Рэквіем паўстанцам 1863—1864 гг. Гродзенская губерня Вячаслаў Швед

Рэквіем паўстанцам 1863—1864 гг.

Гродзенская губерня
Вячаслаў Швед
Выдавец: Альфа-кніга
Памер: 312с.
Мінск 2017
94.21 МБ
СЕРКУЧЭЎСКІ ФЕЛІКС ЯНАВІЧ, 45 гадоў, з ваколіцы Эйсманты, арыштаваны ў красавіку 1864 г. за агітацыю сярод сялян да ўдзелу ў паўстанні (Jodkowski J. Rok 1863... // Echo Grodzienski. 1921. № 174. S. 3).
СКАЧЫНСКІ МЕДАРД, памешчык маёнтка Голені, дастаўляў у атрады Урублеўскага і Млотка харчаванне, 15 штуцэрных ружжаў са штыкамі, ботаў з доўгімі халявамі (Восстанне в Лнтве н Белоруссйн 1863—1864 гг. ... — С. 383).
СЛІВОЎСКІ АЛЯКСАНДР ФЕРДЫНАНДАВІЧ, у 1863 г. меў 27 гадоў, дваранін з в. Бжэзніца. Набіраў рэкрутаў у паўстанцкі атрад, жыхары м. Браньск бачылі яго ў в. Даманава ўзброеным, меў двустволку і пісталет (НГАБ у Гродне, ф. 1, воп. 34, с. 705, а. 77).
СНЕЖКА, чыноўнік Пружанскага земскага суда, рэгулярна дастаўляў паўстанцкаму атраду Духінскага (Урублеўскага) харчаванне. Затрыманы вайскоўцамі ў в. Ліхасельцы 4.08.1863 г., калі разам з дзвюма іншымі асобамі перавозіў паўстанцам злітак свінца вагай 1 пуд 5 фунтаў, 2 галавы цукру, 10 скрынь сігараў, 20 пачак папяросаў, каля 3 фунтаў тытуню, папяросную і пісчую паперу (Восстанне в Лнтве н Белорусснн 1863—1864 г. ... — С. 376, 384).
С. Солтан у паўстанцкай вопратцы (фотакопія са следчай справы)
СОЛТАН СТАНІСЛАЎ СТАНІСЛАВАВІЧ, 42 гады, граф, сын паўстанца сутыч кі, якая адбылася ў 1794 г., удзел ьніка вайны 1812 г. на баку Напалеона, брат напалеонаўскага вайскоўца 1812 г. і ўдзельніка паўстання 1831 г., сваяк паўстанцаў 1863 г. Франца Юндзіла і Северына Ромера. Вучыўся ў Мітаўскай гімназіі і Дэрпцкім універсітэце. Служыў у канцылярыі Гродзенскага дваранскага сходу. Да чэрвеня 1862 г. быў міравым пасярэднікам Гродзенскага павета. Ёсць сведчанні, што ў гэты час сяляне выганялі яго з вёскі, ён выклікаў войскі для «ўціхамірвання мужыкоў». Па паказаннях Э. Заблоцкага, Сільвярстовіча, Геніўша, садзейнічаў ім у выкананні іх абавязкаў на рэвалюцыйныхпасадах: парадамі, выбарам асобаўдля рэвалюцыйнай арганізацыі, складаннем складак 10 % збора з памешчыцкіх маёнткаў на закупку зброі за мяжой. Каліноўскі ў канцы мая 1863 г. выслаў яму намінацыю на пасаду памочніка камісара Гродзенскага ваяводства і пячатку, але С. адмовіўся (з прычыны хваробы жонкі) і аддаў іх назад. Солтан прызнаў гэты факт, але адмаўляўся ва ўдзеле ў паўстанні і садзейнічанні рэвалюцыйнай арганізацыі. Абвінавачваўся таксама ў забеспячэнні паўстанцаў зброяй (атраду Духінскага перадаў 50 двуствольных ружжаў, 4 бутэлькі пораху, сундучок пуль), вопраткай, харчаваннем, прыняццем іх у сваім маёнтку. Ведаў К. Каліноўскага, Гофмайстра, Заблоцкага, Сільвястровіча — кіраўнікоў рэвалюцыйнай арганізацыі, якія бывалі ў яго хаце. Э. Заблоцкі паказаў, што С. пісаў рэвалюцыйныя адозвы. Арыштаваны, сядзеў у мурах паезуіцкага касцёла. Распараджэннем гродзенскага губер-
натара ад 13.05.1864 г. яго маёнтак падлягаў канфіскацыі. Прыгавораны да катаржных прац у капальнях на 15 гадоў (было «мненне» расстраляць) (НГАБ у Гродне, ф. 3, воп. 3, с. 4, а. 65-66 адв.; ф. 3, воп. 3, с. 2, а.12, 15 адв., с. 426-436; с. 1, а. 38, 500-505, 556 адв., 566; ф. 3, воп. 1, с. 40, а. 11; Jodkowski J. Sylwety z roku 1863 // Echo Grodzienski. — 1926. — № 8. — S. 3).
СРЭБРОЎСКІ РАМУАЛЬД ПАЎЛАВІЧ, каланіст, 73 гады, дастаўляў у партызанскія атрады харчаванне, арыштаваны ў верасні 1863 г. (Jodkowski J. Rok 1863... // Echo Grodzienski. — 1921. — № 174. S. 3).
СРЭБРОЎСКІ СТАНІСЛАЎ РАМУАЛБДАВІЧ, 33 гады, сын папярэдняга, арыштаваны за тыя самыя дзеянні (Jodkowski J. Rok 1863... // Echo Grodzienski. — 1921. — № 174. — S. 3).
СТАНІШЭЎСКІIBAH, 42 гады, прыцягнуты да следства Гродзенскай ваенна-следчай камісіяй за садзейнічанне паўстанню ў жніўні 1863 г. (Смалянчук А. Гарадзенскія «мяцежнікі»... — С. 184).
СТРЖЭЗІНСКІ ЮЛІЯН, шляхціц Гродзенскай губерні, 41 год, абвінавачваўся ў «падбухторванні людзей уступіць у мяцеж». Быў сасланы без пазбаўлення правоў на жыхарства ў аддаленыя месцы Сібіры. Знаходзіўся ў Омску (НГАБ у Гродне, ф. 3, воп. 3, с. 1, а. 539; Электронны рэсурс: narod.ru| 1864lSsilka-ZapSib.html. — Дата доступа: 15.01.2013).
СТЫЧЫНСКІ ЮЗЭФ, 27 гадоў, фурман Сапоцкінскай паштовай станцыі. Падтрымліваў сувязь паміж паўстанцкімі атрадамі. Адпраўлены ў Кастрамскую арыштанцкую роту (Буднік I. Да падзеяў 1863-64 гадоў... — С. 82).
СТЭЦКЕВІЧ АНТОН СТАНІСЛАВАВІЧ, аднадворац, у 1863 г. меў 47 гадоў, абвінавачваўся ў падбухторванні сялян супраць ураду, сядзеў у Ваўкавыскай турме з 14 кастрычніка 1863 г. (НГАБ у Гродне, ф. 3, воп. 1, с. 14, а. 13 адв.).
СТЭЦКЕВІЧ ПЁТР ПЯТРОВІЧ, ксёндз, францішканін Гродзенскага канвенту, арыштаваны ў жніўні 1863 г. за знойдзеныя
ў яго казанні, напісаныя ў рэвалюцыйным духу (Jodkowski J. Rok 1863... // Echo Grodzienskie. — 1921. — № 174. — S. 3).
СЯМАШКА ІОСІФ ВІКЕНЦЕВІЧ, дваранін, y 1863 г. меў 26 гадоў. Абвінавачваўся ў дастаўцы паўстанцам прадуктаў. Сядзеў пад арыштам у Ваўкавыскім астрозе з 24 жніўня 1863 г. (НГАБ у Гродне, ф. 3, воп. 1, с. 14, а. 7 адв.).
СЯНКОЎСКІ СТАНІСЛАЎ, мешчанін Гродзенскага павета, 49 гадоў, прыцягнуты да следства Гродзенскай ваенна-следчай камісіяй за садзейнічанне паўстанню ў ліпені 1863 г. (Смалянчук А. Гарадзенскія «мяцежнікі»... — С. 182).
СЯРЖПУТОЎСКАЯ ВАЛЕРЫЯ ВІНЦЭНТАЎНА, 47 гадоў, дваранка з Гарлеўскіх Сакольскага павета, жыла ў сына Адама (гл.), ёй належала пятая частка маёнтка Ласосна. Як сведчыў селянін Юргель, яна загадала яму адкапаць схаваныя ў садзе порах, свінец, корпію, 4 ружжы і схаваць у амбары. Усё гэта вечарам забраў невядомы яму чалавек. Арыштаваная не прызнала сваю віну нават на вочнай стаўцы. Прыгаворана да вытрымкі ў турме паўгода і высылцы на жыхарства ва ўнутраныя губерні Расіі. Сядзела ў Гродзенскім астрозе з 3 ліпеня 1864 г. (НГАБ у Гродне, ф. 3, воп. 3, с. 4, а. 82, с. 1, а. 540 адв., 550, 559 адв.; ф. 1, оп.13, с. 1399, а. 151 адв.; ЛДГА, ф. 1248, воп. 2, с. 917 б., а. 269-270, 273-274).
СЯРЖПУТОЎСКІ АДАМ ЭМІЛЬЕВІЧ, сын Валерыі, 27 гадоў, уладальнік чацвёртай часткі маёнтка Ласосна Сакольскага павета. Прызнаўся ў забеспячэнні паўстанцаў ваеннымі і харчовымі прыпасамі, вопраткай, спасылаючыся на страх перад імі, а паляўнічыя ружжы належалі юнкеру Ф. Вяльгорскаму. Сасланы ў лютым 1864 г. на пасяленне ў Сібір у Табольскую губерню. Маёнтак канфіскаваны (НГАБ у Гродне, ф. 3, воп. 3, с. 4, а. 81 адв. — 82; с. 1, а. 517; ЛДГА, ф. 1248, воп. 2, с. 917 б., а. 262-267; Буднік I. — С. 82).
ТАКАРЖЭЎСКІ ВАЎЖЫНЕЦ ТЭАФІЛАВІЧ, памешчык ваколіцы Токары. Абвінавачваўся ў адпраўцы людзей у паўстанцкі атрад і раскідванні брашур рэвалюцыйнага зместу. Сядзеў пад арыштам у Слонімскай турме (НГАБ у Гродне, ф. 3, воп. 1, с. 11, а. 35 адв.).
ТАКАРЖЭЎСКІ ТЭАФІЛ, бацька Ваўжынца (гл.), памешчык ваколіцы Токары. Абвінавачваўся ў адпраўцы людзей у паўстанцкі атрад і раскідванні брашур рэвалюцыйнага зместу. Сядзеў пад арыштам у Слонімскай турме (НГАБ у Гродне, ф. 3, воп. 1, с. 11, а. 35 адв.).
ТАЛАЧМАНСКІ ЯКАЎ ФЁДАРАВІЧ, селянін, у 1863 г. меў 80 гадоў, абвінавачваўся ў схаванні паўстанцаў, сядзеў у Ваўкавыскай турме з 21 верасня 1863 г. (НГАБ у Гродне, ф. 3, воп. 1, с. 14, а. 12 адв.).
ТАЛАШМЯНСКІ, урач м. Поразава Ваўкавыскага павета, апавяшчаў паўстанцаў (дзе былі яго два браты) пра ўсё, што робіцца, дзе праходзяць войскі (Быхаўцаў М. Паўстанне 1863-1864 гг. у Ваўкавыскім павеце. — Гародня: б.в., 2014. — С. 223).
ТАРАСОВІЧ (ТАРАСЕВІЧ) КАНСТАНЦІН ГЕРАНІМАВІЧ, 38 гадоў, памешчык Ваўкавыскага павета. Нарадзіўся ў маёнтку Гнезна Ваўкавыскага павета ў сям’і дваран, вучыўся ў Маскоўскім універсітэце. На 4-м курсе пасля смерці бацькі вымушаны быў пакінуць вучобу і паступіць на службу ў Ваўкавыскі павятовы суд. Быў ганаровым назіральнікам вучылішчаў Бельскага павета. Узнагароджаны медалём у памяць аб вайне 1853-1856 гг. Меў маёнтак Конна ў Ваўкавыскім павеце, які налічваў каля 3000 дзесяцін. Па паказаннях Э. Заблоцкага, прымаў у сваім маёнтку яго і Каліноўскага пад час іх паездкі па гэтым павеце (май 1863 г.). Т. па-
казаў, што не жыў у той час у маёнтку, бо ў яго была хворая жонка і ён знаходзіўся ў Варшаве (тое самае гаварыў на следстве і ягоны брат). Ад суда і арышта вызвалены (было «мненне» выслаць на катаржныя працы на 8 гадоў) (НГАБ у Гродне, ф. 3, воп. 3, с. 4, а. 74 адв.-75, 330 адв., 333; с. 1, а. 562).
Інструкцыя па апрананні кандалоў
ТАЎРЭЛЬ ФРАНЦІШАК, 50 гадоў, шляхціц Гродзенскага павета. Зняволены ў Гродзенскай турме за забеспячэнне паўстанцаў харчаваннем (Буднік I. Да падзеяў 1863-64 гадоў... — С. 82).
ТРЖЭЦЯК (ТРАЦЯК) ЮЛЬЯН ВІКТАРАВІЧ, нарадзіўся ў в. Шымакі Сакольскага павета, 29 гадоў у 1864 г. Ягоны бацька Віктар Францавіч — адстаўны Польскага войска капітан, служыў у 1-м гвардзейскім уланскім палку на баку Напалеона Банапарта ў 1807—1815 гг., меў Крыж Ганаровага Легіёна 3-й ступені. Юльян вучыўся ў Гродзенскай гімназіі, даслужыўся ў войску да чына падпаручніка (1854—1859 гг.), узнагароджаны срэбным медалём у памяць аб Севастопальскай (Крымскай) вайне. У Гродна прыбыў з Нежына Чарнігаўскай губерні ў снежні 1862 г. і заняўся пераплётным рамяством. Дапамагаў Сільвястровічу перадаваць рэвалюцыйныя паперы павятовым і акруговым начальнікам ваяводства. Для гэтага Сільвястровіч набыў у Багаткі (гл.) 2 коней, купіў каляску і конскую збрую. Верагодна, Т. спрабаваў угаварыць Івана Францавіча Лапінскага, кіраўніка маёнтка Келбасін, выконваць ролю развозчыка карэспандэнцыі ў Ваўкавыскі і Слонімскі паветы. Арыштаваны ў маі 1864 г. На допытах расказаў следчым шмат таямніц паўстанцкай арганізацыі. Пад час вобыска ў маёнтку бацькі Шымакі Сакольскага павета, у пакоі Юльяна, знайшлі «мешочек co свннцовымн лйтерамн». Прыгавораны да катаржных прац на 8 гадоў. Рашэннем Гродзенскага губернскага праўлення ад 1(13). 12.1864 г. маёмасць падлягала канфіскацыі (НГАБ у Гродне, ф. 2, воп. 38, с. 611, 127; ф. 3, воп. 3, с. 2, а. 52, 280-280 адв., 290, 311-319; с. 1, а. 555 адв.; воп. 1, с. 40, а. 180; ф. 320, воп. 2, с. 160, а. 27 адв.-28; Jodkowski J. Rok 1863... — № 176, 34).
ТРУСКОЎСКІ (ТРУШКОЎСКІ) ВОЙЦЭХ ФАМІЧ, меў у 1864 г. 60 гадоў, шляхціц в. Трускі Бельскага павета. Па яго заданню дзясяцкі М.М. Альшэўскі збіраў грошы для паўстанцаў. Іх і харчаванне Т. дастаўляў у паўстанцкі атрад. Быў арыштаваны і адбываў пакаранне ў Гродне (НГАБ у Гродне, ф. 1, воп. 34, с. 2511, а. 4, 11, 25).