Развагі аб метадзе як правільна накіроўваць свой розум і шукаць праўду ў навуках
Рэнэ Дэкарт
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 91с.
Мінск 2007
Але больш за ўсё ў гэтым метадзе мяне задавальняла тое, што з яго дапамогай я ва ўсім карыстаўся сваім розумам калі не дасканала, дык прынамсі найлепшым спосабам, на які быў здольны: апроч таго, што, ужываючы яго, я адчуваў, што мае мазгі
пакрысе прызвычайваюцца ўспрымаць рэчы ўсё больш дакладна й выразна, я, зусім не прывязваючы яго ні да якой канкрэтнае дысцыпліны, спадзяваўся, што і пры разглядзе цяжкасцяў іншых навук ён паслужыць мне гэтак сама карысна, як некалі ў алгебры. Гэта не значыць, што праз гэта я адразу адважыўся б узяцца за даследаванне ўсіх вядомых мне цяжкасцяў — такое само па сабе супярэчыла б паслядоўнасці, якую прадугледжваў метад,— але, узяўшы пад увагу, што падставовыя прынцыпы ўсякіх навук мусяць быць пазычаныя ў філасофіі, а ў ёй самой я ніводнага такога пэўнага прынцыпу не ўгледжваў, я разважыў, што перадусім мне варта было б паспрабаваць такія прынцыпы выпрацаваць, а паколькі гэта — рэч у свеце самая важная і галоўнае ў ёй — пазбегчы ўсякай паспешлівасці ды прадузятасці, мне ў свае на той час дваццаць тры гады нельга было жадаць хутка і канчаткова тады ж з ёю пакончыць, спачатку мне трэба было доўгі час да гэтага рыхтавацца, як выкараняючы са сваіх мазгоў усе папярэдне набытыя памылковыя меркаванні, так і назапашваючы разнастайны досвед, які потым паслужыў бы мне матэрыялам у развагах, і безупынна практыкуючыся ў метадзе, распрацаваным мною для самога сябе, каб усё больш у ім сябе ўмацоўвапь.
Частка трэцяя
I нарэшце, паколькі перад тым, як пачаць перабудову памяшкання, у якім жывеш, мала проста яго разбурыць і, назапасіўшы ўдосталь матэрыялаў, запрасіць архітэктараў ці самому стаць абазнаным у архітэктуры і накрэсліць, апроч таго, яго дасканалы план, але трэба яшчэ й прадугледзець нейкае іншае памяшканне, у якім можна было б жыць утульна, пакуль будзе весціся праца,— так і я: каб не заставацца ўвесь час нерашучым у сваіх дзеяннях, пакуль мой розум будзе абавязваць мяне быць нерашучым у маіх меркаваннях, і каб пражыць гэты перыяд як мага шчаслівей, я сфармуляваў сабе пэўныя часовыя правілы маралі, што складаліся з трох-чатырох установак, з якімі я хачу вас пазнаёміць.
Першым правілам было падпарадкоўвацца законам і звычаям маёй краіны, стала трымаючыся рэлігіі, у якой праз Боскую ласку я быў выхаваны з дзяцінства, і кіруючыся ва ўсім астатнім найбольш памяркоўнымі і далёкімі ад крайнасцяў меркаваннямі, супольна прынятымі ў практыцы найбольш разважнымі людзьмі, сярод якіх мне выпадала жыць. Бо я быў пэўны, што цяпер, калі я больш не надаваў значэння сваім меркаванням, жадаючы іх усе перагледзець, лепш за ўсё будзе наследаваць меркаванням людзей найболей
разважных. I хоць, можа быць, сярод кітайцаў ці персаў ёсць такія самыя разважныя людзі, як і сярод нас, мне падалося, што будзе карысней узгадняць свае дзеянні з меркаваннямі тых, сярод каго я меўся жыць; а каб ведаць, у чым сапраўды заключаюцца іх меркаванні, я мусіў зважаць больш не на тое, што яны кажуць, а на тое, што яны робяць, і не толькі таму, што з прычыны сапсаванасці нашых нораваў ёсць мала людзей, гатовых сказаць усё, што яны думаюць, але і таму, што многія самі таго не ведаюць; бо паколькі дзеянне думкі, праз якую мы пра нешта мяркуем, адрозніваецца ад дзеяння думкі, праз якую мы ўсведамляем, што мы пра гэта мяркуем, то часцяком адно не звязана з другім. А што да шматлікіх раўназначна ўспрыманых мной меркаванняў, то сярод іх я выбіраў толькі самыя памяркоўныя — як з той прычыны, што яны заўсёды найбольш зручныя ў практыцы і, па ўсёй верагоднасці, лепшыя, бо ўсякая празмернасць звычайна кепская ўжо сама па сабе, так і дзеля таго, каб у выпадку дапушчанай мною памылкі не так далёка адхіляцца ад правільнае дарогі, як тады, калі я б, выбраўшы адну крайнасць, потым мусіў кідацца да другой. Да крайнасцяў я, у прыватнасці, адносіў усякія абяцанні, якія ў той або іншай меры абмяжоўваюць свабоду; не тое, каб я не ўхваляў законаў, якія, каб аберагчы ад няўстойлівага характару, якім вызначаюцца людзі не надта разважлівыя, дазваляюць, каб дзеля замацавання
нейкіх добрых намераў ці нават проста якіх-небудзь намераў (напрыклад, дзеля надзейнасці гандлю) даваліся нейкія зарокі ці падпісваліся кантракты, што змушалі б цвёрда гэтых намераў трымацца, але з той прычыны, што я не бачыў у свеце нічога раз і назаўсёды нязменнага і што асабіста я збіраўся ўсё больш і больш дасканаліць сваю разважнасць, а зусім яе не пагаршаць, то я падумаў, што было б вялікай памылкай, супярэчнай здароваму сэнсу, калі б я, ухваліўшы тады што-небудзь, змусіў бы сябе лічыць гэта добрым і потым, калі яно, магчыма, перастане ўжо такім быць ці я сам перастану яго такім лічыць.
Другім маім правілам было заставацца ў сваіх дзеяннях настолькі рашучым і цвёрдым, наколькі я здольны, і, аднойчы вызначыўшы для сябе трымацца нават самых сумніўных поглядаў, наследаваць ім з не меншаю паслядоўнасцю, чым калі б яны былі абсалютна надзейныя: у гэтым я прыпадабняў сябе да падарожніка, які, заблудзіўшы ў лесе, не павінен блукаць, кідаючыся то ў адзін бок, то ў другі, ні тым больш заставацца на месцы, але па магчымасці праставаць увесь час у адным напрамку, не мяняючы яго з кожнай нязначнай нагоды, хоць, можа быць, напачатку гэты напрамак і быў выбраны чыста выпадкова; бо такім спосабам, нават калі падарожнік не выйдзе туды, куды хоча, дык прынамсі ўрэшце апынецца там, дзе, па ўсёй верагоднасці, яму будзе лепш, чым пасярод лесу. А паколькі жыццёвыя
справы часцяком не церпяць адкладу, то няма ніякага сумнення, што, будучы няздольнымі вызначыць для сябе, якія меркаванні ёсць найбольш слушнымі, мы абавязаныя трымацца найбольш праўдападобных; і нават калі мы зусім не бачым большай праўдападобнасці ні ў адным з меркаванняў, тым не менш, мы павінны на пэўныя з іх рашыцца і потым у тым, што тычыцца практыкі, прымаць іх як цалкам слушныя і надзейныя — з тае прычыны, што такімі былі довады, якія схілілі нас іх абраць. I гэтага аказалася досыць, каб у далейшым пазбавіць мяне ад усялякіх раскаянняў і згрызотаў, што зазвычай непакояць сумленне людзей не надта разважлівых і мітуслівых, якія, будучы непаслядоўнымі, дазваляюць сабе рабіць як нешта добрае тое, што лічаць пасля за благое.
Трэцім маім правілам было старацца перамагаць хутчэй самога сябе, а не свой лёс, мяняць свае жаданні, а не сусветны парадак і ўвогуле прызвычаіць сябе да думкі, што няма нічога, што было б у нашай поўнай уладзе, апроч нашых думак, і што пасля таго, як мы зрабілі ўсё магчымае адносна рэчаў, якія знаходзяцца вакол нас, усё астатняе, што не дазваляе нам дасягнуць жаданага, трэба разглядаць, як нешта абсалютна для нас немагчымае. Аднаго гэтага, на мой погляд, было дастаткова, каб у будучым не жадаць таго, чаго я ўсё адно не атрымаў бы, і такім чынам заўсёды знаходзіць задавальненне; бо паколькі нашая воля па сваёй прыродзе імкнецца толькі да
таго, што нашае разуменне прадстаўляе ёй як тым ці іншым чынам мажлівае, то цалкам ясна, што, лічачы ўсе шчадроты, якія знаходзяцца па-за намі, роўнааддаленымі ад нашых магчымасцяў, мы ўжо не будзем больш шкадаваць, што пазбаўленыя тых шчадрот, якія, здавалася б, мусяць належаць нам паводле самога факту нашага нараджэння, калі мы не маем іх не па сваёй віне,— гэтак сама як не шкадуем, што не валодаем Кітаем ці Мексікай; і такім чынам зрабіўшы, так бы мовіць, з патрэбы дабрадзейку, мы будзем жадаць быць здаровымі, калі мы хворыя, ці свабоднымі, калі мы ў вязенні, не больш, чым цяпер жадаем мець цела з такога самага непарушнага рэчыва, як алмаз, ці мець крылы, каб лётаць, як птушкі. Але прызнаюся, што, каб глядзець на ўсе рэчы пад такім вуглом, патрэбна доўгае практыкаванне і часцяком новыя і новыя разважанні; і я думаю, што якраз у гэтым заключаўся галоўны сакрэт тых філосафаў, якія ўмелі некалі паставіць сябе па-за ўладаю лёсу і, нягледзячы на пакуты і нэндзу, супернічаць у шчасці з багамі. Бо няспынна разглядаючы межы, абумоўленыя ім прыродай, яны так дасканала пераканаліся, што іх уладзе належаць толькі іх уласныя думкі, што аднаго гэтага было дастаткова, каб пазбавіць іх усякае цягі да іншых рэчаў; а ўжо над сваімі думкамі яны панавалі настолькі поўна, што гэта давала ім падставу уважаць сябе ў пэўным сэнсе і багацейшымі, і магутнейшымі, і свабаднейшымі, і шчаслівейшымі з ўсякага іншага, хто,
не маючы такой філасофіі, нават пры ўсемагчымым спрыянні прыроды і лёсу ніколі не можа авалодаць усім, чаго прагне.
Нарэшце, на давяршэнне гэтай маралі я наважыўся перагледзець разнастайныя заняткі людзей у гэтым жыцці, каб пастарацца выбраць сярод іх найлепшы, і, хоць не хачу сказаць нічога пра заняткі іншых, я разважыў, што для мяне лепш за ўсё будзе займацца тым, чым я і займаўся, іначай кажучы — прысвяціць усё жыццё развіццю свайго розуму і рухацца, наколькі буду здольны, да спазнання праўды, кіруючыся прынятым мной метадам. I з той пары, як я пачаў ужываць гэты метад, я неаднаразова адчуваў настолькі высокую асалоду, што не думаю, каб у гэтым жыцці можна было атрымаць асалоду прыемнейшаю і бяскрыўднейшую. Калі я кожны дзень адкрываў з дапамогаю свайго метаду пэўную новую і, на мой погляд, важную праўду, звычайна невядомую іншым, мой розум напаўняла такое задавальненне, што ўсё астатняе мяне зусім не абыходзіла. Акрамя таго, і тры папярэднія правілы грунтаваліся толькі на маім намеры далейшае самаадукацыі, бо ўлічваючы, што Бог надзяліў кожнага з нас пэўнай асветай, каб адрозніваць сапраўднае ад фальшывага, я ні на хвіліну не палічыў бы сябе абавязаным задавольвацца чужымі поглядамі, калі б не меў на ўвазе скарыстацца ў свой час асабістым сваім меркаваннем пры іх ацэнцы; і наследуючы гэтым чужым поглядам, я ніколі не здолеў
бы пазбыцца сумнення, калі б не спадзяваўся, што не выпушчу пры гэтым ніводнага зручнага выпадку адшукаць лепшыя, калі толькі такія будуць; і нарэшце, я не здолеў бы ні абмежаваць свае жаданні, ні адчуць сябе задаволеным, калі б ішоў не тою дарогай, на якой, з упэўненасцю разлічваючы набыць усе веды, на якія я здольны, я тым самым разлічваў дасягнуць і ўсіх даступных мне сапраўдных шчадрот; а паколькі нашая воля мае схільнасць гарнуцца да нечага ці нечага пазбягаць толькі адпаведна таму, наколькі добрым ці кепскім гэта прадстаўляе ёй нашае разуменне, то каб слушна рабіць, дастаткова слушна і разважаць, a значыць, разважаючы найлепшым чынам, мы і рабіць будзем усё як найлепш, іначай кажучы зможам набыць усе станоўчыя якасці, а разам з імі ўсе дасягальныя нам шчадроты; і калі мы ўпэўненыя, што гэта так, мы не можам не адчуваць задавальнення.