• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сарока на шыбеніцы  Альгерд Бахарэвіч

    Сарока на шыбеніцы

    Альгерд Бахарэвіч

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 354с.
    Мінск 2009
    81.53 МБ
    Драгуноў заскрыгатаў зубамі, але потым прысунуўся да Веранікі бліжэй, узяў у яе кнігу й пачаў усё ж чытаць. Занятак гэты быў для Драгунова пакутлівы, чытаў ён па складох, занадта доўгія, наягоную думку, словы рашуча скарачаў, абрубаючы да прыставак, а сустрэўшы складаны сказ, проста замяняў ягонае зьмесьціва невыразным мычаньнем. Вераніка досыць наслухалася такіх чытаньняў у школе. Голас Драгунова, які адразу ж, як толькі Драгуноў апусьціў вочы ў кніжку, стаў агідна-пісклявым, навяваў на яе сон. Але гэта было лепш, чым тлумачыць Драгунову нешта, да чаго ў самой няма асаблівае схільнасьці. На
    кухні завіхалася маці Драгунова, якая да таго ж яшчэ й сьпявала ля пліты, гэта Вераніку дужа зьдзіўляла. Вераніка пазяхнула ды пачала разглядваць пакой. На шафе стаяла пакрытая пылам мадэль самалёта, на стале ляжалі нейкія мэталёвыя шарыкі, пасьцель, край якой вызіраў з-пад шарсьцяное коўдры, даўно трэба было мяняць. Драгуноў нарэшце справіўся са старонкай і адкашляўся, гучна загарнуўшы кнігу.
    — Ну што, гадзіцца? — спытаў ён і вярнуў кніжку на калені Веранікі. — Слухай...
    Вераніка спалохалася, такімі жывёльнымі сталі раптам гэтыя вялікія пустыя вочы, што без папярэджаньня ўзьніклі проста перад яе тварам, такі бруд зацямніў іхную дагэтуль абыякавую сьветлыню, а Драгуноў загаварыў таропка, шумным шэптам, імкнучыся, каб ягоны подых ні за што не абмінуў твар Веранікі, каб яна адчула яго:
    — Слухай, Вераніка, а пакажы мне свае цыцкі, а? Пакажы, Вераніка! Пакажы!
    Яна ўскочыла зь месца, чырвоная ад сораму, а Драгуноў глядзеў абыякава на яе бязладныя рухі, ды казаў амаль апраўдальна:
    — Ды што я сказаў? Дзеўбанутая нейкая... Я ж ня проста так... Я табе заплаціў бы, як пацан. У мяне капуста ёсьць, зарабіла б. Вось дурная. Ну, наша справа прапанаваць.
    Вераніка аддыхалася ды вырашыла зараз жа ўзяць сябе ў рукі. Як ні дзіўна, у яе атрымалася, яна нават зноў села на ложак, толькі ўжо трошкі далей ад Драгунова. Тут якраз у пакой зноў зазірнула маці ды паклікала іх піць гарбату. Думаючы пра тое, што было б, пачні Драгуноў да яе лезьці (што-што? закрычала б), Вераніка вымыла рукі й села за стол, засланы чыстым белым абрусам. Маці завяла зь Веранікай размову, распытвала пра яе сям’ю, пра тое, хто дзе працуе, гэтая вельмі прыемная жанчына з ружовай, празрыстай, быццам налітай малаком шыяй размаўляла так па-сяброўску, што Вераніка неяк неўпрыкмет забылася на нядаўняе здарэньне... Драгуноў крышыў пірог ды моўчкі крывіўся.
    — А нашаму Алёшаньку вось не хапае сканцэнтраванасьці, — уздыхнула маці Драгунова ды паклала Вераніцы на сподачак яшчэ пірагу. — Вельмі за яго хвалююся. Здольных ня любяць, я ведаю...
    I маці Драгунова пачала мякка дакараць сыночка за няўседлівасьць ды ляноту. Вераніка піла гарбату ды ня ведала, што сказаць. Тое, што яна чула, нібы гаварылася пра якоганебудзь Малькова, але з напаўдэбільным Драгуновым, якога ведалі як роднага ў дзіцячым пакоі міліцыі, які выпэцкаў аднойчы сьцены ў клясе прынесеным з прыбіральні лайном і некалі ўкусіў троечніцу Люду, і які цяперака з выразам глыбокае нянавісьці да навакольнага сьвету выкалупваў зь пірага разынкі, ніяк не стасавалася.
    — Ня ведаю, кім ён стане, — пяшчотна зірнула на Драгунова маці ды горка ўздыхнула, — артыстам, навукоўцам або прэзыдэнтам банку, але нам трэба ўсім разам дапамагчы яму знайсьці свой шлях у жыцьці...
    — Цяжка сказаць, — сьцепанула нарэшце плячыма Вераніка, — мне здаецца, яму спачатку трэба навучыцца чытаць, ён у вас дагэтуль па складах чытае...
    На стол раптам упала злавеснае маўчаньне. Маці Драгунова зьбялела ды з бразгатам апусьціла кубак. Драгуноў скурчыў твар.
    — Заткніся! — заенчыла маці Драгунова. —■ Заткні рот, прастытутка малая! Яшчэ адна будзе нас вучыць! I так швэндаюцца празь дзень! Разумныя такія ўсе! Ды вы пазногця BroHara ня вартыя!
    Драгуноў засьмяяўся, маці ўстала, абагнула пасьпешліва стол і абняла яго за плечы. Вераніка папярхнулася й разьліла гарбату на абрус.
    — Каб духу твайго тут...! Ня бойся, сынок, ня бойся.
    Драгуноў па-майстэрску зьбіваў пстрычкамі са стала крошкі. Вераніка паднялася, схапіла зь вешалкі паліто й ледзь не забыла сумку, давялося ўжо з-за парога, міма асьветленага акна прычыненых кухонных дзьвярэй, вяртацца ў пакой Драгу-
    нова, дзе ўсё яшчэ разьвітальна й непапраўна пахла яе дзявочай парфумай.
    ♦ * *
    Гэта была ўсяго толькі маленькая сярэбраная кропелька, нібы сьлед бліскучага скорага дажджу, якая не пасьпела высахнуць на яе носе. Вераніка йшла да кабінэту не сьпяшаючыся, даючы ўсім магчымасьць ацаніць перамену, але зьвярталі на яе ўвагу адно жанчыны, а вось Ен — Ен нават не зірнуў на яе твар, падпяваючы няўважна музыцы ў навушніках, кіўнуў толькі і зьнік за сваімі дзьвярыма. У кабінэце Вераніка яшчэ раз разгледзела завушніцу, мініятурны шрубок якой зусім не было відаць, перад вялікім люстэркам, і знайшла, што правільна абрала й памер, і колер. Надзела цёмныя акуляры, потым зьняла, потым зноўку надзела. Вывучыла сябе ў профіль, палюбавалася, як незалежна й з годнасьцю загараецца каштоўная кропачка, калі павярнуцца да шкла, ці, напрыклад (яна ўзьняла падбародзьдзе, адкінула з ілба валасы) да суразмоўцы, да суседа, да Яго — вось так, або вось так. Прыгожа. I ніякае чырвані сёньня, як і абяцалі.
    Незадоўга да абеду яна ішла па калідоры, у канцы якога парыпвала наросхрыст адчыненае акно, да Алы, ішла па справах і нарэшце сустрэла Чэслава. Той завушніцу адразу заўважыў, і, вядома ж, яму закарцела дакрануцца да яе палыдам, Вераніка гэта стрывала, яна насамрэч сапраўды хвалявалася, усе навокал казалі, што пажылыя людзі не асабліва любяць такія рэчы. Аднак Чэслаў быў і насамрэч сваім чалавекам, хаця й зь сівымі валасамі ў вушах. «А для чаго гэта? — толькі й пацікавіўся ён, — што гэта азначае?». «Нічога», — зьбянтэжылася Вераніка. «Гэта знак прыналежнасьці... да нейкае маладзёжнае групоўкі?» — нс адставаў Чэслаў, дабрадушна пагладзіўшы Вераніку па галаве. «Хіпуем?». «Ды не, не», — замахала Вераніка рукамі, намагаючыся ветліва скінуць са сваіх валасоў руку Чэслава. «Проста прыгожа, модна...». « Ды ведаю я, унучка!» — засьмяяўся добразычліва Чэслаў, прыбіраючы
    руку. «У гэтай нашай зоркі, Анжалікі, таксама ўвесь нос у золаце! А яшчэ пуп! Ты сабе ў пуп нічога ня хочаш засунуць, унучка?». Вераніка разгублена ўсьміхнулася. «Добра, бяжы працуй!» — Чэслаў зноў пагладзіў яе па галаве. «I не згубі абноўку!» — крыкнуў ён наўздагон Вераніцы, і яна з палёгкай выдыхнула: пранесла. Усё ж пашанцавала ёй з начальнікам.
    Тым большым было яе зьдзіўленьне, калі праз тыдзень ёй патэлефанавала з суседняга кабінэту Ларыса. Пачала Ларыса здалёк, але потым раптам змоўкла, ня скончыўшы фразы, ды прашыпела незадаволена ў слухаўку:
    — Ты ўсё ж здымі сваё колца!..
    — Якое колца?
    — 3 носа завушніцу здымі! Я, канечне, разумею, выглядае й праўда файна, але вось наш Карлавіч...
    — А мне ён нічога такога, — запярэчыла Вераніка.
    — Ен проста чалавек, ня тое што другія начальнікі. Дарма што мужык... Чэслаў вельмі перажывае, кажа, што дзе заўтодна, але на дзяржаўнай службе... Здымі, Веранічка, прашу, Чэслаў пігулкі ажно піў, так расхваляваўся. Сама бачыла.
    — Але ж нідзе не забаронена...
    — Здымі, Вераніка, богам прашу. Шкада старога.
    I яна зьняла, вырашыўшы, што будзе надзяваць пасьля працы й на выходныя, але завушніца патрабавала толькі поўнае адданасьці, на гульню ў хованкі яна не была згодная, толькі так: каханьне або забыцьцё. I Вераніка яе разумела, і падарыла ўрэшце практыкантцы-пітэкантрапцы, перад тым, як тая сыходзіла з аддзелу давучвацца. Невялікая страта, дый зброя так сабе.
    ♦ ♦ ♦
    Амаль усе крэўныя Веранікі па бацькавай лініі мелі такі вось hoc: разьдзелены напалам на кончыку вузкай прадаўгаватай умяцінай. Самой Вераніцы пераймацца з гэтае прычыны было няма чаго, у яе радавая рыса пакінула відавочна найменшы сьлед, толькі калі вельмі ўжо прыгледзецца, паклаўшы
    Веранічыну галаву сабе на калені, можна было пабачыць на яе носе тонкую кароткую лінію, якая хіба абазначала, але не праводзіла выразнае мяжы, пагранічнага рову між палавінкамі. Карацей, Вераніка ніколі не адчувала шкоды ад уласнага носа. Ад іншых частак цела — так, мы ўжо ведаем, ад якіх асабліва, але нос — бацькаў нос быў да яе літасьцівы.
    Стрыечнай сястры пашанцавала меней. Дзядзька Валера, бацькаў брат, даў ёй амаль усё, што мог. I хаця асабістае жыцьцё сястры йшло зусім няблага, і яшчэ ў школе за ёй хадзіў натоўп заляцанцзў, і часам Вераніка зайздросьціла сястры, прызнаючы, што тая ўсё ж прыгажэйшая — а ўсё адно, даволі часта позірк спыняўся на гэтым падвоеным кончыку, і думалася тады зь лёгкім спачуваньнем і сымпатыяй: усё ж не стварае бог нічога ідэальнага, чым-небудзь ды нагадае пра чалавечую недасканаласьць і безабароннасьць. Сястра была старэйшая, Вераніка амаль што любіла яе й калісьці, калі камуністычнае сонца першабытна-справядлівага дзяцінства ўжо заходзіла, брала зь яе прыклад: сястра была надзвычай незалежная, рана адчула сябе дарослай, імкнулася будаваць сваё жыцьцё сама й вучыцца на сваіх памылках, а таксама ніколі не саромелася, а наадварот — выстаўляла напаказ сваю жаноцкасьць. Таму, відаць, і выйшла замуж так рана, казала маці Веранікі, і нарадзіла тады, калі многія яшчэ толькі пачынаюць задумвацца, кім і з кім быць. Сястра прымала Вераніку якой ёсьць, ніколі не папракала й не вучыла, распавядала пра свае таямніцы і заўжды была гатовая выслухаць Веранічыны. Што там казаць: магчыма, яна была адзінай сапраўднай сяброўкай Веранікі ў той час... I грошы на перадачы Лёньку яна давала, і падарункі Вераніцы рабіла такія, каб тая змагла адчуць сябе жанчынай, а ня вечнай пакаёўкай, нанятай бацькамі...
    I вось сястра зрабіла тое, чаго ад яе не чакаў ніхто. Узяла й выправіла адным махам хібы свайго носа, схадзіўшы разок у студыю прыгажосьці. Уся радня дагэтуль абмяркоўвала гэты вар’яцкі ўчынак, за гроіны, патрачаныя на апэрацыю, можна было набыць невялікі гараж на ўскраіне. Яны сустрэліся
    зь Веранікай у цэнтры гораду, сястра ўпэўненым крокам павяла яе, тады яшчэ трэцякурсьніцу, у дарагую, але бруднаватую кавярню за царквой. Яны селі, сястра запаліла цыгарэту, замовіла ледзянога шампанскага, і Вераніка з асалодай выпіла, з гордым жахам паглядаючы на сястру. А сястра са сьмехам распавядала ёй пра тое, што вымушаная была рабіць начамі з мужам, каб той пагадзіўся.