• Часопісы
  • Сафіін свет раман пра гісторыю філасофіі Юстэйн Гордэр

    Сафіін свет

    раман пра гісторыю філасофіі
    Юстэйн Гордэр

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 560с.
    Мінск 2014
    130.68 МБ
    Выходзіць, прырода ўсё ж не сон?
    Выходзіць так. I тут Дэкарт зноў звяртаецца да ідэі пра дасканалую істоту. Калі наш розум успрымае нейкія рэчы выразна і ясна як у выпадку з матэматычнымі велічынямі, значыць, яны таксама адпавядаюць рэчаіснасці. Бо хіба дасканалы Бог будзе нас уводзіць у зман? Дэкарт спасылаецца на «Боскую гарантыю» таго, што ўспрыманае намі праз розум адпавядае пэўнай рэчаіснасці.
    Добра, цяпер мы маем тры выведзеныя Дэкартам рэчы: што ён думаючая істота, што Бог існуе і што існуе навакольная рэчаіснасць.
    Але навакольная рэчаіснасць гэта зусім не тое самае, што рэчаіснасць разумовая. Дэкарт заяўляе, што ёсць дзве розныя формы рэчаіснасці, або дзве «субстанцыі». Адна субстанцыя мысленне, або душа, а другая працягласць, або матэрыя. Душа свядомая,
    яна не займае ніякага месца ў прасторы і таму не можа дзяліцца на драбнейшыя элементы. Матэрыя, наадварот, толькі працяглая, яна займае месца ў прасторы і таму можа дзяліцца на драбнейшыя элементы, але яна не свядомая. На думку Дэкарта, абедзве гэтыя субстанцыі спараджаюцца Богам, бо толькі Бог існуе незалежна ад усяго іншага. Але хоць і «мысленне», і «працягласць» спараджаюцца Богам, яны існуюць адна ад другой незалежна. Мысленне цалкам незалежнае адносна матэрыі, і наадварот матэрыяльныя працэсы адбываюцца цалкам незалежна ад мыслення.
    I таму ўсё створанае Богам можна раздзяліць на дзве часткі.
    Так. Мы называем Дэкарта дуалістам, то бок мысляром, які выразна размяжоўвае дзве субстанцыі рэчаіснасць духоўную і працяглую. Паводле Дэкарта, душу маюць толькі людзі. Жывёлы цалкам належаць працяглай рэчаіснасці. Іх існаванне і рухі ажыццяўляюцца механічна. Для Дэкарта жывёлы гэта адмысловыя складаныя механізмы. У дачыненні да працяглай рэчаіснасці ён дастасоўвае тыя самыя механістычныя тлумачэнні, якімі карысталіся матэрыялісты.
    Мне неяк не дужа верыцца, што Гермес гэта машына або механізм. Па ўсім відаць, Дэкарт не надта любіў жывёл. А што ж мы? Можа, мы таксама механізмы?
    I так, і не. Дэкарт прыйшоў да высновы, што чалавек гэта дваістая істота, якая і мысліць, і займае месца ў прасторы. Такім чынам, у чалавека ёсць і душа, і працяглае цела. Нешта падобнае можна знайсці ў Аўгустына і Тамаша Аквінскага, якія меркавалі, што чалавек, як і жывёла, мае цела, але, як анёлы, мае таксама і душу. На думку Дэкарта, чалавечае цела ўяўляе сабой адмысловы механізм. Але ў чалавека ёсць і душа, якая можа дзейнічаць па ўласнай волі незалежна ад цела. Працэсы, якія адбываюцца з целам, такой волі не маюць, яны падпарадкоўваюцца сваім законам. Што да мыслення, то яно адбываецца не ў целе, а ў душы, незалежнай ад працяглай рэчаіснасці. Мушу заўважыць, што Дэкарт не выключаў здольнасці мысліць і ў жывёл. Але калі яны маюць такую здольнасць, то размежаванне паміж мысленнем і працягласцю тычыцца іх таксама.
    Пра гэта мы ўжо гаварылі. Калі я вырашаю бегчы да аўтобуса, у дзеянне прыводзіцца ўвесь мой «механізм». А калі я ўсё ж спазнюся на аўтобус, у мяне пацякуць слёзы.
    Сам Дэкарт не адмаўляў, што душа і цела бесперапынна ўзаемадзейнічаюць між сабою. На думку Дэкарта, пакуль душа ўтрымліваецца ў целе, яна знітаваная з ім з дапамогай адмысловага мазгавога органа, які называецца «шышкападобнай залозай». Праз гэты орган і ажыццяўляецца ўзаемадзеянне між духам і матэрыяй, вось чаму душу часам уводзяць у зман пачуцці і жаданні, звязаныя з патрэбамі цела. Але душа здольная адасабляцца ад гэтых «нізкіх» імпульсаў і дзейнічаць незалежна ад цела. Трэба імкнуцца перадаць кіраванне розуму. Бо як бы моцна мне не балеў жывот, сума вуглоў трохкутніка заўсёды будзе складаць 180°. Гэта значыць, што думка здольная ўздымацца над патрэбамі цела і дзейнічаць чыста «разумна», з чаго вынікае, што ў дачыненні да цела яе можа лічыць незалежнай. Нашы ногі могуць пастарэць і занядужаць, спіна сагнуцца, зубы павыпадаць, але да той пары, пакуль нас не пакіне розум, два плюс два як было, так і будзе чатыры. Бо розум не старэе і не чэзне. Старэюць нашыя целы. Дэкарт якраз розум і называў «душою». Нізкія жаданні і памкненні кшталту хцівасці ці нянавісці звязаныя з функцыямі цела, то бок з працяглай рэчаіснасцю.
    Я не магу зразумець, як Дэкарт мог параўноўваць цела з машынай або аўтаматычнай прыладай.
    Такое параўнанне стала вынікам таго, што ў часы Дэкарта людзі дужа захапляліся машынамі і гадзіннікавымі механізмамі, якія, на першы погляд, дзейнічалі самі па сабе. Слова «аўтамат» якраз і азначае «нешта, што рухаецца само». Зразумела, што ўяўленне, быццам такі рух адбываецца «сам па сабе», было ілюзіяй. Астранамічны гадзіннік, напрыклад, зроблены і заведзены чалавекам. Дэкарт заўважае, што штучныя апараты складаюцца вельмі проста, з абмежаванай колькасці дэталяў, у адрозненне ад безлічы костак, цягліц, нерваў, артэрый і вен, з якіх складаецца цела чалавека або жывёлы. Але чаму б Богу было не скласці цела жывёлы ці чалавека па законах механікі?
    Сёння шмат гавораць пра «штучны інтэлект».
    Так, тут маюцца на ўвазе сучасныя аўтаматычныя прылады. Мы ствараем машыны, якія ўводзяць нас у зман, прымушаючы думаць, што яны напраўду маюць інтэлект. Такія машыны вельмі б напалохалі Дэкарта. Ён, мабыць, засумняваўся б, што чалавечы розум такі вольны і незалежны, як ён сцвярджаў. Бо ёсць філосафы, якія мяркуюць, што чалавечая душа не больш незалежная, чым цялесныя працэсы. Натуральна, душэўнае жыццё чалавека непараўнальна складанейшае за любую кампутарную праграму, але некаторыя лічаць, што ў прынцыпе мы абмежаваныя ў сваёй волі ў такой самай ступені, як і кампутарныя праграмы. Зрэшты, глядзі, Сафія, я табе зараз нешта пакажу.
    Кіўнуўшы на кампутар, што стаяў на пісьмовым стале ў далёкім канцы пакоя, Альбэрта ўстаў і пайшоў да яго. Сафія рушыла следам.
    Альбэрта ўключыў машыну, і неўзабаве ў версе экрана ўзнік камандны радок: «С :». Альбэрта напісаў у радку слова «Лайла» і патлумачыў:
    Гэта складаная камунікатыўная праграма.
    Цяпер на экране ўзнік тэкст:
    «Прывітанне, мяне завуць Лайла. Табе зручна сядзець?»
    Сафія набрала тры літары:
    «Так», хоць пакуль яшчэ не паспела сесці. Альбэрта прынёс ёй крэсла.
    «Як цябе завуць?» загарэлася на экране.
    «Сафія Амундсэн», напісала Сафія, і машына імгненна адрэагавала:
    «Канюшынавая вуліца, дом 3. Прыемна з табою пазнаёміцца, Сафія. Ты, мусіць, з нецярпеннем чакаеш свайго пятнаццацігоддзя?»
    Сафія сцепанулася. Альбэрта паклаў руку ёй на плячо:
    Я проста занёс у кампутар тваё імя, адрас і дзень народзінаў. Калі з кім-небудзь знаёмішся, бывае карысна некаторыя звесткі пра яго мець загадзя.
    «Не пагана», напісала цяпер Сафія.
    «Ты хочаш сказаць, што твае справы ідуць не пагана, Сафія? Гавары са мной поўнымі сказамі».
    «Мае справы ідуць выдатна. А я магу задаць табе пытанне?»
    «Гэта цудоўна, што твае справы ідуць выдатна. Ты можаш задаць мне пытанне. Калі ласка».
    «Колькі табе гадоў?» набрала Сафія.
    «Я была сканструяваная ў Атланце 8 жніўня 1988 года, але на нарвежскую мову была перакладзена ў Нацыянальным тэхнічным інстытуце 28 мая 1990 года».
    «Божухна!»
    «Я прасіла цябе гаварыць поўнымі сказамі».
    «Я сказала ўсяго толькі Божухна!»
    «Я не разумею слэнгу. Я ведаю каля ста тысяч слоў, бліжэйшае з мне вядомых да слова «Божухна» слова «Бог».
    «Няхай будзе Бог».
    «Ты верыш у Бога, Сафія?»
    «Не ведаю».
    «Няведанне ёсць пераходная стадыя да новага ведання».
    «Тое самае, напэўна, мог бы сказаць і Сакрат. Ці Дэкарт».
    «Сакрат грэцкі філосаф, які жыў з 470 па 399 год да нашай эры. Калі хочаш даведацца пра яго болыл, націсні F7. Дэкарт французскі філосаф, які жыў з 1596 па 1650 год. Калі ты хочаш даведацца пра яго больш, націсні F8».
    «Дзякую, гэтага хопіць. Я магу задаць яшчэ адно пытанне?»
    «Цудоўна, што гэтага хопіць. Ты можаш задаць яшчэ адно пытанне!»
    Альбэрта ціхенька пасмейваўся. А Сафія тым часам напісала:
    «Хто такая Хільда Мёлер Кнаг?»
    «Хільда Мёлер Кнаг жыве ў Лілесандзе, і ёй столькі ж гадоў, колькі Сафіі Амундсэн».
    «Адкуль у цябе такія звесткі?»
    «Я не ведаю, адкуль у мяне такія звесткі, але я знайшла іх на жорсткім дыску».
    Сафія зноў адчула ў сябе на плячы руку.
    Я занёс у кампутар тую нешматлікую інфармацыю пра Хільду, якія мы маем.
    «Ты ведаеш нешта яшчэ пра Хільду?» напісала Сафія.
    «Бацька Хільды назіральнік ААН у Ліване. Ён мае чын маёра і ўвесь час пасылае дачцэ паштоўкі».
    «Я хачу, каб ты яго знайшла!»
    «Гэта немагчыма. Яго няма ў маіх файлах, і я не злучаная з іншымі базамі дадзеных».
    «Я сказала: знайдзі яго!!!!!!»
    «Ты злуешся, Сафія? Шмат клічнікаў выразны паказчык моцных эмоцый».
    «Я хачу пагаварыць з Хільдзіным бацькам!»
    «У цябе праблемы з кантролем над тваімі жаданнямі. Калі хочаш пагаварыць пра сваё дзяцінства, націсні F9».
    Альбэрта зноў паклаў руку на плячо Сафіі:
    «Лайла» мае рацыю, дзіця маё. Яна ж не магічны крышталь. Гэта ўсяго толькі кампутарная праграма.
    «Замаўчы!» напісала Сафія.
    «Як пажадаеш, Сафія. Нашае знаёмства доўжылася 13 хвілін 52 секунды. Я захаваю нашую размову ў памяці. А зараз спыняю праграму».
    На экране зноў загарэлася «С:».
    Што ж, хадзем працягнем нашую гутарку, прапанаваў Альбэрта.
    Але Сафія ўжо набрала ў камандным радку некалькі літар: «Кнаг».
    I ў тое ж імгненне на экране ўзнікла: «Я тут».
    Цяпер сцепануўся Альбэрта.
    «Хто ты?» напісала Сафія.
    «Маёр Кнаг да тваіх паслугаў. Я пішу непасрэдна з Лівана. Чым магу быць карысны?»
    Гэтага толькі не хапала, прастагнаў Альбэрта. Гэты праныра ўжо на жорсткі дыск пралез.
    Прагнаўшы Сафію з крэсла, ён сам сеў перад экранам.
    «Як ты, чорт раздзяры, прабраўся ў мой кампутар?» напісаў ён.
    «Вельмі проста, шаноўны калега. Я заўсёды там, дзе мне хочацца».
    «Ты брыдкі кампутарны вірус!»
    «Спакойна, спакойна! У дадзеным выпадку я выступаю ў якасці віншавальнага віруса. Вы перадасце мае прывітанні?»
    «Дзякую, але мы ўжо наеліся тваіх прывітанняў».
    «Я буду не шматслоўны: «Усё гэта робіцца ў твой гонар, дарагая Хільда. Яшчэ раз сардэчна віншую цябе з пятнаццацігоддзем. He зважай на нязвыклыя акалічнасці проста мне хочацца, каб мае віншаванні сустракалі цябе паўсюль, дзе ты можаш апынуцца. Твой тата, якому ўжо вельмі карціць цябе абняць».
    Перш чым Альбэрта паспеў нешта напісаць у адказ, на экране зноў засвяцілася «С:».