• Часопісы
  • Радзіны і маленства ў традыцыйнай культуры беларусаў  Таццяна Кухаронак

    Радзіны і маленства ў традыцыйнай культуры беларусаў

    Таццяна Кухаронак

    12+
    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 140с.
    Мінск 2017
    41.83 МБ
    Дзіця падрастае: першы зуб, першы крок, першае пастрыжэнне
    Дзіця падрастала з кожным днём, а ў бацькоў з’яўляліся новыя клопаты. Нормы звычаёвага права прадугледжвалі прытрымлівацца ў далейшым пэўных правілаў паводзін пры тых ці іншых змяненнях у фізічным і разумовым развіцці дзіцяці.
    Шэраг абрадава-магічных дзеянняў здзяйснялі ў сям’і пры з’яўленні і выпадзенні першага зуба дзіцяці. Першы зубок у немаўляці прарэзваўся прыкладна ва ўзросце ад 6 месяцаў да 1 года. Для таго, каб гэты фізіялагічны працэс праходзіў лягчэй («каб зубы хутчэй праразаліся»), дзіця садзілі ў рэшата і вазілі ў ім па падлозе. Для таго каб зубы раслі моцнымі і не балелі, маці пры з’яўленні ў дзіцяці першага зуба жавала часнок і тры разы дзьмула («хукала») яму ў рот. На Палессі існавала павер’е, згодна з якім, для больш хуткага і лёгкага праразання зубоў рэкамендавалася павесіць на шыю дзіцяці свіны клык, воўчы зуб ці мяшочак з галавой мышы, што мела на мэце паўплываць на рост і моц зубоў (А. Сержпутоўскі). Для аблягчэння праразання зубоў раілася злавіць голуба, надрэзаць яму лапку і крывёю птушкі намазаць дзіцяці дзясну. А ўвогуле лічылася, калі ў дзіцяці доўга не прарэзваюцца зубкі, у яго будзе ўстойлівая псіхіка («будзе здаровае на голаў») (М. Федароўскі). Калі ў дзіцяці пачыналі рэзацца першыя зубкі, патрэбна было адрэзаць скурку ад сала і даць малому смактаць, бо лічылася, што тады будуць расці крэпкія зубы. На Магілёўшчыне сачылі за з’яўленнем першага зуба, таму што па месцы яго знаходжання, паводле
    народнага ўяўлення, можна было прадказаць лёс дзіцяці: калі зуб быў угары, лічылася, што дзіця хутка прамрэ, калі ўнізе будзе доўга жыць.
    Тэрмін службы першага камплекта зубоў, які называўся малочным, быў параўнальна невялікім. Змена малочных зубоў у дзяцей на пастаянныя пачыналася прыкладна ў 5 гадоў. I тут, паводле традыцыйных уяўленняў, патрэбна было праяўляць пільнасць, уважлівасць, бо ад таго, як абышліся з першым выпаўшым зубам дзіцяці, залежала, якія яны ў яго будуць пастаянныя. Першы выпаўшы малочны зуб кідалі за печ, на печ ці пад печ, каб астатнія трымаліся доўга. Наўзамен прасілі даць новы моцны: «А зубок кала галоўкі тры разы абкруціць і на печ: "Расці, зубок, новенькі”»
    Першы зуб.
    Фотаздымак А. Шрубок
    РАДЗІНЫ I МАЛЕНСТВА Ў ТРАДЫЦЫЙНАЙ КУЛЬТУРЫ БЕЛАРУСАЎ
    Печ. Фотаздымак Т. Валодзінай
    (в. Бялькоўшчына Верхнядзвінскага р-на); «Зубок абкруціш вакол галоўкі, пераксціш і на печку кініш» (в. Асвея Верхнядзвінскага р-на); «Першы малочны зуб кідалі на печ ці пад печ: “Мышка, мышка, на табе касцяны зуб, дай мне жалезны”. / цяпер так робяць» (в. Клінок Чэрвеньскага р-на); «Як прымерна первы зуб выпадзе, бралі эты зуб і круця кругом галавы: “Мышка, мышка, на табе касцяны зуб, а дай мне залаты” тры разы скажа і кіня туды на печ, у куток» (в. Будагова Смалявіцкага р-на); «Кідалі пад печку і гаварылі: "Мышка-барабышка, на табе касьцяны, а дай нам залаты» (в. Грудзінаўка Быхаўскага р-на).
    У іншых сем'ях яго «аддавалі мышы» з разнастайнымі прыгавораміпросьбамі: «Зуб <кідалі> / гаварілі: “Мышка, мышка, на табе касцяный, а мне дай залатый”» (в. Міхалінава Дубровенскага р-на); «Помню, як я малая была, дак бабуля мая, як зуб атваліўся, дак яна над гала-
    На печ кідалі першы выпаўшы зуб. Фотаздымак Т. Кухаронак
    вой пакруціла-пакруціла і куда-та кінула. Бабуля мне гаварыла: “Дай ей <мышы> зуб репный, а папрасі крепкій» (в. Ляды Дубровенскага р-на); «Пэрвы зуб выпадэ, кідалі на піч: “На тобі, мышка, косцянога, прынэсі нам зодотого"» (в. Пінкавічы Пінскага р-на); «Як выкінецца первы зубчык, кажам <дзіцяці>; «Бяры ў руку / нясі за комін кідай, хай мышка забярэ» (в. Касцяшы Уздзенскага р-на); «На табе, мышка, зубок прасты, а мне дай касьцяны» (в. Стары Дзедзін Клімавіцкага р-на).
    Моц, здароўе зубоў асацыяваліся ва ўяўленнях нашых продкаў з жалезам / золатам: «Зуб вываліцца, а тады: “Мышка-ламышка, на табе касцяны, а дай мне жалезны”. Такія разгаворы вядуцца» (пас. Леніна Краснапольскага р-на); «Мышка, мышка, на табе дзеравянны, а мне дай задаты» (в. Асвея Верхнядзвінскага р-на); «Якзуб выпадзець, кідалі ў вугал і гаварілі: “Мышка, мышка, на табе касцяный зуб, а мне дай залатый". Мяне так бабушка вучыла» (в. Паршына Горацкага р-на); «Першы зуб кідалі самэ дзіця за комін: “На тобе, мышка, косцяного, а мне дай зодотого» (в. Хатынічы Ганцавіцкага р-на); «Як зуба вырвіш, то кідалі і говорылы: “Мышка, на тобі порохнявого зубчыка, а мэні дай жалезного”» (в. Олтуш Маларыцкага р-на); «Бывала, на печ кінеш: “Вазьміця касьцянэй, а мнедайця залатэй”» (г. п. Хоцімск).
    Догляд за дзіцем у першы год яго жыцця праяўляўся і ў тым, каб навучыць яго поўзаць, сядзець, стаяць, хадзіць. Дзіця пачыналі садзіць толькі пасля таго, як яно само спрабавала гэта зрабіць, месяцаў у пяцьшэсць, абкладваючы з усіх бакоў падушкамі. Бацькі выраблялі невялікія зэдлікі з высокай спінкай і ледзь ніжэйшымі сценкамі-падлакотнікамі.
    РАДЗІНЫ I МАЛЕНСТВА Ў ТРААЫЦЫЙНАЙ КУЛЫУРЫ БЕЛАРУСАЎ
    Дзіця сядзела ў ім такім чынам, што спінка прыціскалася да задняй сценкі зэдліка, ручкі зручна ляжалі на падлакотніках. Праз куты сценак прапускалася драўляная планка своеасаблівая завала, якая засцерагала дзіця ад падзення. Падспінку падкладалася мяккая падушачка, каб немаўля не стукнулася патыліцай.
    У гэтым узросце дзіця пачынала ўжо актыўна рухацца спрабавала поўзаць, падымаць ручкі ўверх-уніз, самастойна пераварочвацца. 3 падтрымкай дарослых рабіла і першыя спробы стаяць на ножках каля апоры. У традыцыйных сем'ях для гэтага меліся спецыяльныя стойкі. Стойку рабілі як прыстасаванне ў выглядзе табурэткі з прарэзанай у верхняй дошцы круглай дзіркай, у якую ставілі дзіця, каб прывучыць яго стаяць на ножках.
    Першы крок дзіцяці выклікаў у сям’і ўсеагульную радасць. Але ж дзіцяці патрабавалася дапамога дарослых, каб засвоіць гэтае ўменне. Дзіця, якое рабіла першыя крокі, вадзілі па лаве, бо не так стамлялася спіна ў нянькі, або ставілі каля лавы, ускладвалі яго ручкі на край і ласкава клікалі да сябе. Хвалілі за поспехі і шчыра суцяшалі пасля чарговага падзення. Для прывучвання дзіцяці да хады амаль у кожнай вясковай хаце меўся хадунок. Часцей за ўсё гэта быў шост, які свабодна ўстаўляўся ў адтуліны ў бэльцы і падлозе. Дзесьці прыкладна на вышыні 60-80 см ад падлогі да яго гарызантальна прымацоўвалі другі шост ад 1 да 1,5 м даўжынёй з абручом на канцы. Вось у гэты абруч і ставілі дзіця, якое, перабіраючы ножкамі, хадзіла па крузе. Пазней
    Дзіцячая стойка этнаграфічны экспанат у этнаграфічным куткуўв. Барсукі. Кармянскі р-н. Фотаздымак Т. Кухаронак
    Хадунок для дзіцяці этнаграфічны экспанат у музеі народнай творчасці «Бездзежскі фартушок» у в. Бездзеж. Драгічынскі р-н. Фотаздымак Т. Кухаронак
    бацькі навучыліся рабіць хадункі ў выглядзе невялікага абруча з тонкай ляшчыны або лазіны на чатырох ножках з калёсікамі, у якіх малому было рухацца значна лягчэй.
    Калі дзіця ў год яшчэ не навучылася хадзіць, лічылася, паводле традыцыйных вераванняў, што яго скоўвалі нябачныя, але моцныя «путы», якія неабходна «разрэзаць». Для гэтага дзіця ставілі на падлогу і хто-небудзь са старэйшых нажом, нажніцамі ці лучынкай, проста рукой рабіў паміж ножкамі дзіцяці рух, які імітаваў разразанне. Пасля чаго ён працягваў рукі да дзіцяці і гаварыў / клікаў: «Ходачкі, ходачкі, хадулечкі». Лічылася, што пасля гэтага дзіця будзе хадзіць упэўнена, не будзе часта валіцца на падлогу ці на зямлю. Звычай дажыў да нашых дзён, у любой беларускай вёсцы некалькі чалавек з вялікай ахвотай раскажуць пра яго і пакажуць, як гэта рабілася: «А путы, як шагнець дзіцёнак, тады скарей хватаюць ножык
    Стойка для дзіцяці этнаграфічны экспанату музеі народнай творчасці «Бездзежскі фартушок» у в. Бездзеж. Драгічынскі р-н.
    Фотаздымак Т. Кухаронак
    РАДЗІНЫ I МАЛЕНСТВА Ў ТРАДЫЦЫЙНАЙ КУЛЬТУРЫ БЕЛАРУСАЎ
    Хадунок стойка ў в. Цераблічы.
    Столінскі р-н.
    Фотаздымак з Інтэрнэту
    Хадунок этнаграфічны экспанат з музея этнаграфіі філіяла Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея
    перярезаць між ног пута, каб ён скарей пашоў» (в. Ляды Дубровенскага р-на); «Да, баба путцы разразала, як пашоў» (в. Пінкавічы Пінскага р-на); «Дочка моя як пошла, свекроў раз і ножом, штоб ходыла хорошо» (пас. Гарадзішча Пінскага р-на); «Пачыная хадзіць, ножыкам так чік, паміж ножак» (в. Гарадзецкая Краснапольскага р-на); «Шчыталі, што дзіцёнак спутаны. А як первы шаг сдзелаець яму пута разразалі: ножыкам так чырк міжа ног па палу» (в. Асвея Верхнядзвінскага р-на); «Як пачынае хадзіць, нада пута перерезаць і нож лажыць уверьх лезьвіем» (в. Мышавое Касцюковіцкага р-на); «Путачка рэжаш, як зьмецца сам стаяць: ножыкам раз / разрэжаш» (в. Асвея Верхнядзвінскага р-на); «Якдзіця пойдзець між ножак так кресцікам» (в. Паршына Горацкага р-на); «Бывая дзіцятка яшчэ за руку водзяць, яно ніяк не адважыцца адчапіцца, то ножыкам шаргане па палу паміж ножак. Тады ўжо лічыцца, шю дзіця скора пойдзя» (в. Касцяшы Уздзенскага р-на); «Нажом вот так накрэст па палу, путы перарэзаць, штоб пашоў дзяцёнак» (в. Паварчыцы Салігорскага р-на); «Абязацельна путцы разразалі, я і сама так дзелала ўсягда. Дзіця пачынае хадзіць: раз-раз-раз пра-
    вядзеш кала ножак, разрэжаш путцы рукой. Тры разы правядзеш рукой па палу, нешта яшчо гаварылі» (в. Будагова Смалявіцкага р-на); «Пута разразалі, нейкія слава гаварылі. Нажом паміж ножак, каб стаяў, / па палу» (в. Хутар Быхаўскага р-на).
    Прыгаворы павінны былі ўзмацніць акцыянальнае дзеянне: «Во табе, сынок (дачушка), пута разрэзалі, цяпер ты пашоў (пашла)» (в. Васілёўка Хоцімскага р-на); «Дай, Божачка, у добры час» (в. Варатынь Бабруйскага р-на); «Прыпускаем у дарогу цябе» (в. Будняў Клічаўскага р-на).
    Здзяйсняліся ў беларусаў пэўныя абрадавыя дзеянні і ў тым выпадку, калі дзіця пасля спаўнення яму аднаго года не хадзіла: маці прыносіла ў падоле сарочкі некалькі гладкіх камянёў з перасохлага ручая і, расклаўшы іх на падлозе хаты, вадзіла па камянях дзіця датуль, пакуль яно моцна не стоміцца («пакуліцька яно не змардуецца») (М. Нікіфароўскі). У сям’і былі перакананы, што пасля гэтага дзіця пачне хадзіць. Калі гэта не дапамагала і заставалася небяспека, што дзіця зусім не пачне хадзіць («застанецца сідуном»), бацькі вясною выносілі яго на толькі што ўзаранае поле і, пасадзіўшы на зямлю, абсявалі вакол каноплямі. Затым назіралі: калі каноплі ўзыходзілі, спадзяваліся, што дзіця хутка пойдзе, калі ж не ўзыходзілі гэта сведчыла пра тое, што яно яшчэ доўга ці наогул не пойдзе. Добрым сродкам для таго, каб дзіця хутчэй пачало хадзіць, з’яўлялася катанне перад ім курынага яйка ў той час, як дзіця стала поўзаць («стала на дыбкі»), Шукалі паратунку і ў шаптух: «Як дзіця доўга не хадзіла, тады яго вязлі к бабкам лячыць. Былі такія бабкі, іх усе зналі і вазілі к ім лячыць. Яны там штота шапталі. Mae ўсе дзеці, слава Богу, пашлі да года, як адзінаццаць месяцаў так і пашлі» (в. Будагова Смалявіцкага р-на).