Развагі аб метадзе як правільна накіроўваць свой розум і шукаць праўду ў навуках  Рэнэ Дэкарт

Развагі аб метадзе як правільна накіроўваць свой розум і шукаць праўду ў навуках

Рэнэ Дэкарт
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 91с.
Мінск 2007
20.42 МБ
ГАЛЕРЭЯ ЧАЛАВЕЧАЙ ЛУМКІ
РЭНЭ ДЭКАРТ
РАЗВАГІ обМЕТААЗЕ як провільна накіроўвайь свой розум і шуксшь праўду
ў навуках
Галерэя чалавечай думкі
Рэнэ Дэкарт
Развагі аб метадзе як правільна накіроўваць свой розум і шукаць праўду ў навуках
Rene Descartes
Discours de la metode pour bien conduire sa raison et chercher la verite dans les sciences
Leyde
De I'imprimerie de Ian Maire 1637
Рэнэ Дэкарт
Развагі аб метадзе як правільна накіроўваць свой розум і шукаць праўду ў навуках
Мінск Выдавец Зміцер Колас 2007
УДК 1 ББК 87
Д94
Серыя заснаваная ў 2001 годзе
1 Іераклад з французскай Зміцера Коласа
На вокладцы выкарыстаная гравюра Андрэя Фядорчанкі «Калегі ніяк не могуць развітацца».
ISBN 978-985-6783-32-9
© Пераклад на беларускую мову, афармленне. Выдавец Зміцер Колас, 2007
Калі гэтыя развагі пададуцца занадта доўгімі, каб быць прачытанымі за раз, то іх можна падзяліць на шэсць частак. Тады ў першай частцы мы знойдзем разнастайныя разважанні адносна навук. У друтой — галоўныя правілы метаду, распрацаванага аўтарам. У трэцяй — некаторыя правілы маралі, якія аўтар вывеў з гэтага метаду. У чацвёртай — довады, з дапамогай якіх ён даказвае існаванне Бога і чалавечай душы і якія складаюць падмурак яго метафізікі. У пятай — шэраг разгледжаных ім пытанняў фізікі і, у прыватнасці, тлумачэнне руху сэрца і некаторых іншых складаных момантаў, якія тычацца медыцыны, а таксама адрозненне паміж нашай душой і душою жывёлы. I ў апошняй — што, на аўтараву думку, патрэбна, каб прасунуцца далей, чым у былыя часы, у даследаванні прыроды, а таксама тыя прычыны, якія прымусілі яго пра гэта напісаць.
Раздзел першы
Здаровы розум, ці глузд, ёсць рэччу, якая найбольш удала размеркаваная ў гэтым свеце; бо кожны лічыць сябе надзеленым ёю настолькі, што нават тыя, каго найбольш цяжка здаволіць ува ўсім іншым, звычайна не выказваюць жадання мець яе больш, чым маюць. Пры гэтым неверагодна, каб усе памыляліся: хутчэй гэта сведчыць, што здольнасць разважаць правільна і адрозніваць праўдзівае ад фальшывага — у чым, уласна, і заключаецца тое, што называюць здаровым розумам, або разважнасцю,— ад прыроды аднолькавая ва ўсіх людзей, а таксама што разнастайнасць нашых меркаванняў паходзіць не ад таго, што адны разважнейшыя за іншых, а ад таго, што мы накіроўваем нашыя думкі рознымі шляхамі і бярэм пад увагу не адны і тыя самыя рэчы. Бо мець добры розум недастаткова, галоўнае — правільна яго ўжываць. Самыя вялікія душы здольны на самыя вялікія заганы, гэтак сама як і на самыя вялікія дабрадзействы, а тыя, хто ідзе вельмі павольна, могуць прайсці наперад нашмат далей, заўсёды трымаючыся простай дарогі, чым тыя, хто бяжыць ды ад яе аддаляецца.
Што да мяне, то я ніколі не прэтэндаваў, што мой розум дасканалейшы, чым бывае звычайна; часта я нават сам хацеў бы мець такую жвавасць думкі, ці такую
яснасць і выразнасць уяўлення, ці такую шырыню і надзейнасць памяці, якія бываюць у некаторых іншых. А апроч гэтых, я не ведаю больш ніякіх якасцяў, якія спрыялі б дасканаласці розуму; што ж да разумнасці, або разважнасці,— а яна і ёсць той адзінаю рэччу, якая адрознівае нас ад жывёлаў,— дык тут я хачу верыць, што яна ў поўнай меры маецца ў кожнага, і я згодны з агульнаю думкай філосафаў, якія кажуць, што адрозненні ў большы ці меншы бок бываюць толькі паміж выпадковымі фактарамі, але не паміж формай, ці прыродай, індывідаў аднаго роду.
Аднак не пабаюся сказаць, што мне вельмі, памойму, пашчасціла яшчэ ў юнацтве трапіць на такія шляхі, якія прывялі мяне да разважанняў і высноваў, з дапамогай якіх я выпрацаваў свой метад і цяпер дзякуючы яму, як мне здаецца, маю магчымасць прыступка за прыступкай павялічваць свае веды і паступова давесці іх да той найвышэйшай ступені, якой ім дазволяць дасягнуць мой пасрэдны розум і кароткая працягласць жыцця. 3 дапамогаю гэтага метаду я ўжо сабраў такі плён, што — нават калі, ацэньваючы самога сябе, я заўсёды стараюся схіляцца хутчэй да скептыцызму, а не самаўзвышэння, і, аглядаючы філасофскім позіркам усе разнастайныя людскія дзеі і справы, не бачу амаль ніводнай, якая не здавалася б мне марнай і бескарыснай,— нават пры гэтым я не магу не адчуваць найвышэйшага задавальнення ад поспеху, якога, на маю думку, я ўжо дасягнуў у пошуку
праўды і яшчэ маю надзею дасягнуць у будучыні, і асмельваюся нават меркаваць, што калі сярод чыста чалавечых заняткаў ёсць нейкі сапраўды добры і важны, дык гэта той, які выбраў я.
Зрэшты, можа быць, я памыляюся і лічу за дыяменты і золата тое, што ёсць усяго толькі драбочкамі шкла і медзі. Я ведаю, наколькі мы схільныя да аблуды, калі нешта тычыцца асабіста нас, і з якім недаверам трэба ставіцца да ацэнак сяброў, якія нас хваляць. Але ў гэтых развагах я дазволю сабе паказаць шляхі, якімі ішоў, і, як на карціне, намалюю сваё жыццё, каб кожны мог скласці аб ім сваё меркаванне, а я, даведаўшыся з агульнае пагалоскі аб думках, якія мае развагі выклікалі, скарыстаю іх у якасці новага сродку самаадукацыі, дадаўшы яго да ліку тых, якія звычайна ўжываю.
Такім чынам, мой намер — не навучьіць тут метаду, якога кожны павінен трымацца, каб правільна накіроўваць свой розум, а толькі паказаць, якім чынам я сам стараўся накіроўваць свой. Хто бярэцца даваць настаўленні іншым, павінен лічыць сябе спрытнейшым за тых, каго настаўляе, а калі нават у найменшай драбніцы ён схібіць, то будзе варты справядлівага ганьбавання. Але, прапануючы гэты тэкст як хіба што звычайную гісторыю або, калі вам больш даспадобы, як апавяданне, дзе сярод прыкладаў, якім можна наследаваць, можа быць, вы знойдзеце і шмат такіх, якіх трымацца не варта, я спадзяюся, што каму-небудзь ён
будзе карысны, не пашкодзіўшы пры гэтым нікому, і што ўсе будуць мне ўдзячныя за маю шчырасць.
Я з дзяцінства быў узгадаваны навукамі, і як бо мяне запэўнівалі, што праз іх можна здабыць ясныя і надзейныя веды пра ўсё карыснае ў жыцці, мне вельмі рупіла ўсе іх вывучыць. Але як толькі я завяршыў курс навучання, у канцы якога чалавека звычайна залучаюць у шэрагі знаўцаў, я цалкам перамяніў сваю думку: я настолькі заблытаўся ў сумненнях і аблудах, што мне пачало здавацца, быццам адзіная карысць, якую я вынес са свайго шчыравання ў вучобе, заключаецца хіба толькі ў тым, што я кожны раз усё больш пераконваўся ў сваім невуцтве. I пры гэтым я вучыўся ў адной з найславуцейшых еўрапейскіх школаў і меркаваў, што калі на зямлі і ёсць вучоныя людзі, дык яны мусяць быць менавіта тут. Я вывучаў усё, што вывучалі іншыя, і нават, не здаволіўшыся ведамі, якія нам прапаноўвалі, перагартаў усе кнігі, якія мне трапляліся ў рукі і ў якіх даваліся звесткі, што лічыліся самымі цікавымі і самымі рэдкімі. Разам з тым я ведаў, што думаюць пра мяне іншыя, і не заўважаў, каб яны ацэньвалі мяне ніжэй за маіх сунавучэнцаў, хоць сярод іх былі некаторыя, каму было прадвызначана неўзабаве заняць месцы нашых настаўнікаў. Дый урэшце, наш век здаваўся мне не меней квітнеючым і багатым на разумныя галовы, чым любы папярэдні. Усё гэта дало мне свабоду судзіць па сабе пра ўсіх іншых і думаць, што ніякай такой навукі, якой мяне некалі абнадзеілі, ва ўсім свеце няма.
I ўсё-ткі я высока цаніў практыкаванні, якімі займаюцца ў школах. Я ведаў, што мовы, якія ў іх вывучаюць, патрэбны для разумення старажытных кніжак; што элегантныя павароты літаратурнай фантазіі абуджаюць розум; што памятныя гістарычныя ўчынкі яго ўзвышаюць і што шырокае азнаямленне з імі спрыяе фармаванню поглядаў; што чытанне добрых кніг падобна да размовы з найбольш пачэснымі людзьмі мінулых стагоддзяў, якія былі іх аўтарамі, прытым размовы глыбока прадуманай, у якой яны адкрываюць нам найлепшыя свае думкі; што красамоўства валодае непараўнальнымі сілай і прыгажосцю; што паэзія нясе ў сабе найчароўнейшую далікатнасць і зграбнасць; што матэматыка дорыць вельмі дасціпныя вынаходніцтвы, якія могуць быць вельмі карыснымі не толькі дзеля задавальнення цікаўных, але і дзеля спрашчэння рамёстваў і памяншэння чалавечай працы; што сачыненні, у якіх гаворыцца аб маралі і норавах, утрымліваюць шмат карысных настаўленняў і заклікаюць да дабрадзейнасці; што багаслоўе вучыць, як дасягнуць нябёсаў; што філасофія дае ўменне гаварыць праўдападобна пра самыя розныя рэчы і выклікаць пачуццё павагі ў менш абазнаных; што юрыспрудэнцыя, медыцына і іншыя навукі прыносяць пашану і багацце тым, хто імі займаецца, і што, нарэшце, карысна азнаёміцца з усімі галінамі ведаў, нават тымі, якія грунтуюцца збольшага на аблудах і прымхах, каб ведаць ім сапраўдную цану і не быць імі падманутым.
Але я меркаваў, што аддаў ужо дастаткова часу на мовы, а нават і на чытанне старажытных кніг з іх гісторыямі і фантазіямі. Бо весці размовы з пісьменнікамі мінуўшчыны — амаль тое самае, што вандраваць. Карысна мець пэўныя веды пра норавы розных народаў, каб разважлівей меркаваць пра свае ўласныя і не лічыць усё, што не супадае з прынятым у нашай краіне, бязглуздым і смешным, як робяць зазвычай людзі, якія нічога не бачылі. Але ж калі траціш занадта часу на падарожжы, то ўрэшце робішся чужы на радзіме, а калі надта цікавішся справамі мінулых часоў, то звычайна цалкам страчваеш абазнанасць у падзеях сучасных. Дый апроч таго, літаратурныя байкі нярэдка прымушаюць паверыць у сапраўднасць дзеяў, якія такімі зусім не з’яўляюцца, і нават самыя праўдзівыя гісторыі, якія не перайначваюць і не перабольшваюць значэнне падзеяў з мэтай зрабіць іх болей вартымі прачытання, тым не менш, амаль заўсёды прапускаюць найбольш ганебныя і найменш вартыя ўхвалы абставіны, у выніку чаго ўсё астатняе паўстае не такім, як ёсць, а тыя, хто спрабуе дастасаваць маральнасць сваіх учынкаў з такімі ўзорамі, рызыкуюць пачаць капіяваць недарэчныя паводзіны вандроўных рыцараў з нашых раманаў і ставяць перад сабою мэты, якія перавышаюць іх сілы.
Я высока паважаў красамоўства і любіў паэзію, але меркаваў, што і адно, і другое ~ больш падарунак розуму, чым плён вучэння. Тыя, хто вызначаецца мац-
нейшай разважлівасцю і ўмее дакладней скіроўваць свае думкі, каб зрабіць іх яснейшымі і даходлівейшымі, заўсёды хутчэй могуць пераканаць у тым, што прапануюць, нават калі гавораць толькі па-ніжнебрэтонску і ніколі не навучаліся рыторыцы; а тыя, хто вызначаецца найбольш прыязнай фантазіяй і ўмее выказваць яе з вялікай дасціпнасцю ды з разнастайнымі прыўкрасамі, немінуча будуць найлепшымі паэтамі, няхай нават майстэрства паэзіі будзе ім невядомае.