Развагі аб метадзе як правільна накіроўваць свой розум і шукаць праўду ў навуках
Рэнэ Дэкарт
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 91с.
Мінск 2007
Што да вопытаў, то я заўважыў, што яны тым болей патрэбныя, чым далей мы прасоўваемся ў ведах; бо напачатку лепш карыстацца тым, што само сабой успрымаецца пачуццямі і з чым мы, хоць трошкі разважыўшы, не лічыцца не можам, а не шукаць адразу
нейкіх рэдкіх і мудрагелістых з’яваў: довадам на карысць гэтаму служыць тое, што рэдкія з’явы часта падманваюць, калі прычыны болей звычайных яшчэ не вядомыя, дый абставіны, ад якіх яны залежаць, настолькі дробныя і асаблівыя, што заўважыць іх бывае надзвычай цяжка. Парадак, якога я тут прытрымліваўся, быў такі. Па-першае, я пастараўся знайсці ўвогуле прынцыпы, ці першапрычыны, усяго, што ёсць ці можа быць у свеце, беручы пры гэтым пад увагу аднаго толькі Бога, якім ён быў створаны, і выводзячы іх толькі з пэўных парасткаў праўды, якія ад прыроды закладзены ў нашыя душы. Пасля гэтага я разгледзеў, якія найпершыя і найпрасцейшыя наступствы могуць быць выведзеныя з гэтых прычынаў, і як мне здаецца, такім чынам я знайшоў нябёсы, зоркі, зямлю і нават ваду, паветра, агонь і мінералы на ёй, і некаторыя іншыя такія ж найзвычайнейшыя і найпрасцейшыя, а значыць, і найбольш лёгкія для разумення рэчы. Потым, калі я захацеў перайсці да з’яваў больш адмысловых, яны паўсталі перада мной у такой разнастайнасці, што, на маю думку, не дайшоўшы да іх прычынаў праз адпаведныя наступствы і не карыстаючыся дзеля гэтага шматлікімі адмысловымі вопытамі, чалавечаму розуму было б немагчыма адрозніць усе формы ці віды целаў, якія ёсць на зямлі, ад бясконцага мноства іншых, якія маглі б на ёй быць, калі б на тое была Боская воля, а значыць, было б немагчыма і паставіць іх нам на карысць. Тады, перагледзеўшы ў думках усе рэчы, якія
калі-кольвек успрымаліся маімі органамі пачуццяў, я, смею сказаць, не заўважыў сярод іх ніводнай, якую не здолеў бы даволі зручна растлумачыць з дапамогаю знойдзеных мною прынцыпаў. Але я павінен таксама прызнацца, што магутнасць прыроды такая неабсяжная і бязмежная, а знойдзеныя мною прынцыпы такія простыя і агульныя, што я не бачу практычна ніводнага канкрэтнага наступства, якое на першых парах не мог бы вывесці адразу некалькімі рознымі спосабамі, і звычайна маёй самай вялікаю цяжкасцю ёсць знайсці, каторы з гэтых спосабаў адлюстроўвае сапраўдную залежнасць; і тут зноў жа мне невядома ніякага іншага сродку, апроч як падабраць некалькі вопытаў так, каб зыход кожнага розніўся і паказваў, якім спосабам трэба тлумачыць вынік — адным ці другім. Зрэшты, цяпер я ўжо нібы дастаткова ясна ўяўляю, з якога боку трэба падыходзіць да большасці гэтых вопытаў, каб яны маглі служыць пастаўленай мэце, але разам з тым бачу, што яны такія і іх столькі, што на ўсе ў мяне не хапіла б ні рук, ні дастатку, нават каб ён быў у мяне тысячу разоў большы за цяперашні; так што, наколькі болей ці меней мне будуць дазваляць іх праводзіць магчымасці, настолькі болей ці меней я прасунуся з гэтага часу ў пазнанні прыроды; вось жа і знаёмячы са зместам напісанага мною даўней трактата і стараючыся як мага ясней паказаць у ім карысць, якую з усяго гэтага могуць мець чытачы, я намерваўся падахвоціць усіх, хто ўвогуле хоча чалавечага
дабрабыту, — маецца на ўвазе, усіх, хто дабрачынны на справе, а зусім не па знешніх прыкметах ці толькі на чыю-небудзь думку,— з аднаго боку, паведаміць мне пра вопыты, якія імі былі ўжо праведзеныя, а з другога — дапамагчы ў пошуку тых, якія яшчэ застаецца зрабіць.
Але з таго часу ў мяне ўзніклі іншыя довады, якія прымусілі мяне перамяніць думку, і я размеркаваў, што па меры адкрыцця мною праўды павінен такі і далей пісаць пра ўсё, што палічу так ці іначай важным, прыкладаючы пры гэтым такое ж старанне, як калі б хацеў гэта выдаць,— як дзеля таго, каб мець дадатковую падставу ўсё як след перагледзець (бо, несумненна, на тое, што павінна быць убачана многімі, глядзіш пільней, чым на тое, што робіш толькі дзеля сябе, і часцяком рэчы, якія спярша, калі я пачынаў задумвацца над імі, здаваліся слушнымі, потым, калі я збіраўся выкласці іх на паперы, выглядалі памылковымі), так і дзеля таго, каб не выпускаць ніводнага выпадку быць, калі змагу, карысным грамадству, бо, калі напісанае мною будзе чаго-небудзь вартае, тыя, каму яно трапіць пасля маёй смерці, змогуць знайсці яму найлепшы ўжытак; але я быў настроены ні ў якім разе не пагаджацца на публікацыю напісанага пры жыцці, каб ні пярэчанні, ні вучоныя спрэчкі, тэмай якіх яно магло стаць, ні нават слава, якую яно магло б мне прынесці, ніякім чынам не прывялі да страты часу, які я намерваўся прысвяціць самаадукацыі. Бо хоць і
слушна, што кожны абавязаны ў меры, якой надзелены, спрыяць дабрабыту іншых, і што не быць нікому карысным па сутнасці азначае быць нічога не вартым, аднак гэтаксама слушна і тое, што наш клопат павінен сягаць далей за цяперашні час, і бывае лепш не зрабіць нечага, што, можа быць, прынесла б пэўную карысць тым, хто жыве цяпер, калі ў намерах ёсць зрабіць іншае, што прынясе больш карысці нашчадкам. А я напраўду хацеў бы, каб было зразумела, што тыя крыхі, якія я спазнаў дагэтуль,— амаль нішто ў параўнанні з тым, чаго я не ведаю і чаго не трачу надзеі быць здольным спазнаць, бо ў тых, хто пакрысе адкрывае праўду ў навуках, усё амаль так, як у тых, хто, пачаўшы багацець, з усё меншаю цяжкасцю набывае штось даражэйшае, чым раней набываў нешта намнога таннейшае, будучы бедным. Або іх можна параўнаць з ваяводамі, чыя сіла звычайна расце прапарцыйна іх перамогам і якім патрабуецца больш абачлівасці, каб, прайграўшы бітву, неяк стабілізаваць сітуацыю, чым, выйграўшы яе, браць усё новыя гарады і правінцыі, бо, далібог, імкнуцца перамагчы ўсе цяжкасці і аблуды, якія перашкаджаюць нам дайсці да спасціжэння праўды,— гэта ўсё адно, што даваць бой, а скласці няправільнае меркаванне па тэме агульнай і важнай значнасці — гэта ўсё адно, што яго прайграць, і пасля даводзіцца ўжываць нашмат большую ўвішнасць, каб аднавіць былое становішча, чым яе спатрэбілася б, каб дасягнуць вялікіх поспехаў, адразу маючы надзейныя
прынцыпы. Што да мяне, дык, калі раней я і адшукаў нейкія праўды ў навуках (а рэчы, змешчаныя ў гэтым томе, спадзяюся, дазваляюць меркаваць, што некаторыя з іх я такі адшукаў), магу сказаць, што ўсе яны ёсць высновамі і вынікамі з пяці-шасці адоленых мною галоўных цяжкасцяў, якія я разглядаю як бітвы, дзе шчасце было на маім баку, і я нават не пабаюся сказаць, што, калі б атрымаў яшчэ дзве-тры такія перамогі, дык палічыў бы ўсё, намечанае мною, здзейсненым, а ўзрост у мяне зусім не такі стары, каб пры звычайным развіцці прыродных абставін я не меў на гэта дастаткова вольнага часу. Але цяпер, калі я маю больш спадзяванняў, што час, які ў мяне застаецца, будзе ўжыты з карысцю, я лічу сябе абавязаным ставіцца да яго з яшчэ большай ашчаднасцю; а вось калі б я апублікаваў асновы сваёй фізікі, дык, несумненна, меў бы шматлікія магчымасці яго змарнаваць, бо хоць амаль усё яны настолькі відавочныя, што іх дастаткова аднойчы пачуць, каб адразу прыняць, і хоць у іх няма нічога, што я не здолеў бы пацвердзіць доказамі, тым не менш немагчыма, каб яны стасаваліся з усімі разнастайнымі меркаваннямі іншых, і таму я прадбачу, што пярэчанні, якія яны, верагодна ж, выклічуць, будуць часта адцягваць маю ўвагу.
Можна, зрэшты, сказаць, што гэтыя пярэчанні былі б мне карысныя, бо, з аднаго боку, дазвалялі б мне ўсвядоміць мае памылкі, а з другога, калі б у маіх развагах было нешта слушнае, іншыя такім чынам толькі
глыбей разумелі б гэта; а паколькі некалькі чалавек могуць бачыць больш, чым адзін, дык цяпер, пачаўшы карыстацца знойдзеным мною, яны, у сваю чаргу, маглі б дапамагчы мне сваімі адкрыццямі. Але хоць я і прызнаю, што мне надта ўласціва памыляцца і я амаль ніколі не давяраю першай-лепшай думцы, якая мне прыходзіць, тым не менш папярэдні досвед, звязаны з пярэчаннямі, якія мне могуць адрасаваць, не дазваляе мне спадзявацца на нейкую ад іх карысць: я ўжо шмат разоў сутыкаўся з меркаваннямі і тых, каго ўважаў за сяброў, і тых, хто, па-мойму, ставіўся да мяне бесстаронна, і тых нават, хто, як я ведаў, праз сваю злоснасць і зайздрасць пастараюцца знайсці хоць што-небудзь, што прыхільнасць схавала ад увагі сяброў, але рэдка здаралася, каб мне пярэчылі ў тым, чаго я ніяк не прадбачыў бы, калі толькі гэта не было штосьці надта далёкае ад майго прадмета; так што я практычна ніколі не сустракаў такога крытыка маіх думак, які здаўся б мне і стражэйшым, і справядлівейшым за мяне самога. I гэтаксама я ніколі не заўважаў, каб з дапамогаю дыспутаў, якія практыкуюцца ў школах, была знойдзеная хоць нейкая дагэтуль невядомая праўда, бо калі кожны намагаецца перамагчы, тады ўсіх больш клапоціць надаць праўдападобнасці сваім словам, а не ўзважваць довады аднаго і другога боку; а тыя, хто доўгі час былі добрымі адвакатамі, не робяцца праз гэта лепшымі суддзямі.
Што да карысці, якую атрымалі б ад публікацыі
маіх думак іншыя, дык яна, мабыць, таксама не была б надта вялікаю, бо я пакуль не давёў іх да ўзроўню, каб не было патрэбы яшчэ шмат чаго да іх дадаваць, перш чым увесці ва ўжытак. I думаю, я магу без фанабэрыі сказаць, што калі нехта і здольны зрабіць гэта, дык бадай што я сам, а не хтосьці іншы, і не таму што ў свеце не можа быць мноства галоваў, непараўнальна разумнейшых за маю, а таму, што нельга ўспрыняць і засвоіць ідэю, паведамленую кімсьці іншым, гэтак жа добра, як калі вынасіў яе сам. I ў нашым выпадку гэта таксама справядліва, бо, хоць я часцяком выказваў некаторыя свае меркаванні людзям вельмі разумным і яны, пакуль я гаварыў з імі, здавалася, вельмі дакладна ўсё разумелі, аднак потым, калі яны пераказвалі мае думкі, я заўважаў, што яны амаль заўсёды іх так змянялі, што я ўжо не мог іх прызнаць за свае. У сувязі з гэтым я хачу папрасіць нашчадкаў ніколі не даваць веры таму, што, як ім скажуць, паходзіць нібыта ад мяне, калі гэтага не будзе ў маіх публікацыях; і мяне зусім не дзівіць рознага кшталту лухта, якую прыпісваюць усім старажытным філосафам, чые пісьмовыя працы да нас не дайшлі, і я не лічу праз гэта, што ў іх былі такія бязглуздыя думкі, бо ўсё-ткі яны былі найсвятлейшымі галовамі свайго часу,— я проста мяркую, што іх думкі былі кепска нам перададзеныя. Гэта відаць хоць бы па тым, што іх паслядоўнікам амаль ніколі не ўдавалася іх перасягнуць; дый я ўпэўнены, што і сённяшнія самыя гарачыя