Развагі аб метадзе як правільна накіроўваць свой розум і шукаць праўду ў навуках  Рэнэ Дэкарт

Развагі аб метадзе як правільна накіроўваць свой розум і шукаць праўду ў навуках

Рэнэ Дэкарт
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 91с.
Мінск 2007
20.42 МБ
Такім чынам, узброіўшыся гэтымі правіламі і паставіўшы іх побач з ісцінамі рэлігіі, у якія я заўжды верыў найпершым чынам, я палічыў, што ад усіх астатніх сваіх меркаванняў магу свабодна пазбавіцца. I паколькі я спадзяваўся, што хутчэй дасягну сваёй мэты, размаўляючы з людзьмі, чым седзячы ў хаце ля цёплай печкі, побач з якой у мяне і ўзніклі ўсе гэтыя думкі, я, не чакаючы заканчэння зімы, зноў выправіўся ў вандроўку. I ўсе дзевяць наступных гадоў я не займаўся нічым, апроч як бадзяўся па белым свеце, стараючыся больш быць гледачом, а не акторам у тых
камедыях, што гуляліся перада мною; і разважаючы над кожным прадметам, я зважаў асабліва на тое, што можа выклікаць у ім падазрэнне і служыць падставай нас звесці ў зман, і такім чынам паступова выкараняў са сваёй галавы аблуды, якія раней маглі ў яе пранікнуць. Але разам з тым я не прыпадабняўся да скептыкаў, якія сумняваюцца толькі, каб сумнявацца, і ўдаюць, нібыта ніколі ні ў чым не ўпэўненыя,— мая мэта, наадварот, цалкам заключалася ў тым, каб дасягнуць упэўненасці і, сышоўшы з пяску і хісткае глебы, знайсці цвёрды камень ці гліну. I гэта ўдавалася мне, здаецца, даволі няблага, аж да таго, што, стараючыся выявіць памылковасць ці няпэўнасць разгляданых мной палажэнняў не з дапамогай слабых здагадак, а шляхам надзейных і ясных развагаў, я не сустрэў ніводнага, якое было б настолькі няпэўнае, што з яго немагчыма было б вывесці хоць нейкага дастаткова пэўнага заключэння, няхай хоць бы таго, што гэтае палажэнне не ўтрымлівае ў сабе нічога пэўнага. I як пры зносе будынка звычайна захоўваюць яго разбураныя часткі дзеля ўзвядзення новага, так і я, ламаючы свае старыя перакананні, якія лічыў кепска абгрунтаванымі, рабіў шматлікія назіранні і набываў разнастайны досвед, які потым служыў у фармаванні новых, больш пэўных перакананняў. Разам з тым я не пакідаў практыкавацца у прынятым мной метадзе, бо, апроч таго, што стараўся ўвогуле будаваць свае думкі паводле вызначаных ім правілам, час ад часу
яшчэ й выдзяляў спецыяльна некалькі гадзінаў, каб папрактыкавацца ў яго ўжыванні ў цяжкасцях матэматыкі, ато й нават некаторых іншых, якія мог прыпадобніць амаль да матэматычных, ачысціўшы іх ад падставовых прынцыпаў іншых навук, якія здаваліся мне не дастаткова трывалымі, і вы ў гэтым томе зможаце ўбачыць некалькі ўзораў такога ўжывання разам з дапасаванымі да іх маімі тлумачэннямі*. Такім чынам, знешне жывучы не надта адрозна ад тых, хто, маючы адзіным заняткам ціхае і нявіннае існаванне, стараецца выхоўваць сябе, аддзяляючы ўцехі ад заганаў, і каб пазбегчы нуды, бавіць свой вольны час, аддаючыся разнастайным прыстойным забавам, я нястомна ішоў да сваёй мэты і, здаецца, дабіваўся ў спазнанні праўды нават большага поспеху, чым калі б я займаўся толькі чытаннем кніг ці праводзіў увесь час сярод вучонага люду.
I тым не менш, гэтыя дзевяць гадоў прамінулі раней, чым я прыняў якое-кольвек рашэнне адносна тых цяжкасцяў, якія звычайна выклікаюць спрэчкі сярод вучоных, і чым распачаў пошук асноваў якой-небудзь больш надзейнай за агульнапрынятаю філасофіі. Прыклад многіх выдатных мысляроў, якія ставілі перад сабой такую самую задачу, але, як мне здавалася,
* Пры першым выданні у адным томе з «Развагамі аб метадзе» друкаваліся і тры іншыя працы Дэкарта «Дыёптрыка», «Метэоры» і «Геаметрыя», якія служылі ілюстрацыямі да прапанаванага ім метаду. (Заўв. перакладчыка.)
не дабіліся поспеху, прымушаў мяне ўяўляць яе настолькі складанай, што я, можа быць, яшчэ доўга не адважыўся б за яе ўзяцца, калі б не пачуў, што некаторымі ўжо была пушчаная пагалоска, нібыта мне ўдалося яе адолець. He ведаю, што дало ім падставу так меркаваць, бо калі я і паспрыяў гэтаму сваімі прамовамі, дык бадай толькі тым, што з большаю шчырасцю прызнаваўся ў іх у сваім няведанні, чым гэта робяць звычайна людзі, якія нечаму трошкі вучыліся, і, можа быць, яшчэ тым, што абгрунтоўваў у іх, чаму сумняваюся ў многім, што іншыя лічаць за несумнеўнае, але ўжо ніяк не хвалячыся нейкім сваім вучэннем. Але будучы дастаткова добрасумленным, каб не жадаць быць прынятым за таго, кім я напраўду не ёсць, я разважыў, што абавязаны прыкласці ўсе намаганні, каб зрабіць сябе вартым той рэпутацыі, якой мяне надзялілі; і вось ужо роўна восем гадоў, як гэтае жаданне прымусіла мяне пакінуць мясціны, дзе я мог бы сустрэць знаёмых, і, адасобіўшыся, пачаць жыць у гэтай краіне, дзе доўгія войны ўсталявалі такі парадак, піто войскі, размешчаныя тут, здаецца, служаць толькі дзеля таго, каб мясцовы народ з поўнай бяспекай карыстаўся плёнам усталяванага міру, і дзе ў натоўпе вельмі дзейнага люду, які клапоціцца больш уласнымі справамі, чым справамі іншых, я магу, не адчуваючы нястачы ні ў якіх выгодах вялікага горада, жыць гэтак сама адасоблена і самотна, як у самай далёкай пустэльні.
Частка чацвёртая
He ведаю, ці трэба расказваць вам пра першыя разважанні, якія ў мяне тут узніклі, бо яны такія метафізічныя і нязвыклыя, што, напэўна, будуць не ўсім даспадобы; і тым не менш я адчуваю, што пэўным чынам вымушаны пра іх згадаць, бо толькі так вы зможаце меркаваць, ці з’яўляюцца прынятыя мной падставовыя палажэнні дастаткова трывалымі. Я здавён заўважыў, што ў пытаннях маралі часам існуе патрэба трымацца поглядаў яўна сумнеўных, прычым так, быццам яны ёсць абсалютна бясспрэчнымі, пра што ўжо было сказана вышэй; але паколькі тады я хацеў прысвяціць сябе выключна пошукам праўды, то разважыў, што мушу зрабіць цалкам наадварот і адкінуць як абсалютна фальшывае ўсё, што магло б абудзіць ува мне хоць найменшы сумнеў, каб пасля паглядзець, ці не застанецца сярод таго, што аказалася вартым майго даверу, чаго-небудзь напраўду бясспрэчнага. Так, зыходзячы з таго, што пачуцці нас часам падманваюць, я вырашыў дапусціць, што ніводная рэч не ёсць такой, якою пачуцці прымушаюць нас яе ўяўляць; а паколькі ёсць людзі, якія памыляюцца ў развагах нават адносна найпрасцейшых пытанняў геаметрыі і мысляць паралагізмамі, то я, лічачы і сябе здольным памыляцца, як усякі іншы, адкінуў як не-
праўдзівыя ўсе довады, якія раней прымаў за яўныя доказы; і нарэшце, узяўшы пад увагу, што ўсе тыя самыя думкі, якія мы маем, знаходзячыся ў бадзёрым стане, могуць прыходзіць нам гэтаксама і ў сне, не будучы ў гэты час ніяк звязанымі з рэальнасцю, я вырашыў уявіць, быццам усё, што калі-небудзь прыходзіла мне ў галаву, адпавядае рэальнасці не больш, чым відзежы з маіх сноў. Але адразу пасля я ўсвядоміў, што ў той самы час, як я вырашыў прыняць думку пра несапраўднасць усяго на свеце, сам я, думаючы так, мушу сапраўды існаваць; і зазначыўшы, што гэтая праўда — «я думаю, значыць я ёсць» — з’яўляецца настолькі пэўнаю і трывалай, піто яе няздольныя пахіснуць усе самыя дзівакаватыя дапушчэнні скептыкаў, я разважыў, што магу без ваганняў прыняць яе за першы прынцып шуканай мной філасофіі.
Потым, пачаўшы ўважліва даследаваць, што такое я ёсць, і ўбачыўшы, што я магу ўявіць, быццам не маю цела і няма ніякага свету, ні месца, у якім бы я быў, але не магу ўявіць, быццам праз гэта мяне зусім няма, а якраз наадварот, менавіта з таго, што я думаю і сумняваюся ў сапраўднасці іншых рэчаў, вынікае абсалютна ясна і несумненна, што я ёсць, а вось каб я перастаў думаць, дык нават калі б усё астатняе, што я калі-небудзь сабе ўяўляў, было сапраўдным, гэта не давала б яшчэ ніякай падставы меркаваць, быццам я ёсць,— з усяго гэтага я зразу-
меў, што я — субстанцыя, уся сутнасць, або прырода, якой заключаецца ў тым, каб думаць, і якая дзеля свайго быцця не мае патрэбы ні ў якім месцы, ані не залежыць ад чаго б там ні было матэрыяльнага; так што гэтае я, ці то душа, праз якую я і ёсць тым, чым я ёсць,— цалкам адрозная ад цела і спазнаць яе нават лягчэй, чым цела, і нават калі б цела ўвогуле не было, яна ўсё адно не перастала б быць тым, чым яна ёсць.
Пасля гэтага я разгледзеў, што ўвогуле патрабуецца, каб тое ці іншае палажэнне было сапраўдным і пэўным; бо цяпер, калі адно такое палажэнне было мною знойдзенае, я, на маю думку, мусіў высветліць, у чым заключаецца гэтая пэўнасць. I зазначыўшы, што ў праўдзівасці палажэння «я думаю, значыць я ёсць» мяне нішто не пераконвае так, як абсалютна яснае ўсведамленне, што, каб думаць, трэба быць, я разважыў, што магу ўзяць за агульнае правіла, што ўсё, усведамлянае намі цалкам выразна і ясна,— сапраўднае, хоць пры гэтым, зрэшты, існуе пэўная цяжкасць правільна вызначаць, што менавіта мы ўсведамляем цалкам выразна.
Тады, разважыўшы, што, паколькі я сумняваюся, значыць, маё існаванне не зусім дасканалае (бо я выразна ўсведамляў, што ведаць ёсць нечым больш дасканалым, чым сумнявацца), я захацеў знайсці, адкуль у мяне гэтае ўменне думаць пра нешта дасканалейшае за мяне, і я відавочна зразумеў, што яно му-
сіць паходзіць ад нечага па прыродзе сваёй напраўду больш дасканалага. Што тычыцца думак пра розныя іншыя рэчы, якія знаходзяцца па-за мною,— пра неба, зямлю, святло, цяпло і тысячу іншых,— дык тут мне было зусім не так цяжка зразумець, адкуль яны ў мяне бяруцца, бо не заўважаючы ў гэтых думках нічога, што магло б іх паставіць вышэй за мяне, я мог меркаваць, што іх праўдзівасць залежыць ад маёй натуры ў той ступені, у якой яна дасканалая, а калі яны не праўдзівыя — значыць, яны бяруцца з нічога, іначай кажучы, узнікаюць ува мне ў сувязі з пэўнай маёй заганай. Але ж ідэя аб існасці, дасканалейшай за маю, не магла ўзнікнуць такім самым чынам, бо атрымаць яе з нічога было рэччу яўна немагчымаю, а паколькі дапусціць, што нешта больш дасканалае залежыць ад і паходзіць з нечага менш дасканалага, непрымальна настолькі ж, як і меркаваць, што нешта можа ўзнікнуць з нічога, значыць, гэтая ідэя не магла паходзіць з мяне самога, адкуль заставалася зрабіць выснову, што яна была закладзеная ў мяне тым, чыя прырода напраўду дасканалейшая за маю і хто ўвогуле валодае ўсімі дасканаласцямі, якія я здольны ўявіць,— адным словам, Богам. Да гэтага я дадаў, што, паколькі мне вядомыя пэўныя дасканаласці, якімі сам я зусім не валодаю, значыць, я ёсць не адзінай істотай у гэтым быцці (калі вы дазволіце мне тут скарыстацца свабодна гэтымі школьнымі тэрмінамі), і значыць, абавязкова павінен быць нехта іншы, больш