Сафіін свет
раман пра гісторыю філасофіі
Юстэйн Гордэр
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 560с.
Мінск 2014
БЭРКЛІ
... як ашалелая зямля ваколраспаленага сонца ...
Альбэрта падышоў да акна, за якім ляжаў горад. Сафія прымасцілася побач. Тым часам як яны глядзелі на краявід, над дахамі праляцеў невялікі аэраплан з прычэпленай да яго доўгай шырокай істужкай. Сафія падумала, што на палатне, якое шлейфам цягнулася за аэрапланам, будзе рэклама якога-небудзь канцэрта ці нечага падобнага. Але калі аэраплан наблізіўся, яна прачытала штось зусім іншае:
«ВІНШУЮ 3 ПЯТНАЦЦАЦІГОДДЗЕМ, ХІЛЬДА!»
Гэта пачынае ўжо назаляць, толькі і сказаў Альбэрта.
3 пагоркаў на поўдні напаўзалі цёмныя хмары. I аэраплан неўзабаве ў іх схаваўся.
Баюся, набліжаецца навальніца, сказаў Альбэрта.
Тады я паеду дадому на аўтобусе.
Спадзяюся, што гэтая непагадзь не маёравых рук справа.
Але ж ён не ўсёмагутны?
Нічога не адказаўшы, Альбэрта павярнуўся і рушыў назад да фатэля.
Нам трэба яшчэ разабраць Бэрклі, пасля паўзы вымавіў ён.
Сафія таксама села. Яна злавіла сябе на тым, што грызе пазногці.
Джордж Бэрклі быў шатландскім біскупам, які жыў з 1685 па 1753 год, пачаў быў Альбэрта і раптам зноў змоўк.
Бэрклі быў шатландскім біскупам, нагадала Сафія.
Але і філосафам таксама...
-Нуі?
Яму падалося, што тагачасныя філасофія і навука пачалі пагражаць хрысціянскаму светапогляду. Ён бачыў, што матэрыялістычныя ідэі, якія ўсё больш убіраліся ў сілу, падрываюць веру, што ўсё існае створана і кіруецца Богам...
-Ну і?
Пры гэтым менавіта Бэрклі аказаўся самым паслядоўным эмпірыкам.
Ен меркаваў, што ў нас няма іншых крыніц пазнання свету, апроч нашых пачуццяў?
Нават больш. Бэрклі меркаваў, што рэчы ў свеце ёсць акурат такімі, якімі мы іх успрымаем, але яны не «рэчы».
Патлумач ясней.
Памятаеш, Лок зазначаў, што мы не можам сказаць нічога пэўнага пра «другасныя якасці» рэчаў. Мы не можам сказаць, што яблык сапраўды зялёны і кіслы, бо гэта толькі нашы асабістыя адчуванні. Але Лок зазначаў таксама, што «першасныя якасці» напрыклад, трываласць, цяжар і вага сапраўды належаць вонкавай рэчаіснасці. Такім чынам, вонкавая рэчаіснасць мае фізічную «субстанцыю».
Я нічога не забыла. I думаю, што Лок заўважыў тут вельмі тонкую розніцу.
Каб усё было так проста, Сафія...
Тады тлумач далей!
Лок так сама, як Дэкарт і Спіноза, меркаваў, што фізічны свет гэта і ёсць рэчаіснасць.
-1 што?
Якраз гэта выклікала ў Бэрклі сумнеў. I абгрунтоўваючы свой пункт погляду, ён паўстае як самы паслядоўны эмпірык. Ён зазначае, што існуе толькі тое, што мы ўспрымаем пачуццямі. Але ж мы не ўспрымаем саму «матэрыю», або «рэчыва». Мы не ўспрымаем рэчы непасрэдна ў іх «рэчыўнасці». Дапускаць, што за тым, што мы ўспрымаем, крыецца нейкая «субстанцыя», значыць рабіць занадта паспешлівую выснову. Наш досвед не дае нам ніякіх довадаў, каб сцвярджаць гэта.
Глупства нейкае. Вось глядзі!
Сафія з усяго маху стукнула кулаком па стале:
А-ёй! віскнула яна, уцяўшыся. Ну, чым табе не довад, што стол гэта сапраўдны стол, што ён успрымаецца праз пачуцці і матэрыяльны.
Што ты адчула?
Штось цвёрдае.
У цябе ўзнікла адчуванне нечага цвёрдага, але ж матэрыі стала ты не адчула. Так ты можаш і сніць, што стукаеш па нечым цвёрдым, але ж у сне нічога цвёрдага няма?
У сне няма.
Апроч таго, чалавеку можна ўнушыць, што ён «адчувае» тое ці іншае. Чалавека можна загіпнатызаваць так, што ён будзе адчуваць цяпло і холад, мяккі дотык і ўдар кулаком.
Але ж калі не сам стол быў цвёрды, што прымусіла мяне гэта адчуць?
На думку Бэрклі «воля або дух». Ён меркаваў, што ўсе нашы ідэі маюць прычыну па-за нашай свядомасцю, але прычына гэтая не матэрыяльнай прыроды. Яна ад духа.
Сафія зноў пачала грызці пазногці. Альбэрта тым часам казаў далей:
Бэрклі лічыў, што мае ўяўленні могуць спараджацца маёю ўласнай душой як гэта бывае ў сне, але толькі чужая воля ці дух спараджаюць ідэі, з якіх складаецца наш «матэрыяльны» свет. Усё, казаў ён, «спараджаецца духам, які ёсць прычынай усяго ва ўсім і праз які ўсё існуе».
I што гэта за «дух» такі?
Бэрклі, ясная рэч, меў на ўвазе Бога. Ён казаў: «Мы можам нават сцвярджаць, што існаванне Бога ўспрымаецца нашмат выразней, чым існаванне чалавека».
Няўжо няпэўна нават тое, што мы існуем?
Ну, як табе сказаць... Усё, што мы бачым і адчуваем, ёсць «дзеянне сілы Божай», казаў Бэрклі. Бо Гасподзь «пранізвае нашу свядомасць і спараджае ў ёй усё багацце ідэй і адчуванняў, якія бес-
перапынна ўздзейнічаюць на нас». Такім чынам, уся прырода вакол нас і само наша існаванне месцяцца ў Богу. Менавіта Бог ёсць адзінай прычынаю ўсяго існага.
Я, мякка кажучы, вельмі здзіўленая.
Але «быць ці не быць» гэта яшчэ не ўсё пытанне. Пытанне яшчэ і ў тым, чым мы ёсць. Ці напраўду мы людзі з плоці і крыві? Ці складаецца наш свет з сапраўдных рэчаў або ўсё вакол толькі плён нашай свядомасці?
Сафія зноў пачала грызці пазногці. Альбэрта ж тлумачыў далей:
Бэрклі ставіць пад сумнеў не толькі матэрыяльную рэчаіснасць. Ён сумняваецца і ў абсалютным, або незалежным, існаванні «прасторы» і «часу». Адчуванне прасторы і часу таксама можа быць толькі тым, што спараджаецца ў нашай свядомасці. Адзін-два тыдні для нас гэта не абавязкова адзін-два тыдні для Бога...
Ты сказаў, што «на думку Бэрклі», дух, у якім усё месціцца, гэта хрысціянскі Бог.
Правільна, я так сказаў. Але для нас...
Ну-ну?
...для нас такой «воляй ці духам», што «ёсць прычынай усяго ва ўсім», можа быць Хільдзін бацька.
Сафіі як мову адняло. Уся яе постаць сцялася і нагадвала цяпер адзін вялікі пытальнік. Але ў той самы момант яе нібы асвяціла:
Ты думаеш?
Нічога іншага не застаецца. Гэта, бадай, адзінае прыдатнае тлумачэнне ўсяму, што з намі дзеецца. Я маю на ўвазе розныя паштоўкі і падзеі, які нас так здзіўляюць. Маю на ўвазе Гермеса, які раптам загаварыў, дый свае ўласныя абмоўкі.
-Я...
Ты ўяві толькі, я назваў цябе Сафіяй, Хільда! Я ж ведаю, што ніякая ты не Сафія.
Што ты нясеш? У цябе, відаць, зусім галава пайшла кругам.
Так, дзіця маё, усё ідзе кругам, усё круціцца. Як ашалелая наша зямля вакол распаленага сонца.
-1 гэтае сонца Хільдзін бацька?
Можна сказаць і так.
Ты хочаш сказаць, што ён для нас Бог?
Без сумнення так. Але як жа яму не сорамна!
А хто тады Хільда?
Яна анёл, Сафія.
Анёл?
Хільда тая, да каго гэты «дух» звяртаецца.
Ты маеш на ўвазе, што Альбэрт Кнаг расказвае пра нас Хільдзе?
Або пра нас піша. Бо, як мы нядаўна даведаліся, мы не здольны ўспрымаць праз пачуцці саму матэрыю, з якой складаецца нашая рэчаіснасць. Нам не можам ведаць, ці наша навакольная рэчаіснасць складаецца з гукавых хваляў або з паперы і таго, што на ёй напісана. На думку Бэрклі, мы можам ведаць толькі, што мы ад духа.
А Хільда анёл...
Яна анёл, так. I давай сёння спынімся на гэтым. Віншую з днём народзінаў, Хільда!
Пакой раптам напоўніўся блакітным ззяннем. Хутка пачуліся грымоты, усё вакол загрукацела й затрэслася.
Альбэрта сядзеў, гледзячы перад сабой невідушчымі вачыма.
Мне трэба дамоў, прамармытала Сафія і, саскочыўшы з фатэля, кінулася ў вітальню. Калі яна адчыняла дзверы, прачнуўся Гермес, які спаў дагэтуль пад вешалкай. Сафіі здалося, што ён буркнуў нешта накшталт: «Да пабачэння, Хільда».
На злом галавы яна рынула ўніз па прыступках і выскачыла з пад’езда. На вуліцы не было ні душы. I не дзіва, бо з неба ліло як з рэшата.
Па мокрым асфальце праляцела некалькі машын, а аўтобуса ўсё не было. Яна перабегла Стурторге і кінулася далей, праз горад, дадому. На бягу ў галаве ў яе круцілася толькі адна думка:
«Заўтра ў мяне дзень народзінаў. Ці не прыкра за дзень да свайго пятнаццацігоддзя ўсвядоміць, што жыццё усяго толькі сон? Гэта тое самае, як быццам табе прыснілася, што ты выйграў мільён,
а калі прыйшоў па выйгрыш, высветлілася, што ўсё было проста мрояй».
Сафія прыпусціла праз раскіслы ад дажджу стадыён. I раптам убачыла, што нехта бяжыць ёй насустрач. Мама! Неба над горадам паласавалі шалёныя бліскавіцы.
Калі яны сустрэліся, маці моцна абняла Сафію:
- Што з намі робіцца, дзіця маё?
- He ведаю, плакала Сафія. Усё гэта дурны сон.
Б’ЕРКЕЛІ
... старое чарадзейнае люстра, якое прабабка купіла ў цыганкі...
Хільда Мёлер Кнаг прачнулася ў мансардзе старой капітанскай сядзібы на ўскраіне Лілесанда. Яна глянула на гадзіннік: толькі шэсць раніцы. Але на дварэ ўжо зусім развіднела. Адну сцяну амаль цалкам залівала ранішняе сонца.
Яна выслізнула з-пад коўдры і падышла да акна. Па дарозе яна затрымалася ля пісьмовага стала і высмыкнула лісток з календара, што на ім ляжаў. Чацвер, 14 чэрвеня 1990 года. Скамячыўшы лісток, яна кінула яго ў кошык са смеццем.
Цяпер на календары красавалася: «Пятніца, 15 чэрвеня 1990 года». Яшчэ ў студзені яна напісала на гэтым лістку: «15 год». Ёй здавалася некім неверагодным, што пятнаццаць год ёй спаўняецца якраз пятнаццатага. Больш такое не паўторыцца ніколі.
Пятнаццаць гадоў! Гэта ж першы дзень яе «дарослага жыцця»! He, больш яна не засне. А яшчэ гэта апошні школьны дзень і вакацыі. Сёння а першай гадзіне яны збіраюцца ў царкве. I яшчэ: роўна праз тыдзень з Лівана вернецца тата. Ён абяцаў прыехаць да Купалля.
Хільда прымасцілася ля акна, глянула спярша ўніз на сад, пасля перавяла погляд на чырвоны лодачны дамок ля прыстані. Лодку ў гэтым годзе яшчэ не выцягвалі, але стары човен калыхаўся прывязаны да берага. Трэба не забыцца вычарпаць з яго ваду пасля ўчарашняй залевы.
Пазіраючы на бераг, яна ўспомніла, як аднойчы шасці-
сямігадовай дзяўчынкай залезла ў човен і сама-саменька паплыла па ф’ёрдзе. Але потым перакулілася цераз борт і ледзьве здолела дабрацца да берага. Прамоклая да ніткі, яна мусіла прадзірацца назад праз густыя хмызы. А калі выйшла да прысядзібнага саду, насустрач ёй кінулася мама. Човен з вёсламі тым часам адносіла ўсё далей і далей у ф’ёрд. Пазней ёй не раз сніўся той пакінуты човен, што самотна гойдаўся на хвалях. Ну і нацярпелася ж яна тады!
Сад не вызначаўся асабліва густой расліннасцю, ды й ніхто за ім асабліва не даглядаў. Затое ён быў вялікі і належаў Хільдзе. У ім расла адна самотная яблыня ды некалькі ягадных кустоў, якія амаль не радзілі, пабітыя за зіму лютымі штормамі.
На невялічкім лужку паміж кустоўя стаялі арэлі. У яркім ранішнім святле яны выглядалі зусім самотнымі. Асаблівую непрытульнасць ім надавала адсутнасць падушак, якія мама ўчора, выскачыўшы ўвечары ў сад, забрала ў хату, каб не намачыла.