Развагі аб метадзе як правільна накіроўваць свой розум і шукаць праўду ў навуках  Рэнэ Дэкарт

Развагі аб метадзе як правільна накіроўваць свой розум і шукаць праўду ў навуках

Рэнэ Дэкарт
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 91с.
Мінск 2007
20.42 МБ
прыхільнікі Арыстотэля палічылі б за шчасце мець такое веданне прыроды, якое меў ён, нават калі б ім паставілі ўмову, што мець большыя веды яны ніколі не будуць. Яны — бы той плюшч, што і не думае ўзняцца вышэй за дрэвы, якія яго падтрымліваюць, і нярэдка, дабраўшыся да вяршыні, пачынае нават зноў паўзці долу; бо здаецца мне, што і гэтыя апускаюцца, ці, іншымі словамі, робяцца ў пэўным сэнсе меншымі знаўцамі, чым калі б увогуле адмовіліся ад вучэння, таму што, не задаволіўшыся тым, што ясна растлумачана аўтарам, яны хочуць знайсці ў яго яшчэ і рашэнне ўсякіх цяжкіх пытанняў, пра якія ен нічога не кажа, а можа быць, і не думаў ніколі. Але іх спосаб філасофствавання надта зручны для тых, хто мае вельмі пасрэдны розум, бо цьмянасць адрозненняў і прынцыпаў, якімі яны карыстаюцца, дазваляе ім гаварыць пра ўсё з такой смеласцю, быццам яны гэта ведаюць, і так цвёрда трымацца сказанага нават у самых тонкіх і спрытных спрэчках, што няма ніякай магчымасці іх пераканаць: гэтым яны нагадваюць мне слепака, які, каб не біцца з відушчым у невыгодных умовах, зацягнуў бы яго ў якое-небудзь вельмі цёмнае сутарэнне; і магу сказаць, што такія якраз і зацікаўлены, каб я ўстрымліваўся ад публікацыі сваіх філасофскіх прынцыпаў, бо, зважаючы на іх вялікую простасць і яснасць, я сваёй публікацыяй усё адно што адчыніў бы вокны і ўпусціў святло ў сутарэнне, куды гэтыя слепакі спусціліся біцца. Але нават і леп-
шыя галовы не гараць жаданнем пазнаёміцца з імі, бо, калі яны хочуць умець гаварыць аб усім і цешыцца славаю людзей вучоных, дык ім лягчэй дамагчыся гэтага, задавальняючыся праўдападобнасцю, якую без асаблівага намагання можна знайсці ў пытаннях самага рознага кшталту, а не шукаючы праўды, якая адкрываецца адно пакрысе і толькі ў некаторых пытаннях, а ў іншых прымушае шчыра прызнавацца ў сваім няведанні. Калі ж яны ўсё-ткі лічаць за лепшае ведаць нешматлікія праўды, а не фанабэрыцца ўяўным усёведаннем (хоць, несумненна, гэта болей спакусліва), і калі хочуць пераследаваць мэты, падобныя да маёй, дык ім не трэба нічога болей, апроч сказанага ўжо мною ў гэтых развагах, бо калі яны будуць здольныя прайсці далей за мяне, дык тым больш змогуць адшукаць самі тое, што, па-мойму, змог знайсці я; a зважаючы, што ўсё і заўсёды даследавалася мною ў строгім парадку, дык тое, што мне яшчэ належыць адкрыць, пэўна ж, уяўляе сабой нешта больш складанае і больш прыхаванае, чым усё, з чым я сутыкаўся дагэтуль і з чым ім было б прыемней пазнаёміцца самастойна, а не даведацца ад мяне; апроч таго, навык, які яны набудуць, даследуючы напачатку простыя рэчы і прыступка за прыступкай пераходзячы да болей складаных, прынясе ім большую карысць, чым усе настаўленні, што я мог бы ім даць. Тое ж тычыцца і мяне, бо я перакананы, што, калі б у юнацтве мне паведамілі ўсе тыя праўды, доказы якім я шукаў
самастойна, і калі б я спазнаў іх, не прыклаўшы ніякага намагання, дык можа быць, я й не знайшоў бы ніякіх іншых ці, прынамсі, не набыў ніколі ні звычкі, ні здольнасці, якімі, спадзяюся, валодаю цяпер, знаходзіць увесь час усё новыя па меры таго, як стараюся іх адшукаць. Словам, калі на свеце ёсць нейкая справа, якую можа давесці да ладу толькі той, хто яе пачаў, дык гэта справа, над якою працую я.
Праўда, калі гаварыць пра вопыты, здольныя паслужыць гэтай справе, то аднаго чалавека будзе, мусіць, не дастаткова, каб ажыццявіць іх усе; але ж і прыцягваць чужыя рукі, апроч сваіх, таксама наўрад ці карысна — хіба толькі рамеснікаў ці іншых парабкаў, якіх надзея заробку (а гэта вельмі дзейсны сродак) прымусіць выконваць у дакладнасці тое, што ім загадана. Бо калі казаць пра добраахвотнікаў, якія дзеля цікаўнасці або жадання павучыцца маглі б прапанаваць сваю дапамогу, дык мала таго, што яны звычайна болып абяцаюць, чым робяць для справы, і могуць толькі выказваць цудоўныя прапановы, ніводная з якіх ніколі не спраўджваецца, але ж яны яшчэ хочуць, каб ім абавязкова нечым адплачвалі — ці тлумачэннем нейкіх складаных момантаў, ці прынамсі кампліментамі і пустымі размовамі, на якія як бы мала часу ні трацілася, але ж ён траціцца марна. А што да вопытаў, праведзеных іншымі, нават у выпадку, калі б яны захацелі падзяліцца імі (хоць тыя, хто лічыць іх за свае сакрэты, ніколі не зрабілі б гэтага), дык у
большасці з іх прысутнічала б столькі непатрэбных складнікаў і абставінаў, што разабраць, у чым праўда, было б вельмі нялёгка; апроч таго, амаль у кожным выпадку ім было б дадзена такое кепскае, ато нават фалыпывае тлумачэнне (бо кожны эксперыментатар намагаўся б падагнаць вынік, каб ён стасаваўся з ягонымі прынцыпамі), што калі б некалькі сярод іх і знайшлося карысных, то гэта не акупіла б часу, патрачанага на іх адбіранне. Такім чынам, калі б у свеце быў чалавек, пра якога было б дакладна вядома, што ён здольны знайсці самыя, якія толькі могуць быць, вялікія і карысныя грамадству рэчы і калі б іншыя людзі стараліся дзеля гэтага ўсяляк яму дапамагчы ў ажыццяўленні яго намераў, то я не бачу, што яшчэ яны маглі дзеля яго зрабіць, апроч як забяспечваць сродкамі на правядзенне неабходных вопытаў, а ў астатнім — не дазваляць нікому сваім назаляннем забіраць у яго вольны час. Але апроч таго, што я не маю пра сябе настолькі высокай думкі, каб абяцаць нечага незвычайнага, і не цешуся марнымі фантазіямі, што грамадства павінна быць неяк асабліва зацікаўленае ў маіх планах, я гэтак сама не настолькі нізкі душой, каб прыняць ад каго б там ні было ласку, якую маглі б палічыць незаслужанай.
Усе гэтыя меркаванні разам узятыя сталі прычынай таму, што тры гады назад я не захацеў публікаваць той цалкам завершаны мною трактат і нават прыняў рашэнне не выдаваць на працягу ўсяго жыцця ніякага
іншага, які меў бы настолькі ж агульную тэму і з якога можна было б зразумець асновы маёй фізікі. Але з таго часу ўзніклі дзве іншыя прычыны, якія прымусілі мяне прывесці тут некалькі асобных узораў праведзеных мною вопытаў і тым самым даць публіцы пэўную справаздачу аб маёй дзейнасці й планах. Першая прычына заключалася ў тым, што, калі б я не зрабіў гэтага, дык многія, хто ведаў пра мой ранейшы намер надрукаваць сёе-тое з напісанага, маглі б уявіць, што прычыны, па якіх я ўстрымліваюся, сведчаць не на маю карысць, прычым у большай ступені, чым гэта ёсць напраўду, але хоць я і не вялікі аматар славы і, асмелюся нават сказаць, цярпець яе не магу, бо лічу, што яна супярэчыць спакою, які я цаню вышэй за ўсё, тым не менш я ніколі не стараўся хаваць свае дзеянні, нібыта злачынствы, ані карыстаўся нейкімі асаблівымі перасцярогамі, каб быць невядомым, як таму, што палічыў бы гэта несправядлівым да самога сябе, так і таму, іпто гэта вымагала б ад мяне пэўнай заклапочанасці, якая таксама супярэчыла б поўнаму душэўнаму спакою, які я шукаю; а паколькі я, будучы заўсёды абыякавым да клопатаў быць вядомым або не быць, тым не менш не змог перашкодзіць, каб у мяне склалася пэўная рэпутацыя, то я размеркаваў, што мушу зрабіць усё магчымае, каб яна не была прынамсі кепскай. Другая прычына, якая прымусіла мяне напісаць гэтыя радкі, у тым, што, назіраючы, як з кожным днём мой намер пашыраць свае веды
ўсё больш тармозіцца неабходнасцю праводзіць безліч вопытаў, якія мне немагчыма выканаць без чужой дапамогі, я, няхай і не цешачы сябе вялікай надзеяй, што грамадства колькі-небудзь прыкметна прычыніцца да маіх інтарэсаў, тым не менш не хачу ні адступацца ад свайго, ні даць падставу тым, хто мяне перажыве, папракнуць мяне калі-небудзь, што я, маўляў, мог бы пакінуць ім многае ў нашмат лепшым стане, калі б не паленаваўся паведаміць, чым яны маглі паспрыяць маім планам.
I я разважыў, што мне сапраўды няцяжка выбраць некалькі тэмаў, якія, не правакуючы залішніх спрэчак і не абавязваючы мяне раскрываць свае прынцыпы больш, чым я хацеў бы, разам з тым маглі б з дастатковай яснасцю паказаць, чаго я варты ці няварты ў навуках. He ведаю, ці ўдалося мне гэта, і не хачу апярэджваць нічыіх меркаванняў, сам гаворачы пра свае пісанні, але буду вельмі рады, калі з імі уважліва азнаёмяцца, а каб даць большую падставу для гэтага, я ласкава прашу ўсіх, у каго ўзнікнуць якія-небудзь пярэчанні, узяць на сябе цяжар пераслаць іх майму выдаўцу, а я, атрымаўшы ад яго паведамленне, пастараюся адразу далучыць свой адказ; такім чынам чытачы, маючы перад вачыма адначасова і пярэчанне, і адказ на яго, змогуць лягчэй меркаваць, за кім праўда; пры гэтым я абяцаю ніколі не даваць доўгіх адказаў, а толькі з усёю шчырасцю прызнаваць свае памылкі, калі буду ў іх перакананы, або, калі не змагу іх угледзець,
проста выкажу тое, што палічу патрэбным дзеля абароны напісанага мною, не даючы ніякіх дадатковых тлумачэнняў па якім-небудзь новым пытанні, каб не распачынаць бясконцага перацякання з адной тэмы ў другую. Калі ж некаторыя пытанні, аб якіх я вяду гаворку ў пачатку «Дыёптрыкі» і «Метэораў», выклічуць з першага погляду непрыняцце з прычыны, што я іх называю гіпотэзамі і, здаецца, не збіраюся абгрунтоўваць, то папрашу набрацца цярпення і ўважліва прачытаць усё да канца, і тады, спадзяюся, вы будзеце задаволеныя, бо довады тут, як мне здаецца, чаргуюцца ў такой паслядоўнасці, што кожны наступны даказваецца папярэднім, які ёсць яго прычынай, а кожны папярэдні, у сваю чаргу,— наступным, які ёсць ягоным вынікам. I не трэба думаць, што я тут дапускаю памылку, якую логікі называюць замкнёным колам, бо, паколькі большасць з названых вынікаў з вялікаю пэўнасцю пацвярджаюцца вопытам, то прычыны, з якіх я іх выводжу, служаць не так дзеля іх доказу, як дзеля тлумачэння, і якраз наадварот — самі даказваюцца гэтымі вынікамі. Калі ж я і назваў іх гіпотэзамі, дык толькі дзеля таго, каб засведчыць, што мяркую магчымым вывесці іх з тых першасных праўдаў, якія я тлумачыў вышэй, але я знарок не захацеў рабіць гэтага, каб не патураць некаторым разумнікам, якім уяўляецца, быццам яны за адзін дзень і пачуўшы ўсяго два-тры словы могуць спасцігнуць усё, над чым іншы разважаў дваццаць год, і
якія тым больш схільныя да аблудаў і менш здольныя ўбачыць праўду, чым яны ўедлівейшыя і няўрымслівейшыя, і каб не даць ім падставы ўзбудаваць на тым, што яны палічаць за мае прынцыпы, якую-небудзь бязглуздую філасофію, у памылковасці якой потым будуць папракаць мяне; а што тычыцца думак, якія напраўду цалкам належаць мне, то я не шукаю апраўдання ў тым, што яны нейкія новыя, бо, калі ўважліва паглядзець, на чым яны грунтуюцца, дык, я ўпэўнены, яны акажуцца такімі простымі і блізкімі агульнаму разуменню, што пададуцца менш дзіўнымі і незвычайнымі, чым любыя іншыя, якія можна мець на гэтую тэму; і разам з тым, калі я хоць нешта і стаўлю сабе ў заслугу, дык зусім не тое, што дайшоў да іх першы, а тое, што прыняў іх не таму, што іх раней выказвалі іншыя, і не таму, што іх ніколі не выказваў ніхто, a толькі таму, што мяне ў іх пераканаў розум.