Роднай старонцы
Зборнік твораў канца XVIII — пачатку XX ст.
Выдавец: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі
Памер: 272с.
Мінск 2012
Пасля ночы, праведзенай у лесе, адбылася баявая нарада наконт далейшага паходу. Як я ўжо гаварыў, Нацыянальны камітэт прадпісаў камандзірам асобных дробных атрадаў у Мінскай губерні пазбягаць сутычак з ворагам, каб яны маглі давесці іх да галоўнай пазіцыі ў Ігуменскім павеце, паміж вёскамі Марціянаўка і Юравічы. Акрамя групы пад камандаваннем Канапацкага, яшчэ адна група з сямідзесяці васьмі чалавек пад камандаваннем Вярбіцкага прабіралася да Юравіч Бабруйскім трактам. На агульнай нарадзе ў Пуцічоле пастанавілі злучыцца з групаю Вярбіцкага, каб ісці разам да прызначанага месца і ў выпадку, калі не ўдасца пазбегнуць спаткання з непрыяцелем, магчы лягчэй даць яму адпор. Акрамя гэтага, адзін партызан, найлепш знаёмы з мясцовасцю, быў пасланы з лістамі да галоўнага камандзіра Станіслава Ляскоўскага. У дзевяць гадзін раніцы ўсе ўжо былі гатовы і рушылі ў паход, каб аб'яднацца з Вярбіцкім. Пасыльны
ж праз багны і лясы пайшоў да галоўнай групы. Гэта бьгў хлопец гадоў дваццаці па прозвішчу Касцеша. Прыводжу тут амаль слова ў слова яго расказ пра небяспечнае падарожжа: «Развітаўшыся з групаю ў лясах ля Пуцічола, я вымушаны быў прабірацца праз лясы і палі, каб не трапіць у рукі салдат. Першы дзень я ішоў дарогаю, што вяла праз лес, збочваючы з яе і хаваючыся між дрэў, калі хто праязджаў або праходзіў. Пад вечар я наблізіўся да вёскі, названай Раваніцкая Слабада. Вёску трэба было абысці здалёк, а зрабіць гэга было цяжка: я вымушаны быў перабрацца праз раку Ушу, якая тады разлілася. Засеўшы ў густым яловым зарасніку, я адпачываў і раздумваў, дзе б пераправіцца. Усю маю страву складаў кавалак сухога чорнага хлеба. Паеўшы яго, я пайшоў улева ад дарогі, але там цякла другая рака, хоць і меншая, але цяжкая для пераадолення. За паўгадзіны хадзьбы паўз раку я знайшоў вузенькую кладку і, перайшоўшы па ёй рэчку, пайшоў па тракце, стараючыся абмінаць вёскі і млыны, што віднеліся здалёк. На дарозе я спаткаў мужыка, які вёз у млын збожжа, і запытаў у яго, ці не на Раванічы гэтая дарога.
— He, гэта на Забашавічы, а да Раваніч ідзе праз млыны. Рабіць не было чаго, я мусіў ісці з мужыком і гутарыць з ім аб розных рэчах. Так я прайшоў праз вёску і млыны. Спадарожніцтва гэтага мужыка мяне, можа, уратавала, бо дзякуючы яму ніхто на мяне не звярнуў увагі. На змярканні я быў у Раванічах, дзе збочыў на цвінтар і пераначаваўу нішы касцёла. Назаўтра ж раніцою праз вёскі Дабаўручы, Лагі дабраўся да Мікуліч, дзе на цвінтары лёг адпачыць і заснуў. Тут мяне заўважылі мужыкі. Аднак мяне яны не чапалі, а сачылі здалёк і, відаць, не адступіліся б. Але паколькі я заблудзіўся, я вымушаны бьгў зноў вярнуцца ў Мікулічы, каб запытаць пра дарогу на Юравічы. Тут мужыкі ўсе разам мяне затрымалі. Я пачаў выкручвацца, гаворачы, што быў настаўнікам у аднаго з чыноўнікаў раваніцкай суконнай фабрыкі і іду да знаёмых у Юравічах. Мне паверылі і не толькі накармілі, але нават далі правадніка, які вечарам давёў мяне да
Юравіч. Дзякуючы, такім чынам, хітрасці і ўвішнасці я выканаў дадзенае мне даручэнне і назаўтра раніцою ўручыў Свентарэцкаму прызначаныя яму лісты».
III
Злучэнне з Вярбіцкім. Бітва пад Пятровічамі. Каралішчавіцкія сяляне. Лёсы Канапацкага і Вярбіцкага. Група Ацыпы і Сніткі. Паражэнне пад Марціянаўкай.
Канапацкі ў той жа самы дзень, калі выйшаў з групай з пуцічольскіх лясоў вечарам, на заходзе сонца, сустрэўся з Вярбіцкім пад вёскаю Пятровічы. Аб'яднаныя сілы мелі каля ста трыццаці адважных і добра ўзброеных чалавек На ноч умовіліся выбраць бяспечнае месца і быць напагатове, бо салдаты сачылі за кожным крокам Вярбіцкага і маглі нечакана напасці. Група спынілася непадалёку ад Пятровіч на пагорку, зарослым лесам і акружаным вакол балотамі. Месца здавалася бяспечным, але не абышлося без трагічнай бітвы. Вайскоўцы пранюхалі прысутнасць паўстанцаў і пастанавілі ўдарыць па іх пераўзыходзячымі сіламі. Ноч прайшла спакойна. На варту было пастаўлена больш дзесяці партызанаў, а дзеля болыпай надзейнасці пасты змяняліся праз кожную гадзіну.
Назаўтра на ўзыходзе сонца партызанскі пікет заўважыў набліжэнне казакаў і батальёна салдат у баявой гатоўнасці. Забілі трывогу. Паўстанцы падрыхтаваліся да бою, пастроіўшыся ў карэ, і вельмі спакойна, калі вораг наблізіўся, адкрылі агонь. Засвісталі кулі, казацкія коні павярнулі назад, у вайсковых парадках адбылося замяшанне. Але праз некалькі хвілін салдаты прыйшлі ў сябе, пастроіліся ў баявыя парадкі, і завязалася бітва. Некалькі нашых было ранена, бой станавіўся ўсё больш зацяты, напружаны з абодвух бакоў і цягнуўся тры гадзіны. Камандзіры стараліся вывесці грутгу. Таму, забраўшы раненых, пачалі памалу ў парадку адступаць, адбіваючы агнём узводаў наступленне ўрадавага войска. Бачачы
гэта, салдацкі ар'ергард абышоў партызанаў з тылу, чаго камандзіры не чакалі. У гэтым іх віна была немалая. Група, акружаная ворагам, вымушана была рассыпацца. Многіх узялі ў палон, адзінкі здолелі прарвацца праз салдацкія рады і схавацца ў бліжэйшых лясах. Такая неасцярожнасць і нядбайства камандзіраў прывялі да незваротных страт. Са ста трыццаці паўстанцаў ледзь дзевяноста засталося. 3 іх не ўсе дайшлі да галоўнага лагера, бо мужыкі і казакі даганялі іх па дарозе і пералавілі вельмі шмат.
Рэшткі групы, прабіраючыся праз глыбокія лясы, дабраліся да галоўнага камандзіра. Некаторыя ж з адбітай ахвотай, напалоханыя зведанай няўдачай, наважылі вярнуцца ў Мінск. Тут іх праследвала няшчасце. Сяляне, што вартавалі масты ў вёсцы Каралішчавічы, некаторых схапілі, сярод іх Фларыяна Міладоўскага, і адвезлі ўладам. Праз колькі дзён адзін з мінскіх ксяндзоў, канонік Казакевіч, прыехаў у Каралішчавіцкі касцёл і звярнуўся да парафіян з выдатнай казанню, у якой гарачымі, натхнёнымі словамі папракнуў людзей у здрадзе, назваўшы тых, хто меў да яе дачыненне, юдамі, якія за грошы не вагаючыся прадаюць ворагу братнюю кроў. У касцёле пачаўся плач і лямант, але гэта было запозненае шкадаванне, якое не магло выправіць лёс няшчаснай паствы. Адважнага ксяндза ўлады пакаралі высылкай у кляштар пры касцёле ўсіх святых у Вільні, дзе ён застаўся аж да смерці...
He хочучы ідэалізаваць факты, я мушу тут дадаць, што колькасць асоб, выдаваных у рукі ўлад, проста зменшылася, калі паменшала за гэта ўзнагарода. Урад, а дакладней самаўладны Мураўёў-вешальнік, назначыў за кожнага дастаўленага паўстанца напачатку пяць рублёў, а затым тры рублі і ўрэшце знізіў аплату да сумы ў два польскія злоты. Таму спярша кінуліся на такі лёгкі шлях даходу і хапання па дарогах, нават па хатах, усякага, хто здаваўся падазроным, хоць на гэтае падозранне не было ніякіх падстаў. Здарылася нават такое, што, не ведаючы, з кім маюць справу, мужыкі ў Магілёўскай губерні злавілі на да-
розе князя Крапоткіна, які вяртаўся дамоў і даставілі яго губернатару.
Вяртаючыся да прадмета, ад якога я адхіліўся на хвіліну, каб даць уяўленне пра тагачасныя стасункі, якія ўскладнялі становішча паўстанцкіх рэштак, я павінен успомніць пра лес, што напаткаў камандзіраў групы пад Пятровічамі. Менавіта Вярбіцкі трапіў у палон і, паколаты штыхамі і казацкімі пікамі, быў адвезены ў Мінск, дзе на трэці дзень у турэмным шпіталі скончыў жыццё ў невыносных пакутах. Канапацкі ж, галодны і халодны, хаваўся на працягу ўсяго года ў лесе, названым Чорным Востравам. He могучы трымацца далей, добраахвотна вярнуўся ў Мінск, гатовы да ўсяго, што яго напаткае. Сястра яго была настаўніцай у генерала Пузанава, заступніцтва якога паменшыла пакаранне Канапацкаму да ссылкі ў Цюмень. Праз колькі гадоў яму было дазволена вярнуцца ў Мінск. Тут палякі пастараліся знайсці для яго месца аканома ў Таварыстве дабрачыннасці, дзе ён заставаўся да скону.
На сумежжы Магілёўскай і Мінскай губерняў пад той жа самы час утварылася другая група пад камандаваннем Анцыпы і Сніткі. Пераправіўшыся на паромах праз Бярэзіну у мястэчку пад той жа назвай, яна падалася ў Юравіцкія лясы. Але ей шчасліва не вялося, таму што была высачана атрадам царскіх войск і разбіта ўшчэнт каля вёскі Марціянаўка. Снітка загінуў на месцы, Анцыпа ж трапіў у палон. Яго адвезлі ў Магілёў, дзе ён і быў расстраляны.
IV
Юравічы. Свентарэцкі. Ляскоўскі. Сумны выпадак на паштовай станцыі ў Лядах. Забалоцкі. Бітва пад Юравічамі. Варварства папа. Прасекі і паленне лясоў. Ляскоўскі прыводзіць групу. Узяццеў палон генерала Грунта. Палітычная камісія.
У Ігуменскім павеце, даўнейшым Мінскім ваяводстве, на дваццатай вярсце ад мястэчка Ігумена ляжыць вёска
Юравічы. За гэтай вёскай цягнуцца вялікія яловыя лясы, поўныя дзікіх звяроў і птушак У гэтых лясах был а галоўная пазіцыя партызан Мінскага ваяводства. Гэта быў зборны пункт, да якога з усіх бакоў павінны былі сыходзіцца дробныя групы і там арганізоўвацца, каб у баявым парадку выступіць на абарону айчыны. 3 усіх ваколіц ваяводства сабралася болей за дзевяцьсот добра ўзброеных воінаў. Камандзірам над імі Нацыянальны камітэт паставіў Баляслава Свентарэцкага. Яшчэ ў першай палове мая, адвёзшы жонку і дзіця ў Парыж, ён вярнуўся ў родную вёску Багушэвічы, сабраў у сябе сялян і дробную шляхту, прачытаў ім маніфест Нацыянальнага камітэта пра дзейснае выступленне супраць царызму. У гэтым маніфесце было, між іншым, сказана пра вызваленне сялян і надзяленне іх зямлёй у выпадку, калі яны захочуць прыняць удзел у паўстанні. Мужыкі спакойна выслухалі адозву Нацыянальнага камітэта, але, будучы папярэджаныя папамі і царскімі чыноўнікамі, засталіся абыякавыя. Шляхта ж з запалам узялася за зброю. У гэты самы час прыбыло некалькі афіцэраў з Пецярбурга, навучаных ваеннай справе, каб кіраваць паўстаннем, прычым не абышлося без трагічнага сутыкнення. Адзін з афіцэраў, што вёз патрыятычныя пракламацыі, чакаў з канём на станцыі ў Лядах, непадалёку ад Ігумена. У гэты ж час над'ехаўу вайсковым мундзіры Станіслаў Ляскоўскі, афіцэр генеральнага штаба, арганізатар юравіцкай групы. Думаючы, што гэта пагоня, той афіцэр з Пецярбурга спаліў паперы і пакончыў самагубствам.
Баляслаў Свентарэцкі, зачытаўшы адозву Нацыянальнага камітэта, узяўся арганізоўваць групу, якая пачала называцца групай Свентарэцкага. Царскія ўлады са свайго боку таксама пачалі сцягваць войска адусюль: з Мінска, Бабруйска і Барысава сабралі каля пятнаццаці тысяч салдат разам з казакамі...