• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сарока на шыбеніцы  Альгерд Бахарэвіч

    Сарока на шыбеніцы

    Альгерд Бахарэвіч

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 354с.
    Мінск 2009
    81.53 МБ
    Спачатку быццам бы нічога не зьмянілася, той самы лес, тыя ж ягадныя паляны, рассыпаныя вакол зь несумненна штучнай нерэгулярнасьцю, тыя самыя матылькі, што сьпявалі нешта клясычнае. Аднак ці то ўяўленьне Веранікі, падагрэтае намінкамі Ольды, пачало дзейнічаць, ці то яна проста стамілася — лес вакол стаў нібы чужым, выцягнуліся, як шлягбаўмы, цені, фарбы пазмрачнелі, зблытанае кустоўе ўсё часьцей загароджвала ёй шлях, ссоўваючы злосна вецьце, нібы патрабуючы паказаць дакумэнты, і ўжо не мільгалі між ялінаў ды папараці шматлікія мікраскапічныя вушастыя стварэньні, гібрыды зайца ды пчалы, якімі так шчодра быў заселены лес. Наогул, жыўнасьці траплялася ўсё менш. Потым Вераніка ледзь ня ўпала, зачапіўшыся заплечнікам за нейкі надта ўжо купчасты куст, правая рука яе ажно па запясьце пагрузілася ў вільготны, халодны, непрытульны мох, і Вераніка бадай што з агідай выцерла далонь аб плашч. Яна вырашыла спыніцца, каб трохі перавесьці дух. Усё ж трэба было слухацца Ольду. Яна зірнула на мапу: сьвіран, зь якога яна калісьці выйшла, дарога, бязьлюдныя пясчаныя пусткі, паўднёвая брама гораду, за якой быў відаць ускрайчык нейкага палацу ды яшчэ парачка шпіляў, потым крыху безаблічнага лесу, пакручастая, нібы лябірынт, сьцежка, па якой гномы везьлі Вераніку, іхная вёсачка — сьвет-
    лы кружок між бяскрайняе чарнаты, бледная палоска ручая, і далей сыдежка, што чамусьці пачала зацягвацца ўжо цёмнай плеўкай: вось пакуль і ўвесь яе шлях па гэтай гульні. Навокал чорным-чорна, і невядома, што пад гэтай чарнатой: уваход у падзямельле або якісьці крывасмок, або пшанічнае поле, дзе можна было наняцца жнейкай, падзарабіць трохі манэтаў ды вярнуцца да гораду, або наогул — замак мясцовага фэадала, дзе зь Веранікі зробяць рабыню або прапануюць руку й сэрца. Вераніка вырашыла ісьці далей, ня можа быць, каб яна ў выніку куды-небудзь не прыйшла: гэты сьвет ня быў круглы, ён быў незваротна пляскатым, хіба што які павалены дуб акажацца брамаю, што вядзе адразу ж на супрацьлеглы бок гульнёвай тэрыторыі. Дый тое яшчэ ня факт — ён можа весьці куды заўгодна. Напрыклад, вярнуць яе да гномаў. Вось весялуха будзе, калі яна выйдзе зь іхнага вогнішча, жуючы праснак, уся ў полымі, і паваліць іхныя пузатыя кацялкі... Вераніка зрабіла крок наперад, і тут кампутар зноўку завіс.
    Расчараваная, яна пайшла на кухню зрабіць сабе гарбаты, патыліцы бацькоў, якія глядзелі не адрываючыся, але й не сьмеючыся, нейкі камэдыйны тэлесэрыял, нечакана моцна напалохалі Вераніку. Чамусьці яна была ўпэўненая, што ў кватэры больш нікога няма. Хто яго ведае, чаму, здавалася, ніякіх прычынаў так лічыць у Веранікі не было, бацькі сёньня, у гэтую дажджлівую, стылую й ні для чога не спрыяльную суботу, нікуды й не выходзілі, маці нават у краму не пайшла, хаця гэта быў яе ўлюбёны занятак апошнім часам. Кватэра выклікала ў Веранікі раздражненьне, бо ў гэтую хвіліну Вераніка ўспрымала яе толькі як частку свайго новага кампутара: усе гэтыя дыванкі, фатаграфіі, вострыя локці шафаў і шафак, вузкі праход калідору, вешалкі ў перадпакоі, непагашанае сьвятло ў лазьніцы, прышчэпкі на ланцугу, абутак у сетцы высахлае гразі, пах таропка вымытага посуду... Яны ня мусілі існаваць самі па сабе, прынамсі падчас гульні, але існавалі, самаўпэўнена заяўляючы пра сябе, груба матэрыяльныя, хаця нават ня мелі ў гульні ніводнага адпаведніка... Ставіць імбрык
    Вераніка паленавалася, таму яна наліла сабе астылага кіпню, пафарбавала яго густой алеістай запаркай, насыпала цукру проста з цукарніцы ды паходкаю лунаціка вярнулася ў свой пакой — бацькі сядзелі ў фатэлях, як мёртвыя. Дзіва: кампутар ажыў, толькі непрыгожы сваёй нерамантычнасьцю надпіс на нейкай незразумелай мове закрываў з галавой вандроўніцу Уладу. Вераніка зьнішчыла яго ды рушыла далей.
    Высьветлілася, што за час яе адсутнасьці нешта зьмянілася. Вераніка выйшла на нерухомую, бы закутую нябачным ільдом паляну, пасярэдзіне якой тырчаў вялікі, мудрагелістай формы пень. На пні сядзела істота, уся пакрытая рванымі ранамі, і цяжка было зразумець, нарадзілася яна такой або была зьнявечаная невядомай злой воляй. Агромністыя, амаль наўсю галаву, белыя зь сінімі кропкамі вочы беднай істоты не міргаючы глядзелі на Вераніку, глядзелі зь невытлумачальным, зусім не віртуальным жахам, і варта было Вераніцы зрабіць крок наперад, як істота, высока падымаючы худыя, перапончатыя ногі, саскочыла з пня й кінулася ў гушчар. Аднак Вераніцы было ўжо не да гэтага няшчаснага мясцовага жыхара. Над вершалінамі, недзе ня такужо й далёка, віўся дымок, і Вераніка амаль бегма рушыла ў тым накірунку. Ды толькі прайсьці скрозь намёртва счэпленыя, прыземістыя хмызы ды гальлё было нялёгка, урэшце Вераніка згубіла недзе заплечнік з прыпасамі, яна абярнулася: поўзаць па топкіх лясных прыцемках зусім не хацелася, Вераніка пайшла далей і неўзабаве разьдзерла сабе руку ад запясьця да локця аб нейкі доўгі, бадай што загостраны прут, што ажно рыпеў ад нянавісьці. Асьлепленая ня столькі моцным, колькі прыкрым болем, Вераніка схапіла яго ды, зь цяжкасьцю адламаўшы, кінула пад ногі. Ей хацелася растаптаць гэты пракляты прут, яна падняла вочы, каб, калі што, вынішчыць і ягоных пакрытых шыпамі заступнікаў (яны ж тут усе былі заадно, гэтыя дэндрыты, якія толькі прыкідваюцца флёрай, насамрэч яны дурная варожая фаўна!), і пабачыла непадалёку напоўнены вадой роў, а за ім высачэзную агароджу, з-за якой віднеліся простыя драўляныя будыніны. 3-за дрэваў,
    што неахвотна расступаліся ў гэтым месцы, канца агароджы відаць не было, але паселішча, верагодна, займала невялікую тэрыторыю, яно плыло над лесам, як зьбіты зь бярвеньня ледакол. Вераніка ўздыхнула, закасала плашч ды ступіла ў цёмную ваду рова.
    ♦ * ♦
    Собіла ж гэтай самай Тані Кулакоўскай зь іхнае групы нарадзіцца менавіта ў сярэдзіне лістапада, калі зіма яшчэ не надышла, а ад восені ў паветры засталася адна атрута. Вераніка наглыталася яе ўдосталь, у той дзень яна пачувалася зусім блага, але заняткі прапускаць ня мела права, да сэсіі заставаўся ўсяго месяц. Сама зьдзіўляючыся сваёй нечалавечай упартасьці, яна неяк даседзела да канца практычных, ужо нават саромеючыся кашляць ды даставаць штохвіліны з сумачкі насоўку. Увесь сьвет пакрысе сканцэнтраваўся ў чырвані пад яе вінаватым прастуджаным носам, Вераніцы здавалася, што нават выкладчыца, якая ніяк не магла запомніць імёны студэнтаў, глядзіць на яе як на мярзотны, скручаны кавалак тканіны, у які загорнутая гэтая макрота восені, так, так, як на шмат разоў скарыстаную насоўку, на якой з-за сабраных у ёй выдзяленьняў нават вышытых ініцыялаў не прачытаць... Яны вучыліся ў другую зьмену; калі выкладчыца нарэшце пратрубіла адбой, за вокнамі было ўжо цёмна. На калідоры Вераніка сустрэла непрыкметную шэратварую дзяўчынку з паралельнай групы. «Ты йдзеш на плаваньне сёньня?» — запыталася тая як заўсёды шэптам, яна чамусьці шторазу шаптала, ня дзіва, што многія на курсе дагэтуль не здагадваліся пра яе існаваньне. «Па мне што, не відаць...» — ледзь не заплакала Вераніка. «А што такое?» — прашаптала дзяўчынка ёй наўздагон, але Вераніка яе не пачула.
    3 групы на занятках была хіба што палова. Кулакоўскай наогул не было відаць з раніцы, ні ў бібліятэцы, ні ў чыталцы, — сапраўды, цяжка выйсьці з дому ўтакое надвор’е, калі ў цябе дзень народзінаў. Разыходзячыся, аднагрупнікі Веранікі
    ўмудрыліся яшчэ й млява рассварыцца з-за падарункаў. Урэшце дамовіліся сустрэцца ў інтэрнаце празь дзьве гадзіны, дамовіліся неяк без энтузіязму, сьпяшаючыся як найхутчэй разьбегчыся. Інтэрнацкія — гурток стракатых куртак — весела рушылі да сябе, Вераніка пашвэндалася па крамах, розум падказваў ёй, што трэба ехаць дамоў ды неадкладна прымаць меры, пігулка-кампрэс-ложак, а інакш заўтра давядзецца ехаць праз увесь горад у студэнцкую паліклініку. Але чамусьці, на ватных нагах, з пратэстуючым супраць прамахаджэньня пазваночнікам, яна блукала з аднае паўпустое крамы ў другую, шторазу задуменна пазіраючы ў жэрала мэтрапалітэну, зь якога ажно да супрацьлеглага боку вуліцы даляталі шум і яркае навязьлівае сьвятло. Час ішоў так марудна, што Вераніцы давялося наведаць некаторыя крамы па некалькі разоў. Насоўка больш не ўбірала вільгаці, і Вераніка купіла сабе новую, разам з падарункам для Кулакоўскай. Нарэшце яна вырашыла рухацца да інтэрнату. Гэта было зусім блізка, і калі яна падышла, гадзіньнік паказваў толькі палову на восьмую. У холе некалькі аднолькавых, бы блізьняты, вусатых хлопцаў у акулярах і спартовых касьцюмах глядзелі чорна-белы тэлевізар. Вераніка ведала іх, яны мала таго што ўсе вучыліся на адным факультэце, дыкяшчэ і ў адной групе. Раней яна не заўважала, якія яны падобныя. У галаве Веранікі было горача, як у лазьні. Падобная да міліцыянта цётка ўзяла ў Веранікі яе студэнцкі й доўга зьвярала фота з апухлым ды асьлізлым Веранічыным тварам.
    Як яна й баялася, сьвята ў пакоі Кулакоўскай было ўжо ў самым розруху. «I чаго я сюды прыперлася?» — думала Вераніка неяк аўтаматычна, і шукаць адказу ёй не хацелася. Са сталічных студэнтаў не прыйшоў ніхто, былі толькі інтэрнацкія. Вераніку сустрэлі ня тое каб абыякава, але й без асаблівае радасьці. Пасадзілі за стол, прапанавалі гарэлкі й чагосьці чырвонага, ліпучага... Вераніка выпіла спачатку ліпучага, а потым гарэлкі — падумала, так будзе лепш. I праўда, неўзабаве яна перастала шмыгаць носам, а потым
    і твары за сталом падаліся ёй цалкам добразычлівымі. У пакоі штохвіліны адбываўся нейкі рух, пастаянна нехта прыходзіў, нехта выходзіў, усе навокал цудоўна ведалі адно аднаго й не цырымоніліся, ласкава й трохі тужліва мацюкаючыся. Вераніка, якой з самага ранку пры думцы пра ежу станавілася млосна, ня сьнедала сёньня й не абедала, і таму хутка захмялела. Людзі ў пакоі былі ўсе на адзін твар, нібы ў супрацьгазах, спартовыя касьцюмы, тапачкі, хрыплыя галасы... На Вераніку ніхто не зьвяртаў увагі, ніхто не загаворваў зь ёй і ніхто не выганяў, яна ўпотай наліла сабе яшчэ, выпіла, закусіла цёплым агурком, агледзелася вакол, шырока адкрываючы рот, бо нос быў наглуха забіты. За сьпінай роў магнітафон, потым нехта па імені Жора прыцягнуў гітару, завёў дзявочым голасам пра пальчатку ля дзьвярэй, і іншыя падхапілі, пакой быў напоўнены дымам, і гэты дым спыняўся ля адчыненай форткі ды імкнуў назад, у Веранікі зьявілася адчуваньне, што яе ніхто ня бачыць, можна было зрабіць сабе харакіры, ніхто б вокам не павёў, яна нешта закрычала ў гэтую шызую заслону — і праўда: безвынікова.