Сафіін свет раман пра гісторыю філасофіі Юстэйн Гордэр

Сафіін свет

раман пра гісторыю філасофіі
Юстэйн Гордэр

Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 560с.
Мінск 2014
130.68 МБ
Што на пацеху, то на пацеху. Якраз гэта я меў на ўвазе, калі казаў, што ён карыстаецца намі, каб пацешыць дачку ў яе дзень народзінаў. Але няхай ён пасцеражэцца, Сафія! I, дарэчы, Хільда таксама.
Што ты маеш на ўвазе?
Ты добра сядзіш?
У прынцыпе, так, калі толькі не будзе якога новага джына з лямпы...
Тады ўяві, што ўсё, што адбываецца з намі, гэта плён нечай свядомасці. Мы і ёсць гэтая свядомасць. Мы не маем уласнай душы, мы ёсць нечая душа. Пакуль мы ступаем па цвёрдым філасофскім грунце. Але і Бэрклі, і Шэлінг ужо навастрылі б вушы.
Ну?
I цалкам можа стацца, што гэтая душа належыць бацьку Хільды Мёлер Кнаг. Ён сядзіць у Ліване і піша філасофскую кнігу, якую падорыць дачцэ на яе дзень народзінаў. I калі Хільда, прачнуўшыся 15 чэрвеня, знойдзе гэтую кнігу на сваім начным століку, пра нас змогуць прачытаць і яна, і шмат хто яшчэ. Бо раней не раз згадвалася, што «падарункам» можна будзе падзяліцца з іншымі.
Я памятаю.
Значыць, тое, што я табе цяпер кажу, будзе прачытана Хільдай пасля таго, як яе бацька, седзячы ў Ліване, уяўляў сабе, што я табе цяпер кажу, што ён, седзячы ў Ліване... уяўляў сабе, што я табе цяпер кажу, што ён, седзячы ў Ліване...
У Сафіі галава пайшла кругам. Яна старалася даць рады таму, што чула пра Бэрклі і рамантыкаў. Альбэрта Кнокс тым часам сказаў:
Але ім не варта задзіраць hoc. А тым болей смяяцца, бо добра смяецца той, хто смяецца апошні.
Ты пра каго?
Пра Хільду з бацькам. Хіба мы не пра іх гаворым?
А чаму ім не варта задзіраць нос?
Бо яшчэ не вядома, ці не з’яўляюцца яны самі нечаю свядомасцю.
Як такое магчыма?
Калі такое было магчыма для Бэрклі і рамантыкаў, дык і для іх магчыма. Можа быць, маёр сам не больш, чым ілюзія, вобраз з кніжкі, у якой апавядаецца пра яго і Хільду, і, натуральна, пра нас з табою, бо мы частка іх жыцця.
Ну, гэта яшчэ горш. Бо тады выходзіць, што мы ўвогуле ілюзія ілюзіі.
Тым не менш цалкам магчыма, што недзе сядзіць зусім іншы пісьменнік і піша кнігу пра маёра ААН Альбэрта Кнага, які піша кнігу для сваёй дачкі Хільды. А тая кніга пра нейкага Альбэрта Кнокса, які раптам пачынае пасылаць свае лекцыі па філасофіі Сафіі Амундсэн, якая жыве на Канюшынавай вуліцы, дом 3.
Ты сапраўды так думаеш?
Я кажу толькі, што такое магчыма. Для нас, Сафія, гэты пісьменнік быў бы «схаваным богам». Нават калі ўсё, што мы гаворым і робім, паходзіць ад яго, а значыць, мы гэта і ёсць ён, то нам усё роўна ніколі пра яго не даведацца. Бо мы пасаджаны ў самую маленькую з укладзеных адну ў адну скрынак.
Пасля гэтых словаў Сафія і Альбэрта доўга сядзелі моўчкі. Урэшце Сафія сказала:
Але калі сапраўды ёсць такі пісьменнік, які выдумляе гісторыю пра Хільдзінага бацьку, які, седзячы ў Ліване, выдумляе гісторыю пра нас...
-Ну?
...дык яму таксама не варта задзіраць нос.
Што ты маеш на ўвазе?
Няхай ён недзе сядзіць, а Хільда і я сядзім недзе глыбока ў яго ў галаве. Але хіба не магчыма такое, што і яго жыццё адбываецца ў нейкай яшчэ вышэйшай свядомасці?
Альбэрта паківаў галавою.
Вядома, Сафія, гэта таксама магчыма. I калі гэта так, то ён дазволіў нам пафіласофстваваць на гэтую тэму якраз дзеля таго, каб засведчыць такую магчымасць. Ён хацеў падкрэсліць, што і сам ёсць усяго толькі безабароннай ілюзіяй, а кніга, у якой жывуць Хільда і Сафія, насамрэч з’яўляецца падручнікам па філасофіі.
Падручнікам?
Бо ўсё нашыя размовы, усе дыялогі, Сафія...
-Ну?
...насамрэч уяўляюць сабой адзін маналог.
Ну вось, усё ўрэшце звялося да ўніверсальнай свядомасці і адзінага духу. Добра, што наперадзе ў нас яшчэ засталося некалькі філосафаў. Бо не можа ж філасофія, якая так прыгожа пачыналася Фалес, Эмпедокл, Дэмакрыт, вось так узяць і спыніцца?
Безумоўна, не. Я табе яшчэ раскажу пра Гегеля. Ен быў nep-
шы, хто паспрабаваў выратаваць філасофію пасля рамантыкаў, якія ўсё ператварылі ў дух.
-	Раскажы хутчэй.
-	Каб нам не перашкаджалі ўсякія духі з ілюзіямі, хадзем лепш у хату.
-	Дый на дварэ неяк пахаладнела.
-	Абзац, новы раздзел!
ГЕГЕЛЬ
... жыццё ўрэшце пакідае толькі тое, што разумна ...
Тэчка выслізнула з рук і з грукатам ляснула на падлогу. Але Хільда засталася ляжаць, пазіраючы ў столь. Там, уверсе, нешта ўвесь час круцілася, віравала.
Усё-такі тата здолеў затлуміць ёй галаву. Вось нягоднік! Ну як так можна? Сафія цяпер спрабавала звярнуцца да яе наўпрост і намаўляла паўстаць супраць бацькі! Зрэшты, трэба прызнаць, ёй удалося навесці Хільду на адну думку. Падказаць адзін план...
Самі Сафія з Альбэрта супраць Хільдзінага бацькі не маглі нічога. Але ж Хільда магла. I якраз праз дачку Сафія мела магчымасць падступіцца да бацькі.
Хільда пагаджалася з Сафіяй і Альбэрта, што ў сваіх гульнях з ілюзіямі бацька зайшоў занадта далёка. Няхай Альбэрта з Сафіяй сапраўды плён ягонага ўяўлення, але ўсё адно дэманстрацыя ўлады павінна мець пэўныя межы.
Бедныя, бедныя! Яны цалкам безабаронныя перад выбрыкамі маёравай фантазіяй гэтак сама, як экран перад кінамеханікам, які на яго пускае фільм.
Ну, хай толькі прыедзе дадому будзе яму на арэхі! Хільда ўжо ясна ўяўляла сабе, як гэта зробіць.
Яна падышла да акна і акінула вокам бухту. Набліжалася другая гадзіна. Яна адчыніла акно і крыкнула да лодачнага дамка:
-	Мама!
Маці паказалася з-за дзвярэй.
-	Я спушчуся праз гадзіну. Можа, прынясу бутэрбродаў, добра?
Добра, добра!
Я толькі пра Гегеля прачытаю.
Альбэрта і Сафія селі каля акна, за якім віднелася азярцо.
Георг Вільгельм Фрыдрых Гегель быў сапраўдным дзіцём рамантызму, пачаў Альбэрта. Можна нават сказаць, што ён развіваўся разам з нямецкім нацыянальным духам. Нарадзіўся Гегель у Штутгарце ў 1770 годзе і ў васемнаццацігадовым узросце пачаў вывучаць тэалогію ў Цюбінгене. 3 1799 года ён супрацоўнічае з Шэлінгам у Ене, а якраз у гэты перыяд рамантызм дасягнуў найвышэйшага росквіту. Павыкладаўшы спачатку як дацэнт у Енскім універсітэце, ён пазней заняў пасаду прафесара ва ўніверсітэце Гайдэльберга, які тады стаў цэнтрам нямецкага нацыянальнага рамантызму. А з 1818 года і да канца жыцця прафесарстваваў у Берліне, які ў гэты час пераняў на сябе ролю духоўнага цэнтра Германіі. Памёр Гегель у лістападзе 1831 года ад халеры, але «гегельянства» тады ўжо шырока распаўсюдзілася па ўсіх нямецкіх універсітэтах.
Дык ён шмат чаго дабіўся ў жыцці.
Так, і ў жыцці, і ў філасофіі. Гегель аб’яднаў і развіў амаль усе разнастайныя ідэі, якія нарадзіліся ў асяроддзі рамантыкаў. Але ён быў і іх прыдзірлівым крытыкам, у прыватнасці, у тым, што тычыцца філасофіі Шэлінга.
I што ён крытыкаваў?
-1 Шэлінг, і шмат якія іншыя рамантыкі лічылі за аснову быцця тое, што называлі «сусветным духам». Гегель таксама карыстаўся выразам «сусветны дух», але ўкладаў у яго іншае значэнне. Кажучы пра «сусветны дух» або «сусветны розум», Гегель мае на ўвазе суму ўсяго чалавечага досведу. Бо толькі чалавек валодае «духам». У гэтым значэнні ён прасочвае развіццё «сусветнага розуму» на працягу гісторыі. Але мы не павінны забываць, што ён гаворыць пра чалавечае жыццё, чалавечыя думкі і чалавечую культуру.
У такім «духу» няма ўжо нічога вусцішнага. Ен больш не хаваецца ў каменні і дрэвах, як нейкі «дрымотны розум».
Ты, безумоўна, памятаеш, што Кант гаварыў пра «рэч у сабе». Хоць ён і адмаўляў магчымасць здабыцця чалавекам поўных ведаў пра найглыбейшыя таямніцы прыроды, але ж прызнаваў, што «праўда», няхай і недасягальная, усё ж існуе. Што да Гегеля, то ён сцвярджаў, што «праўда суб’ектыўная». Тым самым ён адмаўляў існаванне «праўды» па-над ці па-за чалавечым розумам. Усякае пазнанне ёсць чалавечым пазнаннем, меркаваў ён.
У пэўным сэнсе, ён як бы хацеў вярнуць філосафаў назад на зямлю?
Можна сказаць і так. Гегелева філасофія да таго складаная і рознабаковая, што мы будзем вымушаныя сканцэнтравацца толькі на яе найбольш важных пунктах. Увогуле, наўрад ці слушна сцвярджаць, што Гегель стварыў сваю ўласную філасофію. Тое, што называюць цяпер гегелеўскай філасофіяй, гэта перадусім метад, які дазваляе аналізаваць хаду гісторыі. Таму, бадай, немагчыма гаварыць пра Гегеля ў адрыве ад гісторыі чалавецтва. Гегелева філасофія не вучыць нас тым ці іншым аспектам «глыбіннай прыроды быцця», затое яна вучыць нас разважаць творча і плённа.
А гэта ж, напэўна, таксама важна.
Аульным для ўсіх філасофскіх сістэм, якія існавалі да Гегеля, было імкненне выпрацаваць універсальныя крытэрыі таго, наколькі чалавек можа спазнаць Сусвет. Гэтым займаліся Дэкарт і Спіноза, Юм і Кант. Кожны з іх стараўся вызначыць, штб даступна чалавечаму пазнанню. Але ўсе яны так ці іначай казалі пра пазачасавыя перадумовы чалавечых ведаў аб свеце.
Ці не ў гэтым заключаецца задача філосафа?
На думку Гегеля, акрэсліць універсальныя крытэрыі чалавечага пазнання немагчыма, бо сама аснова такога пазнання мяняецца ад пакалення да пакалення. А значыць, няма ніякай «вечнай праўды». I няма ніякага пазачасавага розуму. Адзінае, што непарушна і за што можа ўхапіцца філосаф, гэта гісторыя.
А вось гэта я папрашу цябе патлумачыць. Гісторыя ж увесь час цячэ і мяняецца, як яна можа быць чымсь непарушным?
Рака таксама ўвесь час цячэ. Але гэта не значыць, што мы не можам сказаць, што яна рака. Бязглузда ставіць пытанне, у якім месцы рака болей «сапраўдная».
Згода, бо рака на ўсім сваім працягу застаецца ракою.
Для Гегеля гісторыя і ёсць такая рака. Кожнае найменшае калыханне вады ў рацэ на тым ці іншым яе адрэзку залежыць ад звілін, віроў і парогаў, якія былі вышэй па яе цячэнні, а таксама ад нахілу рачнога дна ў тым месцы, дзе ты над ёю стаіш і назіраеш.
Па-мойму, я зразумела.
Гэтак сама і гісторыя думкі, або гісторыя розуму, падобная на раку. Тыя думкі, якія «прыплываюць» да цябе ў выглядзе традыцый папярэдніх пакаленняў, і тыя матэрыяльныя ўмовы, якія пануюць у час, калі ты жывеш, усё гэта разам вызначае лад твайго мыслення. Таму нельга сцвярджаць, што нейкая думка правільная заўсёды і вечна. Але яна можа быць правільнай у асобны канкрэтны момант.
Але ж гэта не значыць, што ўсё аднолькава правільнае або аднолькава няправільнае?
He, усякая думка можа лічыцца правільнай ці няправільнай толькі ў гістарычным кантэксце. Калі б у 1990 годзе ты пачала выступаць за рабаўладанне, на цябе ў лепшым выпадку паглядзелі б як на вар’ятку. Але два з паловай тысячагоддзі назад твае словы ўспрымаліся б натуральна, хоць, праўда, і тады ўжо прагрэсіўныя людзі заклікалі да адмены рабства. Але возьмем прыклад з не далёкай гісторыі. Яшчэ сто гадоў назад лічылася правільным выпальваць вялікія масівы лясоў пад новыя ворыўныя землі. Сёння гэта лічыцца «неразумным». Мы маем іншыя і болей слушныя падставы для такіх сваіх ацэнак.