Раяль з адламаным вечкам
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
Анатоль Іванавіч узяў мяне пад руку, зноў правёў да таго дома, дзе я жыла, упусціў у ліфт і... Мы рассталіся.
Назаўтра, як толькі змерклася, я зноў заспяшалася ў парк. Анатоль Іванавіч гэты раз апярэдзіў мяне — ён ужо сядзеў, над нечым глыбока задумаўшыся, на лаўцы пад старымі таполямі, калі я прыйшла на набярэжную. Зноў было цудоўнае цёплае надвор’е, выплыў месяц, ды і зоры надта ж густа высыпалі — быў жнівень месяц, а ў жніўні, як вядома, заўсёды ярка свецяць зоры. I многа іх — быццам усё неба імі вышыта, праколата, расквечана.
— Пра што вы задумаліся? — спытала я, набліжаючыся да лаўкі, дзе сядзеў Анатоль Іванавіч.
— Ды ўсё пра тое ж,— усміхнуўся, як мне здалося, трохі стомлена Анатоль Іванавіч,— Вы задалі мне ўчора некалькі пытанняў, на якія я вам не адказаў, бо пазнавата было. Ды і... He ведаю, ці варта вас спакушаць далей гэтымі... Іншапланецянамі... Можа, лепш з вамі павесці размову пра больш зямное, патрэбнае вам. Вы ж...— паглядзеў ён на
мяне,— такая маладая, прыгожая... Вам радавацца, жыць зямным трэба...
— Але я не знаходжу радасці ў зямным,— прызналася я.— Начальніца ў мяне... Вы б ведалі, якая мегера. Ад мужчын, з якімі я сустракалася, на кіламетр нясе цыгарэтамі, гарэлкаю... I кожны глядзіць на цябе, каб хутчэй... Словам, узяць, што яму трэба. Ды і ў магазінах, на вуліцы, у кіно... He тое... Раздражняюся толькі, злую... Ніхто мяне не разумее...
— А тыя, іншапланецяне, думаеце, зразумеюць?
— He ведаю. Але... Хацелася б, каб зразумелі. Бо тут, на Зямлі... Мяне некаторыя дзівачкай называюць. Увесь час я адна, з кнігамі, картачкамі... Уся і радасць, што на лаўцы вось тут, ля вадаспаду, пасяджу. Ды цяпер вось з вамі душу адводжу...
— Ну, калі так... Але ж,— задумаўся на хвіліну Анатоль Іванавіч,— я мушу вас папярэдзіць... Ва ўсякім выпадку, з майго боку было б злачынствам, каб я гэта не зрабіў... Словам, тыя, хто ўступае ў зносіны з іншапланецянамі, космасам, парываюць сувязь з Зямлёй, ім на Зямлі няма чаго ўжо рабіць, нецікава... Гэта лішнія людзі тут, усё зямное іх не хвалюе...
— Я, здаецца, вам казала ўжо, што мяне і цяпер мала што цікавіць і хвалюе. Пра космас жа, іншапланецян я магу чытаць і думаць, правільней, мроіць гадзінамі, суткамі,— прызналася я.
— Што ж, тады... Давядзецца мне скарыстаць свае сувязі, да сяго-таго пад’ехаць, з сім-тым пагаварыць,— Анатоль Іванавіч памаўчаў, падняў вочы, паглядзеў неяк загадкава і сумна-сумна на мяне.— У вас круціцца на языку, зноў вы хочаце запытаць, хто я? — сказаў ён з усмешкаю.
— Так, вы адгадалі мае думкі,— кіўнула я галавою.
— Я ўчора абяцаў вам адказаць на ваша пытанне.
I адкажу. Выбачайце, што адкажу не адным словам. Справа ў тым, што я хачу, каб вы мяне зразумелі. Дык вось,
паслухайце... Я вам гаварыў, што тыя, хто над намі, у чыёй поўнай уладзе мы,— помніце, як мікробы ў колбе! — зацікаўлены трымаць нас у поўнай пакоры, каб мы рабілі толькі тое, што ім трэба. А мы, людзі, імкнёмся да самастойнасці, бунтуем, выходзім з падпарадкавання. I каб такое не здаралася, а калі і здаралася, дык не часта, яны, тыя, умешваюцца ў наша жыццё, некаторых мецяць... I гэтыя, мечаныя, быццам іхнія людзі — пранікаюць у лабараторыі вучоных. Ды і ў іншыя арганізацыі, установы... Словам, усюды, дзе ёсць нейкія чалавечыя згуртаванні. Іх задача — не даваць, каб сярод людзей быў лад, мір, была згода, сварыць, натраўляць адзін на аднаго, зрываць тое, што задумана, падбухторваць дурняў супраць разумных... Раней казалі: чорт, нячысцік у яго ўсяліўся ці — чорт, нячысцік паблытаў... I недалёка ад ісціны былі, бо гэты самы чорт ці нячысцік усяляецца то ў аднаго, то ў другога, ён то сварыць, то мірыць, пакуль не дамагаецца таго, што тым трэба... Ды гэта — папраўкі па ходзе, карэктывы, што ўносяць тыя, што над намі... А ёсць жа сярод людзей мечаныя, у задачу якіх уваходзіць увесь час зрываць усё, што мяркуецца ці плануецца іншымі, шкодзіць, сварыць. Няшчасныя гэта людзі! I галоўнае — яны самі не разумеюць, хто яны, чаму такія. Адны называюць іх зайздроснікамі, другія — няўжыўчывымі характарамі ці проста паганымі людзьмі... А гэта — мечаныя, праз каго тыя, што над намі, праводзяць свае ідэі, свае планы...
— I вы з гэтых, MeaaHbix? — не вытрымала, перапыніла я Анатоля Іванавіча, скарыстаўшы невялікую паўзу.
— Не,— адмоўна пакруціў галавою Анатоль Іванавіч.— Правільней, я таксама мечаны, але мечаны не так, як тыя, а па-асабліваму. Задача ў мяне іншая. Дый... Усведамляю, ведаю я на багата больш, чым некаторыя. Я... Народжаны ці, правільней будзе сказаць, створаны дзеля таго, каб трымаць сувязь з тымі, хто над намі.
— I як вы гэта робіце? — зацікавілася, аж з лаўкі паднялася, на якую была села, я,— Раскажыце...
— Прыкладна гэтак, як па рацыі, па радыё... Толькі мікрафона ніякага не трэба... Я выходжу на сувязь, і тыя выходзяць...
— I што вам гавораць, на мове якой?
— Усё, што хочаш. I на той мове, якую я ведаю...
— Цікава! — аж успляснула я рукамі.— I вы іх бачылі, ну тых, што над намі?..
— Некалькі разоў.
— Якія яны з сябе?
— Розныя. Яны могуць прымаць любое аблічча, якое ім захочацца. Звычайнае, чалавечае, ці ў выглядзе не існуючых на Зямлі стварэнняў альбо яшчэ каго. Найчасцей жа — іх ніхто не бачыць, хоць яны і побач. Справа ў тым, што тыя добра ведаюць магчымасці нашага зроку і напоўніцу выкарыстоўваюць гэта. А зрок наш не такі і дасканалы. Мы не ўсё бачым, што ёсць на зямлі і ў небе, а толькі невялікую частачку... Ды і слых наш не ўсё чуе... Таму, калі трэба, тыя з намі, каля нас, але мы іх не чуем і не бачым... Дарэчы, абмежаванні ў нас не толькі ў зроку і слыху, але ва ўсім, і ў розуме таксама. I далей гэтых абмежавальнікаў... Словам, як кажуць, вышэй сябе не падскочыш... Але людзі ёсць людзі, яны не могуць да чагосьці не імкнуцца, ім усё новае ды новае падавай... I абмежавальнікі даводзіцца адсоўваць. Праўда, прырода чалавека быццам не мяняецца, усё робіцца цераз прыборы. Каб пашырыць зрокавае ўяўленне, прыдумалі тэлескоп і мікраскоп, для перадачы інфармацыі — пісьмо, радыё, тэлебачанне... Каб хуткасць руху павялічыць — машыны, цягнікі, самалёты... Але ўсё гэта — дазволена тымі... Яно, паколькі не біялагічнае, а механічнае, вельмі лёгка, калі трэба, знішчаецца. Дый магчымасці ў механікі невялікія. Справа іншая — біялогія. Але туды... Тыя не пускаюць і, трэба думаць,— не пусцяць. Там яны гаспадары... Што ж да ўсяго астатняга... To жыць жа чалавеку трэба, трэба карміцца, размнажацца. I дзеля гэтага... Розныя адкрыцці робяцца, правільней, бачнасць адкрыццяў... Што есці, чым абагравацца, што надзець
на сябе, як хутчэй куды дабрацца, чым цікавей і весялей прабавіць час... Словам, гэта сфера самаабслугоўвання, і яна ўдасканальваецца. Што ж да ўсяго астатняга... Там табу накладзена. I за гэтым пільна сочыцца, каб яно не парушалася. Інакш людзі выйдуць з падпарадкавання, іх давядзецца ці знішчаць усіх да аднаго, ці... Невядома, што з імі тады рабіць. Вось цяпер у нас два лагеры — сацыялістычны і капіталістычны, у кожнага атамная і вадародная зброя... У Бога і чорта не верыце, не баіцеся іх, паверце ў рэальную сілу — атамную і вадародную...
— I, вы думаеце, зброю гэтую прыменяць? — спытала я.
— На жаль, я таксама не ўсё ведаю. Усё залежыць, якія вопыты над намі тыя праводзяць. Калі яны запланавалі гэта зрабіць, дык зробяць. Калі ж не, толькі ддя страху, каб у пакоры, боязі чалавецтва трымаць, то... Ды, як кажуць, пажывём — пабачым... Мусіць, інакш кіраваць намі, людзьмі, нельга. Калі ўсе ўзгодзе, ладком, мірненька, спакойненька... He ведаю, да чаго б гэта прывяло. А так — усюды барацьба, змаганне. Бедныя — супраць багатых, дурныя — супраць разумных, падначаленыя — супраць начальства, невукі — супраць вучоных... Тут тое самае, што і ў прыродзе: на тое ж і шчупак, каб карась не драмаў. Сіла — антысіла, прыцягненне і адштурхоўванне, дабро і зло, любоў і нянавісць, жыццё і смерць... I няма нідзе спакою, міру. Ідзе ўсюды барацьба... Яна забірае час і энергію, не дае думаць ні пра што іншае, як толькі пра існаванне — выжыць бы, не даць, каб цябе стапталі, забілі! А гэта якраз тое, што і трэба тым...
— Вы так адкрыта пра ўсё гаворыце,— сцепанулася як ад холаду я.— А што калі тыя вас пачуюць?
— Яны ведаюць, што я пра іх думаю, ведаюць, што я не задаволены той роляй, якая мне вызначана. I некалькі разоў папярэджвалі...
— I вы?
— Што я? He сам жа я сябе ствараў, а яны мяне стварылі. Якога хацелі, няхай такога і маюць, церпяць. Дый... Што мне пагражае? Смерць. Дык я і так ведаю, без іх, што
памерці мне давядзецца. А калі... Гэта не мае значэння. Ва ўсякім разе для мяне.
— I для мяне таксама,— прызналася я.— Вось толькі б з імі, тымі, як вы іх называеце, звязацца.
— Добра, я звяжу вас,— паабяцаў Анатоль Іванавіч.
— Калі?
— Сам не ведаю. У мяне цяпер, я казаў вам, адпачынак.
— I ад іх,— паказала я няпэўна ў неба,— таксама?
— На жаль, не,— пакруціў галавою Анатоль Іванавіч.— Ад іх адпачынку няма. I не будзе. Ніколі і нідзе. Хіба, можа, на тым свеце.
— А ён, той свет, ёсць?
— Гэтак жа, як у зерня, якое мы мелем на хлеб, ці ў той жывёліны, якую мы забіваем на свой харч...
I Анатоль Іванавіч падняўся раптам з лаўкі, узяў мяне пад руку, сказаў:
— Пойдземце дадому, вам заўтра трэба на працу. Ды і ў мяне... Справы. А што да таго, каб вас звязаць з тымі... To я... Звяжу. Як толькі яны пераканаюцца, што вы гатовы іх пачуць, яны пададуць сігнал...
— Як я яго пазнаю?
— Пазнаеце,— яшчэ больш сумна, але ўпэўнена адказаў Анатоль Іванавіч і больш не прамовіў ні слова — моўчкі давёў мяне да дома, дзе я жыла, і гэтак жа моўчкі, нічога не сказаўшы, расстаўся, знік з пад’езда, як толькі схавалася, зайшла я ў выкліканы ім ліфт..
I вось я жыву які ўжо год, чакаю таго абяцанага сігналу. А яго няма і няма. I Анатоль Іванавіч дзе падзеўся — не прыходзіць, хоць я па-ранейшаму штовечар спяшаюся ў парк, сяджу на лаўцы пад старымі таполямі ля вадаспаду. Няўжо ён забыўся на мяне? А мо... Слова не стрымаў, не сказаў нікому пра мяне, не звязаў па нейкай прычыне з тымі?.. Ці... і самога яго жывога няма, адпомсцілі яму тыя за яго вальнадумства і размовы пра незямное, відаць, не толькі са мной адной?.. А мо ўсё гэта няпраўда, лухта, няма нідзе ніякіх тых?..