Развагі аб метадзе як правільна накіроўваць свой розум і шукаць праўду ў навуках
Рэнэ Дэкарт
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 91с.
Мінск 2007
Асабліва мне падабалася матэматыка — за дакладнасць і відавочнасць сваіх довадаў, але тады я яшчэ не бачыў яе сапраўднага ўжытковага значэння і, думаючы, што яна служыць толькі механічным рамёствам, здзіўляўся, што на такім цвёрдым і трывалым падмурку дагэтуль не пабудавана нічога болей узнёслага; і наадварот, пісанні старажытных аўтараў паганскага часу, у якіх абмяркоўваюцца асновы маралі, я параўноўваў з незвычайна раскошнымі і велічнымі палацамі, узведзенымі на пяску і твані: у іх вельмі высока ўзносіцца чалавечая дабрадзейнасць і ўнушаецца, што яна больш за ўсё ў свеце вартая павагі, але яны недастаткова вучаць, па чым гэтую дабрадзейнасць можна пазнаць, і часта называюць гэтым прыгожым словам не што іншае, як нячуласць, ці ганарлівасць, ці роспач, ці бацьказабойства.
Я шанаваў нашае багаслоўе і не менш за ўсякага іншага спадзяваўся трапіць на неба, але даведаўшыся як пра рэч цалкам пэўную, што шлях туды адкрыты
аднолькава як поўным невукам, так і самым вялікім знаўцам і што богам адкрытыя ісціны, якія туды вядуць, стаяць вышэй за нашае разуменне, я ўжо не адважыўся б разглядаць іх з маімі слабымі разумовымі здольнасцямі і меркаваў, што дзеля паспяховага іх вывучэння трэба заручыцца нейкай незвычайнай дапамогай нябёсаў і быць болей, чым чалавекам.
Пра філасофію скажу хіба толькі тое, што, усведамляючы, што на працягу многіх стагоддзяў яна гадавалася найлепшымі галовамі чалавецтва, але, нягледзячы на гэта, у ёй і цяпер няма ніводнага палажэння, якое не выклікала б спрэчак, а значыць, не было б сумніўным, я не знайшоў у сабе дастатковай упэўненасці, каб спадзявацца, што дамагуся ў ёй большых поспехаў, чым астатнія; і прымаючы пад увагу, наколькі разнастайнымі могуць быць погляды на адзін і той самы прадмет у розных вучоных, тым часам як правільным сярод іх можа быць заўсёды толькі адзін, я пачаў уважаць амаль за фалывывае ўсё, што было не больш як праўдападобным.
Потым, што да іншых навук, то, паколькі яны пазычаюць свае прынцыпы ў філасофіі, я меркаваў, што на такім слабым грунце немагчыма пабудаваць нічога трывалага, і ні пашанот, ні карысці, якія яны абяцалі, не было дастаткова, каб заахвоціць мяне да іх вывучэння, бо праз Боскую ласку я не адчуваў сябе ў тым становішчы, якое змушала б мяне з навукі зрабіць рамяство дзеля забеспячэння свайго дабрабыту; і
хоць я не трымаўся, на ўзор кінікаў, той пазіцыі, што славаю трэба пагарджаць, але ж і мала цаніў тую славу, якую мог бы здабыць незаслужана. Нарэшце, што да непраўдзівых вучэнняў, то, на маю думку, я быў з імі знаёмы ўжо дастаткова, каб не быць падманутым ні абяцанкамі якога-небудзь алхіміка, ні прадказаннямі астролага, ні штукарствам мага, ні выкрунтасамі ці выхваляннем тых, хто па сваёй прафесіі ўдае, быццам ведае больш, чым яму напраўду вядома.
Вось чаму, як толькі ўзрост дазволіў мне выйсці з-пад падпарадкавання маім настаўнікам, я зусім адкінуў кніжную вучобу і вырашыў шукаць толькі тую навуку, якую мог здабыць у сабе самім ці ў вялікай кнізе свету, і скарыстаў рэшту свайго юнацтва, каб падарожнічаць, бачыць двары і войскі, уваходзіць у зносіны з людзьмі рознага нораву і становішча і назапасіць разнастайны досвед, выпрабаваўшы сябе ў сустрэчах, якія мне прапануе лёс, і паўсюль разважаць над спатканымі мною рэчамі, каб здабыць з усяго гэтага пэўную карысць. Бо мне здавалася, што я магу сустрэць нашмат болей праўды ў развагах кожнага, хто непасрэдна сам займаецца важнымі для яго справамі, чый вынік можа хутка яго пакараць, калі ён разважыць няслушна, чым у кабінетных мудраваннях вучонага мужа, якія ўвогуле не даюць практычнага выніку і адзіным наступствам якіх для яго можа быць хіба толькі пустая яго фанабэрыя, прычым тым большая, чым далейшымі ад агульнапрынятага
разумення будуць яго мудраванні, бо ў гэтым выпадку яму давядзецца ўжыць болей клёку і ўвішнасці, каб пастарацца зрабіць іх праўдападобнымі. Я ж заўсёды меў пільнае жаданне навучыцца адрозніваць праўдзівае ад несапраўднага, каб мець у сваіх дзеяннях ясны позірк і ўпэўнена рухацца па гэтым жыцці.
Праўда, пакуль я ўсяго толькі назіраў за норавамі іншых, я не знаходзіў у іх нічога, на што мог бы абаперціся, і адзначаў тут амаль такую самую разнастайнасць, якую раней бачыў у меркаваннях філосафаў. У выніку найбольшая карысць, якую я змог з гэтага атрымаць, заключалася ў тым, што, зважаючы, як многа з таго, што ўяўляецца нам недарэчным і смешным, з’яўляецца, тым не менш, агульнапрынятым і знаходзіць ухвалу ў іншых вялікіх народаў, я навучыўся нічому занадта не давяраць, пакуль сам не пераканаюся ў гэтым на падставе канкрэтнага ўзору ці звычаю: і такім чынам я паступова пазбавіўся ад шматлікіх памылак, якія могуць захінаць нам натуральнае святло і рабіць нас менш здольнымі чуць голас розуму. Але аддаўшы некалькі гадоў на такія штудыі кнігі свету і пастараўпіыся абзавесціся пэўным досведам, я аднойчы прыняў рашэнне вывучыць самога сябе і ўжыць усю сілу майго розуму, каб выбраць шляхі, па якіх я павінен рухацца, і гэта мне ўдалося, здаецца, нашмат лепш, чым калі б я ніколі не пакідаў свайго краю і сваіх кніжак.
Раздзел другі
Я быў тады ў Нямеччыне, куды мяне паклікалі абставіны, звязаныя з ваеннымі дзеяннямі, што не скончыліся і дагэтуль, і калі я вяртаўся з каранацыі імператара ў войска, пачатак зімы спыніў мяне на адной з вайсковых кватэраў, дзе, не знайшоўшы з кім пацешыць сябе размовай, але, на шчасце, не будучы турбаваны ніякімі клопатамі, ані жарсцямі, я цэлы дзень прабавіў адзін, зачыніўшыся ў добра напаленым пакоі, дзе меў ўвесь вольны час, каб аддацца сваім развагам. Адна з першых сярод іх прывяла мяне да высновы, што часта тварэнне, складзенае з мноства частак і выкананае рукою розных майстроў, не такое дасканалае, як тварэнне, над якім працаваў нехта адзін. Так, мы бачым, што будынкі, задуманыя і выкананыя адным архітэктарам, звычайна прыгажэйшыя і лепш уладкаваныя, чым тыя, якія стараліся адбудаваць многія, выкарыстоўваючы старыя муры не ў тых мэтах, дзеля якіх яны былі некалі ўзведзеныя. Гэтак сама і старажытныя селішчы, якія на пачатку былі ўсяго толькі мястэчкамі і з цягам часу сталі вялікімі гарадамі, маюць звычайна настолькі кепскую арганізацыю ў параўнанні з рэгулярна распланаванымі гарадамі, узведзенымі на раўніне адпаведна з задумай аднаго інжынера, што, хоць, разглядаючы
кожны будынак у іх паасобку, нярэдка знаходзіш, што яны вылучаюцца не меншым, a то і большым майстэрствам за іншыя, аднак калі паглядзець, як яны стасуюцца між сабой — тут малы, там вялікі — і як праз гэта вуліцы робяцца крывымі й няроўнымі, можна падумаць, што яны размясціліся так па волі выпадку, а не па волі людзей, якія паслугоўваліся сваім розумам. А калі ўзяць пад увагу, што пры гэтым заўсёды былі ўрадоўцы, якія мелі сваім абавязкам сачыць за прыватнымі пабудовамі, каб яны служылі на аздабленне горада, то адразу ўсведамляеш, што зрабіць што-небудзь ладнае, карыстаючыся толькі чужымі тварэннямі, вельмі няпроста. Гэтак сама я ўявіў сабе, што і народы, якія раней былі ў паўдзікім стане і толькі паступова прыйшлі да цывілізацыі, уводзячы свае законы выключна па меры таго, як іх змушалі да гэтага невыгоды ад безупынных злачынстваў і звадаў, не могуць мець настолькі ж добрага грамадзянскага ладу, як тыя, што выконваюць пастанаўленні якога-небудзь мудрага заканадаўцы ад самага пачатку свайго аб’яднання. Гэтак сама бясспрэчна, што і сапраўдная рэлігія, запаветы якой вызначаныя адным толькі Богам, павінна быць непараўнальна лепш зладжанаю за ўсе іншыя. А калі казаць пра чалавечыя справы, то я мяркую, што Спарта дасягнула некалі вялікага росквіту не таму, што сярод яе законаў кожны, узяты асобна, быў добры (бо многія сярод іх былі дужа дзіўнымі і нават супярэчнымі прыстойным норавам),
а толькі таму, што ўсе яны, будучы распрацаванымі адным чалавекам, былі скіраваныя да адной мэты. Гэтак сама мне падумалася, што і кніжныя навукі, прынамсі тыя, чые довады грунтуюцца толькі на верагоднасці і якія не маюць ніякіх відавочных доказаў, склаўшыся і паступова вырасшы з меркаванняў шматлікіх розных мужоў, далёка не так блізка падыходзяць да праўды, як простыя думкі, якія натуральным чынам могуць прыходзіць разважнаму чалавеку, што мае справу з рэальнымі рэчамі. I зноўтакі гэтак сама мне падумалася, што паколькі ўсе мы, перш чым стаць дарослымі, былі дзецьмі і намі доўгі час кіравалі нашы жаданні і нашы настаўнікі, якія нярэдка адны другім супярэчылі і, можа быць, як адны, так і другія, не заўсёды раілі нам найлепшае, то практычна немажліва, каб нашыя меркаванні былі настолькі ж чыстыя і грунтоўныя, якімі яны былі б, калі б мы карысталіся сваім розумам у поўнай меры ад самага моманту свайго нараджэння і заўсёды кіраваліся толькі ім.
Праўда, мы ніколі не бачым, каб у горадзе разбуралі ўсе дамы з адзінаю мэтай перабудаваць іх на іншы капыл і зрабіць вуліцы прыгажэйшымі; затое мы бачым, як многія зносяць свае маёнткі, каб іх перапланаваць, а часам нават вымушаныя гэта рабіць, калі іх падмурак не надта трывалы і яны рызыкуюць абрынуцца самі па сабе. На гэтым узоры я пераканаўся, што, мяркуючы па ўсім, практычна неверагодна, каб
асобны чалавек паставіў сабе за мэту пераўладкаванне дзяржавы з перайначваннем і перагортваннем самых яе асноваў, каб потым адбудаваць яе нанава, або нават рэфармаваць гэткім самым чынам увесь звод навук ці прыняты ў школах парадак іх выкладання; а вось што да разнастайных поглядаў, якія я на той час засвоіў і прымаў на веру, то найлепшае, што я змог зрабіць,— гэта проста зараз перастаць ім усім давяраць, каб потым паступова вярнуць свой давер толькі некаторым — або іншым і лепшым, або нават тым самым,— але ўжо пасля таго, як убачу, што яны стасуюцца з патрабаваннямі розуму. I я трывала паверыў, што такім чынам мне ўдасца нашмат лепш скіроўваць сваё жыццё, чым калі б я будаваў яго толькі на старых падвалінах і абапіраўся толькі на прынцыпы, у якіх даў сябе пераканаць у юнацтве, ні разу не задумаўшыся, ці адпавядаюць яны сапраўднасці. Бо, хоць я і прадбачыў у гэтым разнастайныя цяжкасці, але яны зусім не былі неадольнымі і іх немагчыма было параўноўваць з тымі, што выяўляюцца пры пераўтварэннях самых нязначных драбніц, звязаных з грамадскім ладам. Гэтыя гмахі занадта цяжкія, каб іх падняць пасля таго, як яны рухнулі, ці нават утрымаць, калі яны пачалі калывацца, і іх падзенне заўжды разбуральнае. Апроч таго, што да іх хібаў, калі яны ёсць,— а ў тым, што большасць грамадскіх ладаў недасканалыя, няцяжка пераканацца па адной ужо іх разнастайнасці,— то, несумненна, яны ў вялікай