Развагі аб метадзе як правільна накіроўваць свой розум і шукаць праўду ў навуках
Рэнэ Дэкарт
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 91с.
Мінск 2007
нейшыя і важнейшыя за ўсё, што я вывучаў раней ці нават спадзяваўся калі-кольвек вывучыць.
Але паколькі галоўныя з іх я пастараўся ўжо выкласці ў асобным трактаце*, ад выдання якога мяне ўтрымліваюць пэўныя меркаванні, то мусіць, будзе лепш, калі дзеля знаёмства з імі я тут сцісла перакажу яго змест. У той трактат я намерваўся ўключыць усё, што, на маю думку, мне было вядома да яго напісання адносна прыроды матэрыяльных рэчаў. Але падобна таму, як мастакі, якія, не маючы магчымасці аднолькава добра паказаць на плоскім палатне ўсе разнастайныя плоскасці аб’ёмнага цела, абіраюць якуюнебудзь галоўную і на яе адну праліваюць святло, a ўсе астатнія, пакінуўшы ў ценю, паказваюць толькі ў той меры, у якой яны відны з абранага ракурсу, так і я, баючыся, што акажуся няздольным змясціць у сваім трактаце ўсё, што было ў мяне ў думках, вырашыў найбольш поўна выкласці толькі тое, што мне было вядома адносна святла, а потым, у сувязі з гэтым, дадаць сёе-тое пра нерухомыя зоркі і Сонца (з прычыны, што з іх яно амаль усё і паходзіць), пра нябесныя прасторы (з прычыны, што праз іх яно пераносіцца), пра планеты, каметы й Зямлю (з прычыны, што ад іх яно адбіваецца), і асабліва пра разнастайныя
* Маецца на ўвазе «Трактат пра сусвет і святло», завершаны Дэкартам ў 1633 г., але ўпершыню выдадзены толькі ў 1664 г. пасля яго смерці. (Заўв. перакладчыка.)
зямныя целы (з прычыны, што яны бываюць або каляровыя, або празрыстыя, або святлівыя), а таксама, урэшце, пра чалавека (з прычыны, што ён ёсць яго сузіральнікам). Гэтак сама, каб крыху зацяніць усё гэта і мець магчымасць вальней выказваць, што я пра гэта думаю, не будучы абавязаным трымацца тых ці іншых меркаванняў, прынятых сярод вучоных, ці абвяргаць іх, я вырашыў пакінуць увесь гэты свет іхнім спрэчкам, а самому весці гаворку пра тое, што адбывалася б у нейкім іншым свеце, калі б Бог, каб яго скласці, стварыў цяпер недзе ва ўяўных прасторах дастаткова матэрыі, прымусіўшы розныя часткі гэтай матэрыі па-рознаму і беспарадкава рухацца, так каб утварыўся хаос, настолькі заблытаны, як гэта могуць прыдумаць паэты, а пасля не рабіў бы нічога, усяго толькі спрыяючы звыклым чынам прыродзе і даючы ёй дзейнічаць паводле ўсталяваных ім законаў. Дапусціўшы ўсё гэта, я перадусім апісаў гэтую матэрыю і пастараўся паказаць яе так, іпто, на маю думку, ва ўсім свеце няма нічога больш яснага і лягчэй зразумелага, апроч таго, што я казаў трошкі вышэй пра Бога й душу; бо я сумысля дапусціў нават, іпто яна не валодае ніводнай з тых формаў ці якасцяў, пра якія спрачаюцца ў школах, ані ўвогуле чым-небудзь, пазнаванне чаго не было б настолькі натуральным дзеля нашага розуму, што нават нельга было б прыкінуцца, быццам не ведаеш гэтага. Акрамя таго, я паказаў, якія ёсць законы прыроды, і, абапіраючыся
ў сваіх довадах толькі на прынцып бясконцай дасканаласці Бога, пастараўся вызначыць і адбракаваць усе, адносна якіх магло б мецца сумненне, а тады паказаць, што гэтыя законы такія, што нават калі б Бог стварыў шмат сусветаў, то сярод іх, бадай, не было б ніводнага, дзе яны не выконваліся б. Потым я прадэманстраваў, што згодна з такімі законамі большая частка матэрыі гэтага хаосу мусіла б пэўным чынам размясціцца і ўпарадкавацца так, што была б падобнаю да нашых нябёсаў, а некаторыя яе часткі мусілі б тым часам утварыць зямлю, некаторыя — планеты й каметы, а некаторыя іншыя — сонца і нерухомыя зоркі. I тут, перайшоўшы да тэмы святла, я досыць падрабязна растлумачыў, што ўяўляе сабою святло, якое мусіць знаходзіцца ў сонцы і зорках, якім чынам яно адтуль за імгненне перасякае неабсяжныя нябесныя прасторы і як адбіваецца ад планет і камет у кірунку зямлі. Да гэтага я дадаў таксама шматлікія меркаванні адносна субстанцыі, размяшчэння, руху і ўсіх размаітых якасцяў гэтых нябёсаў і зор — так, што, на маю думку, сказанага было дастаткова, каб зразумець, што ўласцівасці нашага свеіу не вызначаюцца нічым, што мусіла б ці прынамсі магло б уяўляцца непадобным да ўласцівасцяў свету, які я апісваў. Адсюль я перавёў гаворку канкрэтна на зямлю і, сумысля нават дапусціўшы, што Бог не ўкладаў ад пачатку ніякага цяжару ў матэрыю, з якой яна складзеная, паказаў, чаму ўсе яе часткі мусяць імкнуцца менавіта да яе цэнтра;
чаму пры наяўнасці на яе паверхні вады і паветра размяшчэнне нябёсаў і зор, у асаблівасці месяца, мусіць выклікаць на ёй прылівы і адлівы, падобныя да тых, што пры ўсіх такіх самых абставінах назіраюцца ў нашых морах, а разам з тым — адмысловае цячэнне як вады, так і паветра з усходу на захад, як гэта таксама назіраецца ў нас паміж тропікамі; якім чынам на ёй натуральна могуць утварацца горы, марьі, крыніцы і рэкі, у нетрах узнікаць металы, на палях узрастаць расліны і ўвогуле фармавацца ўсе целы, называныя складанымі ці састаўнымі; а паколькі, акрамя зор, мне ва ўсім свеце невядома нічога, што давала б святло, за выключэннем агню, я пастараўся як мага ясней растлумачыць усё, што належыць яго прыродзе: як ён узнікае, чым ён жывіцца, чаму цяпло часам бывае без святла, а часам святло — без цяпла, якім чынам ён надае розным рэчам розныя фарбы і іншыя розныя якасці, як ён прымушае некаторыя з іх плавіцца, a іншыя — цвярдзець, як ён можа іх амаль цалкам усе паядаць або ператвараць у попел і дым і, нарэшце, як ён з гэтага попелу адной толькі магутнасцю свайго дзеяння ўтварае шкло,— і паколькі гэтае ператварэнне попелу ў шкло здаецца мне найбольш захапляльным з усіх, якія адбываюцца ў прыродзе, то апісваць яго мне было асабліва прыемна.
Тым не менш, я не меў жадання выводзіць з усяго гэтага, быццам наш свет быў створаны прапаноўваным мною спосабам, бо нашмат верагодней, што Бог ад
пачатку стварыў яго такім, якім яму належала быць. Але цалкам пэўна (і гэта агульнапрынятая думка сярод багасловаў), што дзеянне, якім Бог захоўвае гэты свет сёння,— у дакладнасці такое самае, якім ён яго стварыў, так што, нават калі б ён ад пачатку не надаў яму ніякай іншай формы, апроч хаосу, а проста, усталяваўшы законы прыроды, паспрыяў, каб прырода дзейнічала звычайным для яе чынам, можна, не прымяншаючы несправядліва цуду стварэння, меркаваць, што ўжо праз адно гэта ўсе чыста матэрыяльныя рэчы з часам маглі б зрабіцца такімі, якімі мы іх бачым цяпер; дый спасцігаць іх прыроду нашмат лягчэй, KaAi бачыш, як яны нараджаюцца вось так паступова, чым калі разглядаеш іх толькі сфармаванымі адразу ў гатовым выглядзе.
Ад апісання неадушаўлёных целаў і раслінаў я перайшоў да апісання жывёлаў і, у прыватнасці, чалавека. Але таму што я не валодаў яшчэ дастатковымі ведамі, каб гаварыць пра гэта ў такім самым стылю, як пра астатняе, то бок выводзячы наступствы з прычынаў і паказваючы, якім спосабам і з якога насення прырода мусіць іх утвараць, я задаволіўся тым, што дапусціў, быццам Бог сфармаваў чалавечае цела, цалкам падобнае да нашага, як па абрысе знешніх членаў, так і па будове ўнутраных органаў, але зляпіў яго выключна з тае матэрыі, якая апісвалася вышэй, і ад пачатку не ўклаў у яго ніякай разумнай душы, ні чаго-небудзь іншага, што магло б служыць раслін-
най ці чуйнай душою, а толькі ўдыхнуў яму ў сэрца адзін з тых агнёў без святла, які мной таксама ўжо згадваўся і які па сваёй прыродзе нічым, на маю думку, не адрозніваўся ад таго, што награвае сена, якое засціртавалі, не даўшы высахнуць, ці прымушае шумець маладое віно, пакінутае брадзіць у чопе разам з гронкамі: і вось, разгледзеўшы функцыі, якія ў выніку такога майго дапушчэння могуць быць у гэтым целе, я знайшоў усе тыя ж, якія могуць быць і ў нас незалежна ад нашай здольнасці мысліць, а значыць, без ніякага ўдзелу нашай душы (то бок той адрознай ад цела нашае часткі, пра якую гаварылася вышэй, што яе прырода заключаецца выключна ў мысленні), і гэта былі тыя самыя функцыі, якімі неразумныя жывёлы, можна сказаць, падобны да нас, хоць сярод іх я не здолеў знайсці ніводнай, якая, будучы залежнай ад думкі, была б уласцівая толькі нам, як людзям; затое я знайшоў усе гэтыя функцыі потым, калі дапусціў, што Бог стварыў разумную душу і пэўным чынам, які я апісваў, злучыў яе з целам.
Але каб паказаць, у якім разрэзе мной разглядалася тады гэтая тэма, я хачу памясціць тут тлумачэнне руху сэрца й артэрыяў, на падставе якога, як найпершага і найгалаўнейшага ва ўсіх жывёлаў, будзе лёгка скласці думку і пра ўсе астатнія функцыі. A каб разуменне таго, пра што я павяду гаворку, было меней цяжкім, я хацеў бы, каб усе, хто не зусім абазнаны ў анатоміі, перш чым чытаць гэта, узялі на
сябе клопат разрэзаць сэрца якой-небудзь буйной жывёлы, што мае лёгкія (бо яе сэрца ва ўсім дастаткова падобнае да чалавечага), і адзначылі, што яно складаецца з дзвюх камераў, ці паражнінаў: адной з правага боку, з якой злучаюцца дзве дужа тоўстыя трубкі (а дакладней, парожняя вена, якая ёсць галоўным прыймальнікам крыві і як бы ствалом дрэва, чыё галлё ўтвараецца ўсімі астатнімі венамі цела, і артэрыяльная вена, якую так называюць няправільна, бо папраўдзе гэта артэрыя, якая, выходзячы з сэрца, потым дзеліцца і разгаліноўваецца на шматлікае вецце, што распаўсюджваецца па ўсіх лёгкіх), і другой з левага боку, з якой таксама злучаюцца не меншыя, ато нават таўсцейшыя трубкі (а дакладней, вянозная артэрыя, зноў-такі называная так няправільна, бо гэта не што іншае, як вена, якая ідзе ад лёгкіх, дзе, разгаліноўваючыся, пераплятаецца з веццем артэрыяльнай вены й канала, называнага дыхальным горлам, праз які паступае паветра, і вялікая артэрыя, што, выходзячы з сэрца, распаўсюджвае свае адгалінаванні па ўсім целе). Апроч таго, мне хацелася б, каб такім чытачам былі акуратна паказаныя адзінаццаць скурак, якія, нібыта дзверцы, адчыняюць і зачыняюць чатыры адтуліны, што знаходзяцца ў дзвюх паражнінах сэрца, а дакладней: тры — на ўваходзе парожняй вены, дзе яны размяшчаюцца такім чынам, што ніяк не могуць перашкаджаць крыві, якая па ёй працякае, трапляць у правую паражніну і разам з
тым не даюць ёй выходзіць назад; тры — на ўваходзе артэрыяльнай вены, якія, размяшчаючыся цалкам адваротным чынам, якраз такі дазваляюць крыві перацякаць з гэтай паражніны да лёгкіх, але не даюць ёй вяртацца; і гэтаксама дзве — на ўваходзе вянознай артэрыі, якія прапускаюць паток крыві з лёгкіх да левай паражніны сэрца, але перашкаджаюць яе вяртанню; і тры — на ўваходзе вялікай артэрыі, якія дазваляюць крыві выходзіць з сэрца, але не даюць зацякаць назад; і пры гэтым няма патрэбы шукаць нейкага іншага тлумачэння колькасці гэтых скурак, апроч таго, што адтуліна вянознай артэрыі авальная і дзякуючы займанаму ёю месцу можа лёгка зачыняцца дзвюма скуркамі, а іншыя адтуліны — круглыя і могуць лепш зачыняцца трыма. Гэтаксама я хацеў бы, каб гэтым чытачам далі пераканацца, што вялікая артэрыя і артэрыяльная вена маюць нашмат цвярдзейшую і трывалейшую будову, чым вянозная артэрыя і парожняя вена, і што дзве апошнія перад уваходам у сэрца расшыраюцца і ўтвараюць як бы два капшучкі, называныя вушкамі перадсэрдзя, якія складаюцца з матэрыі, падобнай да тканак сэрца; што ў сэрцы заўжды большая цеплыня, чым у любой іншай частцы цела; і ўрэшце, што ў выніку гэтае цеплыні ўсякая кропля крыві, якая трапляе ў тую ці іншую паражніну сэрца, хутка раздзімаецца і расшыраецца, як гэта бывае звычайна з усімі вадкасцямі, калі іх па кроплі выліваць у якую-небудзь моцна напаленую пасудзіну.