). У некаторых вёсках на ўсходзе Беларусі лічылася неабходным прыгатаваць на хрэсьбіны тры кашы: ад бабкі, кума і кумы. А дзе-нідзе, акрамя крупяной кашы, яшчэ варылі сапраўдную курыцу. Прышоўшы ў госці, бабка ставіла прыгатаваную кашу ў камору на паліцу.