Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
на Зямлю, з іх выходзяць жывыя істоты, абмацваюць глебу, збіраюць каменні, ірвуць траву і ламаюць голле — няйнакш вывучаюць. I людзей, што здараюцца паблізу, з сабой забіраюць. Адных вяртаюць назад на Зямлю, а іншых... Цікава, няўжо самі тыя людзі на Зямлю вяртацца не хочуць? Ці іх... He выпускаюць?..
Я падняла вочы, паглядзела на неба, на зоры, што іскрыліся, гарэлі ў небе. Іх, як мне здалося, было больш, чым нават учора,— тысячы, мільёны, мільярды...
«А што,— падумала я,— чаму гэта на адной нашай Зямлі жыццё магчыма, а на іншых планетах немагчыма? Тыя выключныя ўмовы, што стварыліся для нараджэння і існавання жыцця, маглі ўзнікнуць і ў іншых месцах. А калі так, то жыццё існуе і яшчэ дзесьці. I, можа, яно там на больш высокім узроўні развіцця. I калі мы толькі пачынаем асвойваць космас, то тыя, больш развітыя істоты, даўно яго асвоілі. I лятаюць да нас на Зямлю... Ды і ляталі... Вось чаму і сляды ранейшых прылётаў іншапланецян цяпер вучоныя ў самых розных месцах знаходзяць. А тое, што ў кантакты яны вельмі ж асцярожна з чалавекам уступаюць, дык гэта і не дзіўна... I мовы, відаць, не ведаюць, бо і не адна ж мова ў нас, а сотні... Дый хвароб нашых зямных, мікробаў баяцца... А можа, ім і не трэба асабліва ў кантакты ўступаць, тэхніка, навука развіта так, што і без кантактаў усё бачаць і ведаюць...
Словам, задумалася я над рознымі касмічнымі праблемамі і зноў не заўважыла, калі да лаўкі падышоў Анатоль Іванавіч,— у новым, яшчэ больш элегантным, як учора, касцюме, белай, накрухмаленай кашулі, з «матылём» замест гальштука на шыі.
— Я вам не перашкодзіў? — спытаў ціха, амаль шэптам Анатоль Іванавіч.
— Ой, што вы,— узрадавалася я,— Сядайце, разам паслухаем шум вадаспаду. Ды і пагаворым...
— Пра што? — неяк загадкава спытаў Анатоль Іванавіч.— Пра космас, іншапланецян?
I ўсміхнуўся, мабыць, убачыўшы, як мяне ўсю перасмыкнула — адкуль ён ведае, што мяне цікавіць, займае мае думкі?
— Зноў вы спытаеце, чаму я ведаю, пра што вы думаеце, пра што пагаварыць хочаце? He здзіўляйцеся, космас хвалюе, займае цяпер не адных вас. Чаму? I пішуць пра гэта шмат, ды і... Быццам разняволіўся чалавек, крылы ў яго выраслі, увесь у палёце... Раней ён бачыў толькі тое, што ў яго пад нагамі было. Зямлю сваю бачыў. А цяпер, калі спадарожнікі розныя лётаюць, касманаўты, Месяц, планеты Марс і Венеру асвойваем... Думкі многіх скіраваны ў космас. Чалавеку, бачыце, няўтульна стала на Зямлі, цесна, адзінока, ён захацеў «обідення» з іншымі жывымі істотамі, шматвяковы сум па іншых разумных жывых істотах раптам адчуўся з небывалай сілай... Яно і не дзіва. Раней чалавек верыў у Бога, у нячыстую сілу, баяўся іх... А цяпер ведае: няма Бога, няма нячыстай сілы... Усё матэрыяльна, ясна, ніякіх загадкавых з'яў... А калі нешта нейкае загадкавае з’яўляецца час ад часу, ён імкнецца пазнаць, вытлумачыць, навукова абгрунтаваць... Зямля асвоена, вось і імкнецца чалавек у космас, каб асвоіць і яго. I не без поспеху — за якіх некалькі дзясяткаў год зроблена многае. Інстытуты цэлыя, лабараторыі менавіта на гэта працуюць. I як, як, скажу вам, працуюць! Ніхто нічога не шкадуе — ні грошай, ні іншых сродкаў... На што-небудзь больш надзённае не хапае, а на космас... Усяго, усяго хапае... I вынікі... Вынікі, як вам вядома, ёсць... I яны будуць куды большыя, калі толькі сілы і розум усяго чалавецтва накіраваць на гэта — на асваенне космасу.
— Дык і трэба гэта зрабіць,— не ўтрымалася, падказала я.
— Хэ,— засмяяўся Анатоль Іванавіч.— Так не адна вы, а многія кажуць. I не толькі кажуць, а і хочуць. Але ж... Вы, пэўна, ведаеце, што ёсць сіла і антысіла, прыцягненне і адштурхоўванне, дабро і зло, любоў і нянавісць, жыццё і смерць... Вы калі-небудзь думалі пра гэта — чаму так?
— Не,— прызналася я.
— А вы падумайце. Можа, усё гэта знарок зроблена, з пэўным, так сказаць, сэнсам. Можа, каб чалавек у штосьці верыў і разам з тым баяўся? Вялікая сіла — вера. Але не меншая сіла і страх. I заўважце — заўсёды нехта прыдумваў на чалавека новую бяду, як толькі ён пазбаўляўся ранейшай, што яго мучыла. Ды і... Ураганы, землятрусы, вывяржэнне вулканаў, войны... Асабліва войны. Калі ў даўнія часы ваявалі чалавек з чалавекам, то потым пачалі ваяваць сям’я з сям’ёю, род з родам, паселішча з паселішчам, горад з горадам, княства з княствам, народ з народам, дзяржава з дзяржавай... А цяпер... Сусветныя войны. Пагражае ўжо ўсім нам атам і вадарод, знішчэнне цывілізацыі, наогул усяго жывога на Зямлі і нават самой Зямлі... Што, усё гэта, думаеце, выпадкова? А можа, ёсць сіла, якая кіруе ўсімі дзеяннямі чалавека, не дае яму разняволіцца цалкам, аб’яднацца з усімі? Чалавек прыдумвае адно, а сіла тая — зусім адваротнае... Раней усё добрае, казалі, тварыў Бог, а нялюдскае, злое — чорт... Цяпер па-іншаму гэта называюць, але сутнасць адна — як толькі нешта прыдумае добрае чалавек, адразу ж быццам супрацьяддзе знаходзіцца. Прыклады? Вам прывесці прыклады?
— He трэба,— адмоўна хітнула я галавою.— I так даволі. Дый сама я магу прывесці вам прыклады. Скажам, з тымі ж хваробамі. Як толькі адну людзі пачынаюць лячыць, новая, яшчэ больш страшная, узнікае. Але не пра гэта я хачу зараз гаварыць. Скажыце — няўжо і далей усё так будзе, як было?
— Што вы маеце на ўвазе?
— Ну, што ўсё тое самае будзе, што і было раней, толькі быццам у новых формах?
— Вядома. Інакш... Як толькі знікне сіла, знікне' і антысіла, а значыцца, знікне і чалавек, жыццё. Атак у змаганні, у барацьбе, яно і развіваецца, ад ніжэйшага да больш дасканалага, якаснага... Вы, відаць, чыталі ці чулі пра Вавілонскую вежу, як будавалі яе... Калі падняліся надта
высока, адбылося між людзьмі неразуменне адзін аднаго. Запомніце — так будзе і далей. I тое, што цяпер... Між ЗША і нашай краінай, краінамі сацыялізму і капіталізму... Паверце мне, не захочуць дапусціць, каб была поўная згода, узаемаразуменне між гэтымі краінамі.
— Хто не захоча? — міжволі вырвалася ў мяне.
— Ну, тая сіла, ці, правільней, сілы, бо яны выступаюць у розных абліччах. Сутнасць жа іх адна — ім трэба трымаць чалавецтва ў пакоры, не даць людзям аб’яднацца, не даць, каб яны мірна жылі, думалі пра тое, пра што ім нельга думаць.
— Вы пачалі гаварыць трохі загадкава, я не ўсё разумею. Можна — ясней? — папрасіла я.
— Ясней? Што ж,— усміхнуўся неяк аж надта дабрадушна Анатоль Іванавіч,— давайце вернемся да таго, з чаго мы пачалі,— з космасу, з іншапланецян... Калі вы верыце ў тое, што Зямлю наведвалі і наведваюць цяпер час ад часу іншапланецяне, дык вы думаеце — з якой мэтай яны гэта робяць? Паглядзець на Зямлю, на людзей, і ўсё? О не! У іх ёсць мэты куды больш важныя. Ды і чалавек сам ці зямное стварэнне? А можа, ён прывезены з іншых планет? Ці бывалі вы калі-небудзь у лабараторыях вучоных — скажам, біёлагаў, батанікаў, хімікаў? Дарэчы, вы хто па прафесіі?
— Я... У бібліятэцы працую... Новыя кнігі, што паступаюць, апрацоўваю... Нумары стаўлю, картачкі запаўняю...
— А-а, цяпер я разумею, чаму вы чытаеце, не прапускаеце нічога, што пра космас пішуць. Дык паслухайце мяне, таварыш Каця. Вучоныя ў лабараторыях разводзяць у колбах розныя мікробы і мікраарганізмы, як, скажам, людзі на фермах — кароў, свіней, курэй... А ці не здаецца вам, што і нас, людзей, нехта гэтак жа разводзіць на Зямлі? I над намі, людзьмі, таксама праводзіць розныя эксперыменты, вопыты?
— Пра гэта я не думала,— чамусьці спалохалася, аж сцепанулася я.
— А вы падумайце. Падумайце і яшчэ пра адно — ці не тыя ж іншапланецяне гэта робяць?
— Навошта ім гэта?
— А гэта ўжо іншая справа, мы не можам пра тое меркаваць, як не могуць меркаваць і мікробы, навошта іх разводзяць вучоныя. Мэта, вядома, ёсць, але мы яе не ведаем, не здольны пакуль што ведаць — вось у чым загвоздка. I робіцца ўсё, каб гэтага мы і не ведалі. Можа, дзеля вопыту, эксперыменту якога... А можа — тыя разводзяць нас і дзеля іншага, скажам, як мы разводзім кароў, свіней, птушак розных... I не цела ім наша трэба, а інфармацыя, вопыт, веды нашы? Бо ўсё ж у чалавеку так зроблена, каб працавала на набыццё вопыту, інфармацыі, ведаў. I калі чалавек памірае, не можа быць, каб набытае за жыццё проста так гінула. Прырода вельмі эканомная, і каб тое, дзеля чаго жыў, уласна, чалавек, знікала разам з яго смерцю?.. He думаю. Раней казалі: калі чалавек памірае, астаецца жыць яго душа. У індусаў — душа пераходзіць жыць у іншыя жывыя істоты, у іншых народаў — яна раствараецца ці ляціць на неба. А можа, гэта... вопыт, інфармацыя, веды ўлятучваюцца? Жывёла, птушкі ды і мы не ядзім усё, што расце на зямлі, як правіла, выбіраем зярняткі. А можа, і самае каштоўнае і ў нас — тыя ж зярняткі — інфармацыя, вопыт, веды паступаюць кудысьці, хто іх збірае ці харчуецца імі, га?
— А створанае чалавецтвам — адкрыцці розныя, кнігі, кіно, тэатр, радыё, тэлебачанне? — задумалася я.
— Гэта дробязі, яны даюцца чалавеку, каб ён бавіў час, трохі весялей жыў, не думаў пра сваю смерць. Бо калі і гэта ў чалавека забраць — надта ж сумна будзе яму жыць, смерці чакаць. Ды і часу будзе шмат, каб думаць. А робіцца ж усё, каб чалавек менш думаў якраз пра незямное і больш — пра зямное.
— Паслухаеш вас...— паглядзела я з недаверам на Анатоля Іванавіча,— Дык і жыць не захочацца.
— Зямным — так. Але ж ёсць жыццё — вы верыце ў тое — не зямное. Вось бы туды як-небудзь пранікнуць, паглядзець, што там. Ды і на Зямлю, на людзей паглядзець як бы збоку, га? Што, можа, скажаце, не хочацца таго? I не толькі вам гэта
хочацца. А многім. Таму і касмічныя караблі будуюць, таму і палёты ў космас пачалі...
— I што, тое, што вы сказалі... Ну, на Зямлю, людзей як бы збоку паглядзець... Магчыма?
— He ўсім. Адным магчыма, другім не. Некаторыя ж... I цяпер гэта могуць зрабіць.
— Як? — Я аж з лаўкі падхапілася.— Хто гэтыя некаторыя? I вы... Што вы пра іх ведаеце? Ды і... Хто вы?
— Вам заўтра на працу рана ісці,— напомніў Анатоль Іванавіч, таксама падымаючыся з лаўкі.— Таму... Спынім на гэтым сёння размову, адкладзем на другі раз.
— На калі? — спытала я.
— На калі хочаце.
— А вы не едзеце нікуды з горада?
— Пакуль не.
— Тады... Давайце заўтра сустрэнемся. Тут жа,— сказала, прапанавала я.
— Добра, заўтра дык заўтра...