Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
Ці не з месяц мінула, перш чым Глеб па-сапраўднаму пагаварыў з Лізаю. Помніцца, ён вяртаўся з заняткаў і дагнаў Лізу,— яна таксама вярталася з заняткаў, і ім акурат выпала разам ісці дадому. Глеб адразу ж, радуючыся выпадку, спытаў, чаму Ліза трымаецца неяк дзіўна, нават
у размову і то не ўступае. I пачуў тое, што прымусіла яго яшчэ мацней і па-асабліваму пакахаць Лізу. Выявілася: за знешняй весялосцю хавалася вялікая чалавечая трагедыя. I, можа, таму, што гэтая трагедыя насілася доўга ў душы, яна вылілася, быццам вада, калі здымаюць запруду,— бурна і ўся адразу. He, не такая, звычайная, як ва ўсіх, была Ліза дачка ў даволі багатых і маўклівых гаспадароў. Хоць Ліза і называла гаспадара і гаспадыню «татам» і «мамай»,— не была яна ім роднаю. Сапраўдныя тата і мама яна не ведала дзе. Помніла толькі — жыла яна з татам і мамаю ў нейкай вялікай драўлянай хаце, якая стаяла не то ў лесе, не то ў парку. Неяк увечары на іх хату напалі невядомыя — на конях, з шаблямі, вінтоўкамі. Паставіўшы бацьку і маці да сцяны, яны доўга нешта патрабавалі. Тыя ці то таго не ведалі, ці не мелі, не маглі даць... I тады коннікі пагналі паперадзе сябе бацьку і маці, хоць яны і плакалі, прасілі пусціць, маўляў, у іх малое дзіця...
Яна, Ліза, ахопленая жахам, дачакалася, калі зніклі за дрэвамі коннікі, і таксама пакінула дамоўку, бо аставацца адна баялася. Ноч, дзень блукала па лесе, потым па полі, пакуль не прыбілася ў вёску. Але хто хацеў апекавацца чужым дзіцем? У кожнай хаце іх і сваіх хапала — як адчыніш дзверы — і за сталом, і на падлозе, і на печы поўна. А есці, карміць, адзяваць... Няма каму. Тады ж, як Ліза цяпер ведае, некалькі гадоў запар ішла вайна, потым была рэвалюцыя, яшчэ адна вайна, ужо грамадзянская... Прыняла да сябе Лізу жабрачка, цётка Анэта. 3 цёткаю Анэтаю — амаль голая і галодная, у пошуках хлеба Ліза пратупала, перамерала сваімі босымі нагамі не адну сотню кіламетраў, пакуль не прыбілася ў горад. Цётка Анэта была скупая і сквапная, ані не шкадавала павадырку — біла, цягала за косы, выпраўляла адну з працягнутаю рукою на базар. I калі Ліза не прыносіла таго, што цётка Анэта хацела, не карміла яе, выганяла на ўсю ноч куды вочы глядзяць. Тады ў горадзе шмат было беспрытульнікаў, і Ліза аднойчы не вярнулася да цёткі
Анэты — сама стала беспрытульніцай. Да самай глыбокай восені яна начавала дзе трапіць, кармілася чым бог пашле. Урэшце, знясіленая, хворая, ледзь жывая апынулася ў дзіцячым прытулку, адкуль яе і ўзялі да сябе на выхаванне бяздзетныя гаспадары — сённяшнія «тата» і «мама».
— Дзе ж падзеліся мае сапраўдныя тата і мама, хто яны,— я не ведаю,— гаварыла з сумам у голасе Ліза.— I шукаць іх, калі не помню нават прозвішча, як? Ды і дзе мы жылі, што за хата была ў нас — свая ці чужая? I хто былі тыя коннікі, што забралі і кудысьці пагналі бацьку і маці? Немцы? Палякі? Белыя? Чырвоныя? Зялёныя?
Закацілася за Сапяжанку, села сонца, цемра і змрок паволі ахутвалі горад, а Глеб і Ліза, ахопленыя нейкім новым, незразумелым пачуццём, ніяк ці то не асмельваліся, ці то баяліся пераходзіць мост праз раку, ступаць на яго. Набліжаліся, глядзелі адно на аднаго і зноў, зноў аддаляліся.
— А са мною чаму ты так дзіўна паводзіш? — пытаў — не мог утрымацца — у Лізы Глеб.
— Ой, што ты... I тата, і мама забаранілі мне. «Каб нічога ніякага! — такі іх наказ.— Вось закончыш вучобу, тады і жаніха табе пакажам. Мы яго падабралі ўжо».
— I што за жаніх, хто ён?
— He ведаю,—ціснула плячыма, усміхалася Ліза.— Ды, шчыра кажучы, мяне гэта і не цікавіць. Мне б інстытут закончыць, паехаць адсюль.
— Куды?
— Куды заўгодна. Ох, як надакучыла, абрыдла быць дома і не дома, ва ўсім падпарадкоўвацца, слухацца, спяваць, смяяцца, калі плакаць, выць хочацца.
I на вачах у Лізы нагарнуліся слёзы, яна сапраўды раптам заплакала. Крыўдліва, наўзрыд...
Захоўваючы ў межах дамоўкі тыя ж, ранейшыя, адносіны, Глеб і Ліза пачалі ўсё часцей і часцей сустракацца — па дарозе на заняткі і дадому, у парку ці проста каля ракі, але так, каб не бачылі, нават не здагадваліся пра гэта гаспадары хаты, дзе яны жылі.
— Раней, да цябе, у нас дзяўчаты-студэнткі на кватэры былі,— расказвала Ліза.— Я з імі пасябравала. I бацькі мае... Папрасілі іх з хаты, маўляў, яны дрэнна ўплываюць. Узялі цяпер цябе, хлопца, але папярэдзілі — каб я з табою ні-ні, ніякіх адносін... Калі што заўважаць — адразу ж з кватэры цябе папросяць.
— Няўжо гэтым яны хочуць адгарадзіць цябе ад свету? Ды і хто яны, урэшце? — пытаў Глеб.— Колькі ні прыглядаюся, зразумець ніяк не магу.
— Звычайныя мяшчане. Каб ім добра было — і ўсё. А што дзе па-за межамі іхняга дома робіцца — іх не цікавіць. Ды яшчэ надта ж прагныя да пажывы. Раней усё гародніну вырошчвалі, на базары прадавалі. Радыску, салату, моркву, агуркі, памідоры... Мама цэлае лета прастойвала за прылаўкам... А цяпер іншым заняліся — свіней разводзяць, качак, гусей. I пакойчык вось здаюць, грошай мець больш хочуць.
— Мяшчане-то мяшчане, але ж цябе, бачыш, у інстытут аддалі, каб вучылася!
— А чаму аддалі — ты ведаеш? Каб свой хатні доктар быў, лячыў іх. Так яны і сказалі мне, калі ў інстытут пасылалі. «Вось вывучышся на доктара — і клопату ніякага мець не будзем. Калі што якое — дома свой доктар!» Але няхай, я людзей люблю і буду дапамагаць кожнаму. Можа, таму людзей люблю, што не хапала іх мне, расла ў адзіноце, яны, мае новыя бацькі, адгарадзілі мяне ад усіх і ўсяго. Як у турме якой... Ніхто ніколі ні да мяне не ходзіць, ні я да каго б там ні было не хаджу. Адна, увесь час адна... У іншых святы ёсць, дні нараджэння... А ў мяне... Адзін бясконцы будзень. Ох, як абрыдла мне гэта! Каб, здаецца, можна было, кінула б усё і пабегла куды вочы глядзяць. I разам з тым... Падумаю іншы раз... Усё ж узялі мяне яны для нечага, кармілі, даглядалі, адзявалі, значыцца, на штосьці спадзяваліся. Хаця... I ката ж, сабаку іншы раз некаторыя бяруць, важдаюцца, даглядаюць, як дзіця...
Жывучы ў адной хаце, Глеб пачаў пільней прыглядацца да гаспадара і гаспадыні. Гаспадар — Пятро Трахімавіч —
быў з выгляду няўклюдны, з немалым жыватом і таўсматым, адутлаватым, трохі як бы жаночым, тварам. Ён, калі ні прыйдзеш, поркаўся з нейкімі не вельмі чыстымі вёдрамі, цабрамі, ражкамі,— мыў, тоўк бульбу, нешта мясіў, насіў у хлеў, карміў свіней, гусей, качак. Гаспадыня — Марына Міканораўна — не па гадах вяртлявая, відаць было, што працаваць асабліва не любіла, брудную і цяжкую работу спіхвала на мужа, сама ж дома стыкалася рэдка, бегала ці то па магазінах, ці так дзе і пастрэльвала вачыма за мужчынамі, кожнага праводзіла паглядам, хто ёй чымнебудзь падабаўся, нават не прапускала ніколі, каб не звярнуць увагі і на яго, Глеба. Вельмі можа быць, што яна разлічвала на нешта, калі яго, плячыстага і з выгляду не па гадах сталага, брала да сябе на кватэру.
— А што, мамка твая, відаць, падгульвае, рожкі татку стаўляе? — аднойчы не вытрымаў, спытаў Глеб у Лізы.
— Было,— заўсміхалася Ліза.— 3 кватарантам адным... Татка раней часу дадому вярнуўся... 3 таго часу дзяўчат толькі на кватэру бралі. А цяпер... Бачыш, мне сурова наказалі, каб я нічога ніякага з кватарантам не мела.
— Разумею,— заўсміхаўся ён, Глеб.
— О, каб ведаў хто-небудзь з іх, што мы сустракаемся, што ў нас...— яна не асмелілася сказаць, а мо і сама яшчэ не ведала, што ў іх з Глебам.— Яны б... Hi дня не трымалі цябе на кватэры, папрасілі б адразу ж вызваліць пакой.
— Думаеш, вельмі б напалохалі? — смяяўся, рагатаў Глеб.— Кватэр у горадзе хапае, абы грошы. I з табою лягчэй было б сустракацца. Магла б і да мяне прыходзіць...
— А ты... Перайдзі на другую кватэру! — загарэлася, натхніла Ліза Глеба.— О, як бы добра было, як бы я хацела таго! Уяўляеш, не дадому спяшацца, а да цябе! I не баяцца, што хтосьці нас убачыць, маці ці бацьку скажа! А то я... He ведаю, як ты, а я... Трываць больш не магу... Адзіны чалавек, з кім і пабыць, і пагаварыць хочацца... Блізка, побач... А нельга!
Ліза прыхінулася да Глеба і змоўкла, задумалася...
I Глеб паслухаўся Лізы, перабраўся жыць з Сапяжанкі ў зусім іншы раён горада. Праўда, за пакойчык, таксама ў драўляным доме, давялося плаціць амаль удвая даражэй, але затое якое цікавае, напоўненае дасюль нязведаным і шчаслівае было жыццё там! He жыццё, а казка. Зіма, вясна прамінулі як адзін дзень. Было, што Ліза прыбягала ледзь світала, было — уцякала з лекцый, было — спяшалася пасля заняткаў не дадому, а да яго ў пакойчык, дзе ён, як змовіліся, нецярпліва чакаў яе. Разам яны елі, што паспяваў прыгатаваць ці купіць ён, пілі чай і... Гаварылі, гаварылі. Гаварылі пра ўсё, што толькі іх хвалявала, цікавіла. Успаміналі маленства і дзяцінства, як хто і дзе жыў, школу, настаўнікаў, не забывалі і выкладчыкаў, студэнтаў, з якімі вучыліся і практыкаваліся, тое, чым жыла краіна і свет. Іх, як усіх тады, асабліва турбавала адно — будзе вайна з Гітлерам ці не будзе. Мяркуючы па тым, што рабілася ў Еўропе, як фашысты захоплівалі, паглыналі краіну за краінай, можна было здагадацца — нічым не задаволяцца яны, нападуць на нас... I гэта прыдавала спатканням, сустрэчам нейкае асаблівае хваляванне, не толькі таемнасць, але як бы і трывогу. Можа, таму так хутка і здарылася тое, чаго і Глеб, і Ліза хацелі, да чаго імкнуліся, што непазбежна павінна было адбыцца. I яны... He, не разгубіліся, а... Жылі як муж і жонка. Глеб першы адчуў, што ўсё зайшло далёка, і аднойчы прапанаваў Лізе пайсці ў загс і аформіць тое, што ў іх было.
— Ой, што ты! — замахала рукамі Ліза.— Дай інстытут закончыць. Бо і дома ў мяне... Ды і ў інстытуце... Ніхто ж са студэнтаў не жэніцца, замуж не выходзіць.
— Ды яно быццам...— няёмка пачуў сябе Глеб.— Нядобра гэта. Жывём як муж з жонкаю і не жанатыя...
— Ведаю, ведаю...— чырванела Ліза,— I ўсё ж давай пачакаем...
— Чаго чакаць? Мы кахаем адзін аднаго, нам удваіх добра. А тое, што ў цябе дома... Ці што мы студэнты... Неяк усё ўляжацца, прывыкнецца...
— Яно так. I ўсё ж... Давай не будзем спяшацца. Пакуль можна, пакуль нічога ніякага, пажывём як ёсць. Тым больш што лепш, як цяпер, ці будзе хоць калі нам...
Ліза тулілася да яго, Глеба, цалавала... I ён... Хоць і не згаджаўся, але змаўкаў, спыняў размову.