Сарока на шыбеніцы
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 354с.
Мінск 2009
Я вярнуўся, і Вераніка схавалася ў прыбіральні. Там нешта грымнула, і зарыпелі, зноў расчыняючыся, прагныя да публічнасьці дзьверы, і зноў бразнулі. Мне падалося, я чую, як цырчыць струменьчык. Я пайшоў на кухню ды прысмактаўся да крана й неўзабаве спалохаўся, што Вераніцы не застанецца вады — але ня мог адляпіцца. Яна выйшла, і па яе твары я зразумеў, што ўсё скончана. Рукі мае павольна наліваліся но-
вай, бацькоўскай сілай, і заўтрашні дзень перамяшчаўся з-пад ног на плечы. Я зірнуў на Вераніку зь пяшчотай, я зусім не ўсьведамляў, хмары якіх пераменаў зацягваюць нашае дагэтуль бязвоблачнае неба, я выпрастаў сьпіну ды падрыхтаваўся сказаць ёй усё тое, што мусіла прагучаць толькі празь некалькі год. Але яна адсланілася й сама прыпала да крана, а потым з асалодаю села на халодны стол.
— Я цябе віншую, — сказала яна расчаравана. — Пранесла.
Да мэтро яны йшлі з Кулакоўскай. Па шчырасьці, Вераніцы было ўсё адно, з кім адольваць гэтую мізэрную адлегласьць: лапік асфальту перад унівэрсытэтам, прысыпаную пяском ды недапалкамі сьцежку, гулкі падземны пераход і поўную аўтамабільных адлюстраваньняў з аднаго боку ды аўтамабіляў з другога дарожку. Вучыцца заставалася ўсяго нічога, і самае прыкрае, што гэта нічога ніяк не хацела аднак праляцець непрыкметна — не, кожны дзень цягнуўся так, бы не зьмяшчаўся ў мех нябыту... Але постаці сакурсьнікаў тым ня менш шторазу ўсё выразьней гублялі сваю матэрыяльнасьць, знаёмыя здані, набор гукаў без значэньня. Яна памахвала сумкай ды згодна ківала галавой. На курсе яна ні з кім не сябравала, але ні з кім і не варагавала; сам факт таго, што Вераніка мела мянушку, сьведчыў пра тое, што ўсё ж нейкі сьлед яна тут пакінула.
— Ды супакойся ты, — цадзіла скрозь зубы Кулакоўская. — Зь пятага курсу не выганяюць. Здамо й забудзем. Вось толькі што пасьля гэтага рабіць? Я, ведаеш, дамоў не хачу...
I Кулакоўская, прымружыўшыся яшчэ раз зь няўхвальнай усьмешкай, пайшла ў свой інтэрнат, а Вераніка вырушыла дадому, у Сьвет. Так, наўрад ці хто-небудзь з выкладчыкаў захоча ствараць ёй і сабе праблемы. I, магчыма, можна дакаціцца па інэрцыі да дыплёма, ня робячы ўжо звышчалавечых намаганьняў, не ўстаючы а сёмай, каб засьпець у чыталь-
най залі вольныя месцы, ігнаруючы загадкавыя практычныя, даўшы галаве адпачыць, а целу падшукаўшы чагосьці займальнага. Зайшоўшы ў яшчэ пустую кватэру, яна цьвёрда вырашыла не грузіцца сёньня, а заўтра проста паспадзявацца на ўдачу — ня так ужо й часта Вераніка нешта пазычала ў гэтай дамы. Але, дапіўшы каву, яна перабрала ў галаве тэмы, сама ў сябе задзірыста пытаючыся: ну што ж, я нічога пра гэта не змагу сказаць? I тут жа зразумела, што насамрэч ня зможа. Бледныя твары вялікіх людзей гайдаліся недзе ўбаку, але паклікаць іх па імені яна не наважвалася, баючыся памыліцца. Распакоўка іхных вялікіх ідэяў таксама патрабавала адмысловых інструмэнтаў, якіх Вераніка ня мела, і таму ня мела ўяўленьня, зь якога боку да гэтых глыбаў падступіцца. Ад усіх гэтых думак пра заўтрашняе выпрабаваньне пахла такой сырой, падзямельнай вечнасьцю, што хутка Вераніка ўжо сядзела над таўшчэзнай кнігай, марна намагаючыся запомніць хаця б, касьцюмы якой эпохі яны насілі. А ён жа спытае, гэты заўтрашні вусаты заікасты дацэнт з вачыма фашыста, абавязкова спытае. Ен можа; пабачыўшы, што ахвяра выдыхаецца, ён цалкам здольны быў салодкім, д’ябальскім голасам запытацца: ну добра, скажыце мне, прынамсі, мог масье Дзідро насіць цыліндар або не? Стаўка тры балы. Вераніка гартала кнігу, як фотаальбом, і не магла запомніць ані прозьвішча, — як па ёй, дыкяны ўсе маглі тут насіць цыліндар...
У дзьверы вінавата пазванілі. «Веранічка, сонейка, дай вашага пыласоса, мой-та зусім не працуе», — сказала суседка, зірнуўшы на яе голы жывот з бліскучым вочкам і звычна заглянуўшы ў кватэру ды прынюхаўшыся, ці ня пахне тут маладымі мокрымі мужчынамі. Вераніка дзьвюма рукамі прыцягнула ёй з залі непаслухмяны пыласос, нібы бульдога за ашыйнік, і, цярпліва выслухаўшы мітусьлівую падзяку, зачыніла дзьверы. Адзін зь іх быў у капелюшы зь пер’ем. Вось ён дакладна ня мог насіць цыліндар. Ці ўсё ж... Можа, яны мянялі іх, раніцай каўпак, удзень мушкетэрскі капялюш, увечары цыліндар. За сьцяной загуло. На адной з ілюстрацыяў строга
ды асуджальна глядзеў на суседнюю табліцу ня вельмі стары яшчэ мужчына ў чорным, Вераніка некалькі разоў паўтарыла ягонае ймя, заплюшчыўшы вочы, і, задаволеная, загарнула кнігу. Вось, хаця б аднаго запомніла. Можа, заўтра пашанцуе. Пэтэр... Пэтэр... Каб цябе. Яна зноў разгарнула кнігу, закласьці старонку, як высьветлілася, ёй у галаву не прыйшло, і загадкавы Пэтэр цяпер таропка пераапранаўся недзе ў тоўшчы паперы, пасьмейваючыся, што так лёгка падмануў Вераніку. Яна ўздыхнула й села пісаць шпоры.
Але пакрыўджаны час не забываў, як легкадумна зь ім абыходзіліся ўвесь сэмэстар. Пачынаўся вечар, недзе паблізу працавалі швабраю, Вераніка сьпісала ўшчэнт восем лістоў, a нявыкрытых Пэтэраў заставалася яшчэ тузіны два, ня менш. Перад вачыма яе пакалыхваўся, усё больш нецярпліва, вобраз чайніка са спакушальным шлейфам пары, калі зазваніў тэлефон і больш не змаўкаў. Спачатку сястра распавяла пра тое, што яе муж купіў нарэшце квіткі ў Турцыю, потым пазваніў сусед Юрык і пачаў кленчыць гарэлку: Вераніка шчыра схадзіла праверыць, ці няма часам у шафе, пакінуўшы слухаўку на разгорнутай кнізе як закладку, і вярнулася ні з чым — Юрык не паверыў ды пачаў наноў, ледзь адвязалася. Потым амаль адразу ж пазваніў гэты дзіўны малады чалавек, зь якім яна пазнаёмілася нядаўна, сарамлівы й нахабны адначасова, — яму чамусьці хацелася, каб Вераніка прымала яго за фашыста. Празь пяць хвілінаў — зноў званок: «Айбаліт слухае!» — стомлена падняла слухаўку Вераніка, прыгадаўшы дзіцячую казку, але гэта званілі зь міліцыі. I потым, як наўмысна: маці, паведаміць, што затрымаецца на працы. I зноў пазванілі, яна хацела ўжо цапнуць тэлефон, але гэта было ў дзьверы, суседка прынесла пыласос. «Адключыць яго, ці што?» — паныла падумала Вераніка, пачуўшы, як прыйшоў бацька, не разуваючыся пакрочыў на кухню, адчыніў лядоўню, шумна пажаваў нешта — ажно адсюль было чуваць, і зноў сышоў, шчоўкнуў замок. Вераніка ўключыла лямпу й нечакана для сябе сама набрала нумар.
— Так. Бярэш зараз жа кніжкі й прыяжджаеш да мяне, — Лёнькаў голас быў відавочна ўзрадаваны. — Я ведаю такія мэтады!.. I табе неабходны спакой.
— А табе неабходны хто-небудзь у ложку, — сьцьвярджальна сказала Вераніка, раззлаваўшыся.
— Што ты, Веранічка, даю слова, — пакрыўдзіўся Лёнька. — Што я, дэбіл, не разумею... Твая вучоба — сьвятое.
Яна пастаралася як найхутчэй скончыць гэтую размову і ўрэшце проста кінула слухаўку. Тэлефон загаласіў. Гэта зноў быў Юрык, ужо п’яны і, як заўсёды ў такім стане, настроены на філязофскі лад. Ен мэлянхалічна пасьвістваў ды сьмешна ікаў.
— Гэта... Як ты вабшчэ, Веранічка, — пачаў ён, і па голасе Юрыка было чуваць, што ён разьлічвае на доўгую зьмястоўную размову. — Можа, выйдзем, пакурым?
— He магу, — пальцы Веранікі нешта казытала, і яна ажно павяла плячыма. — Іспыт заўтра.
Але казытка не спынілася, нешта варухнулася пад яе далоняй, што стомлена ляжала на адкрытых старонках. Вераніка раздражнёна зірнула, пачухаўшы далонь, і замахала рукамі ад агіды. Па старонках поўз жаўтавата-брунатны, даволі буйнога памеру таракан. «I адкуль жа ты ўзяўся?» — падумала Вераніка раззлаваўшыся, адначасова забіваючы пачвару чыстым лістом і крывячыся ад адчуваньня ягонага нябачнага цела пад падушачкамі пальцаў. Яна паднялася, каб аднесьці труп да ўнітаза, выйшла ў калідор і, можа быць, спакойна дабралася б да мэты, калі б не зірнула выпадкова на канапу ў залі ды, блізкая да непрытомнасьці, адступіла зноў да свайго пакою. 3 вузкіх палубаў чорнага пыласоса, што стаяў на сваім звыклым месцы, пагрозьлівыя ды незьлічоныя ў гэтай вайсковай сваёй уніформе, утвараючы часам невыносныя рухавыя купкі, разьбягаліся зь пераможным выглядам, дзіўна ладнымі шыхтамі, нібы падпарадкоўваючыся нейкаму загаду, рудыя жвавыя акупанты.
3-за дрэваў, што неахвотна расступаліся ў гэтым месцы, канца агароджы відаць не было, але паселішча займала невялікую тэрыторыю, яно плыло над лесам, як зьбіты зь бярвеньня лсдакол. Вераніка ўздыхнула, падняла крысьсё плашча ды ступіла ў цёмную ваду рова.
Натуральна, можна было павярнуць налева, падняцца на ўзгорак й скаціцца потым зь яго проста да брамы з аблупленай шыльдаю «Піянэрскі лягер «Машыніст» і ўжо адтуль пашыбаваць да летняй сцэны. Але лішніх пытаньняў наконт таго, што яна рабіла па-за лягерам у небясьпечным сутоньні, было ў такім выпадку не пазьбегнуць. Бо каля брамы заўсёды сядзелі дзяжурныя са старэйшых атрадаў, гулялі ў карты або ў ножыкі, яны б абавязкова скруцілі Вераніку ды адвялі б да начальніцы. I — часу ў яе ўжо амаль не было. 3-за навіслых над агароджаю карпусоў чулася, раптам абрываючыся й потым выбухаючы зноў, музыка — наладжвалі апаратуру, і нейкі голас, нібы наўмысна пасланы на пошукі Веранікі, раз-пораз далятаў да яе праз прыцемкі, выпушчаны з катапульты калёнак. I яна, моршчачыся ад халоднае вады, з адсырэлымі басаножкамі ў руках, хутка перабегла на той бераг. Прывітальна крумкалі жабкі, яны ўжо звыкліся з гэтымі таемнымі Веранічынымі ўцёкамі ды вяртаньнямі, Вераніка выцерла ногі крысом плашча ды азірнулася. Капітана яна ня бачыла, але ведала, што ён стаіць там, між ялінаў ды цяжкага, набрынялага вільгацьцю павуціньня, і махае ёй рукой, вось так, толькі трошкі ўзьняўшы руку й павольна варушачы пальцамі, — жадае ўдачы.
Яна надзвычай асьцярожна пралезла, прыгнуўшыся, праз адтуліну ў драцяной агароджы й потым з агідаю абулася, абкружаная брыдкімі пахамі, што жылі тут, нібы грыбы, напітаўшы сабой і раскіданыя вакол прагнілыя дошкі, і сьлізкі, вялізны, хутчэй за ўсё пусты ўнутры пень, у якім, цалкам магчыма, жылі сапраўдныя гадзюкі, і вялікі, павалены ў непрытульную траву тварам уніз шчыт, на сьпіне якога ўсё расплываліся ды не маглі расплыцца напісаныя алоўкам лічбы... Усё гэта Вераніка бачы-
ла шмат разоў, месцазнаходжаньне кожнага прадмета яна ведала на памяць і магла заплюшчыўшы вочы адшукаць дарогу. Пасьля даўкага, п’янкога водару лесу марудзіць у гэтым месцы ёй не хацелася, і яна шпарка кінулася да карпусоў.