Развагі аб метадзе як правільна накіроўваць свой розум і шукаць праўду ў навуках  Рэнэ Дэкарт

Развагі аб метадзе як правільна накіроўваць свой розум і шукаць праўду ў навуках

Рэнэ Дэкарт
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 91с.
Мінск 2007
20.42 МБ
ступені згладжваюцца звычкаю, якая неўпрыкмет здольная шмат якія з іх выправіць ці колькасна зменшыць, чаго немагчыма было б дабіцца ніякай прадуманаю разважнасцю; і ўрэшце, амаль заўсёды цярпець гэтыя хібы бывае нашмат лягчэй, чым іх перамены: так бальшакі, якія круцяцца паміж гор, робяцца ад частай язды па іх такімі ўбітымі і зручнымі, што выбіраць іх нашмат выгодней, чым ісці болей простай дарогай, караскаючыся на вяршыні скалаў і спускаючыся на дно прорваў.
Таму я ні ў якім разе не ўхваляю вечна незадаволенага і неспакойнага характару тых, хто, не маючы ні па сваім стане, ні па нараджэнні паклікання да кіравання грамадскімі справамі, нястомна пнецца прыдумаць і правесці ў іх якія-небудзь новыя пераўтварэнні; і калі б я мог падумаць, што ў гэтым творы ёсць хоць што-небудзь, што дасць падставу западозрыць мяне ў такім шаленстве, я быў бы глыбока засмучаны, што пагадзіўся на яго публікацыю. Мой намер ніколі не сягаў далей, як перабудаваць мае ўласныя думкі і ўгрунтаваць іх на глебе, якая цалкам належыць самому мне. I хоць плён маёй працы спадабаўся мне дастаткова, каб я рашыў паказаць вам тут яго ўзор, гэта зусім не значыць, што я хачу каму-небудзь параіць яму наследаваць. Можа быць, тыя, каго Бог шчадрэй надзяліў сваёй ласкай, ставяць перад сабой і болей высокія мэты, але баюся, каб і мая не была ўжо надта смелай для многіх. Само ўжо рашэнне па-
збавіцца ад усіх меркаванняў, прынятых калісьці на веру, не з’яўляецца ўзорам, якому павінен наследаваць кожны. Зрэшты, у цэлым у свеце можна выдзеліць толькі два лады мыслення, якім гэта ніякім чынам не падыходзіць: а менавіта, у тых, хто, уважаючы сябе за здольнейшых, чым яны ёсць, не могуць утрымацца ад паспешлівых высноваў і не маюць дастаткова цярпення, каб упарадкавана будаваць свае думкі, у выніку чаго, аднойчы даўшы сабе волю паставіць пад сумненне ўспрынятыя прынцыпы і сысці з агульнапрынятай дарогі, яны ніколі не змогуць утрымацца на сцяжыне, якую трэба абраць, каб ісці наўпрост, а ўсё жыццё будуць кідацца з боку ў бок; а таксама ў тых, хто,— маючы дастаткова розуму або сціпласці, каб лічыць сябе ў меншай ступені здольнымі адрозніваць праўдзівае ад непраўдзівага, чым некаторыя іншыя, ад каго яны могуць павучыцца,— павінны, у сувязі з гэтым, зболыпага задавальняцца і кіравацца меркаваннямі гэтых іншых, а не займацца асабістымі пошукамі лепшых высноваў.
Дый сам я, несумненна, быў бы ў ліку апошніх, калі б за ўвесь час меў толькі аднаго настаўніка і калі б мне не было знаёма, як вечна разыходзяцца меркаванні нават сярод самых вучоных. Але яшчэ ў каледжы даведаўшыся, што немагчыма прыдумаць нічога такога дзіўнага і такога малаверагоднага, чаго ўжо не было б сказана якім-небудзь філосафам; а потым у вандроўках пераканаўшыся, што ўсе тыя, чыё
ўспрыманне дыяметральна адрозніваецца ад нашага, не з’яўляюцца праз гэта варварамі, ані дзікунамі і многія з іх настолькі ж разумныя, як мы, і нават больш; і прыняўшы пад увагу, што адзін і той самы чалавек са сваім адным і тым самым розумам, будучы з дзяцінства ўзгадаваны сярод французаў ці немцаў, робіцца іншым, чым быў бы, калі б увесь час жыў сярод кітайцаў ці канібалаў, і што нават у модзе на адзенне — тая самая рэч, якая нам падабалася дзесяць год таму і, можа быць, спадабаецца зноў яшчэ праз дзесяць год, сёння здаецца нам смешнай і вычварнай; так што звычай і ўзор пераконваюць нас больш за ўсякія дакладныя веды, але тым не менш большасць галасоў не ўяўляе сабой вартага чаго-небудзь доказу ў адкрыцці не зусім простых ісцінаў, бо нашмат верагодней, што хутчэй да іх дойдзе адзін чалавек, a не цэлы народ,— пасля ўсяго гэтага я ўжо не мог выбраць нікога, чые думкі мне спадабаліся б больш за думкі іншых, і аказаўся як бы вымушаным пачаць кіраваць сабой самастойна.
Але як чалавек, які ідзе адзін і ахутаны змрокам, я рашыў ісці так павольна і з такой усебаковай абачлівасцю, каб, нават калі буду рухацца наперад вельмі марудна, прынамсі засцерагчы сябе ад небяспекі ўпасці. Я нават не хацеў адразу адкідаць цалкам ніводнага меркавання, якое пракралася некалі ў маю свядомасць па-за маім розумам, пакуль не прысвячу дастаткова часу на выпрацоўку плана маіх будучых дзеянняў і
пошук сапраўднага метаду здабыцця ведаў пра ўсё, на што будзе здольны мой розум.
Будучы маладзейшым, я крыху вывучаў, сярод іншых раздзелаў філасофіі, логіку, а сярод раздзелаў матэматыкі — геаметрычны аналіз і алгебру — тры мастацтвы, або навукі, якія, на мой погляд, мусілі так ці іначай паспрыяць у маіх намерах. Але, вывучаючы іх, я ўгледзеў, што ў логіцы яе сілагізмы і большасць іншых правілаў служаць, галоўным чынам, дзеля тлумачэння іншым таго, што ўжо вядома, або нават, як Люліева* мастацтва, дзеля ўмення весці размову пра тое, чаго не ведаеш, а не дзеля пазнання гэтага; і хоць логіка напраўду ўтрымлівае шмат вельмі правільных і вельмі добрых правілаў, але да іх дамяшана столькі шкодных і лішніх, што аддзяліць адны ад другіх амаль гэтак сама нялёгка, як разгледзець Дыяну ці Мінэрву ў неапрацаваным мармуровым кавалку. Што да старажытнага геаметрычнага аналізу і сучаснай алгебры, то, апроч таго, што яны тычацца толькі рэчаў дужа абстрактных і з выгляду зусім бескарысных, дык аналіз заўсёды настолькі засяроджаны на разглядзе фігураў,
* Раймонт Люлій (1235—1315) — каталонскі філосаф, багаслоў і паэт, аўтар першага буйнога твора на каталонскай мове, у сваёй асноўнай працы «Вялікае мастацтва» апісваў спосабы механічна мадэляваць лагічныя аперацыі ў вынайдзенай ім «лагічнай машыне». У адрозненне ад Дэкарта, Ляйбніц высока ацаніў пошукі Люлія, назваўшы яго гсніялыіым прадвеснікам камбінаторнай логікі і нават штучнага штэлекту (Заўв. перакладчыка.)
што не можа трэніраваць цямлівасць без празмернага напружвання ўяўлення, а алгебра аказалася настолькі скаваная пэўнымі правіламі і лічбамі, што ператварылася ў цьмянае і блытанае мастацтва, якое абцяжарвае наш розум, а не ў навуку, якая развівае яго. 3 гэтай прычыны я разважыў, што трэба шукаць нейкі іншы метад, які, аб’ядноўваючы перавагі ўсіх гэтых трох, быў бы пазбаўлены ад іх недахопаў. I паколькі множнасць законаў нярэдка служыць падставай да апраўдання заганаў, і наадварот — дзяржава кіруецца лепей, калі законаў у ёй мала і за іх выкананнем ажыццяўляецца больш пільны дагляд, так і тут я размеркаваў, што замест вялікай колькасці правілаў, з якіх складаецца логіка, мне будзе дастаткова чатырох наступных, абы толькі я прыняў цвёрдае рашэнне іх цвёрда трымацца, ні разу не адступаючы.
Першае — ніколі нічога не прымаць за праўдзівае, пакуль я з відавочнасцю не ўведаю, што яно такім ёсць,— іначай кажучы, дбайна пазбягаць паспешлівасці і прадузятасці і не ўключаць у свае высновы нічога, апроч таго, што ўсведамлялася б маім розумам так выразна і ясна, што ў мяне не заставалася б ужо ніводнай падставы ўсумніцца ў гэтым.
Другое — дзяліць кожную цяжкасць, якую я разглядаю, на столькі частак, на колькі гэта магчыма й патрэбна дзеля найлепшага яе вырашэння.
Трэцяе — упарадкавана будаваць свае думкі, пачынаючы з найпрасцейшых і найлягчэйшых у пазнанні
рэчаў і паступова падымаючыся, як па прыступках, да пазнання найболып складаных, дапускаючы пры гэтым існаванне паслядоўнасці нават паміж тымі, якія натуральна не папярэднічаюць адна другой.
I апошняе — рабіць паўсюль такія падрабязныя спісы і такія поўныя пералікі, каб быць пэўным, што нічога не было прапушчана.
Усе гэтыя доўгія ланцугі высноваў і довадаў, зусім простых і лёгкіх, якімі звычайна карыстаюцца геометры, каб дайсці да сваіх найскладанейшых доказаў, далі мне падставу ўявіць, што і ўсе рэчы, якія могуць трапіць у фокус пазнання людзей, выстройваюцца ў такой самай паслядоўнасці, і калі толькі ўстрымлівацца ад таго, каб прымаць што-кольвек за сапраўднае, якое такім не ёсць, і калі заўжды захоўваць слушны парадак, выводзячы адно з другога, дык не зможа аказацца нічога настолькі далёкага, чаго нельга было б дасягнуць, і настолькі схаванага, чаго нельга было б выкрыць. I мне не было вялікаю цяжкасцю адшукаць, з чаго неабходна пачаць, бо я ўжо ведаў, што пачынаць трэба з найпрасцейшага і ў пазнанні самага лёгкага; а беручы пад увагу, што сярод усіх папярэднікаў, якія шукалі праўды ў навуках, знайсці пэўныя сведчанні, ці то пэўныя дакладныя і відавочныя доказы, удалося адным матэматыкам, я ніколькі не сумняваўся, што пачынаць належыць менавіта з таго, што даследавалі яны, хоць я і не спадзяваўся мець з гэтага іншай карысці, апроч хіба той, што гэта
прывучыць мой розум жывіцца з праўдзівых ведаў і ніякім чынам не задавольвацца фальшывымі довадамі. Але дзеля гэтага я не намерваўся вывучыць усе тыя асобныя навукі, якія агульна прынята называць матэматыкай, а, бачачы, што, хоць прадметы ў іх розныя, усе яны лучацца ў тым, што не даследуюць нічога іншага, апроч як разнастайныя суадносіны, ці прапорцыі, якія ў іх сустракаюцца, я падумаў, што будзе найлепш увогуле даследаваць толькі такія прапорцыі і шукаць іх толькі ў тых рэчах, якія дазвалялі б найлягчэй іх спазнаць, пры гэтым, аднак, ніякім чынам не суадносячы іх з аднымі толькі гэтымі рэчамі, каб магчы пасля прыкладаць і да ўсіх іншых, з якімі яны стасаваліся б. Потым, зазначыўшы, што дзеля іх спазнання мне давядзецца часам разглядаць кожную з гэтых прапорцыяў паасобку, а часам мець на ўвазе, ці трымаць у свядомасці, некалькі з іх адразу, я падумаў, што дзеля лепшага паасобнага разгляду кожнай іх належыць уяўляць у выглядзе лініяў (бо я не знаходзіў нічога прасцейшага, ані выразней і дакладней даступнага маім уяўленню й пачуццям), a дзеля ўтрымання ў свядомасці ці разгляду некалькіх адначасова іх трэба выражаць пэўнымі як мага карацейшымі лікамі, і што такім чынам я пазычу ўсё найлепшае як з геаметрычнага аналізу, так і з алгебры, і выпраўлю недахопы аднаго з дапамогай другой.
Адважуся сказаць, што й напраўду, цвёрда трымаючыся гэтых нешматлікіх выбраных мной установак, я
здолеў так лёгка вырашаць любыя задачы, якія стаяць перад гэтымі дзвюма навукамі, што за два-тры месяцы, якія прысвяціў іх даследаванню, пачаўшы з найпрасцейшых і самых агульных і прымаючы кожную выкрытую мной такім чынам праўду за правіла, якім потым карыстаўся дзеля знаходжання новых, я не толькі адолеў многія, якія лічыў некалі вельмі цяжкімі, але і, пад канец, як мне падалося, мог вызначыць, якімі спосабамі і ў якой ступені можна вырашыць нават тыя задачы, якія мне былі яшчэ не вядомыя. Спадзяюся, вы не палічыце гэта за празмерную маю фанабэрыю, калі возьмеце пад увагу, што, паколькі адносна кожнае рэчы існуе толькі адна праўда, то ўсякі, хто знайшоў яе, ведае пра гэтую рэч усё, што пра яе можна ведаць. Так, напрыклад, дзіцё, якое навучаецца арыфметыцы, ажыццявіўшы складанне ў адпаведнасці з правіламі, можа быць пэўнае, што знайшло адносна шуканай сумы ўсё, што здольны знайсці чалавечы розум, бо метад, які вучыць трымацца правільнага парадку і дакладна вызначаць колькасць усіх акалічнасцяў таго, што шукаецца, утрымлівае ў сабе ўсё, што надае дакладнасці й пэўнасці правілам арыфметыкі.