Развагі аб метадзе як правільна накіроўваць свой розум і шукаць праўду ў навуках
Рэнэ Дэкарт
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 91с.
Мінск 2007
дасканалы, ад каго я залежу і ад каго атрымаў усё, што маю, бо, калі б я быў адзін і ні ад каго іншага не залежаў, так што меў бы тыя крыхі дасканаласці, якімі валодаю сёння, толькі ад сябе самога, дык на гэткіх самых падставах я мог бы атрымаць ад сябе і ўсё астатняе, чаго, як я ведаю, мне бракуе, і сам быў бы бясконцы, вечны, нязменны, усёведны, усёмагутны і валодаў бы ўрэшце ўсёю той дасканаласцю, якую здольны ўгледзець у Богу. Такім чынам, у адпаведнасці з гэтымі апошнімі разважаннямі, мне, каб спазнаць прыроду Бога, наколькі гэта дазваляла мая прырода, было цяпер дастаткова разгледзець усе якасці, пра якія я меў уяўленне, з пункту погляду, стасуецца ці не валоданне кожнай з іх з дасканаласцю, а я быў перакананы, што ніводная якасць, адзначаная пэўнай недасканаласцю, не была яму ўласцівая, тым часам як усе астатнія ў ім прысутнічалі (я ўсведамляў, напрыклад, што сумнення, непаслядоўнасці, суму і падобных рэчаў у ім быць не можа, бо я і сам быў бы рады ад іх пазбавіцца). Апроч таго, я меў пэўныя ідэі аб шматлікіх аспектах пачуццёвага і рэчыўнага свету, бо, хоць і меркаваў, што мрою і што не ўсё бачанае ці ўяўлянае мною адпавядае сапраўднасці, тым не менш, я не мог адмаўляць, што гэтыя ідэі насамрэч прысутнічаюць у маім мышленні. Але паколькі я ўжо вельмі выразна ўсведамляў, што разумовая прырода ўва мне адрозная ад цялеснай (рэчыўнай), і прымаючы пад увагу, што ўсякае спалучэнне сведчыць аб залежнасці,
а залежнасць ёсць праявай недасканаласці, я зрабіў з гэтага выснову, што для Бога быць складзеным з дзвюх гэтых прыродаў не было б дасканалым, а значыць, ён з іх не складаецца; калі ж у свеце і ёсць нейкія рэчыўныя, разумовыя ці іншыя па сваёй прыродзе целы, якія не валодаюць поўнаю дасканаласцю, дык іх існаванне мусіць цалкам залежаць ад яго ўлады, так што яны не маглі б пратрываць без яго ні хвіліны.
Пасля гэтага я вырашыў шукаць іншыя ісціны і, пачаўшы з прадмета, які вывучаюць геометры і які мне ўяўляўся як нейкае непарыўнае цела, або прастора, што неабмежавана распасціраецца ў даўжыню, шырыню і вышыню або глыбіню і можа падзяляцца на розныя часткі, якія могуць мець розныя памеры і формы і ўсякім чынам рухацца і перамяшчацца (бо геометры мяркуюць, што ўсё гэта ўласціва даследаванаму імі прадмету), я прагледзеў некаторыя з іхніх найпрасцейшых довадаў; і, прыняўшы пад увагу, што вялікая пераканаўчасць, якую ім усе прыпісваюць, грунтуецца толькі на тым, што гэтыя доказы вельмі наглядныя і выразна ўсведамляюцца адпаведна з толькі што выведзенымі мною правіламі, я ўсвядоміў таксама, што разам з тым у іх няма нічога, што пераконвала б мяне ў існаванні самога гэтага даследаванага прадмета: так я, напрыклад, выдатна разумеў, што, калі мы ўяўляем трохкутнік, сума яго трох кутоў мусіць быць роўная суме двух простых
кутоў, але ж я не бачыў у гэтым нічога, што пераконвала б мяне ў існаванні ў свеце нейкіх трохкутнікаў; у той жа час, наадварот, вяртаючыся да ідэі, якую я меў аб дасканалай існасці, я знаходзіў, што існаванне гэтай існасці закладзенае ў ідэю аб ёй гэткім самым чынам, як у ідэю аб трохкутніку, чые тры куты роўныя двум простым, ці аб сферы, усе часткі якой роўна аддаленыя ад цэнтра, ато нават з яшчэ большаю відавочнасцю; а значыць тое, што Бог, які і ўвасабляе сабой гэту найдасканалейшую існасць, ёсць, ці існуе, праўдзіва не менш, чым можа быць праўдзівым любы геаметрычны довад.
Але прычына, што ёсць нямала такіх, хто перакананы, нібыта існуе пэўная цяжкасць спазнаць, што такое Бог, і нават спазнаць, што ўяўляе сабой іх душа, заключаецца ў тым, што яны ніколі не ўздымаюцца розумам вышэй за рэчы, спазнавальныя праз пачуцці, і што яны настолькі прызвычаеныя разглядаць усё з дапамогаю ўяўлення, якое ёсць усяго толькі адмысловым спосабам мышлення аб рэчах матэрыяльных, што ўсё, чаго немагчыма ўявіць, здаецца ім недасягальным і для разумення. Гэта дастаткова яскрава праяўляецца ў тым, што нават філосафы ўсіх школаў лічаць за непарушнае правіла, нібы ў розуме не можа быць нічога, чаго не было папярэдне ў пачуццях, хоць якраз у пачуццях ідэяў аб Богу і душы не было ніколі; і мне здаецца, што тыя, хто хоча спазнаць іх, карыстаючыся ўяўленнем, робяць тое самае, як калі
б спрабавалі чуць гукі ці пахі, карыстаючыся вачыма, з той, зрэшты, розніцаю, што зрок пераконвае нас у сапраўднасці ўлоўлеваных ім аб’ектаў не менш, чым гэта робяць нюх і слых, тым часам як ні ўяўленне, ані пачуцці ніколі не змогуць пераканаць нас у чымнебудзь, калі да іх не далучыцца наш розум.
Нарэшце, калі ўсё яшчэ ёсць людзі, якіх прыведзеныя мною довады недастаткова пераканалі ў існаванні душы і Бога, дык мне хацелася б ім сказаць, што сапраўднасць усяго іншага, у чым, можа быць, яны адчуваюць сябе болын упэўненымі,— у тым, напрыклад, што маюць цела ці што ёсць зоркі, зямля і іншыя падобныя рэчы,— што сапраўднасць усяго гэтага мае меншую пэўнасць, бо хоць маральна мы перакананы ў існаванні гэтых рэчаў настолькі, што сумненне ў іх выглядала б прынамсі дзівацтвам, тым не менш, калі гаворка заходзіць пра іх сапраўднасць з метафізічнага пункту погляду, ніхто, не адступіўшы ад рацыі, не будзе адмаўляць, што ёсць дастатковыя падставы не быць у ёй цалкам упэўненым, беручы пад увагу, што падчас сну мы можам роўным чынам уявіць, што маем іншае цела і бачым іншыя зоркі й зямлю, хоць папраўдзе нічога такога няма. Бо адкуль вядома, што думкі, якія нам прыходзяць у сне, фальшывейшыя за іншыя, калі часцяком яны бываюць не менш выразныя і жывыя? Хай разумнейшыя галовы даследуюць гэтае пытанне, колькі заўгодна, але не думаю, каб яны знайшлі нейкі дастатковы довад зняць звязаныя з ім
сумненні, калі толькі ў якасці перадумовы не дапусцяць існаванне Бога. Бо, па-першае, ужо сам прынцып, узяты мною за правіла,— а менавіта, што рэчы, успрыманыя намі цалкам выразна і ясна, ёсць усе сапраўднымі,— з’яўляецца пэўным толькі таму, што Бог ёсць, ці існуе, што ён — дасканалая існасць і што ўсё ў нас паходзіць ад яго; адкуль вынікае, што нашы ідэі ці паняцці, будучы рэальнымі і паходзячы ад Бога, не могуць (у тым, у чым яны ёсць яснымі і выразнымі) не быць сапраўднымі. А калі ў нас і ўзнікаюць даволі часта ідэі, у той ці іншай ступені фальшывыя, дык гэта якраз тыя ідэі, у якіх ёсць нешта блытанае і цьмянае — з той прычыны, што яны спрычыняюцца з небыцця, іначай кажучы, яны ў нас такія блытаныя таму, што мы самі не зусім дасканалыя. Разам з тым, відавочна, што ў роўнай ступені немагчыма дапусціць, ні каб фальшывасць (пастолькі, паколькі яна ёсць недасканаласцю) паходзіла ад Бога, ні каб праўда, ці дасканаласць, паходзіла з небыццяАле ж калі б мы не ведалі, што ўсё рэальнае і сапраўднае ў нас паходзіць ад бясконцай і дасканалай існасці, дык якія б ясныя і выразныя ні былі нашы ідэі, мы не мелі б ніякай падставы быць упэўненымі, што яны валодаюць дасканаласцю адпавядаць рэальнасці.
Цяпер жа, калі пазнанне Бога й душы пераканала нас у вышэй памянёным правіле, няцяжка зразумець, што мроі, якія нам бачацца ў сне, ніякім чынам не павінны прымушаць нас сумнявацца ў праўдзівасці думак,
якія нам прыходзяць наяве. Бо нават калі б здарылася, што нейкаму чалавеку ў сне прыйшла вельмі дакладная ідэя, напрыклад, калі б геометр вынайшаў новы доказ, яго сон не перашкодзіў бы гэтаму доказу быць слушным; а што да звычайна пашыранай падманлівасці нашых сноў, якая заключаецца ў тым, што розныя рэчы паўстаюць у іх перад намі гэтак сама, як будучы ўспрыманымі праз вонкавыя органы пачуццяў, дык няма бяды, што гэтая падманлівасць дае нам падставу не давяраць праўдзівасці такіх уяўленняў, бо досыць часта яны могуць падманваць нас, і калі мы не спім: так, хворыя на жаўтуху бачаць усё ў жоўтых колерах, а зоркі ці вельмі аддаленыя прадметы здаюцца нашмат меншымі, чым ёсць напраўду. Бо ўрэшце, спім мы ці не спім, мы заўсёды павінны давярацца ў сваіх меркаваннях толькі відавочнасці розуму. I варта падкрэсліць, што я тут вяду гаворку менавіта пра розум, а не пра нашы ўяўленні ці нашы пачуцці: так, зноў-такі, мы вельмі ясна бачым Сонца, але праз гэта не павінны меркаваць, што яно такой велічыні, якім мы яго бачым, або мы можам выразна ўявіць ільвіную галаву на казліным целе, але з гэтага не трэба рабіць выснову, што ў свеце існуе хімера, бо розум зусім не ўказвае нам, быццам усё, што мы бачым ці ўяўляем падобным чынам, адпавядае сапраўднасці, але ж ён указвае, што ў аснове ўсіх нашых думак або паняццяў мусіць ляжаць пэўная праўда; бо без гэтага было б немагчыма, каб Бог, будучы ўседасканалым
і ўсепраўдзівым, іх у нас уклаў; а паколькі ў сне нашае разважанне ніколі не бывае ні такім ясным, ні такім завершаным, як тады, калі мы не спім (хоць часам мроі і бываюць не меней выразнымі і жывымі), то розум указвае, што, калі і не ўсе нашыя думкі могуць быць слушнымі з прычыны нашай няпоўнае дасканаласці, дык ужо тое, што ў іх ёсць ад праўды, мусіць несумненна ў большай ступені сустракацца ў тых думках, што нам прыходзяць наяве, чым у тых, што прыходзяць у сне.
Частка пятая
У далейшым я з задавальненнем выклаў бы і ўвесь ланцуг іншых праўдаў, якія вывеў з першых, але паколькі дзеля гэтага мне давялося б цяпер весці гаворку па многіх пытаннях, што выклікаюць спрэчкі паміж вучонымі, з якімі я зусім не маю жадання сварыцца, то, па-мойму, будзе лепш, калі я ўстрымаюся і толькі ў агульных рысах выкажу, у чым заключаюцца гэтыя пытанні, даўшы разумнейшым меркаваць, ці карысна пазнаёміць з імі публіку больш падрабязна. Я заўсёды цвёрда трымаўся прынятага мною рашэння не зыходзіць ні з якога іншага прынцыпу, апроч таго, якім скарыстаўся дзеля доказу існавання Бога й душы, і не прымаць за праўду нічога, што не здавалася б мне болей ясным і пэўным, чым раней здаваліся доказы геометраў; і тым не менш, адважуся сказаць, што мне не толькі ўдалося за кароткі час задавальняльна вырашыць усе галоўныя цяжкасці, звычайна разгляданыя ў філасофіі, але і вызначыць пэўныя законы, якія Бог так усталяваў у прыродзе і паняцце аб якіх так уклаў у нашыя душы, што, як след разважыўшы, мы наўрад ці здольныя сумнявацца, што яны дакладна вытрымліваюцца ва ўсім, што ёсць ці што дзеецца ў свеце. Тады, разгледзеўшы, што вынікае з гэтых законаў, я, як мне здаецца, змог адкрыць многія праўды, карыс-