Сафіін свет
раман пра гісторыю філасофіі
Юстэйн Гордэр
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 560с.
Мінск 2014
- I Кант быў такім спецыялістам?
Ён быў і спецыялістам, і спрабаваў адказаць на філасофскія пытанні сам. Бо калі б ён быў толькі знаўцам ідэй, выказаных іншымі філосафамі, ён не пакінуў бы прыкметнага знаку ў гісторыі філасофіі. I ўсё-ткі не залішне падкрэсліць, што Кант выдатна арыентаваўся ў філасофскіх традыцыях сваіх
папярэднікаў, у прыватнасці, рацыяналістаў Дэкарта і Спінозы, а таксама эмпірыкаў Лока, Бэрклі і Юма.
Я прасіла цябе больш не згадваць пра Бэрклі.
Як мы памятаем, паводле рацыяналістаў, аснова чалавечага пазнання заключаецца ў чалавечым розуме. I яшчэ мы памятаем, што, на думку эмпірыкаў, усе веды пра свет паходзяць з пачуццёвага ўспрымання. Акрамя таго, як зазначаў Юм, ёсць мяжа таму, якія высновы мы можам рабіць з нашых пачуццёвых уражанняў.
I з кім пагаджаўся Кант?
Ён лічыў, што абодва накірункі ў нечым маюць рацыю, а ў нечым памыляюцца. Усіх займала пытанне, дзе ляжыць мяжа спазнавальнасці свету. Гэта было прадметам даследавання ўсіх мысляроў, якія жылі пасля Дэкарта. Выказваліся дзве магчымасці: свет або дакладна такі, якім мы яго ўспрымаем праз пачуцці, або такі, якім яго мысліць розум.
I што меркаваў Кант?
Кант меркаваў, што ў нашым пазнанні свету важную ролю іграюць і «пачуцці», і «розум». Але, на яго думку, рацыяналісты пераацэньвалі здольнасці розуму, а эмпірыкі надавалі занадта вялікае значэнне пачуццёваму досведу.
Калі ты не дасі прыкладу, я хутка нічога не буду разумець.
У прынцыпе, Кант пагаджаецца з Юмам і эмпірыкамі ў тым, што ўсе нашы веды пра свет паходзяць з пачуццёвага досведу. Але і тут ён працягвае руку рацыяналістам у нашым розуме таксама закладзены важныя перадумовы таго, як мы спазнаём навакольны свет. To бок чалавечы розум валодае пэўнымі ўмовамі, якія адбіваюцца на нашым успрыманні рэчаіснасці.
Гэта і ёсць твой прыклад?
Давай лепш выканаем адно практыкаванне. Прынясі акуляры, што ляжаць там, на століку. Так. А цяпер надзень іх!
Сафія пачапіла акуляры на нос. Усё вакол адразу зрабілася чырвоным. Святлейшыя колеры сталі светла-чырвонымі, а цямнейшыя цёмна-чырвонымі.
Што ты бачыш?
Toe самае, што звычайна, толькі ў чырвоных фарбах.
Гэта таму, што шкельцы абмяжоўваюць тваё ўспрыманне свету. Усё, што ты бачыш, паходзіць з рэчаіснасці, але як менавіта ты гэта бачыш, залежыць ад шкельцаў у акулярах. Ты ж не будзеш сцвярджаць, што свет чырвоны, толькі таму, што ты такім яго бачыш.
Вядома ж, не...
Калі ты зараз, не здымаючы акуляраў, пойдзеш у лес ці дадому, у свой Капітанаў завулак, ты будзеш бачыць усё тое самае, што заўсёды. Толькі ўсё будзе чырвоным.
Калі не здыму акуляраў, то ясна.
I вось, на думку Канта, Сафія, такімі акулярамі з’яўляюцца пэўныя ўласцівасці нашага розуму, і гэтыя ўласцівасці ўплываюць на наша ўспрыманне.
Пра якія ўласцівасці ты гаворыш?
Што б мы ні бачылі, нам уласціва ўспрымаць усё ў прасторы і часе. Кант называў прастору і час дзвюма «формамі ўспрымання» і сцвярджаў, што гэтыя «формы» ў нашай свядомасці папярэднічаюць любому пачуццёваму досведу. To бок яшчэ да таго, як мы пачынаем успрымаць нейкую з’яву, мы ведаем, што яна будзе ўспрымацца намі ў прасторы і часе. Бо мы няздольныя зняць з сябе «каляровыя акуляры» розуму.
Ён меркаваў, што ўспрыйманне рэчаў у прасторы і часе гэта ўласцівасць, закладзеная ў нас ад прыроды?
У пэўным сэнсе так. Што канкрэтна мы бачым, залежыць ад таго, дзе мы у Індыі ці ў Грэнландыі. Але мы паўсюль успрымаем свет у выглядзе шэрагу з’яваў, якія адбываюцца ў прасторы і часе. I гэта вядома загадзя.
Але хіба прастора і час не існуюць незалежна ад нас?
He, Кант лічыў прастору і час за неад’емную частку чалавечай сутнасці. Прастора і час гэта перш-наперш уласцівасці нашага розуму, а не навакольнага свету.
Гэта ўжо нешта новае.
Іначай кажучы, чалавечую свядомасць нельга лічыць за
інэртную «дошку», якая толькі прымае пачуццёвыя ўражанні звонку. Гэта актыўная творчая інстанцыя. Свядомасць фармуе наша ўспрыманне свету. Яе можна параўнаць са збанам, у які ты наліваеш ваду, і вада прымае форму збана. Так і нашы пачуццёвыя ўражанні прымаюць форму нашай свядомасці.
- Здаецца, я зразумела.
Кант сцвярджаў, што не толькі свядомасць прыладжваецца да рэчаў, але й рэчы прыладжваюцца да свядомасці. Сам ён называў гэта «Капернікавым пераваротам» у пытанні аб чалавечым пазнанні, маючы на ўвазе, што яго ідэя адрозніваецца ад прынятага раней светапогляду гэтак сама кардынальна, як некалі сцверджанне Каперніка, што Зямля круціцца вакол Сонца, а не Сонца вакол Зямлі.
- Цяпер я разумею, чаму ён лічыў, што і рацыяналісты, і эмпірыкі ў нечым мелі рацыю. Рацыяналісты, у пэўным сэнсе, адпрэчылі значэнне досведу, а эмпірыкі заплюшчылі вочы на ўплыў, які робіць на ўспрыманне рэчаіснасці наша свядомасць.
- Нават сам закон прычыннасці які, паводле Юма, людзям спазнаць не дадзена, на думку Канта, з’яўляецца часткай чалавечага розуму.
- Патлумач!
- Памятаеш, Юм лічыў, што ў аснове ўспрыманай намі прычыннай сувязі паміж усім, што адбываецца ў прыродзе, ляжыць проста нашая звычка. На яго меркаванне, мы не можам адчуць, што прычынай кратання з месца белага шара быў чорны шар. А значыць, не можам даказаць, што чорны шар заўсёды будзе прычынай руху белага шара.
- Памятаю.
- Але якраз у тым, што Юм лічыў недаказальным, Кант бачыць уласцівасць чалавечага розуму. Закон прычыннасці дзейнічае заўсёды няўхільна толькі таму, што чалавечы розум успрымае ўсё, што адбываецца, як чараду прычын і наступстваў.
- Мне ўсё ж думаецца, што прычыннасць закладзеная не ў нас, а ў самой прыродзе.
Тым не менш, на думку Канта, яна закладзена ў нас. Ён пагаджаецца з Юмам у тым, што нам не дадзена ведаць пэўна, якім свет ёсць «у сабе». Мы можам ведаць толькі, якім свет ёсць «для мяне». Праведзенае Кантам адрозненне паміж «das Ding an sich» i «das Ding fur mich» стала важкім унёскам y філасофію.
Я не надта цямлю ў нямецкай мове.
Кант выдзяляў «рэч у сабе» і «рэч для мяне». Ведаць дакладна, якімі рэчы ёсць «у сабе», мы не зможам ніколі. Мы можам спазнаваць іх толькі такімі, якімі яны «паўстаюць» перад намі. Затое, яшчэ да ўзнікнення ў нас досведу пра тую ці іншую з’яву, мы можам сказаць, як яна будзе ўспрымацца чалавечым розумам.
Хіба?
Перш чым выйсці раніцай з дому, ты наперад не ведаеш, што ў гэты дзень пачуеш ці ўбачыш. Але можна загадзя быць упэўненым, што ўсё ўбачанае і пачутае будзе ўспрымацца табой у прасторы і часе. Акрамя таго, можна не сумнявацца, што на ўспрыманне табой падзеяў будзе накладацца закон прычыннасці проста таму, што ён з’яўляецца часткай тваёй свядомасці.
Але хіба мы маглі б быць створаныя па-іншаму?
Так, мы маглі б мець іншыя органы пачуццяў. I тады мы адчувалі б час і прастору іначай. Акрамя таго, мы маглі б быць створаны так, каб не шукаць прычын тых падзеяў, што вакол нас адбываюцца.
Можа, патлумачыш на прыкладзе?
Уяві сабе, што ў гасцёўні на падлозе ляжыць кот. А пасля ўяві сабе, што ў гасцёўню ўкаціўся мячык. Што зробіць кот?
Я гэта часта бачыла. Кот пабяжыць за мячыкам.
Правільна. А цяпер уяві сабе, што замест ката ў гасцёўні сядзіш ты. Калі ты раптам убачыш, што ў гасцёўню ўкаціўся мячык, ты таксама за ім адразу кінешся?
Я перш за ўсё азірнуся і пагляджу, адкуль ён узяўся.
Так, бо ты чалавек і таму абавязкова будзеш шукаць пры-
чыну падзеі. Такім чынам, закон прычыннасці гэта неад’емная частка цябе.
Вось як?
Юм сцвярджаў, што ні розумам, ні пачуццямі законы прыроды нельга ні спазнаць, ні зняпраўдзіць. Канта гэта не задавальняла. Ён хацеў даказаць, што законы прыроды маюць абсалютны і ўстойлівы характар, прадэманстраваўшы, што насамрэч гаворка вядзецца пра законы чалавечага пазнання.
А ці павярнулася б малое дзіця паглядзець, адкуль прыкаціўся мячык?
Малаверагодна. Але Кант зазначаў, што розум у дзіцяці, пакуль яно не назапасіла дастаткова пачуццёвага досведу, яшчэ не цалкам развіты. А гаварыць пра «пусты розум» увогуле не мае сэнсу.
Сапраўды, такое словаспалучэнне гучыць дзіўнавата.
Цяпер давай падсумуем. Кант меркаваў, што пазнанне чалавекам свету адбываецца пад уплывам абставінаў двух відаў. Папершае, абставінаў знешніх, пра якія, пакуль мы не ўспрымем іх праз пачуцці, нам невядома нічога. Назавем іх матэрыялам пазнання. Па-другое, абставінаў унутраных, якія ляжаць у самім чалавеку, такіх, як, напрыклад, наша здольнасць успрымаць падзеі ў прасторы і часе, а таксама ва ўзаемасувязі адпаведна з законам прычыннасці. Іх можна назваць формай пазнання.
Пэўны час Альбэрта з Сафіяй моўчкі пазіралі ў акно. Раптам паміж дрэвамі на тым беразе азярца Сафія заўважыла маленькую дзяўчынку.
Глядзі! усхапілася Сафія. Хто гэта?
Адкуль мне ведаць... He ведаю.
Дзяўчынка тым часам зноў прапала за дрэвамі. Сафія здолела толькі заўважыць, што на галаве ў яе быў нешта чырвонае.
Давай не будзем адцягваць увагу на ўсякія дробязі.
Тады расказвай далей.
Кант таксама сцвярджаў, што ў чалавечага пазнання ёсць
пэўныя межы. Можна сказаць, што часткова такія межы вызначаюцца «каляровымі акулярамі» розуму.
- Як гэта?
Ты, мусіць, памятаеш, што да Канта філосафы біліся над такімі «вялікімі» філасофскімі пытаннямі як, напрыклад, ці бессмяротная ў чалавека душа, ці ёсць Бог, ці складаецца ўсё існае з найдрабнейшых, далей недзялімых часцінак, ці мае межы Сусвет...
- Памятаю.
Кант меркаваў, што чалавеку не дадзена здабыць надзейныя веды па такіх пытаннях. Гэта не значыць, што ён адмаўляўся разважаць над самой праблематыкай. Наадварот, бо, калі б ён яе адпрэчваў, яго наўрад ці можна было б лічыць за сапраўднага філосафа.
- I што ж ён рабіў?
Набярыся цярпення. Кант меркаваў, што, шукаючы адказы на гэтыя вялікія філасофскія пытанні, розум спрабуе дзейнічаць па-за межамі магчымасцяў чалавечага пазнання. Разам з тым, у самой чалавечай прыродзе або ў чалавечым розуме закладзена патрэба пастаноўкі якраз такога кшталту пытанняў. Але калі мы, напрыклад, пытаемся, ці мае межы Сусвет, мы ставім пытанне пра цэлае, часткай якога самі з’яўляемся. Таму мы ніколі не здолеем спазнаць гэтае цэлае цалкам.
Чаму не здолеем?
Калі ты надзявала чырвоныя акуляры, мы з табой высветлілі, што, паводле Канта, ёсць дзве крыніцы нашых ведаў аб рэчаіснасці.