Сафіін свет
раман пра гісторыю філасофіі
Юстэйн Гордэр
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 560с.
Мінск 2014
За снеданнем яна старалася быць удзячнаю імянінніцай. Але не магла адагнаць думак пра Сафію і Альбэрта.
Што яны будуць рабіць цяпер, калі ведаюць, што ўсім запраўляе Хільдзін бацька? Зрэшты, што яны ведаюць? Нічога яны пасапраўднаму не ведаюць. Гэта толькі тата прыдумаў, быццам яны нешта ведаюць. Але ўсё роўна праблема застаецца: калі Сафія і Альбэрта «ведаюць», што ўсё ўзаемазвязана, значыць, іх гісторыя набліжаецца да канца.
Яна ледзь не падавілася кавалкам бульбіны, раптам падумаўшы, што тое самае тычыцца і яе ўласнага свету. Паступова чалавецтва ўсё далей прасоўваецца па шляху разумення законаў прыроды. Ці не спыніць сваю хаду гісторыя пасля таго, як усе цаглінкі філасофскай і навуковай думкі лягуць на сваё месца? Можа, гісторыя чалавецтва набліжаецца да свайго канца? Ці няма ўзаемасувязі паміж, з аднаго боку, развіццём думкі й навукі, а з другога, парніковым эфектам і вынішчэннем трапічных лясоў? Можа, назваць чалавечую цягу да пазнання «грэхападзеннем» было не такім ужо глупствам?
Пытанне было настолькі ўсёабдымнае і настолькі жахлівае, што
Хільда пастаралася пра яго не думаць. Яна несумненна зразумее больш, калі будзе чытаць падораны татам рукапіс далей.
«Скажы мне, мая кветка, што хочаш... будзе ўсё!» заспявала маці, калі яны даелі марожанае з італьянскімі клубніцамі. Так, сёння мы будзем рабіць усё, чаго табе толькі захочацца.
Я разумею, што гэта прагучыць дзіўна, але мне толькі адно: пачытаць далей татаў падарунак.
Ну, ён зусім задурыў табе галаву.
Зусім не задурыў.
Можам зрабіць піццу да «Інспектара Дэрыка»...
Паглядзім.
Хільда ўспомніла, як Сафія размаўляла са сваёй маці. Ці не ўзяў тата пэўныя маміны рысы, каб стварыць тую, другую маму? На ўсякі выпадак яна вырашыла не заводзіць гаворкі пра белага труса, якога выцягваюць з капелюша Сусвету, ваўсякім разе пакуль.
Дарэчы, успомніла Хільда, устаючы з-за стала.
Што?
Я не магу знайсці свой залаты крыжык.
Маці загадкава паглядзела на яе.
Некалькі тыдняў назад я знайшла яго на прыстані. Мабыць, ты яго там і згубіла, расцяпуша!
Ты тату пра гэта казала?
He памятаю. Напэўна, казала...
А дзе ён цяпер?
Маці пайшла ў спальню па свой куфэрак з аздобамі, і Хільда пачула яе недаўменны ўскрык. Хутка яна вярнулася ў гасцёўню:
Уяўляеш, яго там чамусьці няма.
Мяне гэта не здзіўляе.
Хільда абняла маці і пабегла да сябе на другі паверх. Нарэшце яна зможа спакойна чытаць далей пра Сафію і Альбэрта.
Жвава ўзлезшы на ложак, яна зноў паклала на калені тоўстую тэчку.
Наступнай раніцай Сафія прачнулася ад таго, што ў пакой
увайшла маці з падносам, заваленым падарункамі. У пустой бутэлечцы з-пад ліманаду стаяў нарвежскі сцяжок.
Віншую з днём народзінаў, Сафія!
Сафія працерла вочы. Яна паспрабавала ўспомніць усё, што адбылося ўчора. Але дэталі рассыпаліся, не жадаючы скласціся ў агульную карціну. Адной такою дэталлю быў Альбэрта, другой Хільда з маёрам, трэцяй Бэрклі, чацвёртай Б’еркелі. Самай цёмнай дэталлю была ўчорашняя непагадзь, ад якой у Сафіі ледзь не здарыўся нервовы зрыў. Калі яна, уся мокрая ад дажджу, вярнулася дадому, маці выцерла яе ручніком і, прымусіўшы легчы ў ложак, напаіла гарачым малаком з мёдам. Сафія заснула імгненна.
Здаецца, я жывая, прамармытала яна.
Ато, вядома, жывая. I сёння табе спаўняецца пятнаццаць.
Ты ўпэўненая?
Яшчэ як упэўненая. Хіба маці можа не ведаць, калі нарадзілася яе адзінае дзіця? 15 чэрвеня 1975 года... а палове другой, Сафія. Гэта быў самы шчаслівы дзень у маім жыцці.
Ты ўпэўненая, што ўсё гэта не сон?
У такім разе, гэта сон радасны, калі пасля яго прачынаешся, а цябе чакаюць булачкі з ліманадам і падарункі.
Яна паставіла паднос з падарункамі на крэсла і ненадоўга выйшла. А калі вярнулася, у руках у яе быў другі паднос з булачкамі і ліманадам. Яго яна паклала на ложак перад Сафіяй.
Раніца пачалася, як і звычайна гэта бывае ў дзень народзінаў, з распакоўвання падарункаў і ўспамінаў ледзь не да першых схватак пятнаццацігадовае даўніны. Маці падарыла Сафіі тэнісную ракетку. У тэніс яна ніколі раней не гуляла, але непадалёк ад Канюшынавай вуліцы быў адкрыты тэнісны корт. Бацька прыслаў кішэнны радыё-тэлевізар, які меў экран памерам са звычайную фотакартку. Падарункі прыслалі таксама і цётачкі, і знаёмыя іх сям’і.
Як ты думаеш, можа, мне ўзяць сёння адгул на працы? крыху пазней спытала маці.
Ды не, навошта?
Учора ты была не з сабе. Калі так будзе і далей, цябе давядзецца весці да псіхолага.
Яшчэ чаго выдумала.
Няўжо цябе напалохала так навальніца? Ці, можа, твой Альбэрта?
А цябе? Ці не ты крычала: «Што з намі робіцца, дзіця маё»?
Я падумала, можа, я сама нешта не так зрабіла, калі ты пачала бегаць да ўсякіх дзівакоў у горад.
Нічога такога ты не зрабіла, проста я ў вольны час займаюся філасофіяй. Ідзі на працу. Я ўсё адно а дзесятай мушу быць у школе. Нам сёння выстаўляюць гадавыя адзнакі, а пасля будзе салодкі стол.
Ты ўжо свае адзнакі прыблізна ведаеш?
Ва ўсякім разе, выдатных будзе болып, чым за мінулае паўгоддзе.
Неўзабаве пасля таго, як маці сышла на працу, зазваніў тэлефон:
Сафія Амундсэн слухае.
Гэта Альбэрта.
А, гэта ты...
Ну, учора маёр паддаў копаці!
He разумею, пра што ты.
Пра навальніцу, Сафія.
Я ўжо ўвогуле не ведаю, у што верыць. Я ва ўсім сумняваюся...
Але ж гэта і ёсць найпершая вартасць сапраўднага філосафа. Я ганаруся, як многаму ты навучылася за такі кароткі час.
Баюся, і гэта ўсё ўяўнасць.
Такое пачуцце называецца экзістэнцыйным страхам і, як правіла, звязанае з пераходам да ўсведамлення новага.
Думаю, мне трэба зрабіць перапынак у занятках філасофіяй.
У цябе ў садзе развялося замнога жаб?
Сафія не змагла ўтрымацца ад смеху.
А я думаю, што ніякіх перапынкаў нам рабіць не трэба, сказаў Альбэрта. Дарэчы, віншую з днём народзінаў. Нам трэба скончыць курс да Купалля. Гэта наша астатняя надзея.
Надзея на што?
Ну, калі хочаш паслухаць, лепш сядзь? Бо, каб адказаць, мне спатрэбіцца час.
Я ўжо сяджу.
Памятаеш Дэкарта?
«Я думаю, значыць, я ёсць».
У нашым з табой метадалагічным сумненні мы пакуль так і не знайшлі, на што абаперціся. Мы нават не ведаем, ці думаем мы. Можа стацца, што мы самі усяго толькі нечая думка, а гэта зусім не тое самае, што думаць самому. Мы маем усе падставы меркаваць, што нас выдумляе Хільдзін бацька на забаву сваёй дачцэ, якая жыве ў Лілесандзе і ў якой хутка дзень народзінаў. Разумееш?
Так...
Але ў гэтым ёсць і ўнутраная супярэчнасць. Калі нас выдумляюць, то мы не маем ніякага права нішто «меркаваць». Тады і гэтая размова па тэлефоне чыстае вады выдумка.
Тады мы не маем ніякай свабоднай волі. I тады ўсё, што нам казаць і рабіць, прадвызначае маёр. Дык можа проста павесім слухаўкі і справе канец.
He, ты надта спрашчаеш.
Чаму?
Ты хочаш сказаць, што людзі здольныя загадзя планаваць усё, што яны прыдумляюць? Хільдзінаму бацьку напэўна вядома ўсё, што мы робім. Бегчы ад яго ўсёведання, бадай, тое самае, што бегчы ад свайго ценю. Але і якраз тут пачынаецца мой план яшчэ не пэўна, што ў маёра ўсё вырашана загадзя. Можа стацца, што аж да самага апошняга моманту то бок да моманту стварэння ён не ведае, што будзе далей. А значыць, можна дапусціць, што ў такія моманты кіраваць сваімі словамі і ўчынкамі належыць нам. Безумоўна, нашы намаганні гэта кволая валтузня
ў параўнанні з маёраваю магутнасцю. Мы, безумоўна, бяссільныя перад навязанымі нам знешнімі акалічнасцямі накшталт гаворачых сабак, аэрапланаў з прычэпленымі віншаваннямі, цыдулак унутры банана і навальніц на замову. Але мы ні ў якім разе не павінны выключаць, што наша, няхай лядачая, воля таксама нечага вартая.
Якім гэта чынам?
-У нашым маленечкім свеце маёр, безумоўна, усёведны, але гэта не значыць, што ён усёмагутны. Ва ўсякім разе, мы павінны старацца жыць так, быццам не залежым ні ад чыёй волі.
Здаецца, я разумею, што ты маеш на ўвазе.
Увесь фокус паспрабаваць дзейнічаць самастойна, то бок рабіць учынкі, пра якія маёр не мог бы нават здагадвацца.
Як, калі нават не існуем?
Хто сказаў, што не існуем? Пытанне не ў тым, існуем мы ці не, а ў тым, што мы і хто мы. Нават калі выявіцца, што мы ўсяго толькі імпульсы ў раздвоенай свядомасці маёра, гэта не адмаўляе нашага, няхай своеасаблівага, існавання.
I нашай свабоды волі?
Я над гэтым якраз і працую, Сафія.
Але ж пра тое, што ты «над гэтым працуеш», пэўна, вядома і Хільдзінаму бацьку.
Безумоўна. Але ж ва ўсіх падрабязнасцях ён майго плана не ведае. Я спрабую знайсці архімедаву кропку апоры.
Архімедаву кропку апоры?
Архімед быў вучоным эпохі элінізму. Ён казаў: «Дайце мне кропку апоры, і я перакулю зямлю». Вось і нам трэба знайсці такую кропку, каб выслізнуць з маёравай свядомасці, з яго ўнутранага сусвету.
Ну, ты і задумаў справу!
Але ўцячы нам не ўдасца, пакуль мы не скончым курс філасофіі. Маёр пакуль што нас моцна трымае. Відаць, ён мяркуе, што я абавязаны правесці цябе праз усе этапы развіцця філасофіі аж да нашага часу. Але да яго вяртання з Блізкага Усходу за-
стаецца ўсяго некалькі дзён. Калі мы не паспеем вызваліцца ад яго навязлівай фантазіі перш, чым ён прыедзе ў Б’еркелі, мы прапалі...
Ты мяне палохаеш...
Перадусім я павінен распавесці табе пра французскую эпоху Асветніцтва. Пасля хоць бы ў агульных рысах мы мусім разгледзець філасофію Канта, а ўжо тады зможам узяцца за эпоху рамантызму. Немалаважна спыніцца й на Гегелю. А калі так, то ніяк будзе не мінуць Кіркегора, у якога гегельянская філасофія выклікала абурэнне. Некалькі словаў спатрэбіцца сказаць пра Маркса, Дарвіна і Фройда. А калі напрыканцы мы паспеем разабраць Сартра і экзістэнцыялізм, то нарэшце можна будзе прыступіць да рэалізацыі нашага плана.
Але ж нешта багата на адзін тыдзень.
Таму трэба пачынаць неадкладна. Ты можаш прыйсці зараз?
Мне трэба ў школу. У нас сёння салодкі стол і нам за паўгоддзе выстаўляюць адзнакі.
He ідзі! Калі мы усяго толькі праява нечай свядомасці, то смак ліманаду і цукерак на салодкім стале не больш чым уяўленне.
А як жа адзнакі...
Сафія, ты або жыхар малюпасенькай кулькі пад назвай Зямля пасярод соцень мільярдаў галактык неспасціжнага Сусвету, або электрамагнітны імпульс у мазгах маёра. I ты яшчэ адважваешся казаць пра нейкія там адзнакі! I не сорамна табе!