Сафіін свет
раман пра гісторыю філасофіі
Юстэйн Гордэр
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 560с.
Мінск 2014
Пасля сустрэчы са Скруджам і дзяўчынкай з запалкамі, мне не цяжка зразумець, пра што казаў Маркс.
Развагі Маркса носяць практычны і палітычны характар. Зазначу таксама, што ён быў не толькі філосафам. Ён быў таксама гісторыкам, сацыёлагам і эканамістам.
I ва ўсіх гэтых галінах ён здолеў чым-небудзь вызначыцца?
Прынамсі ні адзін іншы філосаф не зрабіў для практычнай палітыкі болей, чым Маркс. 3 іншага боку, нам трэба быць даволі абачлівымі і не атаясамліваць «марксізм» з уласным светапоглядам Маркса. Пра самога Маркса гавораць, што ён стаў «марксістам» недзе ў сярэдзіне 1840-х гадоў, але і да таго часу, і пасля ён не раз сам падкрэсліваў, што ён не «марксіст».
А Ісус быў хрысціянінам?
Гэта таксама спрэчна.
Расказвай далей.
3 самага пачатку вялікі ўнёсак у развіццё «марксізму» зрабіў сябар і калега Маркса Фрыдрых Энгельс. У XX стагоддзі Ленін, Сталін, Мао і многія іншыя таксама мелі нагоду спрычыніцца да «марксізму» або «марксізму-ленінізму».
Тады давай абмяжуемся адным Марксам. Ты казаў, што ён быў «гістарычны матэрыяліст»?
Ен не быў «філосафам-матэрыялістам», як антычныя атамісты ці прыхільнікі механічнага матэрыялізму XVII XVIII стагоддзяў. Але ён меркаваў, што лад нашага мыслення ў першую чаргу вызначаецца вытворчымі стасункамі ў грамадстве. Вытворчыя стасункі вызначаюць і гістарычнае развіццё чалавецтва.
Гэта нешта іншае ў параўнанні з «сусветным духам» Гегеля.
Гегель адзначаў у свой час, што гістарычнае развіццё адбываецца дзякуючы напружанню паміж супярэчнасцямі, якія вырашаюцца раптоўнаю пераменай. Маркс развівае гэтую думку далей і прыходзіць да высновы, што глыбокапаважаны пан Гегель стаяў дагары нагамі.
Як, усё жыццё?
Гегель Зазначаў, што рухальнаю сілай гісторыі з’яўляецца «сусветны дух», або «сусветны розум». I якраз гэта, на думку Маркса, азначала глядзець на ўсё дагары нагамі. Сам ён настойваў, што вызначальную ролю ў руху гісторыі адыгрываюць матэрыяльныя пераўтварэнні. To бок не «духоўныя перадумовы» выклікаюць да жыцця матэрыяльныя пераўтварэнні, а, наадварот, матэрыяльныя пераўтварэнні ствараюць новыя духоўныя ўмовы.
Асаблівую ўвагу Маркс надаваў эканамічным сілам у грамадстве, якія выклікаюць змены і такім чынам рухаюць гісторыю наперад.
У цябе ёсць прыклад?
Антычныя філасофія і прыродазнаўства мелі чыста тэарэтычныя інтарэсы. Нікога асабліва не цікавіла, як можна скарыстаць навуковыя дасягненні для паляпшэння жыццёвых умоваў.
Няўжо?
Гэта было звязана з арганізацыяй гаспадаркі ў тагачасным грамадстве. Вытворчасць грунтавалася ў асноўным на працы рабоў. Таму, уласна, у вольных грамадзян асабліва не было патрэбы паляпшаць вытворчасць з дапамогаю практычных вынаходніцтваў. Вось табе прыклад таго, як вытворчыя адносіны ўплываюць на філасофскія погляды ў грамадстве.
Зразумела.
Матэрыяльныя, эканамічныя і сацыяльныя стасункі ў грамадстве Маркс называў базісам. А светапогляд грамадства, інстытуты палітычнай улады, права, рэлігію, мараль, мастацтва, філасофію і навуку ён называў надбудовай.
Базіс і надбудова, значыцца.
А цяпер перадай мне, калі ласка, гэты грэцкі храм.
Калі ласка.
Гэта мініяцюрная копія старажытнага Парфенона на Акропалі. Ты яго, дарэчы, бачыла ў рэальнасці.
Ты хочаш сказаць, на відэакасеце?
Глядзі, як элегантна і па-майстэрску выкананы дах у гэтага будынка. Дах і франтон гэта, бадай, першае, на што чалавек звяртае ўвагу. Менавіта гэта мы і называем «надбудовай». Але ж дах не можа вісець у паветры.
Яго трымаюць калоны.
Увесь будынак трымаецца перш за ўсё на магутным падмурку на сваім «базісе», які і нясе на сабе ўсю канструкцыю. Падобным чынам, на думку Маркса, вытворчыя стасункі нясуць на сабе погляды і ідэі грамадства. Іначай кажучы, надбудова грамадства ёсць вытворным, або адбіткам, яго базіса.
Ты хочаш сказаць, што на Платонавым вучэнні пра ідэі адбілася вінаробства і вытворчасць гліняных гаршчкоў?
He, усё не так проста, і на гэта Маркс таксама звяртае ўвагу. У грамадстве паміж базісам і надбудовай адбываецца ўзаемадзеянне. Калі дапусціць, што такога ўзаемадзеяння не існуе, то Маркс ператвараецца ў звычайнага паслядоўніка «механічнага матэрыялізму». Але менавіта дзякуючы таму, што Маркс бярэ пад увагу ўзаемадзеянне, або дыялектычныя стасункі, паміж базісам і надбудовай, яго называюць дыялектычным матэрыялістам. Дарэчы, заўваж, што Платон ні ганчаром, ні вінаробам не быў.
Ясна. Ты што-небудзь яшчэ пра храм раскажаш?
Так, крыху. Уважліва паглядзі на падмурак храма і апішы, што ты бачыш.
Калоны стаяць на падмурку, які складаецца з трох узроўняў, або прыступак.
У базісе грамадства мы таксама можам вылучыць тры ўзроўні. Ніжэйшы ўзровень утвараюць «вытворчыя ўмовы» грамадства. Яны ўключаюць прыродныя ўмовы і рэсурсы, якімі валодае грамадства. Перш за ўсё гэта клімат і карысныя выкапні. Яны складаюць самую аснову грамадства і непасрэдна вызначаюць, якая вытворчасць будзе пераважаць у гэтым грамадстве. Ад гэтай асновы залежаць і лад гэтага грамадства, і яго культура.
Нельга, напрыклад, у Сахары лавіць селядцоў, а ў Паўночнай Нарвегіі вырошчваць фінікі.
Ты ўсё правільна кажаш. Але ў бедуінаў і жыхароў рыбацкага селішча ў Паўночнай Нарвегіі будзе адрознівацца не толькі вытворчасць, але і лад мыслення. Наступны ўзровень гэта «вытворчыя сродкі», якімі валодае грамадства. Сюды Маркс адносіць прылады працы, механізмы і абсталяванне, якімі карыстаюцца людзі.
У былыя часы лавіць рыбу выпраўляліся на чаўнах, а цяпер яе здабываюць на вялізных траўлерах.
Тут ты ўжо закранула наступны ўзровень базіса у чыіх руках знаходзяцца сродкі вытворчасці. Сюды адносіцца ўсё, што
тычыцца арганізацыі працы, хто з гэтымі сродкамі вытворчасці працуе, а хто імі валодае. Маркс называў гэта «вытворчымі стасункамі».
- Ясна.
- 3 гэтага мы можам зрабіць выснову, што палітычныя і ідэалагічныя стасункі ў грамадстве вызначаюцца яго вытворчым ладам. He дзіва, што сёння мы думаем крыху іначай і мараль у нас крыху іншая, чым гэта было, скажам, у феадальным грамадстве.
Выходзіць, Маркс не верыў у натуральнае права, якое існавала для ўсіх ва ўсе часы.
He, пытанне, што з пункту погляду маралі правільна, залежыць, на думку Маркса, ад базіса канкрэтнага грамадства. He выпадкова, напрыклад, што ў старажытным аграрным грамадстве бацькі вызначалі, з кім іх дзеці мусяць узяць шлюб, калі вырастуць. Бо стаяла пытанне, каму будзе пакінута ў спадчыну гаспадарка. У сучасным урбаністычным грамадстве сацыяльныя стасункі іншыя. Тут можна сустрэць сваю пару на вечарыне ці дыскатэцы, і дастаткова проста закахацца, каб з’ехацца і жыць разам.
Мне не спадабалася б, калі б мае бацькі вырашалі, за каго мне ісці замуж.
Безумоўна, бо ты таксама дзіця свайго часу. Але гэта не ўсё, Маркс яшчэ адзначаў, што вырашальную ролю ў грамадстве пры вызначэнні таго, што добра, а што дрэнна, адыгрывае пануючы клас, бо ўся гісторыя чалавецтва гэта непарыўная класавая барацьба. Іначай кажучы, у гісторыі ўсё ў першую чаргу залежыць ад таго, каму належаць сродкі вытворчасці.
А думкі і ідэі людзей ніякай ролі хіба не адыгрываюць?
I так, і не. Маркс цудоўна разумеў, што стасункі ў надбудове грамадства здольныя ўплываць на базіс, але ён адмаўляў надбудове ў магчымасці мець сваю незалежную гісторыю. Тое, што рухала гісторыю ад старажытнага рабаўладальніцкага ладу да сённяшняга індустрыяльнага грамадства, абумоўлівалася першнаперш зменамі ў базісе.
Так, ты ўжо пра гэта казаў.
На думку Маркса, ва ўсе гістарычныя эпохі існавалі супярэчнасці паміж двума дамінуючымі класамі. У старажытным рабаўладальніцкім грамадстве паміж свабоднымі грамадзянамі і рабамі, у сярэднявечным феадальным грамадстве паміж феадаламі і прыгоннымі сялянамі, а пазней паміж арыстакратыяй і буржуазіяй. У часы Маркса, у буржуазным, або капіталістычным грамадстве, як ён яго называў, існавалі супярэчнасці паміж капіталістамі і рабочымі, або пралетарыямі. Такім чынам, супярэчнасць увесь час узнікае паміж тамі, хто валодае сродкамі вытворчасці, і тымі, хто імі не валодае. А з тае прычыны, што «пануючы клас» не хоча аддаваць сваю ўладу, любыя змены магчымыя толькі з дапамогаю рэвалюцыі.
А што ты скажаш пра камуністычнае грамадства?
Маркса асабліва цікавіў пераход ад капіталістычнага грамадства да камуністычнага. Апроч таго, ён правёў дэталёвы аналіз капіталістычнага ладу вытворчасці. Але перш чым мы пяройдзем да гэтага, разгледзім погляды Маркса на працу.
Давай!
Яшчэ ў маладосці, да таго, як стаць камуністам, Маркс цікавіўся пытаннем суадносінаў чалавека і працы. Гегель таксама аналізаваў гэтую праблему і лічыў, што стасункі паміж чалавекам і быццём двухбаковыя, або «дыялектычныя»: мяняючы быццё, чалавек сам мяняецца. Інакіп кажучы, калі чалавек працуе, ён умешваецца ў быццё і ўздзейнічае на яго, але ў працэсе працы быццё таксама пранікае ў чалавека і ўплывае на яго свядомасць.
Скажы мне, кім ты працуеш, і я скажу, хто ты.
Гэта і ёсць сама сутнасць ідэі Маркса. Тое, як мы працуем, уплывае на нашу свядомасць, а наша свядомасць уплывае на тое, як мы працуем. Можна сказаць, што тут адбываецца ўзаемадзеянне паміж «рукою» і «духам». Такім чынам, чалавечае пазнанне і чалавечая праца цесна сплятаюцца разам.
Напэўна, непрыемна быць беспрацоўным.
Так, той, хто не працуе, у пэўным сэнсе, спустошаны. На гэта
звяртаў увагу і Гегель. Праца і для Гегеля, і для Маркса гэта нешта станоўчае, цесна звязанае з паняццем «быць чалавекам».
Выходзіць, працоўным быць добра?
Увогуле, так. Але якраз тут Маркс выступае з жорсткай крытыкай капіталістычнага ладу вытворчасці.
Раскажы!
Пры капіталізме рабочы працуе на іншага. Таму праца, якую ён выконвае, гэта ўжо як бы і не яго праца, яна яму не належыць. Працоўны адчужаны ад сваёй працы, а тым самым адчужаны ад самога сябе і такім чынам страчвае сваю чалавечую сутнасць. Карыстаючыся гегелеўскім выразам, Маркс называе гэта адчужэннем працоўнага.
У мяне ёсць цётачка, якая прастаяла ля канвеера на цукерачнай фабрыцы больш за дваццаць гадоў, таму я цудоўна разумею, пра што ты кажаш. Яна прызнаецца, што кожны дзень ідзе на працу з нянавісцю.
Але калі яна ненавідзіць сваю працу, Сафія, яна ў пэўным сэнсе ненавідзіць і сябе.
Прынамсі, яна ненавідзіць цукеркі.