Радзіны і маленства ў традыцыйнай культуры беларусаў
Таццяна Кухаронак
12+
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 140с.
Мінск 2017
У в. Рубанаўка Мсціслаўскага р-на, атрымаўшы намёткі, бабка і кума вешалі іх на ікону, а самі скакалі па лаўках. Намёткі віселі там два дні, пасля чаго бабка і кума забіралі іх дадому. У Слаўгарадскім р-не Магілёўскай вобл. бабка, абкруціўшыся ў намётку, тры разы падскоквала і прыгаворвала: «Каб мой унук вялікі рос, вялікі рос, шчаслівы быў. Гоп, баба!» Намётку, якую баба атрымала ў падарунак, іншыя госці
імкнуліся ўкрасці, каб пасля атрымаць ад яе выкуп. У іншых вёсках было прынята, каб бабка, атрымаўшы падарунак, скакала і спявала прыпеўкі:
Ай, кум куме рад, павёў кумуусад: Шчыплі, кума, ягыдкі, каторыя салодкі. Каторыя горкі кідай маёй жонкі
(в. Лютня Мсціслаўскага р-на).
Пасля скокаў і прыпевак бабка вешала палатно на ікону.
Па прынятым у некаторых раёнах звычаі падарунак парадзіхі куме павінен быць болыны за падарунак, атрыманы ёю ад кумы, у шэсць разоў (Мазырскі павет) (П. Шэйн). Зрэдку кум, даючы парадзісе некалькі манет, прыгаворваў: «Кума куму халсціну, а кум куме палціну» (Е. Раманаў). Падарункі кумам і бабцы аддавала сама парадзіха, пры гэтым тры разы з кожным з іх цалавалася.
Абрад раздачы падарункаў таксама суправаджаўся адпаведнымі песнямі:
Наша бабка нядужа, На намётачку дасужа. Таўчы-малоць ай, туды, Намётачку дай сюды. Як таўчы-малоць бабка нядужа, Пад намётачку бабка дасужа
(в. Велеўшчына Лепельскага р-на).
Хрэсьбіны на большай частцы тэрыторыі Беларусі (за выключэннем Заходняга Палесся) завяршаў спецыяльны абрад пад назвай «цягаць бабку на баране». Для гэтай мэты выкарыстоўвалі як сапраўдную барану, пакрытую вывернутым кажухом, так і санкі, каляскі, начоўкі, нават лесвіцу. Трэба адзначыць, што выкарыстанне каляскі, санак пазнейшая з'ява, першапачаткова, у больш старажытныя часы, павітуху садзілі на барану, пакрытую кажухом, і цягнулі барану па зямлі.
Вось як, паводле сведчання П. Шэйна, весяліся нашы продкі ў канцы XIX ст.: «У канцы хрэсьбін бабка пачала нібыта капрызнічаць: “I хата ў цябе, унук, цесная і паскакаць мне негдзе”. Тады мужчыны запыталі гаспадара: “Чы ёсць у цябе коні, штоб пакатаць нашу княгіню-бабу?" Гаспадар на гэта адказаў: “I коні е, і карэта, пайду запрагаць”. У гэты час зайшоў у хату малады мужык з аброццю на шыі і сказаў: “Бабко, княгіня, паедзем у карчму, там і паскачаш". Каля ганка стаяла ручная каляска, на якой ляжала барана, накрытая кажухом. Двое мужчын узялі бабу на рукі і пасадзілі на каляску, прытрымліваючы яе, каб не саскочыла. Некалькі чалавек узяліся за дышла і хутка пацягнулі бабу ў карчму» (мястэчка Ельск Мазырскага павета).
РАДЗІНЫ I МАЛЕНСТВА Ў ТРАДЫЦЫЙНАЙ КУЛЬТУРЫ БЕЛАРУСАЎ
Часта бабу «цягалі на баране», размаляваўшы ёй шчокі ярка-чырвонай фарбай, сажай, націралі іх бураком, упрыгожвалі пер'ямі, каснікамі, жывымі ці штучнымі кветкамі, на галаву павязвалі шмат хустак, так, што атрымліваўся сапраўдны вянец. У рукі ёй давалі дубец або венік, якімі яна падганяла гасцей. Часам бабка ў час выканання гэтага абраду надзявала кажух, а ў руцэ трымала чырвоную стужку. У некаторых вёсках было прынята «цягаць бабу на баране» на другі дзень пасля святкавання хрэсьбін.
Госці выходзілі на двор, рыхтавалі санкі ці калёсы, садзілі бабку і везлі яе да карчмы або да хаты. Госці пераапраналіся ў карнавальныя касцюмы «доктара», «салдата», жанчыны у мужчынскае адзенне і наадварот, многія на галаву надзявалі рэшата, вымазвалі сабе твар сажай, ідучы па вуліцы, спявалі, крычалі, пляскалі ў далоні, стукалі палкамі ці качалкамі ў пустыя вёдры, чыгункі, ігралі на піле, гармоніку, балалайцы, спявалі.
Запрагайце, закладайце Да дванаццаць валоў, Адправадзьце, адвязіце Да бабульку дамоў.
Наша бабулечка, наша галубачка Падводанькі любіць, Да яна нам, малодзенькім, Да яна нам, харошанькім, Гарэлачку купіць.
Да не то купіць, не то купіць,
Да й падсалодзіць,
Да нам, малодзенькім,
Да нам, харошанькім,
Да вельмі нам дагодзіць.
Да запала, запала, Дарожка сняжком, Да пойдзе наша бабулечка Да дадому пяшком.
Да запала, запала
Да рожка расою,
Да пойдзе, наша бабунька,
Уся бяседа з табою
(Радзінная паэзія. С. 265).
А юбка мая, юбка ў точкі,
А пад юбкай сядзіць вылупіла вочкі
(в. Асавец Бялыніцкага р-на).
Цяганне бабы на баране ў час хрэсьбін у в. Вялікая Касіна.
Віленскі р-н. Фотаздымак Ю. Внуковіча
Цяганне бабы на баране ў час хрэсьбін у в. Вялікая Касіна. Віленскі р-н. Фотаздымак
Ю. Внуковіча
РАДЗІНЫ I МАЛЕНСТВА Ў ТРАДЫЦЫЙНАЙ КУЛЬТУРЫ БЕЛАРУСАЎ
Цяганне бабы на баране
ў час хрэсьбін у в. Вялікая Касіна.
Віленскі р-н.
Фотаздымак Ю. Внуковіча
Цяганне бабы на баране
ў час хрэсьбін у в. Вялікая Касіна. Віленскі р-н. Фотаздымак
Ю. Внуковіча
I ў пазнейшыя часы, як сведчаць нашы экспедыцыйныя запісы, гэты абрад карыстаўся вялікай папулярнасцю: «I бабу вязуць, і кума, і куму дамой, тады яны ва дваре частуюць. У карыта пасодзюць і цягнуць. / на калёсах, і на санях, я сем раз бабаю была, папавазілі! У нас падаркі ўцюжаць, содзяць на стула ці на скамейку ці бабу, ці кума, ці куму, а баба тады рашчытуецца, водку становіць, закуску. Эта назьр ваецца ўцюжаць падаркі» (в. Палядкі Краснапольскага р-на;; «Када ўжо хресьбіны згуляюць, кашу паб’юць, тады бабу садзяць у тачку. Прывязваюць туда кансервныя банкі, када вязеш па дзяреўні, яны брязгаюць. А я ў жалезнае вядро ложак накідаю / кручу, і барабаню такі лямант падымаецца, такі гармыдаль! / на санках вязуць, і ў карыце яком, усяк. / яшчэ разы два ці тры скінуць с санак па дароге. Дамой яе вязуць, а баба тады ўсіх гасцей частуя, усё сваё на стол выстаўляе» (в. Пачапы Краснапольскага р-на); «Бабу вазілі на тачке, і ніхто не напіўся ніколі, харашо было. Вязлі бабу к ей дамой, яна ўжо ўгашчала ўсіх» (в. Буглаі Краснапольскага р-на); «Ну, якую-небудзь каляску знойдуць ці калёсы, садзяць і вязуць, / песні пяюць усякія. Бабулю ету
на куце абаллюць вадою ўсю, а тады на вуліцы звозюць яшчо пад калонку і апяць аббаллюць тама, памыюць тама. Мяне як звазілі, як аблілі...» (в. Міхалінава Дубровенскага р-на); «Бабулю вазілі вазілі па вуліцы, у карыце, каб грымела. Вазілі, як дамой ужо расхадзілісь» (в. Ляды Дубровенскага р-на); «На лесніцы бабу вазілі ў піўнушкі. Пасадзюць на лесніцу і павязлі. А яна ім піва купляла» (в. Асвея Верхнядзвінскага р-на).
Уся працэсія рухалася па вуліцы ў накірунку да крамы або хаты, дзе жыла бабка. Па дарозе яе абавязкова тры разы, a то і болей, выкульвалі на зямлю (ці ў снег зімой): «Бабу вазілі на кресьбінах, хто ў карыце, хто на баране, кулялі, аж ногі задзярэ» (в. Канічы Касцюковіцкага р-на); «Бабулю цягалі на санках, на калясках, каб яна выкуплівалась, гарелкі давала. Еслі не дасць, казалі, утопяць» (в. Паршына Горацкага р-на).
Нарэшце, даставіўшы бабку ў краму ці ў яе хату, госці патрабавалі выкуп і ў хуткім часе атрымлівалі яго. Па традыцыі бабка абавязана была пачаставаць гасцей гарэлкай за ўласныя сродкі: «У магазін цягалі, санкі падчапілі к матацыклу. Усе парваліся са сьмеху. Там <у магазіне> угашчала, а каторая дамой. Гэта і цяпер ёсь» (в. Баркалабава Быхаўскага р-на); «У калясцы бабу вазілі, пасодзяць і вязуць, пяюць і к магазіну, яна ім плоціць» (в. Сава Горацкага р-на); «А тады бабу садзюць на барану і вязуць. Баба ім гарэлкі, а к бутылкі лентачку прывяжаць» (в. Асвея Верхнядзвінскага р-на); «На саначках цігалі бабу, пака бутылку не дась» (в. Бялькоўшчына Верхнядзвінскага р-на); «Цягалі бабу, на каляску паложаць да вязуць ужо к бабе, к куму і куме. Вязуць па вуліцу, ідуць ззаду да паюць ужо. / ўжо там частуюцца. Баба ж ведая, што яе прывязуць і прыгатуецца, стол, падходзяць, п’юць, ядуць» (в. Паварчыцы Салігорскага р-на).
У Мсціслаўскім р-не бабку цягалі на баране толькі па дварэ той сядзібы, дзе спраўлялі хрэсьбіны. Барану з бабкай, якая першы раз сядзела на ёй, а потым стаяла, цягалі тры разы ад хаты да брамы і назад да хаты. Пры гэтым госці прыгаворвалі розныя добрыя пажаданні для дзіцяці: «Каб шчаслівы быў», «Каб здаровы быў, жаніўся», «Каб ціхі быў, спагадлівы». У Клічаўскім р-не бабку пасля заканчэння хрэсьбін неслі па вуліцы ў пасцілцы некалькі мужчын па чарзе. У некаторых жа вёсках на калёсы ці санкі садзілі не толькі бабу, але і кумоў: «Бабу вазілі на калясцы дамой, яна тады ўгашчала хто вязець. I кума вазілі / куму вазілі, зімой на санках» (в. Вялікія Шарыпы Горацкага р-на). Апошнія адкупляліся ад астатніх гасцей таксама гарэлкай.
Калі ж бабка не хацела, каб яе вазілі па вуліцы, тады госці ў хаце садзілі бабку на стул, дзе ляжала падушка, і падымалі ўгору тры разы. Бабка пасля частавала іх уласнай гарэлкай. Тое ж самае ўдзельнікі хрэсьбін рабілі з кумамі і з дзедам мужам бабкі-павітухі, за што так-
РАДЗІНЫ I МАЛЕНСТВА Ў ТРАДЫЦЫЙНАЙ КУЛЫУРЫ БЕЛАРУСАЎ
сама ад іх атрымлівалі пачастунак. На гэтым хрэсьбінныя ўрачыстасці заканчваліся.
Праўда, у некаторых месцах напрыканцы хрэсьбін здзяйсняліся абрадава-магічныя дзеянні, закліканыя надзяліць дзіця любоўю і майстэрствам ў працы. Так, у беларусаў Смаленскай губерні па завяршэнні хрэсьбін, калі святкавалі нараджэнне дзяўчынкі кума хутка выбягала з хаты і хапалася за вядро, каромысел ці які-небудзь іншы прадмет, што ўваходзіў у лік прыладаў жаночай працы; калі нованароджаным быў хлопчык то бег кум і хапаўся за сякеру, саху, барану і г. д. На Віцебшчыне сустракалася такое павер’е: усе хлебныя крошкі, што заставаліся пасля хрэсьбін, раілася старанна сабраць і на працягу трох дзён даваць курам, выключаючы ўсялякі іншы корм, тады ў гаспадыні, лічылі, будуць рэдка нараджацца дзеці (М. Нікіфароўскі).
Самым блізкім ад святкавання хрэсьбін быў абрад ачышчэння нованароджанага пасля царкоўнага мірапамазання, які на Беларусі насіў назвы: муравінкі, жмуркі, зліўкі, змурынкі. У час царкоўнага хрышчэння дзіцяці разам з іншымі выконваўся і абрад мірапамазання, які павінен быў забяспечыць яму пры дапамозе наліплага на цельца масла «благадаць Боскую». Мяркуючы па этнаграфічных апісаннях XIX ст. і нашых экспедыцыйных даных, выконваўся абрад ачышчэння дзіцяці наступным чынам. На трэці, радзей на другі дзень пасля хрышчэння дзіцяці, пакуль збіраліся нешматлікія госці, у асноўным блізкія сваякі і кумы, павітуха рыхтавала ваду для купання дзіцяці, якое, акрамя ўласна купання, уключала яшчэ і рытуальнае абмыванне. Для гэтага абмывання бабка прыносіла авёс і хмель. Стол засцілалі кажухом, на кажух ставілі голае дзіця, на галаву якому клалі дзе-нідзе абаранкі (в. Гарадзец Быхаўскага павета) і аблівалі сумессю вады, аўса і хмелю. (Е. Раманаў). Затым бабка купала дзіця ў начоўках, як звычайна. Ваду пасля купання вылівалі абавязкова ў такое месца, дзе ніхто б не хадзіў і не заглядвалі сонца і месяц. Той жа сумессю, што заставалася ў місцы, павітуха мыла твары ўсім прысутным і выцірала іх ручніком. Некаторыя з гасцей кідалі пры гэтым грошы ў міску. Ён быў распаўсюджаны на ўсёй тэрыторыі Беларусі, за выключэннем Заходняга Палесся. На гэтым хрэсьбінныя ўрачыстасці заканчваліся.