Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
яно расце без бацькі ці маці. Бо дзіця ад маці бярэ адно, а ад бацькі — іншае. А так... Гармоніі ніякай няма. Праўда, калі ён пазнаёміўся, а потым і ўзяў замуж Вераніку, якая вырасла без бацькі, ён крыху супакоіўся, змяніў свае адносіны да ранейшых перакананняў. Можна, аказваецца, і без бацькі чалавекам вырасці, усё залежыць і ад самога сябе, і ад маці. Ды і ад абставін, у якіх чалавек выхоўваецца. Але ж... Дараваць тым бацькам, якія кідаюць дзяцей, думаюць перш за ўсё не пра іх, а пра сябе... He, не мог!
I таму да паведамлення Веранікі, што прыехаў яе бацька, аднёсся не так, як, мусіць, аднёсся б іншы. Можа б, той і ўзрадаваўся, кінуў бы працу, паспяшаўся б дадому. Як жа — падзея такая! Столькі год пражылі і не бачылі чалавека, якому абавязаны — Вераніка жыццём, ён — тым шчасцем, якое падараваў лёс, даўшы ў жонкі Вераніку. Тым больш што калі прыязджалі з вёскі яго бацькі — маці, бацька ці хто-небудзь з братоў, сясцёр, Вераніка радая была, сустракала іх як родных, нічога дзеля іх не шкадавала.
Паклаўшы трубку на тэлефонны апарат, Уладзімір Ігнатавіч пастаяў, падумаў, правільна ён зрабіў ці не, што не адклікнуўся на просьбу Веранікі, не паехаў дадому, потым паволі, у одуме, пайшоў па калідоры. Куды — і сам не ведаў. Урэшце, апынуўшыся ля акна, адчыніў яго, закурыў.
Акно выходзіла ў невялікі сквер, засаджаны ліпамі, таполямі, каштанамі. Якраз была вясна, цёплы, нават трохі парны надвячорак, і па алеях і дарожках прагульваліся, сядзелі на лаўках хворыя і тыя, хто прыйшоў іх праведаць. Надвор’е спрыяла — свяціла яшчэ даволі яркае майскае сонца, і дрэвы, здаецца, на вачах зелянелі, апраналіся ў свой густы летні ўбор. Пахла маладой клейкай лістотай, крычалі, аж глушылі ўсё наваколле, радуючыся цяплу і сонцу, птушкі — шпакі, вераб’і, гракі...
I чым больш стаяў Уладзімір Ігнатавіч ля акна, тым больш пераконваўся: ён зрабіў правільна, што не паехаў дадому. I будзе яшчэ больш правільна, калі ён і наогул
не паедзе, не ўбачыць таго бацькі, не пазнаёміцца з ім. Няхай той невядомы чалавек, хоць на старасці, перад смерцю адчуе, што ён не такі, як усе, што некалі ён зрабіў тое, што яму не даравалі і не даруюць ніколі. Калі забыла свае крыўды, свае слёзы Лізавета Пятроўна, забыла Вераніка — бацька ўсё ж! — дык... Ён, зяць, па-мужчынску пакарае яго — не прыйдзе дадому, не з’явіцца, аж пакуль той не вызваліць кватэры, не паедзе з горада. Урэшце, ён, зяць, мае на гэта права. He хацеў пазнаёміцца раней — не трэба і цяпер! Вучыць трэба некаторых, каб ведалі, помнілі, хто яны.
Зачыніў акно. Рашуча, як ніколі, пакрочыў звыклаю, амаль салдацкаю паходкаю на вуліцу...
Вераніцы пазваніў апоўначы, сказаў, каб не чакала яго сёння, ён не прыйдзе дадому.
— Дзе ты? — са слязьмі ў голасе спытала Вераніка.
— Я ля ракі... у парку...— сказаў ён.— Помніш алею, дзе я ўпершыню цябе ўбачыў, пазнаёміўся...
— Што ты там робіш?
— Гуляю, думаю.
— А дадому калі вернешся?
— Тады, як паедзе, выберацца гэты твой... бацька. Так можаш яму і сказаць.
— Валодзечка, нікуды не ідзі, мяне пачакай. A то я... Як непрыкаяная...
Вераніка апранулася хутка і ціха, непрыкметна, нічога нікому не сказаўшы, вышмыгнула за дзверы, пайшла з кватэры...
Праз тыдзень атрымалі тэлеграму: «ПАМЁР БАЦЬКА ГЛЕБ ІВАНАВІЧ ВЯРСОЦКІ ПАХАВАННЕ ЗАЎТРА А ТРЭЦЯЙ ГАДЗІНЕ ДНЯ».
Прычыну смерці не высвятлялі, і на пахаванне ніхто, нават Лізавета Пятроўна, не паехаў...
Тыя
Фантастычнае апавяданне
Чаму раптам захацелася мне расказаць пра гэта? I сама не ведаю. Толькі... Рупіць і рупіць. Адчуванне такое, быццам падганяе хто, пад локаць штурхае, на вуха шэпча: «Ну, не марудзь, пішы...»
I я, не ў змозе супраціўляцца, пішу...
...Тады, у той вечар, я сядзела ў парку пад старымі таполямі ля вадаспаду, слухала шум вады, глядзела на зоры, што высыпалі густа, як ніколі, і думала пра тое, што займала ў апошнія дні мяне больш і больш,— пра неапазнаныя лятучыя аб’екты, што з’яўляюцца то тут, то там у небе, пра сляды, што пакінулі ў самых нечаканых месцах на Зямлі іншапланецяне... I не заўважыла, як падышоў да мяне незнаёмы чалавек — прыкладна маіх год, у меру рослы, у меру плячысты, з спакойнымі, разумнымі вачыма, мужным, хударлявым тварам і сцятымі, вельмі ж валявымі губамі — якраз такі, якія мне падабаюцца, якога быццам стварыла маё ўяўленне, калі я марыла, каго б магла пакахаць і за каго выйсці замуж,— і спытаў, ці можна яму прысесці, таксама паслухаць шум вадаспаду. Я, ні слова не кажучы, моўчкі пасунулася на край, дала яму месца.
— Аднак вы смелая,— сказаў незнаёмец,— У такі позні час адна ў парку...
— А які цяпер час? — спытала, як бы апамятаўшыся, я.
— Другая гадзіна ночы...
— Ой, і праўда ж,— слахапілася я, што заседзелася.— Заўтра ж на працу...
Я паднялася, каб пайсці. I трэба ж — акурат на набярэжную, куды мне трэба было кіравацца, вывалілася аднекуль вялікая, шумная кампанія падлеткаў. Я ўявіла на хвіліну, што яны могуць са мною зрабіць, калі траплю ім на вочы,— адна, у бязлюдным, амаль неасветленым парку,— і ад страху міжвольна сцепанулася.
— Можна, я правяду вас? — паслужліва прапанаваў, быццам прачытаўшы мае думкі, незнаёмец.
Я паглядзела на яго больш уважліва — здаецца, нічога такога не было ў ім, каб баяцца,— і кіўнула галавою, згадзілася. I мы — я і незнаёмец,— не падымаючы адно на аднаго вачэй, паволі пайшлі насустрач шумнай кампаніі. Як толькі мы наблізіліся да паддеткаў, адзін з іх, расхрыстаны, кудлаты, убачыўшы мяне, закрычаў:
— Хлопцы, і шукаць нікога не трэба! Адной на ўсіх хопіць!
Мой праважаты імгненна змяніўся з твару. I не паспела я згледзець, як ён апынуўся ля крыкуна. Схапіў яго загрудкі, калатнуў, ды так, што аж нешта ў кішэнях у таго зазвінела — няйнакш манеты.
— Ану, смаркач,— прашыпеў ён,— прабачэння прасі!
I той, даволі рослы і, па ўсім відаць, дужы, спартыўнага складу, паддетак нейк ураз зніякавеў.
— Я пажартаваў,— залапатаў, вінавата заўсміхаўся ён.— Даруйце, перапіў...
Незнаёмец адпусціў крыкуна, вярнуўся да мяне. Я, каб не выглядаць выпадковай сустрэчнай, узяла яго пад руку, і мы пайшлі, не азіраючыся на кампанію. Кампанія таксама,— а было падлеткаў чалавек з дзесяць,— прысаромленая, пайшла сваёй дарогай.
— Які вы смелы! — выказала незнаёмцу ўголас я сваё захапленне. (Прызнаюся, я марыла менавіта пра такога чалавека, калі думала, хто будзе ў мяне муж.)
— Ніякай смеласці тут няма,— сказаў незнаёмец.— Проста не люблю дрэні, не люблю, калі язык лішне распускаюць, п’яныя ці цвярозыя. Дарэчы, мяне завуць Анатоль Іванавіч, Толя...
— А мяне... Каця,— чамусьці засаромелася я.
— Ну вось, мы і пазнаёміліся,— як бы з палёгкай уздыхнуў Анатоль Іванавіч,— A то, на выпадак чаго, нават як зваць адно аднаго, не ведалі... Вы дзе жывяце? — спытаў ён, калі мы выйшлі з парку.
— Ды зусім блізка. Вунь там, у тым доме,— паказала я на дзевяціпавярховы дом, што бялеў па другі бок вуліцы.
— Адна?
— Так, адна... А што?
Анатоль Іванавіч збянтэжыўся, але на хвіліну, толькі на адну хвіліну.
— Гэта я... На ўсякі выпадак... I што — адгадаў? — усміхнуўся ён.
— Адгадалі,— усміхнулася і я.
He, мне падабаўся гэты незнаёмец, што падсеў да мяне так нечакана на лаўку ў парку і назваўся Анатолем Іванавічам. I ад п’янай кампаніі падлеткаў абараніў, і... Прыемна было разам з ім дадому ісці. Асабліва калі пад руку я яго трымала — быццам з самым дарагім, блізкім чалавекам ішла. I расставацца... He, не хацелася мне, ані не хацелася расставацца.
— Выбачайце, я затрымала вас... I паслухаць шум вадаспаду... не дала...— прашаптала, павінавацілася я.
— Нічога, другі раз паслухаю... А што да затрымкі, дык я... Нікуды не спяшаюся.
— Вам што — хіба заўтра на працу не трэба?
— Я ў адпачынку.
— I нікуды не едзеце, у горадзе будзеце?
— Пагляджу, падумаю. Адпачынак мой толькі пачынаецца... Заўтра першы дзень.
— А вы... Пуцёвак ніякіх нікуды не бралі?
— Можа, яшчэ вазьму, паеду куды-небудзь. Гэта не ад аднаго мяне залежыць.
— А ад каго? Вы што — жанаты, сям’ю маеце? Ці, можа, маці, бацька старыя, нямоглыя?
— He, я гэтакі ж адзінокі, як і вы.
Зноў я здзівілася, аж плячыма павяла.
— Адкуль вы ведаеце, што я адзінокая?
— He ведаю, а здагадваюся,— усміхнуўся Анатоль Іванавіч.— Калі б вы былі не адзінокая, не сядзелі б так позна на лаўцы ў парку. А каб і сядзелі, дык не адна...
Была, была логіка ў разважаннях Анатоля Іванавіча. Разумны, здагаддівы ён. I лішняга нічога сабе не дазваляў.
Паводзіў, словам, не так, як іншыя мужчыны і хлопцы — не лез абдымацца, цалавацца, хоць быццам я першая ўзяла яго пад руку, вяла побач з сабою, і мне гэта падабалася. I не толькі гэта — сам Анатоль Іванавіч падабаўся. Інтэлігентны, далікатны, выхаваны. I разам з тым... Рашучы, смелы. «Такі ў крыўду нікога не дасць,— падумала я.— Вось бы бліжэй з ім пазнаёміцца... А потым... I замуж за такога выйсці». Анатоль Іванавіч быццам здагадаўся, пра што я думаю, пачуў мяне.
— Дык што, заўтра зноў сустрэнемся? — сказаў ён, правёўшы мяне ў пад’езд дома, дзе я жыла, і выклікаўшы ліфт.
— Дзе? — прашаптала я, ласкава акінуўшы вачыма Анатоля Іванавіча.
— Там жа, ля вадаспаду, на лаўцы...
Прыйшоў ліфт, і я ўскочыла ў яго, забыўшыся пажадаць Анатолю Іванавічу добрай ночы і падзякаваць... За ўсё, усё падзякаваць...
Назаўтра, ледзь змерклася, я заспяшалася ў парк. На маё шчасце, тая, як я яе называла, «мая» лаўка, што стаяла пад старымі таполямі і на якой я заўсёды сядзела, калі прыходзіла да вадаспаду, была незанятая. I я, апусціўшыся на тое самае месца, што і ўчора, калі да мяне падышоў Анатоль Іванавіч, зноў, слухаючы, як мерна і быццам з сумам падае з вышыні плаціны вада, думала пра розныя касмічныя цуды, пра іншапланецян... Цікава, няўжо гэта праўда, што пішуць некаторыя вучоныя? Загадкавыя малюнкі і надпісы на вечках саркафагаў, што знойдзены ў самых розных месцах? Сляды гіганцкага касмічнага аэрадрома Наска? Намаляваныя — ну рыхтык касманаўты — у шлемах, з антэнамі — у пячорах, царквах, на скалах — людзі і разам з тым быццам не людзі? Дый гэтыя лятучыя неапазнаныя аб’екты — «талерачкі», што час ад часу з’яўляюцца ў небе,— іх бачаць лётчыкі і пастухі, жыхары вёсак і гарадоў? Больш таго — «талерачкі» гэтыя садзяцца