• Часопісы
  • Радзіны і маленства ў традыцыйнай культуры беларусаў  Таццяна Кухаронак

    Радзіны і маленства ў традыцыйнай культуры беларусаў

    Таццяна Кухаронак

    12+
    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 140с.
    Мінск 2017
    41.83 МБ
    Замужніх жанчын ніхто падчас жніва не вызваляў ад іх штодзённых абавязкаў: «Хватала этым жнеям: / вячэру наварыць, і дзяцей накарміць, і мужа не ўгнявіць» (в. Смалегаў Нараўлянскага р-на).
    Бяздзетнасць гора, няшчасце, але і шматдзетнасць таксама выклікала супярэчлівыя пачуцці ў навакольных. 3 аднаго боку, ідэал традыцыйнай сям’і дапускаў шматдзетнасць, таму маці вялікага сямейства карысталіся павагай, ім вясковая супольнасць давярала выкананне важных для ўсяго соцыума функцый: пачаць уборку новага ўраджая, абысці статак пры першым выгане на пашу і г. д. 3 другога з-за рэальных цяжкасцей, з якімі сутыкалася вялікая сям’я, бытавала мерка-
    Капанне бульбы. Палессе. 1935 г. Фотаздымак 3. Хамэнтоўскай
    ванне, што шматдзетнасць пасылаецца Богам за грахі, ці што яна вынік чараўніцтва: такая маці раджае за сябе і за другіх.
    Адносіны да маці залежалі таксама ад таго, ці былі жывыя ўсе яе дзеці. Трэба адзначыць, што пры высокай дзіцячай смяротнасці ў мінулым практычна ў кожнай сям'і былі дзеці, што памерлі ў першыя месяцы пасля нараджэння: «Няма той мамкі, каб не было ямкі» і інш. Асабліва вялікай была адказнасць маці, калі дзеці паміралі нехрышчонымі. Паўсюль у беларусаў (і не толькі) смерць дзіцяці, згодна з нормамі звычаёвага права, накладвала на маці абавязкі: яна не мела права есці садавіну, пакуль тая не будзе асвечана ў храме на Яблычны Спас (6/19 жніўня), бо ў такім разе яе дзіця на «тым свеце» не атрымае гэту садавіну: «У каго памерлі дзеці, яблыкаў ня елі да Іспаса. Прысказка такая была, што маці з’ела яблычка, дакусім дзецям на том свеце давалі па яблычку, а ямуўжо ня далі, таму дзіцяці. Кажуць, твая ж маці свіння: непасвяцоная яблыка з’ела. Дак ён ужо абіжаўся на том свеце, мальчык той. Мая мама ніколі ня ела яблыкаў да /спаса, бо хлопчык у нас памёр маленькі, да года» (в. Клінок Чэрвеньскага р-на); «Да Іспаса яблыка ўжо ня есць ці дзеці памёрлі, у каго сястра, ці брат, мужык, ніхто ня еў яблыкаў. Асабліва ўжо маці, у каго дзеці памёрлі, эта, кажуць, ім на том свеце яблычка не дадуць» (в. Касцяшы Уздзен скі р-на); «У каго дзеці памерлі, ня должан да Спаса есьці яблыкаў, бо малому на тым сьвеце не дадуць яблыка. Я да Спаса яблыкаў ня ем, у мяне маленькі памёр. Тады ўжо гэты яблычак <асвечаны> зьем нашча, на Спаса» (в. Акцяброва Кармянскага р-на); «Да Спаса ня елі яблыкі, у каго дзеці маленькія ўміраюць. Няльзя есьці яблыкаў, таму
    РАДЗІНЫ I МАЛЕНСТВА Ў ТРАДЫЦЫЙНАЙ КУЛЬТУРЫ БЕЛАРУСАЎ
    што тыя дзеткі будуць хацець яблычка, а ім не дадуць на тым сьвеце. Мама мая нікада ня ела, патаму што ў вайну двое маленькіх дзяцей у яе ўмерла» (в. Буркі Брагінскага р-на); «У кого деті умерлі, не елі. A то прыде до Бога: “Де мое яблоко? А Бог скажэ: “Твое яблоко сьвіня зьела”. Значыть, не выдержала <маці> / яму яблоко не попаде» (в. Грабяні Лельчыцкага р-на); «У каго памёр дзіцёнак малы, значыцца, такая мудрасьць дзеравенская: хто будзя есьці яблыка да Спаса, бацька ці маці дак тому дзіцяці на том сьвеце яблычка не дадуць. Будуць дзяліць на том сьвеце яблычкі на Спаса: усім дадуць, а тваё яблычка сьвіньня зьела. Дак у нас такія людзі, што дзеці памёрлі, ня ядзяць. А ўжо на Спаса тады пасьвецяць, а тады ўжо ядзяць» (в. Сцяпы Жлобінскага р-на); «У каго дзіцё ўмерла маме няльзя яблычка да Спаса есьці. Я помню, наша Анюта, у яе дзевачка памёрла, да Спаса зьеда яблыка. I сасніўся ёй сон, што, дзевачка яе гавора: “Усім прынясьлі па цэламу яблычку, далі, а мне дык кусочак толькі". Дак вот ета мне запала ў душу, за тое не далі <дзіцяці>, што мама зьела яблыка» (в. Стоўпня Рагачоўскага р-на); «Тая жанчына, шчо дзеці вміралі, не ела
    На Яблычны Спас
    у в. Рычоў. Жыткавіцкі р-н.
    Фота В. Лабачэўскай. 2007 г.
    яблыка, покі не посвяцяць. Казалі, то тогды дзеці ўмэршыя казалі на тым свіці: “У нас няма яблычка, наша яблычка свіння з’ела”. А праўда ці няпраўда, хто яго знае» (в. Вулька-1 Лунінецкага р-на); «Старыя людзі да Спаса ні елі яблыкаў, грушаў пака не пасвенцяць. Гаварылі, што ў каго памёрлі дзеці, бацькам няможна есці да Спаса яблыкі, бо на том свеце іх дзецям не дадуць яблыка» (в. Курылавічы Мастоўскага р-на); «Калі памёрлі дзеці, то яблык нільзя есьці да Спаса, бо на тым свеці, як будуць дзяліць дзецям яблычкі, то ўсім дадуць, а твайму не дадуць. Скажуць, што тваё яблычка свіння з’ела» (в. Лозкі Дзятлаўскага р-на).
    У многіх раёнах з асвечанымі яблыкамі наведвалі могілкі, «кабдзецям на том свеці далі яблычка».
    Узаемаадносіны паміж роднымі і хроснымі бацькамі, хроснай бабкай
    Да спаўнення дзіцяці аднаго года ў беларускай вёсцы выконваліся звычаі і абрады, закліканыя наладжваць адносіны, якія ўзніклі паміж сям’ёй дзіцяці, з аднаго боку, і кумамі і хроснай бабкай з другога. На ўсходзе Беларусі сустракаўся звычай пад назвай «несці кумам пірагі» пакуль дзіцяці не споўніўся год: парадзіха пякла жытні ці пшанічны хлеб і несла яго (абавязкова няцотную колькасць булак) і падарункі кумам і хроснай бабцы, яны ж давалі ёй грошы, а пазней павінны былі аднесці («аддзячыць») ёй свае пірагі. У некаторых вёсках згаданы звычай захаваўся да нашых дзён: «Пірагі ж насілі ў Каляды, пакудава годзіка нету дзіцёнку. Нада ж было, штоб было пяць, трі, нячетная чісло. Парадзіха насіла куму, куме і бабі. Первы дзень носяць бабе, на Новы год ілі Кряшченье, ілі любы другі дзень, у цяченіі Каляд нада было пірагі разнясці» (в. Гарадзецкая Краснапольскага р-на^; «Калі я нарадзіла дзіця, то я на Пасху адзін раз нясу сваім кумам падарак, валачобнае, і бабе таксама булку, яйкі / яны назад даюць булку, яйкі / падарак. Толькі адзін раз» (в. Пратасы Акцябрскага р-на).
    I ў далейшым кумы і бабка з унукамі дапамагалі адзін аднаму выконваць разнастайныя сельскагаспадарчыя работы, падтрымлівалі сяброўскія адносіны, наведвалі адзін аднаго на значныя каляндарныя святы, абменьваліся падарункамі: «Хрышчоныя бацькі звалі, вот я, напрымер, перахрысьціла дзіця ў каго, дак тая маці прыносіць пірог, яец сколькі возьме, і ўжо кажа: “Бабцы ці куме атнясу пірог”. Адзін дзень бабцы носяць, другі дзень куму, а трэці дзень куме» (в. Касцяшы Уздзенскага р-на); «У нас на Пасху носяць валачэньніцы ў каго радзілася дзіця на гэтым годзе. Дак ужэ нясе к бабе, к куме, к куму п'юць, гуляюць усю Пасху» (в. Ленькі Слуцкага р-на); «Вот у мяне кума, вот сабіраюцца ў панядзелак і нясуць валачобнае. Прынесьлі яечкі, падаркі, булкі. Я ўжо іх частую, бо гэта ж кумы мае. А тады ж я іду, нясу, кладу яечкі, колькі ў іх дзяцей: адно дак адно, пяць дак пяць. У белай хустачке, у вузялок звяжам і нясем. Пачастуюцца. А, як невялікія дзеці, гадоў па 5-6, то старыя не ідуць, а дзяцей атпраўляюць і к бабцы, / к хросным» (в. Пратасы Акцябрскага р-на).
    Паўсюдна на Беларусі бабка і хросныя бацькі на Вялікдзень наведвалі сваіх малых хросных унукаў / дзяцей, насілі ім фарбаваныя чырвоныя яйкі і іншыя падарункі: «А бабкі-павітухі, што дзяцей прымалі пры родах, давалі сваім унукам па пяць яек» (в. Шутавічы Смаргонскага р-на); «На Вялікдзень булку прынясуць, яічка красненькае. Бабка пры-
    РАДЗІНЫ I МАЛЕНСТВА Ў ТРАДЫЦЫЙНАЙ КУЛЬТУРЫ БЕЛАРУСАЎ
    Абмен яйкамі ў в. Гайна. Лагойскі р-н. Фотаздымак Л. Загорскага
    носіць, маці хрышчоная прыносіць дзецям, і бацько хрышчоны гэтак дае. Звалі “мой хрышчэнік”, а дзеці “мама кросна”, “тата кросны"» (в. Паварчыцы Салігорскага р-на). У некаторых раёнах, наадварот, дзеці, абавязкова прыгожа апранутыя ў новае адзенне, на другі, радзей, першы дзень Вялікадня, наведвалі сваіх хросных бацькоў, хросную бабку: «Хадзілі ў валачобнае на другі дзень. Устаем рана, ужэўсе начаку. Каб хутчэй па валачобнае. Ужэ мама дасць хустку з галавэ чысьценьку, увяжа там булкі ў тую хустачку, і бяжыш ужэ па валачобнае. Бяжыш перша да хрышчонай, да хрышчонаго, аддаеш ім гэту булку, а яны сваю булку ложаць, і шчэ яіц дзесятак давалі. Такая мода была. А там ішчэ, хто і канфет дась, а як ішчэ дзед / баба есь, то ляцімо шчэ іда дзеда, і да бабы» (в. Вішнёўка Бераставіцкага р-на).
    У паўднёвых раёнах Беларусі ў велікодны святочны дзень дарослыя мужчыны і жанчыны хадзілі ў госці да бабкі, што «бабіла» іхніх дзяцей, насілі ёй так званае валачобнае: пірагі, асвячоныя ў царкве стравы, палатно, намітку, гарэлку і інш. (А. Сержпутоўскі). Пра гэты звычай добра памятаюць сучасныя носьбіты традыцый: «У нас валачонае яшчэ насілі бабе, каторая бабіла: есьлі рабёнку споўніўса год, бабе насілі пірагі / валачонае. Парадзіха на Вялікдзень нясе бабе валачонае, а баба саатветственна дае сваёй унуке эта ўнукі называюцца свой падарак, абменьваюцца падаркамі» (в. Рог Салігорскага р-на). Наогул, у цёплы святочны дзень на вуліцы можна было пабачыць дзяцей усіх узростаў.
    У Магілёўскай губерні, напрыклад, на другі дзень Каляд ладзілі «бабіны». У гэты дзень бабка наведвала сваіх прыёмных унукаў і прыносіла ім пірагі і гарэлку. На другі вечар гаспадар кожнай хаты, дзе пабывала з візітам бабка, прыносіў ёй у адказ свой падарунак. На наступны дзень унукі збіраліся ўсе разам, ішлі да сваёй бабкі, урачыста выводзілі
    Дзеці на вуліцы. Фота з Інтэрнэту
    яе на двор, усаджвалі на санкі і вазілі па вёсцы, завозячы па чарзе ў госці да кожнага з іх (А. Дэмбавецкі).
    У тых раёнах Беларусі, дзе святкавалі Масленіцу, у адзін з дзён масленічнага тыдня жанчыны наведвалі бабку-павітуху. Яны з усёй урачыстасцю выводзілі яе з хаты, саджалі на сані і вазілі па вёсцы з шумам, смехам, крыкамі і песнямі, акампанементам для іх служыла стуканне качалкі па пустых вёдрах. Сама павітуха і ўсе навакольныя лічылі гэта вялікім гонарам для яе, праяўленнем павагі. Павазіўшы так «гераіню дня» па ўсёй вёсцы, уволю накрычаўшыся, жанчыны цягнулі сані да карчмы ці да хаты і частавалі бабку, выказваючы ёй падзяку за своечасовую дапамогу і падтрымку падчас родаў кожнай з іх, жадаючы здароўя і найчасцейшага выкарыстання яе акушэрскага ўмення.
    У аповедах носьбітаў традыцый, запісаных у апошнія гады, гэтыя звычаі і паводзінныя стэрэатыпы ўсебакова асвятляюцца: «У нас на Масленіцу ў чацвер бабуля сабірала ўнукаў у госці, павітуха сваіх унучак сабірала ў госці. А кажная <жанчына> нясе там гасцінцы, падаркі. Бабка стол накрывая і гуляюць» (в. Чорны Бор Быхаўскага р-на); «На Масленіцу бабуля ўнучак сабірала, гэта ў чацьвер на Уласся, унучак сваіх і сваіх роцьсцьвеннікаў. Звала як у госці, ставіла стол. Падарак няслі бабулі, каждая ўнучка нясла» (в. Заходы Шклоўскага р-на);