Сафіін свет
раман пра гісторыю філасофіі
Юстэйн Гордэр
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 560с.
Мінск 2014
He, наадварот. Ты нават можаш карыстацца дзецьмі як Юмавымі сведкамі праўды. Хто, па-твойму, болей здзівіўся б, пабачыўшы, што камень пару гадзін нерухома вісіць над зямлёй, ты ці аднагадовае немаўля?
Я здзіўлюся больш.
А чаму, Сафія?
Думаю, таму што я ведаю лепш за дзіця, што гэта супярэчыць законам прыроды.
А чаму дзіця не ведае, што гэта супярэчыць законам прыроды?
Таму што яно пакуль не знаёмае з прыродай.
Або таму што прырода яшчэ не паспела зрабіцца для яго звычкаю.
Я разумею, што ты хочаш сказаць. Юм хацеў, каб людзі болей пільна ставіліся да свайго пачуццёвага досведу.
Тады вось табе яшчэ заданне: калі б ты і малое дзіця назіралі, як вялікі фокуснік прымушае рэчы лётаць у паветры, то каму з вас ад такога відовішча было б весялей?
Думаю, мне.
А чаму?
Таму што я разумела б, як гэта ўсё неверагодна.
Вось. А малому глядзець на парушэнне законаў прыроды, пакуль яно гэтых законаў не ведае, радасці мала.
Ну, бадай, так.
Мы падышлі да самага галоўнага ў Юмавай філасофіі досведу. Ён дадаў бы, што дзіця пакуль яшчэ не зрабілася нявольнікам звычкі. А значыць, з вас дваіх малое свабаднейшае ад забабонаў. Хіба ў такім разе дзіця не ёсць найвялікшым філосафам? У яго няма ніякіх прадузятых думак. А гэта, мая мілая Сафія, найпершая вартасць філасофіі. Дзіця ўспрымае свет такім, які ён ёсць, не дадаючы да яго нічога, апроч таго, што ад яго атрымлівае праз пачуцці.
Мне, калі я адчуваю ў сабе прадузятасць, бывае кожны раз сорамна.
Калі Юм піша пра ўладу звычкі, ён асаблівую ўвагу надае «закону прычыннасці». Згодна з гэтым законам, усё, што адбываецца, мусіць мець прычыну. Для прыкладу Юм бярэ два більярдныя шары. Калі ты ўдарыш чорным шарам па белым, які дагэтуль ляжаў у спакоі, што адбудзецца з белым шарам?
Калі чорны шар ударыць па белым, белы шар пакоціцца.
Правільна, а чаму?
Таму што яго стукнуў чорны шар.
У гэтым выпадку звычайна кажуць, што штуршок чорнага шара стаў прычынай руху белага шара. Але не будзем забываць, што цяпер мы маем права сцвярджаць толькі тое, што ведаем з уласнага досведу.
А я, дарэчы, маю такі досвед. У сутарэнні ў Ёрунь стаіць більярдны стол.
Юм скажа, што ты ведаеш толькі, што чорны шар стукнуў па белым, пасля чаго белы шар пачаў каціцца па стале. Але саму прычыну, чаму белы шар пачаў рухацца, ты не ведаеш. Ты ведаеш, што другая падзея змяніла ў часе першую, але табе не вядома, што другая падзея адбываецца праз першую.
А ці не занадта ўсё гэта ўедліва?
He, гэта важна. Юм падкрэслівае, што чаканне ўстойлівай прычыннай паслядоўнасці закладзена не ў саміх целах, а ў нашай свядомасці. А, як мы бачылі, чаканне звязана са звычкай. Згадайма зноў малое дзіця, якое і вокам не маргнула б, убачыўшы, як адзін
шар стукнуў у другі і абодва засталіся на месцы. Гаворачы аб «законах прыроды» ці аб «прычыне й наступстве», мы, насамрэч, гаворым аб тым, што стасуецца не так з розумам, як са звычкай. Законы прыроды не могуць ні адпавядаць розуму, ні яму пярэчыць яны проста ёсць. Такім чынам, чаканне, што белы шар пасля сутыкнення з чорным пачне абавязкова рухацца, не ёсць прыроджаным. Мы ўвогуле нараджаемся без ніякіх чаканняў, якім свету належыць быць ці як рэчы павінны сябе паводзіць. Мы проста паступова спазнаем яго такім, які ён ёсць.
- Мне зноў здаецца, што гэта не так важна.
Гэта робіцца важным, калі нашы чаканні прымушаюць нас рабіць паспешлівыя высновы. Юм не адмаўляў існавання «законаў прыроды», але, казаў ён, з той прычыны, што нам не дадзена непасрэдна ўспрымаць самі гэтыя законы, мы часам робім занадта паспешлівыя высновы.
- Прывядзі некалькі прыкладаў, калі ласка.
- Калі я бачу вялікі табун гнядых коней, гэта не значыць, што ўсе коні гнядыя.
- Тут ты, бадай, маеш рацыю.
I нават калі я за ўсё жыццё не бачыў ніводнай белай вароны, гэта не значыць, што белых варон не існуе. Як для філосафа, так і для навукоўца важна не адмятаць магчымасці існавання белай вароны. Можна сказаць, што пошукі «той самай белай вароны» і ёсць адной з галоўных задач навукі.
- Разумею.
- Што да адносінаў паміж прычынай і наступствам, то, бадай, многія лічаць маланку прычынай грому, бо грымоты заўсёды чуюцца ўслед за маланкай. Гэта прыклад таго ж кшталту, што і з більярднымі шарамі. Але ці сапраўды маланка выклікае гром?
He зусім. Па сутнасці, і бліскае, і грыміць адначасова.
Бо маланка, як і гром выклікаюцца электрьгчным разрадам. Нават калі мы заўсёды чуем грымоты пасля маланкі, гэта не значыць, што маланка ёсць прычынай грому. Насамрэч, існуе трэці фактар, які спараджае абедзве гэтыя з’явы.
Зразумела.
Эмпірык XX стагоддзя Бэртран Расэл прыводзіў больш гратэскавы прыклад. Кураня, якое кожны дзень атрымлівае корм пасля таго, як птушнік прыходзіць на птушыны двор, урэшце робіць выснову пра ўзаемасувязь паміж прыходам птушніка і наяўнасцю корму ў кармушцы.
Але аднойчы кураняці корму не даюць?
Аднойчы птушнік прыходзіць і скручвае кураняці галаву.
Фэ, як гідка!
Паўтарэнне пэўнай паслядоўнасці падзей у часе яшчэ не азначае наяўнасці паміж імі «прычыннай сувязі». I адна з галоўных задач філасофіі засцерагчы людзей ад паспешлівых высноваў. Бо паспешлівасць у высновах якраз і спараджае шматлікія забабоны.
Чаму?
Табе перабягае дарогу чорная котка. Неўзабаве ты падаеш і ламаеш руку. Але гэта не значыць, што паміж гэтымі дзвюма падзеямі існуе прычынная сувязь. Тым болып важна пазбягаць паспешлівых высноваў у навуковых даследаваннях. Хоць многім лепшае пасля прыняцця пэўных лекаў, гэта яшчэ не значыць, што гэтыя лекі і паспрыялі выздараўленню. Вось чаму важна мець вялікую кантрольную групу, у якой людзі будуць думаць, што ім даюць тыя самыя лекі, хоць насамрэч яны будуць прымаць проста распушчаную ў вадзе муку. Калі і гэтыя людзі пойдуць на папраўку, значыць, мусіў быць нейкі трэці фактар, які дазволіў ім ачуняць, напрыклад, вера, што лекі дзейнічаюць.
Здаецца, я пачынаю разумець, што такое эмпірызм.
У пытаннях этыкі і маралі Юм таксама выступаў супраць рацыяналістычнага мыслення. Рацыяналісты лічылі, што здольнасць адрозніваць дабро і зло закладзена ў чалавечым розуме. Так званую ідэю натуральнага права мы ўжо сустракалі ў многіх філосафаў ад Сакрата да Лока. А вось на думку Юма, нашы выказванні і ўчынкі вызначаюцца зусім не розумам.
А чым тады?
Пачуццямі. Калі ты вырашаеш дапамагчы камусьці, хто мае
ў дапамозе патрэбу, цябе падштурхоўваюць да гэтага пачуцці, а не твой розум.
А што, калі я не буду дапамагаць?
Гэта таксама будзе залежаць ад тваіх пачуццяў. Рашэнне адмовіць у дапамозе само па сабе нельга назваць разумным ці неразумным, але пачуццё яно можа пакінуць паскуднае.
Пэўная мяжа быць павінна. Кожны ведае, што забіваць нельга.
На думку Юма, усе людзі жадаюць іншым дабра. Іначай кажучы, у нас закладзена здольнасць да спагады і спачування. Але гэта не мае ніякага дачынення да розуму.
He ўпэўненая, што магу з табой пагадзіцца.
Часам, Сафія, бывае разумна прыбраць са сваёй дарогі пэўнага чалавека. Калі ты хочаш дасягнуць нечага, гэта можа аказацца даволі эфектыўным.
He, ведаеш што, тут я зусім не згодная!
Тады, можа, ты патлумачыш, чаму нельга забіць таго, хто табе перашкаджае?
Іншы чалавек таксама хоча жыць, таму яго нельга забіваць.
Ты лічыш, што твой аргумент лагічны?
He ведаю.
Ты перайшла ад канстатацыйнага меркавання «іншы чалавек таксама хоча жыць» да так звянага.мадальнага, або дырэктыўнага, меркавання «таму яго нельга забіваць». 3 пункту погляду логікі гэта нонсэнс. Гэта ўсё адно што сказаць: «многія ўхіляюцца ад падаткаў, таму я таксама не абавязаная плаціць усе падаткі». Юм заўважаў, што ніколі нельга рабіць выснову, пераходзячы ад канстатацыі да дырэктывы, то бок ад меркавання «ёсць» да меркавання «трэба». Хоць якраз такая практыка вельмі пашыраная, асабліва ў газетных артыкулах, партыйных праграмах і ўрадавых прамовах. Прывесці прыклад?
Давай.
«Усё больш людзей хоча падарожнічаць самалётамі. Таму трэба будаваць больш аэрадромаў». Як ты лічыш, такая выснова правільная?
He, лухта. Трэба ж думаць таксама пра навакольнае асяроддзе. Па-мойму, лепш развіваць чыгунку.
Або такое: «Павелічэнне здабычы нафты падвысіць узровень дабрабыту ў краіне на 10%. Таму трэба неадкладна распрацоўваць новыя нафтавыя радовішчы».
Глупства. У гэтым выпадку таксама лепш паклапаціцца пра навакольнае асяроддзе. А ўзровень дабрабыту ў Нарвегіі, дарэчы, і так даволі высокі.
- А яшчэ, бывае, можна пачуць нешта такога кшталту: «Гэты закон прыняты стортынгам, таму ўсе грамадзяне павінны яго выконваць». Але нярэдка ўнутраныя перакананні чалавека настройваюць яго супраць выканання такіх «прынятых законаў».
- Разумею.
Такім чынам, мы прыйшлі да высновы, што з дапамогаю розуму немагчыма абгрунтаваць, як нам сябе паводзіць. Адказныя паводзіны гэта праява не розуму, а пачуццяў, то бок жадання рабіць дабро іншым. «Розумам чалавек хутчэй пагодзіцца з разбурэннем цэлага свету, чым з адной драпінай на сваім пальцы», пісаў Юм.
- Брыдкае выказванне.
- Займацца круцельствам, гуляючы ў карты, яшчэ болей брыдка. Ты, мусіць, ведаеш, што нацысты знішчылі мільёны габрэяў. 3 чым, па-твойму, у гэтых нацыстаў быў непарадак з мазгамі або з пачуццямі?
- Найперш, з пачуццямі.
Шмат у каго з іх галовы былі не саломай напханыя. Так што за бяздушнымі рашэннямі часта можа хавацца халодны разлік. Пасля вайны многія нацысты паўсталі перад судом, але судзілі іх не за «неразумнасць». Іх судзілі за іхнія зверствы. Часам чалавека, у якога з галавой непарадак, вызваляюць ад адказнасці за ўчыненае. Пра такога кажуць, што ён «псіхічна хворы» ці што ў момант злачынства ён быў «у стане бессвядомасці». Але нікога яшчэ не апраўдвалі на той падставе, што ён быў «у стане нячуласці».
- Яшчэ не хапала.
- Але хопіць пачварных прыкладаў. Калі ў выніку паводкі тысячам людзей патрэбная дапамога, то кінуцца ім на дапамогу нас прымушаюць нашы пачуцці. Калі б мы былі нячулыя і кіраваліся толькі «халодным розумам», мы, напэўна, маглі б падумаць, што і хай сабе некалькі мільёнаў загінуць, нават добра, бо свету пагражае перанасяленне.
- Як можна такое падумаць! Аж зло бярэ!
- Дарэчы, і злуешся ты не галавой.
- Усё, дзякуй. 3 мяне хопіць.