Развагі аб метадзе як правільна накіроўваць свой розум і шукаць праўду ў навуках
Рэнэ Дэкарт
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 91с.
Мінск 2007
мы, каб паведаміць іншым нашыя думкі, бо хоць, вядома, можна ўявіць, каб машына была зроблена так, што прамаўляла б словы і нават прамаўляла б некаторыя з іх у адпаведнасці з пэўнымі цялеснымі ўздзеяннямі, якія выклікалі б у яе ў органах тую ці іншую змену (напрыклад, калі б да яе дакраналіся ў адным нейкім месцы, яна пыталася б, што ад яе хочуць, а ў другім — крычала б, што ёй баліць, і да таго падобнае), але нельга ўявіць, каб яна складала словы па-рознаму, адказваючы на сэнс усяго, што будзе сказана ў яе прысутнасці, як гэта могуць рабіць самыя неразумныя людзі. А па-другое, нават калі б такія машыны шмат чаго рабілі не горш, а можа, і лепш за нас, да іншага яны непазбежна аказваліся б няздольныя, і гэта выкрывала б, што яны дзейнічаюць не свядома, а толькі дзякуючы размяшчэнню іх органаў, бо ў адрозненне ад розуму, які ёсць інструментам універсальным, здольным служыць ва ўсякага роду абставінах, гэтыя органы маюць патрэбу ў адмысловым размяшчэнні для кожнага адмысловага дзеяння, а таму і ў думках дапусціць немагчыма, каб у нейкай машыне яны размяшчаліся настолькі разнастайным чынам, што ва ўсіх варунках жыцця дазвалялі б ёй дзейнічаць так, як наш розум дазваляе дзейнічаць нам. Зноў жа, з дапамогай гэтых самых двух спосабаў можна вызначыць розніцу паміж людзьмі і жывёламі. Бо вельмі адметны той факт, што няма людзей настолькі дурных і неразумных, не выключаючы нават вар’ятаў,
якія былі б няздольныя звязаць некалькі словаў і пабудаваць выказванне, каб перадаць сваю думку, і наадварот, няма ніякай іншай жывёлы, якая зрабіла б падобнае, наколькі яна ні была б дасканалая і ў якіх бы спрыяльных умовах ні гадавалася. Адбываецца гэтак не ад нястачы органаў, бо мы бачым, што сарокі і папугаі ўмеюць, як мы, прамаўляць словы, і тым не менш, яны не здольныя гаварыць, як мы, гэта значыць — гаварыць, паказваючы, што яны думаюць, штб яны кажуць; а вось людзі, якія нарадзіліся глухімі й нямымі і ў такой самай, ато і большай за жывёлаў ступені пазбаўлены органаў, што служаць іншым у маўленні, звычайна самі выдумляюць пэўныя знакі, з дапамогай якіх разумеюцца з тымі, хто, заўсёдна знаходзячыся побач, мае час вывучыць іхнюю мову. Гэта сведчыць не проста пра тое, што жывёлы маюць розуму менш за людзей, але што яны ўвогуле яго не маюць, бо мы бачым, што, каб умець гаварыць, яго трэба зусім крыху; а паколькі сярод жывёлаў аднаго віду, гэтак сама як сярод людзей, адзначаецца пэўная няроўнасць і адны з іх лягчэй паддаюцца вывучцы, чым другія, то неверагодна, каб малпа ці папугай, найбольш дасканалыя ў сваім родзе, не параўняліся з самым дурным дзіцём ці прынамсі дзіцём з памутнелым розумам, калі б іх душа не мела прыроду, цалкам адрозную ад нашай. I мы не павінны блытаць маўленне з натуральнымі рухамі, якія адлюстроўваюць адчуванні і могуць імітавацца як механізмамі, так і жывёламі,
ані меркаваць, як некаторыя ў старажытнасці, нібыта жывёлы гавораць, толькі мы не разумеем іх мовы. Бо каб гэта была праўда, дык яны, маючы многія органы, адпаведныя нашым, маглі б гэтак сама разумецца з намі, як з да сябе падобнымі. Вельмі адметным ёсць і той факт, што, хоць шмат якія жывёлы праяўляюць у некаторых сваіх дзеяннях болей спрыту, чым мы, тым не менш відаць, што ў многіх іншых дзеяннях тыя самыя жывёлы не праяўляюць яго зусім, так што, калі нешта яны і робяць лепей, гэта не сведчыць, што кемнасці ў іх больш, бо пры такім разліку яны мелі б яе больш за ўсякага з нас і ва ўсім іншым дзейнічалі б лепей; але хутчэй, яны яе зусім не маюць і ў іх проста дзейнічае прырода ў адпаведнасці з размяшчэннем іх органаў: так мы бачым, што і гадзіннік, які складаецца толькі са спружынаў і шасцярэнек, можа адлічваць гадзіны і вымяраць час дакладней, чым мы, пры ўсёй нашай адумлівасці.
Пасля гэтага я перайшоў да апісання разумнай душы і паказаў, што яна ніякім чынам не можа вынікаць з моцы матэрыі, як іншае, пра што я вёў гаворку, a павінна быць створанай адмыслова, і растлумачыў, чаму недастаткова, каб яна была проста ўмешчаная ў чалавечае цела накшталт стырнавога на караблі, адно каб, хіба, рухаць ягонымі членамі, але абавязкова павінна быць аб’яднаная і злучаная з ім шчыльней, каб, апроч таго, мець падобныя да нашых пачуцці й патрэбы і такім чынам стварыць сапраўднага чалавека.
Зрэшты, з прычыны, што тэма душы — адна з найважнейшых, я спыніўся тут на ёй крыху падрабязней, бо апроч вялікай памылкі тых, хто адмаўляе Бога, і якую я, па-мойму, дастаткова абверг вышэй, няма ніякае іншай, якая зводзіла б слабыя душы далей з праведнае дарогі, чым памылка лічыць, нібыта душа ў жывёлаў мае такую самую прыроду, як наша, і што, у сувязі з гэтым, нам, як тым самым мухам і мурашам, няма чаго баяцца і на што спадзявацца пасля гэтага жыцця; тым часам як, ведаючы, наколькі гэтыя душы розняцца, нашмат лягчэй зразумець довады, якія даказваюць, што наша душа мае прыроду, цалкам незалежную ад цела, і, такім чынам, ніяк не падлягае смерці адначасова з ім, а як бо не відаць ніякіх іншых прычынаў, якія маглі б яе знішчыць, то з гэтага натуральна вынікае выснова, што яна несмяротная.
Частка шостая
Сёння мінула тры гады з таго часу, як я скончыў трактат, у якім утрымліваліся ўсе вышэй згаданыя довады, і я пачаў ужо яго пераглядаць, каб перадаць у рукі друкару, калі даведаўся, што асобы, якіх я шаную і чый аўтарытэт мае не меншы ўплыў на мае дзеянні, чым мой розум на мае думкі, не ўхвалілі пэўнага погляду ў фізіцы, апублікаванага незадоўга да таго іншым аўтарам*, і хоць я не хачу сказаць, каб я падзяляў гэты погляд, але да таго, як на яго была накладзеная цэнзура, я не заўважаў у ім нічога, што магло б мне падацца шкодным ані з гледзішча рэлігіі, ані дзяржавы і што, такім чынам, перашкодзіла б і мне напісаць тое самае, калі б гэта было перакананнем майго розуму; гэта прымусіла мяне апасацца, ці няма ўсё-ткі і сярод маіх поглядаў нейкага, у якім бы я схібіў нягледзячы на тое, што заўсёды вельмі стараўся не давяраць ніякаму новаму меркаванню, якому не меў цалкам пераканаўчых доказаў, і не пісаць нічога, што магло б абярнуцца каму-небудзь на шкоду. Гэтага аказалася досыць, каб змусіць мяне памяняць рашэнне
* Маецца на ўвазе Галілей, асуджаны ў 1633 г. Святой інквізіцыяй і змушаны адмовіцца ад поглядаў, выказаных ім у апублікаваным на год раней «Дыялогу аб дзвюх найгалоўнейшых сістэмах сусвету». (Заўв. перакладчыка.)
аб публікацыі тых маіх думак, бо, хаця довады, па якіх яно прымалася раней, былі вельмі моцныя, мая заўсёдная непрыязнасць да рамяства напісання кніг дазволіла мне хутка знайсці дастаткова іншых, каб ад яго адмовіцца. I довады гэтыя, як з аднаго, так і з другога боку, такія, што ў пэўнай меры будзе цікава не толькі мне тут іх выкласці, але, можа быць, і публіцы — пазнаёміцца з імі.
Я ніколі не надаваў вялікага значэння таму, што паходзіла з маёй галавы, і пакуль не меў з ужыванага мною метаду ніякага іншага плёну, апроч таго, іпто цешыўся, пераадольваючы некаторыя цяжкасці спекуляцыйных навук, або стараўся ўзгадняць сваю манеру паводзінаў з прынцыпамі, якім ён мяне вучыў, дык і не лічыў сябе абавязаным нешта пра яго пісаць. Бо калі казаць пра манеру паводзінаў, дык тут кожны так перапоўнены сваёю прамудрасцю, што, мабыць, знайшлося б столькі рэфарматараў, колькі ёсць галоваў, калі б нешта мяняць у гэтай сферы дазвалялася кожнаму, а не толькі тым, каго Бог надзяліў уладай кіраваць народамі або дарам і дастатковай руплівасцю стаць прарокам; а таму, хоць мае ўяўленні дужа мне падабаліся, я размеркаваў, што яны ёсць і ў іншых і, мусіць, падабаюцца ім яшчэ больш. Але як толькі я авалодаў некаторымі агульнымі паняццямі з фізікі і, пачаўшы выпрабоўваць іх ва ўсякіх цяжкіх прыватных выпадках, заўважыў, дакуль яны здольны давесці і як адрозніваюцца ад
прынцыпаў, ужываных дагэтуль, я палічыў, што не магу іх хаваць, не творачы вялікага граху перад законам, які абавязвае нас у меры, якой мы надзелены, спрыяць агульнаму дабрабыту людзей: бо засвоеныя мною паняцці паказалі мне, што магчыма дасягнуць ведаў, вельмі карысных у жыцці, і што замест спекуляцыйнай філасофіі, якую выкладаюць у школах, можна стварыць практычную, з дапамогай якой, разумеючы сілу і дзеянне агню, вады, паветра, зорак, нябёсаў і ўсіх іншых навакольных целаў гэтак сама дакладна, як, мы ведаем, нашы майстры разумеюць у розных сваіх рамёствах, мы змаглі б карыстацца ўсім гэтым ва ўсіх адпаведных сферах ужытку і такім чынам зрабіцца як бы гаспадарамі і ўладальнікамі прыроды. Такія веды пажаданыя не толькі дзеля вынаходжання безлічы новых умельстваў, дзякуючы якім мы зможам, ніяк не абцяжарваючы сябе, цешыцца зямнымі пладамі і ўсімі выгодамі, якія яны нясуць, але і, галоўным чынам, дзеля захавання здароўя, якое, несумненна, ёсць найпершым багаццем і падмуркам усіх іншых багаццяў у гэтым жыцці; бо нават дух так моцна залежыць ад стану і суладнасці органаў цела, што, калі й можна знайсці нейкі спосаб зрабіць усіх людзей у цэлым мудрэйшымі і спрытнейшымі, дык, на маю думку, яго трэба шукаць у медыцыне. Праўда, у той медыцыне, якой карыстаюцца сёння, мала такога, што прыносіла б прыкметную карысць, і хоць я не маю ніякага намеру яе ганьбаваць, я ўпэўнены, што
няма нікога, нават сярод тых, хто займаецца гэтай прафесіяй, хто не прызнаваў бы, што ўсё вядомае ў ёй — амаль нішто ў параўнанні з тым, што яшчэ застаецца зведаць, і што можна было б пазбавіцца ад безлічы як цялесных, так і душэўных хваробаў, а можа быць, нават і ад старэчай лядашчасці, калі б было дастаткова вядома пра іх прычыны і тыя лекі, якімі нас надзяліла прырода. I вось, намерыўшыся прысвяціць жыццё пошуку такой неабходнай навукі і напаткаўшы шлях, трымаючыся якога яе, як мне здаецца, немінуча можна будзе знайсці, калі толькі гэтаму не перашкодзяць кароткасць жыцця ці нястача досведу, я палічыў, што няма лепшага сродку супраць гэтых дзвюх перашкодаў, апроч як сумленна паведамляць публіцы ўсё нямногае, што мне ўдасца знайсці, і заахвочваць разумныя галовы ісці далей, робячы ў адпаведнасці са сваімі схільнасцямі і магчымасцямі свой унёсак у правядзенне неабходных вопытаў і гэтаксама перадаючы публіцы ўсё, што ім удасца спазнаць, каб наступнікі пачыналі там, дзе кончылі іх папярэднікі, і каб такім чынам, злучаючы жыцці і намаганні многіх, мы змаглі прайсці разам нашмат далей, чым кожны, ідучы паасобку.