Сафіін свет
раман пра гісторыю філасофіі
Юстэйн Гордэр
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 560с.
Мінск 2014
Альбэрта ўвёў «dir knag*.*», каб убачыць спіс файлаў, у якія ўлез Кнаг, і прачытаў:
Knag.lib 147.643 15.06.90 12:47
Knag.lil 326.439 23.06.90 22:34
Тады ён набраў: «erase knag*.*» і выключыў кампутар.
Усё, я яго выдаліў, сказаў Альбэрта. Але невядома, дзе і калі ён аб’явіцца наступным разам.
Пэўны час ён сядзеў моўчкі, пазіраючы на экран, а потым сказаў:
Горш за ўсё, што яго завуць Альбэрт Кнаг...
Толькі цяпер Сафія заўважыла, да якой ступені іх імёны падобныя. Альбэрт Кнаг і Альбэрта Кнокс. Але Альбэрта меў такі ўзрушаны выгляд, што яна не адважылася сказаць пра гэта ні слова. Яны вярнуліся да стала з кнігай і лінзамі.
СПІНОЗА
...Бог не батлейшчык...
Яны доўга сядзелі моўчкі. Каб прыцягнуць да сябе Альбэртаву ўвагу, Сафія спытала:
Дэкарт, пэўна, быў незвычайным чалавекам. Ён стаў знакамітым?
Альбэрта некалькі разоў цяжка ўздыхнуў і ўрэшце прамовіў:
Ён набыў агромністы ўплыў. Найбольшае ўздзеянне ён зрабіў на яшчэ аднаго вялікага мысляра. Я маю на ўвазе галандскага філосафа Баруха Спінозу, які жыў з 1632 па 1677 год.
Ты пра яго раскажаш?
Прынамсі, я планаваў. Толькі давай больш не будзем зважаць на ўсякія вайсковыя правакацыі.
Я ўся ператвараюся ў слых.
Спіноза жыў у Амстэрдаме і належаў да тамтэйшага габрэйскага кагалу, але за нібыта фальшывую навуку яго адлучылі ад царквы і з кагалу прагналі. Мала якога філосафа Новага часу так ганьбілі і няславілі за яго ідэі, як гэтага чалавека. Яго нават спрабавалі забіць. А ўсё праз тое, што ён крытыкаваў афіцыйную рэлігію. На яго думку, хрысціянства і юдаізм трымаліся на застылых догмах і пустых рытуалах. Ён стаў першым, хто паглядзеў на Біблію з так званага гісторыка-крытычнага погляду.
Патлумач!
Ён не прызнаваў, што Біблія ад першай да апошняй літары прадыктаваная Богам. Чытаючы Біблію, нам павінны не забываць пра час, у які яна была напісаная. Такое «крытычнае» прачытан-
не дазваляе выявіць шэраг неадпаведнасцяў паміж яе рознымі кнігамі. Так у Новым запавеце мы сустракаемся з Ісусам, праз якога да людзей прамаўляў Бог. А ў прамовах Ісуса якраз і гаворыцца пра вызваленне ад застыглых нормаў юдаізма. Ісус нёс «разумную рэлігію», якая лічыла за аснову ўсяго любоў. Спіноза меў на ўвазе не толькі любоў да Бога, але і да бліжняга. Але хрысціянства таксама хутка абрасло бязглуздымі догмамі і пустымі рытуаламі.
Думаю, такія думкі прыйшліся не да смаку ў цэрквах і сінагогах.
Абурэнні сыпаліся на Спінозу з усіх бакоў, ад яго адракліся нават сямейнікі, якія спрабавалі за ерась пазбавіць яго спадчыны. Парадокс у тым, што, бадай, ніхто так апантана не абараняў свабоду слова і рэлігійную цярпімасць, як гэта рабіў Спіноза. 3 прычыны вялікага абурэння, з якім яго паўсюль сустракалі, ён вымушаны быў жыць непрыкметна, цалкам прысвяціўшы сябе філасофіі. А на хлеб зарабляў, нашароўваючы шкельцы для акуляраў. Некалькі яго шкельцаў захоўваюцца ў маёй калекцыі.
Вось дык маеш!
У тым, што ён нашароўваў лінзы, ёсць нешта сімвалічнае. Філосаф на тое й філосаф, каб дапамагчы людзям убачыць рэчаіснасць у новай перспектыве. Так і сутнасць Спінозавай філасофіі заключаецца ў поглядзе на ўсякую рэч «з перспектывы вечнасці».
3 перспектывы вечнасці?
Так, Сафія. Ці здольная ты разгледзець сваё жыццё ў маштабе Сусвету? Дзеля гэтага табе давядзецца моцна прыжмурыць вочы, каб заўважыць сябе і сваё жыццё тут і цяпер...
Гм... гэта няпроста.
He забывай, што тваё жыццё усяго толькі дробная часцінка быцця ўсяе прыроды. Ты ўваходзіш у склад нечага неверагодна вялікага і складанага.
Думаю, я разумею, пра што ты кажаш.
А ўявіць сабе гэта можаш? Ты здольная ахапіць адным сваім поглядам усю прыроду, увесь Сусвет?
He ведаю. Хіба што з дапамогаю аптычных шкельцаў.
Я маю на ўвазе не толькі бясконцую працягласць прасторы, але і бясконцую працягласць часу. Неяк даўным-даўно, трыццаць тысяч гадоў таму ў даліне Рэйна жыў хлопчык. Ён быў дробнай часцінкай Сусвету, маленькаю хвалінкай у неабсяжным акіяне. Так і ты, Сафія, жывеш, уяўляючы сабой малюпасенькую часцінку прыроды. Паміж табой і тым хлопчыкам няма розніцы.
Толькі тая, што я жыву сёння.
Добра, а калі цяпер ты прыжмурышся і зірнеш на сябе з перспектывы ўсяго часу, кім ты будзеш праз трыццаць тысяч гадоў?
Дык у гэтым і была Спінозава ерась?
Ну як табе сказаць... Спіноза сцвярджаў не толькі, што ўсё існае гэта і ёсць прырода, або быццё. Акрамя таго, ён ставіў паміж прыродай і Богам знак роўнасці. Ён бачыў Бога ва ўсім існым і ўсё існае ў Богу.
У такім разе ён быў пантэістам.
Бадай што так. Для Спінозы Бог гэта не той, хто стварыў свет, а сам застаўся па-за сваім стварэннем. He, для яго Бог гэта і ёсць свет. Часам, праўда, Спіноза выказваецца іначай, падкрэсліваючы, што быццё у Богу. Ён спасылаецца на словы апостала Паўла, прамоўленыя да афінян на арэапагу: «Мы Ім жывём і рухаемся і існуем». Але звернемся да разважанняў самога Спінозы. Яго найважнейшая кніга мае назву «Доказ этыкі геаметрычным метадам».
Этыка... і геаметрычны метад?
На слых гучыць крыху дзіўнавата. Пад этыкай філосафы разумеюць навуку пра тое, як трэба жыць, каб быць шчаслівым. Менавіта гэты сэнс мы маем на ўвазе, калі гаворым пра Сакратаву ці Арыстоцелеву этыку. Хоць у наш час паняцце этыкі звузілася да пэўных правіл паводзінаў, якіх трэба трымацца, каб не наступаць на ногі іншым.
Бо думаць толькі пра сваё шчасце лічыцца за эгаізм.
Прыкладна так. Што да Спінозы, то ён ужывае слова «этыка» ў двух сэнсах і як «уменне жыць», і як «мараль».
Але ўсё роўна... «Доказ умення жыць геаметрычным метадам»?..
Гаворачы пра геаметрычны метад, Спіноза мае на ўвазе пабудову моўных выказванняў, якімі ён лагічна абгрунтоўвае этычныя законы. Калі памятаеш, Дэкарт таксама ўжываў матэматычны метад, будуючы свае разважанні ў выглядзе стройнай сістэмы доказаў. Спіноза працягвае тую ж рацыяналістычную традыцыю. У сваёй этыцы ён тэарэтычна абгрунтоўвае выказаную ім тэзу, што чалавечае жыццё вызначаецца законамі прыроды, а таму нам трэба перамагчы залежнасць ад сваіх пачуццяў і жаданняў. Толькі так, на яго думку, мы здабудзем спакой і шчасце.
Але ж наша жыццё вызначаецца не толькі законамі прыроды?
Разумееш, Сафія, у філасофіі Спінозы не ўсё так проста. Тут усё трэба разглядаць па парадку. Спадзяюся, ты не забыла, што Дэкарт падзяляў рэчаіснасць на дзве цалкам адрозныя субстанцыі мысленне і працягласць.
Калі гэта я магла забыць?
Пад субстанцыяй мы разумеем нешта, з чаго ўсё складаецца і да чаго ўсё зводзіцца. Дык вось, на думку Дэкарта, такіх субстанцыяў дзве, бо ўсё можна звесці да мыслення ці да працягласці.
Мне не трэба паўтараць сто разоў.
Але Спіноза з такім падзелам быў нязгодны. На яго думку, субстанцыя толькі адна, бо ўсё быццё можа быць зведзенае да аднаго, што ён называў проста Субстанцыяй. Часам, зрэшты, ён называў гэта Богам або прыродай. Словам, у адрозненне ад Дэкарта, Спіноза не меў дуалістычнага погляду на рэчаіснасць. Мы называем яго маністам (ад грэцкага мона, што значыць адзіны), бо ўсё існае і ўсе жыццёвыя з’явы ён зводзіў да адной адзінай субстанцыі.
Даволі значныя разыходжанні.
Разыходжанні паміж Дэкартам і Спінозам, напраўду, не такія значныя, як некаторыя гэта сцвярджаюць. Бо Дэкарт таксама зазначае, што Бог існуе толькі дзякуючы самому сабе. Але Спіноза стаў першым, хто абвясціў тоеснасць Бога і быцця ці Бога і яго тварэння і тым самым прыкметна аддаліўся і ад Дэкарта, і ад юдэйскага ці хрысціянскага светапогляду.
Бо тады быццё ёсць Бог, і на гэтым кропка.
Але пад словам «быццё» Спіноза мае на ўвазе не толькі «быццё працяглае». Пад Субстанцыяй, Богам, прыродай або быццём ён разумее ўсё існае, у тым ліку духоўнае.
To бо і працягласць, і мысленне?
Ты сказала ўсё правільна. На думку Спінозы, мы проста ведаем дзве ўласцівасці, або дзве формы праяўлення, Бога, якія філосаф называе Боскімі атрыбутамі, і два гэтыя атрыбуты не што іншае, як Дэкартавы мысленне і працягласць. Такім чынам, Бог (ці быццё) праяўляецца або ў выглядзе мыслення, або ў выглядзе працяглых рэчаў. Спіноза лічыў, іпто, акрамя мыслення і працягласці, Бог можа валодаць непараўнальна большай колькасцю ўласцівасцяў, але чалавеку вядомыя толькі гэтыя дзве.
Усё добра, але навошта казаць так мудрагеліста?
Што праўда, то праўда. Каб прабіцца праз мову Спінозы, трэба арудаваць малатком і зубілам. Але суцяшае тое, што ўрэшце здабываеш думку, якую па чысціні можна параўнаць з дыяментам.
Дык патлумач.
Усё існае ў прыродзе належыць або да мыслення, або да працягласці. З’явы, якія трапляюцца нам у паўсядзённым жыцці, напрыклад, кветка ці верш Генрыка Вергелана, гэта розныя модусы атрыбутаў мыслення і працягласці. Пад модусам разумеецца пэўны спосаб, якім сябе выяўляе Субстанцыя, Бог ці прырода. Кветка гэта модус атрыбута працягласці, а верш пра тую самую кветку гэта модус атрыбута мыслення. Але і кветка, і верш гэта, па вялікім рахунку, спосабы, якімі выяўляюць сябе Субстанцыя, Бог ці быццё.
Вось накруціў дык накруціў!
Гэта ўсё ад складанасці спінозаўскай мовы. Але пад пакручастымі фармулёўкамі хаваюцца неверагодныя веды настолькі простыя, што перадаць іх абыдзенай мовай, бадай, не патрапіш.
А па мне, дык абыдзеная мова лепш.
Што ж, добра. Давай пачнём з цябе. Калі табе баліць жывот, то каму баліць?
Ты ж сам сказаў, што мне.
Гэта праўда. А калі ты пазней думаеш, што табе балеў жывот, ты пры каго думаеш?
Таксама пра сябе.
Бо ты адна і тая самая асоба, у якой можа то забалець жывот, то памяняцца настрой. Дык вось, на думку Спінозы, усе рэчы і з’явы фізічнага свету гэта не што іншае, як праўленне аднаго і таго самага Бога, або прыроды. Тое самае тычыцца і мыслення: усіх думак, усяго, што думаецца Богам, або прыродай, бо ўсё адзінае, існуе толькі адзін Бог, адно быццё, адна субстанцыя.
Але ж калі я штось думаю, то гэта думаю менавіта я. I калі я рухаюся, то рухаюся я, а не хтосьці іншы. Навошта ты сюды прымешваеш Бога?
Мне падабаецца твой імпэт. Але хто ты такая? Ты Сафія Амундсэн, але таксама ты праява нечага непараўнальна болыпага. Ты, вядома, можаш сказаць, што думаеш сама або рухаешся сама, але ці будзе памылкай сказаць, што твае думкі належаць прыродзе ці што прырода рухаецца ў табе? Усё залежыць, бадай, ад таго, праз якую лінзу ты глядзіш на свет.