Сафіін свет
раман пра гісторыю філасофіі
Юстэйн Гордэр
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 560с.
Мінск 2014
Аднойчы пасля школы Сафія сама паехала ў стары горад і пастукалася ў кватэру Альбэрта. Ніхто ёй не адчыніў, але на дзвярах вісела маленькая цыдулка, у якой было напісана:
Віншую з днём народзінаў, Хільда! Ужо зусім хутка настане паваротны момант. Момант ісціны, дзіця маё! Кожны раз я, думаючы пра гэта, ажно заходжуся ад смеху. Натуральна, уся справа ў Бэрклі. Трымайся мацней.
Сафія сарвала цыдулку і, калі выходзіла з пад’езда, кінула яе ў Альбэртаву паштовую скрынку.
Вось табе маеш! Няўжо ён з’ехаў зноў у Афіны? Як ён мог пакінуць як адну з безліччу неадказаных пытанняў?
Калі 14 чэрвеня яна вярнулася са школы, па садзе бегаў Гермес.
Сафія кінулася да яго, а ён да яе. Яна абняла сабаку так, быццам той мог праліць святло на ўсе таямніцы.
Яна зноў пакінула маці запіску, але гэты раз, апроч іншага, пазначыла і адрас Альбэрта.
Пакуль яны ішлі праз горад, Сафія думала пра заўтрашні дзень. Прычым яе не так займаў уласны дзень народзінаў, бо сапраўднае святкаванне было прызначанае на Купалле. Але ж заўтра быў і дзень народзінаў Хільды. Сафія ні каліва не сумнявалася, што ў гэты дзень здарыцца нешта неверагоднае. Ва ўсякім выпадку, віншаванням з Лівана мусіў настаць канец.
Яны мінулі Стурторге, і калі павярнулі да старога горада, па дарозе ім трапілася дзіцячая пляцоўка. Гермес пабег да адной лаўкі і спыніўся, нібы запрашаючы Сафію сесці.
Сеўшы, яна пачала лашчыць сабаку па рудой шэрсці, пазіраючы яму ў вочы. I раптам Гермес здрыгануўся ўсім целам. Ну ўсё, зараз забрэша, падумала Сафія.
Сабачыя сківіцы сапраўды затрэсліся, але Гермес не рыкнуў і не гаўкнуў ён разявіў пашчу і сказаў:
3 днём народзінаў, Хільда!
Сафія скамянела. Няўжо гэта сказаў сабака?
He можа быць, ёй гэта проста прытрызнілася, бо яна ўвесь час думала пра Хільду. Але ў глыбіні душы Сафія была перакананая, што Гермес вымавіў гэтыя словы густым, басавітым голасам.
Але ўжо ў наступны момант усё стала зноў як раней. Гермес пару разоў дэманстратыўна гаўкнуў быццам і не гаварыў толькі што чалавечым голасам і патрухаў далей, да Альбэртавага дома. Перад уваходам у пад’езд Сафія зірнула не неба. Увесь дзень стаяла цудоўнае надвор’е, але цяпер дзе-нідзе лахмаціліся тонкія хмары.
Як толькі Альбэрта адчыніў дзверы, Сафія выпаліла:
Можаш не казаць мне сваіх ветлівых фразаў, дзякуй. Ты сам ведаеш, які ты дурань.
Што здарылася, дзіця маё?
Маёр навучыў Гермеса размаўляць.
Ды ну! Ён ужо дайшоў і да гэтага?
- Уяві сабе.
- 1 што Гермес сказаў?
- Здагадайся.
Пэўна, «з днём народзінаў» ці штосьці такое.
Менавіта!
Альбэрта ўпусціў Сафію ў кватэру. Сёння на ім зноў быў новы касцюм, падобны на той, у якім Альбэрта быў мінулы раз, але без такой безлічы бантаў, брыжоў і стужак.
Але гэта яшчэ не ўсё, не сунімалася Сафія.
Што ты маеш на ўвазе?
Ты ў сваёй паштовай скрыні знайшоў цыдулку?
А, гэта! Ды я яе адразу выкінуў.
Ён, бач ты, заходзіцца ад смеху, калі думае пра Бэрклі. Але што ў гэтым філосафе такога смешнага?
Пачакай крыху і ўбачыш.
Але ж ты раскажаш пра яго сёння?
Так, сёння.
Альбэрта ўтульней уладкаваўся на канапе і сказаў:
Мінулы раз я пазнаёміў цябе з Дэкартам і Спінозам. Мы ўбачылі, што іх аб’ядноўвала адна важная агульная рыса: абодва былі перакананымі рацыяналістамі.
А рацыяналіст верыць у вялікую ролю розуму.
Так, рацыяналіст перакананы, што розум гэта крыніца пазнання. Апроч таго, ён мяркуе, што чалавек мае пэўныя прыроджаныя ідэі, то бок ідэі, якія ўтрымліваюцца ў свядомасці яшчэ да таго, як ён пачаў набываць нейкі досвед. I чым яснейшая такая ідэя ці такое ўяўленне, тым з большаю пэўнасцю яна адпавядае рэчаіснасці. Ты ж памятаеш, што ў Дэкарта было яснае і выразнае ўяўленне пра «дасканалую істоту»? I што, абапіраючыся на гэтае ўяўленне, ён прыйшоў да высновы аб існаванні Бога.
He такая ўжо я забывака.
Падобнае рацыянальнае мысленне было тыповым для філасофіі XVII стагоддзя. Але яно сустракалася і ў эпоху Сярэднявечча, дый Платон з Сакратам прытрымліваліся яго ў сваёй
філасофіі. Але ў XVIII стагоддзі яно пачало сустракаць усё больш бязлітасную крытыку. Усё больш філосафаў меркавала, што, пакуль чалавек не набыў праз свае органы пачуццяў ніякага досведу, у яго свядомасці ўвогуле не існуе нічога. Такі погляд называецца эмпірызмам.
-1 сёння ты будзеш расказваць пра гэтых эмпірыкаў?
Паспрабую прынамсі. Самымі знакамітымі эмпірыкамі або філосафамі досведу былі Лок, Бэрклі і Юм, усе трое ангельцы. Самымі ўплывовымі рацыяналістамі XVII стагоддзя былі француз Дэкарт, галандзец Спіноза і немец Ляйбніц. Таму мы вылучаем англійскі эмпірызм і кантынентальны рацыяналізм.
Добра, але ты неяк зашмат адразу нагаварыў. Паўтары, калі ласка, што азначае «эмпірызм»?
Эмпірык лічыць, што ўсе веды пра свет складаюцца з таго, што нясуць нам пачуцці. Класічную фармулёўку эмпірычнага погляду на жыццё даў яшчэ Арыстоцель. Ён сцвярджаў, што «ў свядомасці няма нічога такога, чаго раней не было б у пачуццёвым досведзе». Гэтым самым ён адкрыта крытыкаваў Платона, які меркаваў, што з ідэальнага свету чалавек прыносіць з сабою набор прыроджаных «ідэй». Лок падтрымаў Арыстоцелевы словы, але гэты раз ужыў іх у якасці крытыкі Дэкарта.
У свядомасці няма нічога такога... чаго раней не было б у пачуццёвым досведзе?
Так, мы не маем ніякіх прыроджаных ідэй ці ўяўленняў. Пра свет, у якім мы нараджаемся, мы не ведаем абсалютна нічога, пакуль яго не пабачым. Калі ж у нас ёсць ідэі ці ўяўленні, якія нельга прывязаць да набытага досведу, то такія ўяўленні фальшывыя. Калі мы, напрыклад, ужываем словы «Бог», «вечнасць» або «субстанцыя», для нашага розуму яны, па сутнасці, марныя, бо ніхто з нас ніколі не назіраў ні Бога, ні вечнасці, ні таго, што філосафы называюць «субстанцыяй». Так пішуцца і некаторыя навуковыя трактаты, якія, калі прыгледзецца, не ўтрымліваюць ніякіх новых ведаў. Нават самая зладжаная філасофская сістэма, якой бы яна ні выглядала пераканаўчай, на справе можа аказацца пустым слова-
блудствам. Філосафам XVII-XVIII стагоддзяў засталося ў спадчыну нямала такіх навуковых трактатаў. Цяпер іх трэба было ўсе перагледзець і непатрэбныя ідэі павыкідваць. Такую працу можна, бадай, параўнаць з прамыўкаю золата, калі ў вялікай масе пяску і гліны, толькі зрэдчас трапляецца залатая крупінка.
А такія крупінкі якраз і ўяўляюць сабою сапраўдны досвед?
Ва ўсякім разе гэта ідэі, якія можна звязаць з чалавечым досведам. I для англійскіх эмпірыкаў было важна перагледзець усе чалавечыя ўяўленні, каб адабраць з іх тыя, якія сапраўдным чалавечым досведам могуць быць падмацаваныя. Але давай усё па парадку.
Добра!
Першым эмпірыкам быў Джон Лок, які жыў з 1632 па 1704 год. Галоўны яго трактат называўся «Вопыт аб чалавечым разуменні» і выйшаў у 1690 годзе. Лок паспрабаваў у ім даць адказ на два пытанні. Па-першае, адкуль у людзей бяруцца ідэі і ўяўленні. Падругое, ці можам мы давяраць таму, што нам падказваюць пачуцці.
Неблагая задума!
Спынімся асобна на кожным пытанні. Лок перакананы, што ўсе нашы ідэі і ўяўленні гэта адбіткі ўбачанага або пачутага намі. Да ўзнікнення пачуццёвага ўспрымання наша свядомасць уяўляе сабой «tabula rasa», або «чыстую дошку».
Бадай, у перакладзе гэты выраз мне будзе запомніць лягчэй.
Такім чынам, да таго як у нас узнікаюць пачуцці, напіа свядомасць такая ж чыстая і пустая, як школьная дошка да пачатку заняткаў. Лок яшчэ параўноўвае свядомасць з пакоем без мэблі. Але вось мы пачынаем адчуваць навакольны свет. Мы бачым і чуем яго, успрымаем на нюх, на смак і навобмацак. I асабліва заўзята гэтым займаюцца малыя дзеці. Такім чынам у чалавека ўзнікаюць, гаворачы словамі Лока, простыя ідэі. Але свядомасць не проста назапашвае знешнія адчуванні. Яна не марнуе час, апрацоўваючы простыя ідэі з дапамогаю мыслення, разважання, веры й сумнення, у выніку чаго ў чалавека ўзнікаюць ужо так званыя рэфлексіўныя ідэі. Іначай кажучы, Лок адрознівае адчуванне і рэфлексію. Свядомасць, на яго думку, адыгрывае не пасіўную ролю, яна ўвесь час
парадкуе і апрацоўвае ўсе пачуцці, які ў яе паступаюць. I тут трэба быць напагатове.
- Напагатове?
Лок зазначае, што праз органы пачуццяў нам даюцца толькі простыя адчуванні. Калі я, напрыклад, ем яблык, я не ўспрымаю «ўвесь яблык» адным пачуццём. Насамрэч у мяне ўзнікае цэлы шэраг «простых адчуванняў» што гэты яблык зялёны, што ён мае свежы пах, што ён сакавіты і кіслы на смак. Толькі з’еўшы шмат «канкрэтных яблыкаў», я пачынаю думаць абагульнена што я ем не што-небудзь, а менавіта «яблык». Такім чынам, паводле Лока, у нас утвараецца складанае ўяўленне пра яблык. Калі мы ў дзяцінстве ўпершыню пакаштавалі яблык, у нас не было пра яго складанага ўяўлення. Мы бачылі нешта зялёнае, мы смакавалі нешта свежае і сакавітае, хрум-хрум... вой, крыху яшчэ й з кіслінкай. 3 часам мноства такіх пачуццёвых уражанняў мы склалі разам і ўтварылі паняцці такія, як «яблык», «груша» ці «памяранец». Але ўвесь матэрыял для нашых ведаў пра свет мы здабываем толькі праз органы пачуццяў. Таму веды, чыё паходжанне мы не можам прасачыць, пачынаючы ад простых адчуванняў, ёсць ведамі фальшывымі, а значыць, непрыдатнымі для карыстання, і іх трэба адкінуць.
- Мы хоць будзем упэўненыя, што ўсё, што мы бачым, нюхаем і смакуем, сапраўднае.
- 1 так, і не. I гэта ўжо другое пытанне, на якое Лок спрабуе даць адказ. Перш-наперш ён даказвае, як у нас з’яўляюцца ідэі і ўяўленні. А пасля ён прыступае да пытання пра тое, ці свет сапраўды такі, якім мы яго адчуваем. I тут, Сафія, не ўсё так проста. Але не будзем дужа спяшацца. Гэта, бадай, адзінае, на што сапраўдны філосаф не мае права.
Маўчу як рыба.
Лок вылучаў так званыя «першасныя» і «другасныя якасці» рэчаў. I ў гэтым ён збліжаецца з філосафамі-папярэднікамі, у прыватнасці з Дэкартам.
Патлумач!
Пад першаснымі якасцямі маюцца на ўвазе працягласць цел,
іх вага, форма, рух ці спакой і лік. У дачыненні да такіх якасцяў можна без сумневу сказаць, што органы пачуццяў перадаюць нам сапраўдныя ўласцівасці рэчаў. Але целы маюць і іншыя якасці, якія мы таксама ўспрымаем. Мы называем нешта салодкім ці кіслым, зялёным ці чырвоным, гарачым ці халодным. Такія якасці, якія Лок назваў другаснымі, напрыклад, колер, пах, смак ці гук, перадаюць не сапраўдныя ўласцівасці рэчаў, а толькі ўздзеянне на нашы органы пачуццяў навакольнай рэальнасці.