Развагі аб метадзе як правільна накіроўваць свой розум і шукаць праўду ў навуках  Рэнэ Дэкарт

Развагі аб метадзе як правільна накіроўваць свой розум і шукаць праўду ў навуках

Рэнэ Дэкарт
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 91с.
Мінск 2007
20.42 МБ
Пасля гэтага, каб растлумачыць рух сэрца, мне дастаткова сказаць, што, калі яго паражніны не напоўненыя крывёю, яна немінуча мусіць у яго зацячы з парожняй вены — у правую паражніну і з вянознай артэрыі — у левую, бо два гэтыя сасуды заўсёды ёю напоўненыя, а іх адтуліны, якія адчыняюцца ў бок сэрца, не могуць у такой сітуацыі быць закупораныя; і як толькі дзве кроплі крыві трапляюць з іх адна ў правую паражніну, а другая ў левую (а гэта дзве дужа вялікія кроплі, бо і адтуліны, што іх упускаюць, дужа шырокія, і сасуды, з якіх яны паступаюць, дужа напоўненыя крывёй), яны адразу разрэджваюцца і расшыраюцца ад унутрысардэчнае цеплыні, у выніку чаго, раздзьмуўшы сэрца, штурхаюць і зачыняюць пяць дзверцаў на ўваходзе сасудаў, з якіх паступілі, не дазваляючы такім чынам, каб у сэрца трапіла болей крыві, а разрэджваючыся і расшыраючыся ўсё мацней, штурхаюць і адчыняюць шэсць іншых дзверцаў на ўваходзе двух іншых сасудаў, праз якія яны і выходзяць, раздзімаючы амаль адначасова з сэрцам усе адгалінаванні артэрыяльнай вены і вялікай артэрыі, пасля чаго сэрца адразу пачынае сціскацца, гэтак сама як і артэрыі, бо кроў, трапляючы ў іх, ахалоджваецца, і тады шэсць іх дзверцаў зачыняюцца, а пяць дзверцаў парожняй вены і вянознай артэрыі зноў адчыняюцца і ўпускаюць яшчэ дзве кроплі, якія, як і папярэднія, расшыраюць сэрца й артэрыі нанова. А з той прычыны, што кроў, якая трапляе такім
чынам у сэрца, праходзіць праз два капшучкі, што называюцца вушкамі, то выходзіць, што іх рух — супрацьскіраваны сардэчнаму і яны сціскаюцца, калі яно раздзімаецца. Зрэшты, каб тыя, хто не ведае сілы матэматычных доказаў і не прызвычаены адрозніваць слушныя довады ад праўдападобных, не надумалі, не даследаваўшы, адмаўляць сказанае мною, я хачу ім зазначыць, што апісаны мной рух гэтак сама немінуча вынікае ўжо толькі з размяшчэння органаў, якія можна бачыць у сэрцы простым вокам, з цеплыні, якая можа адчувацца ў ім пальцамі, і з прыроды крыві, якую можна спазнаць праз вопыт, як рух гадзінніка вынікае з моцы, размяшчэння і формы ягоных гіраў і шасцярэнек.
Ну, а калі хто запытае, чаму кроў у венах, увесь час уліваючыся ў сэрца, ніяк не вычэрпваецца і чаму артэрыі, у якія яна, праходзячы цераз сэрца, трапляе, ніяк ёю не перапаўняюцца, дык мне дастаткова будзе адказаць, проста паўтарыўшы апісанае ў свой час англійскім медыкам*, якога варта пахваліць за тое, што ён праламаў лёд у гэтым месцы і першы растлумачыў, што на кончыках артэрыяў ёсць мноства маленькіх праходаў, праз якія кроў, паступаючы ў артэрыі з сэрца, перацякае ў дробныя адгалінаванні венаў, па якіх потым зноў накіроўваецца да сэрца, так што яе
* Уільям Гарвэй (анг. William Harvey; 1578—1657) — англійскі медык, заснавальнік фізіялогіі і эмбрыялогіі. (Заўв. перакладчыка.)
рух уяўляе сабой не што іншае, як безупынны колазварот. Ен вельмі добра даводзіць гэта праз звычайны досвед хірургаў, якія, нямоцна перавязаўшы руку вышэй ад месца, дзе ўскрываюць вену, атрымліваюць болып насычаны крывацёк, чым калі б перавязкі не было; а вось каб яны зрабілі яе ніжэй, паміж кісцю й разрэзам, або вышэй, але зацягнулі туга, вынік быў бы цалкам адваротны. Такім чынам відавочна, што нямоцна зацягнутая павязка, перашкаджаючы крыві, якая ўжо знаходзіцца ў руцэ, вяртацца да сэрца па венах, не перашкаджае пры гэтым прытоку новай крыві праз артэрыі, бо яны знаходзяцца глыбей за вены і, маючы цвярдзейшыя сценкі, не так лёгка пераціскаюцца, а таксама што кроў, ідучы ад сэрца, бяжыць па артэрыях да кісці з большаю сілай, чым вяртаецца да сэрца па венах, а паколькі гэтая кроў выходзіць з рукі праз разрэз у адной з венаў, гэта значыць, што недзе ніжэй за гэтае месца, ці то — на канцы кісці, абавязкова павінны быць праходы, праз якія яна магла б пераходзіць з артэрыяў у вены. Гэтаксама выдатна ён пацвярджае сказанае ім пра кровазварот праз існаванне дробных клапанаў, размеіпчаных у розных месцах па ўсёй даўжыні венаў так, што яны не дазваляюць крыві ісці ад сярэдзіны цела да канечнасцяў, а прапускаюць яе толькі ад канечнасцяў да сэрца, a таксама дзякуючы вопыту, які сведчыць, што ўся кроў можа за вельмі кароткі час выцечы з цела ўсяго праз адну перарэзаную артэрыю, няхай нават яна будзе
туга перавязаная вельмі блізка да сэрца і перарэзаная паміж сэрцам і перавязкай — так, каб не было ніякай падставы меркаваць, што кроў, якая з яе выцякае, паходзіць аднекуль яшчэ, апроч сэрца.
Але ёсць і шмат іншых абставінаў, якія сведчаць, што сапраўдная прычына руху крыві заключаецца ў тым, пра што я казаў. Так, па-першае, розніца паміж крывёю, што выходзіць з венаў, і крывёю, што выходзіць з артэрыяў, палягае толькі на тым, што, праходзячы праз сэрца, дзе яна разрэджваецца і як бы дыстылюецца, кроў робіцца на выхадзе з яго, ці то ў артэрыях, больш цякучаю, жвавейшаю і цяплейшаю, чым была перад тым, як у сэрца трапіць, ці то ў венах. I нават калі прыгледзецца ўважлівей, можна адзначыць, што розніца гэтая выразна праяўляецца толькі паблізу з сэрцам, а ў месцах ад яго аддаленых яна зусім не такая. Далей, цвёрдасць тканак, з якіх складаюцца артэрыяльная вена і вялікая артэрыя, уяўляе сабой дастатковы паказчык таго, што кроў у іх б’ецца мацней, чым у венах. I чаму левая паражніна сэрца і вялікая артэрыя больш ёмістыя і шырэйшыя за правую паражніну і вянозную артэрыю, калі не таму, што кроў вянознай артэрыі, пабываўшы пасля праходу праз сэрца толькі ў лёгкіх, больш цякучая і разрэджваецца мацней і лягчэй, чым кроў, што паступае непасрэдна з парожняе вены? I аб чым, мацаючы пульс, змогуць здагадацца лекары, калі ім не будзе вядома, што ў залежнасці ад таго, як кроў мяняе сваю
прыроду, яна можа разрэджвацца цеплынёю сэрца ў большай ці меншай ступені, хутчэй ці марудней, чым раней? I калі разгледзець, як гэтая цеплыня перадаецца ў іншыя органы, хіба не давядзецца прызнаць, што адбываецца гэта дзякуючы крыві, якая, праходзячы праз сэрца, награецца ў ім, а тады разносіцца па ўсім целе, з чаго й вынікае, што, калі пазбавіць крыві нейкую частку цела, гэтым самым яна будзе пазбаўленая і цеплыні; і нават калі б сэрца было такое гарачае, як распаленае жалеза, гэтага ўсё адно не хапіла б, каб сагрэць ногі і рукі так, як яно іх грэе, калі б яно не пасылала ў іх безупынку ўсё новую кроў. Далей, з гэтага таксама робіцца зразумела, што сапраўднае прызначэнне дыхання — прыносіць дастаткова свежага паветру ў лёгкія, каб кроў, што паступае ў іх з правае паражніны сэрца, дзе яна была разрэджаная і як бы ператвораная ў пару, тут зноў згусцілася і зноў стала крывёю, перш чым вярнуцца ў левую паражніну, без чаго яна была б няздольная сілкаваць агонь, які там гарыць; і гэта пацвярджаецца тым, што жывёлы, у якіх няма лёгкіх, маюць у сэрцы толькі адну паражніну, а таксама тым, што дзеці, якія не могуць карыстацца лёгкімі, пакуль знаходзяцца ў матчыным чэраве, маюць у сэрцы адтуліну, праз якую кроў пераліваецца з парожняе вены ў левую паражніну, і пратоку, праз якую яна пераліваецца з артэрыяльнае вены ў вялікую артэрыю, не праходзячы праз лёгкія. Далей, як у страўніку магло б адбывацца страўленне,
калі б сэрца праз артэрыі не пасылала туды цеплыні, а разам з ёй і некаторых найбольш цякучых частак крыві, якія дапамагаюць распускацца харчам, што ў яго паступаюць? I хіба не лёгка робіцца зразумець дзеянне, якое ператварае жывіцу з гэтых харчоў у кроў, калі ўзяць пад увагу, што яна дыстылюецца, зноў і зноў праходзячы праз сэрца, можа быць, больш за сто ці дзвесце разоў кожны дзень? I што трэба яшчэ, каб растлумачыць харчаванне і ўтварэнне разнастайных выдзяленняў цела, апроч як сказаць, што дзякуючы сіле, з якою кроў, разрэдзіўшыся, рухаецца ад сэрца да кончыкаў артэрыяў, пэўныя яе часцінкі ўкліньваюцца паміж часцінкамі органаў, у якіх апынаюцца, і некаторыя з іх выбіваюць, займаючы іх месца, і пры гэтым у залежнасці ад размяшчэння, абрысу ці дробнасці пораў, якія ім сустракаюцца, адны з гэтых часцінак трапляюць у адны месцы, другія — у іншыя, накшталт таго, як гэта можа назіраць кожны, карыстаючыся наборам рашотаў з рознымі адтулінамі, каб раздзяліць між сабой рознае зерне. I нарэшце, самае адметнае ва ўсім гэтым — спараджэнне жывёльных духаў, якія, як вельмі лёгкі ветрык ці, лепей сказаць, як вельмі чыстае і вельмі жвавае полымя, безупынку і ў вялікае колькасці ўздымаюцца ад сэрца да мозга, a адтуль па нервах перадаюцца ў мышцы і прыводзяць у рух усе органы; пры гэтым няма патрэбы выдумляць нейкую іншую прычыну, чаму самыя рухомыя і пранікальныя часцінкі крыві, найболып прыдатныя
для ўтварэння гэтых духаў, скіроўваюцца менавіта да мозга, а не ў іншыя месцы, апроч той, што артэрыі, па якіх яны туды пераносяцца, ідуць ад сэрца па найбольш простай, у параўнанні з усімі іншымі, лініі, а паводле правілаў механікі, тоесных правілам прыроды, калі шмат прадметаў імкнецца рухацца разам у адным напрамку, на якім усім няма дастаткова месца (гэтак сама як імкнуцца да мозга часцінкі крыві, што выходзяць з левае паражніны сэрца), тады найбольш слабым і найменш рухомым наканавана быць адсунутымі ўбок мацнейшымі, якія адны толькі і дойдуць.
У трактаце, які я намерваўся выдаць раней, усё гэта было растлумачана дастаткова падрабязна. А пасля я ў ім паказаў, якою ў чалавечым целе мусіць быць будова нерваў і мышцаў, каб жывёльныя духі, што ў ім знаходзяцца, валодалі сілаю рухаць ягонымі членамі (гэтак сама мы бачым, як нядаўна адсечаная галава, няхай ужо й неадушаўлёная, усё яшчэ варушыцца і кусае зямлю); якія ў мозгу мусяць адбывацца змены, каб ён абуджаўся, засынаў і ў ім узнікалі сны; якім чынам святло, гукі, пахі, смакі, цеплыня і ўсе іншыя ўласцівасці знешніх аб’ектаў могуць фармаваць у ім праз пасярэдніцтва пачуццяў розныя ўражанні; якім чынам розныя ўражанні фармуюцца ў ім, з другога боку, голадам, смагай і іншымі ўнутранымі адчуваннямі; штб трэба лічыць за агульнапрынятае разуменне, якім гэтыя ўражанні ўспрымаюцца, штб — за памяць, якая іх захоўвае, і штб — за ўяўленне, якое можа па-рознаму
іх змяняць і ствараць з іх новыя, і гэтак сама, рассылаючы жывёльныя духі па мышцах, прымушаць члены гэтага цела рухацца настолькі ж разнастайнымі спосабамі і ў такой самай меры рэагуючы на аб’екты, што ўспрымаюцца органамі пачуццяў, і на ўнутраныя адчуванні, якія ў ім узнікаюць, як рухаліся б і нашыя члены, каб імі не кіравала воля; і гэта не выкліча ніякага здзіўлення ў тых, хто, ведаючы, колькі разнастайных аўтаматаў і самарухомых механізмаў можа стварыць чалавечая спрытнасць, выкарыстоўваючы ў іх зусім мала дэталяў у параўнанні з вялікім мноствам костак, цягліцаў, нерваў, артэрыяў, венаў і ўсіх іншых частак, якія маюцца ў целе кожнай жывёлы, будуць разглядаць гэтае цела як механізм, які, будучы створаны рукамі Бога, зладжаны непараўнальна лепш і мае нашмат зграбнейшыя рухі за любы механізм, які могуць прыдумаць людзі. I тут я спыніўся асобна, каб паказаць, што, калі б існавалі машыны, якія мелі б органы і знешні выгляд малпы ці нейкай іншай неразумнай жывёлы, то ў нас не было б ніякага сродку даведацца, што яны не такой самай прыроды, як гэтыя жывёлы; а вось калі б існавалі такія, якія мелі б падабенства да нашага цела і, наколькі гэта дапушчальна ў думках, імітавалі б нашыя дзеянні, дык тут у нас заўсёды было б два надзейныя спосабы вызначыць, што гэта зусім не сапраўдныя людзі: па-першае, яны ніколі не маглі 6 карыстацца словамі ці іншымі знакамі, спалучаючы іх так, як гэта робім