Сарока на шыбеніцы
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 354с.
Мінск 2009
— Такім чынам, вы ў той дзень і менавіта а шаснаццатай сорак праходзілі міма месца здарэньня? — строгім голасам, у якім, аднак, угадваліся знаёмыя лісьлівыя ноткі, спытаў Сухараў і зашамацеў паперамі.
Вераніка маўчала. Яна ведала, што трэба адказаць, і чамусьці маўчала. Сухараў зьдзіўлена падняў на яе вочы, і толькі тады голас Веранікі, нібы колы, якія ўсё ж адолелі ўзгорак, плаўна вымавіў на спуску:
— Так, праходзіла.
Сухараў выцер пот. Ен загаварыў пра нешта, а Вераніка раптам ясна ўявіла сабе той дзень, вузкую вуліцу ў кляновым сыропе ценяў, падземны пераход, і стос газэтаў на парапэце, і газэтны кіёск побач, і п’яную кампанію счэпленага паміж сабой друзу пад агароджай, і тралейбус, што ад’яжджае ад прыпынку, сьлепячы чужых пасажыраў зварачным зьзяньнем шыбаў. Салдата, які толькі што выйшаў з тралейбуса і ў два крокі апынуўся ля пераходу. Вочы ягоныя, відаць, абыякава сьлізганулі па назьве газэткі, што ляжала зьверху, а можа, па якім-небудзь з тых ідыёцкіх танных загалоўкаў, што так любяць
фашысты, кшталту «Пакласці канец фальсыфікацыям!» або «Скажам не антынароднай уладзе!». Ен зірнуў на гадзіньнік, ён сьпяшаўся, невядомае дзяўчо чакала яго недалёка ў сквэры, бесклапотна даядаючы марозіва, да канца звальненьня чатыры гадзіны, як шмат трэба пасьпець!.. Зрабіўшы на хаду заўвагу гэтай пажылой цётцы, ён проста заступіўся за сваё дзяўчо з марозівам, будучы тата, будучы муж, а пакуль што жаўнер, якому даверылі абараняць Радзіму... Але цётка не змаўчала, яна, відаць, ашчэрылася яму ўсьлед: «Зомбі! Паслугач рэжыму!». I тады салдат ня вытрымаў, падняўся па прыступках назад і патлумачыў цётцы, што мае поўнае права правесьці яе да бліжэйшага міліцэйскага аддзяленьня. I каб пацьвердзіць сур’ёзнасьць сваіх намераў, скінуў парачку фашыстоўскіх улётак на гарачы асфальт. Дзіцячы ўчынак, вось гэтага рабіць ня трэба было, трэба было ўсё рабіць па законе... Але ж хлопчыку насамрэч толькі дваццаць. Кроў зайграла, што ж тут няяснага... А цётка яшчэ й мацюкнулася. Яны гэта ўмеюць, яны ж толькі на выгляд такія ўсе інтэлігентныя, гэтыя прастытуткідэманстранткі... I тады салдат абразіўся. He за сябе, відаць, за гонар свой вайсковы, і яшчэ за тую, якая так чакае яго ў сквэры. I распусьціў рукі. Але з кім не бывае? Вераніцы й самой часта хацелася мець мужчынскія кулакі, бо, як тут ні круці, ёсьць сытуацыі, дзе толькі з дапамогай складзеных разам пяці аргумэнтаў нешта можна давесьці. Натуральна, біць яе трэба было не ў жывот, гэта салдат перабраў. Па шыі ці пад вока, каб пазначыць фашыстку, каб яна яшчэ доўга хадзіла па горадзе ці па лягеры, гэта ўжо як суд бы вырашыў, з доказам сваёй віны на ўласным гнюсным абліччы. Але ж не ў жывот. Ды толькі ўсе яны забываюць, што ў такім узросьце цяжка правільна ацаніць становішча, адмераць сілу ўдару... Вось яе брат, напрыклад, нават у свае гады так і не навучыўся. Вераніка прымружыла вочы. А тое, што цётка звалілася менавіта на край тратуару, дык гэта ўжо выпадак. Тут ужо зоркі вінаватыя, а зоркі проста так ня сьвецяць. Да агрэсіўных недаробкаў яны рэдка бываюць літасьцівыя... I да лепшых людзей таксама. У любым
выпадку, салдат ніяк не заслугоўваў пакараньня. Яму яшчэ й праўда — жыць ды жыць, ня тое што гэтай... «пацярпелай»... Забіў бы яе, стала б адным фашыстам на сьвеце меней.
— Абвінавачаны зрабіў грамадзянцы Дохтуравай заўвагу, — прамовіла Вераніка, з выклікам зірнуўшы на цётку. — Яна кінулася да яго, трымаючы рукі перад сабой...
— Што б маглі значыць, па-вашаму, гэтыя выцягнутыя рукі?
— Ну, яна трымала іх так, нібы... Так, калі б яна намагалася абхапіць імі шыю абвінавачанага. I потым спатыкнулася ды ўпала тварам на тратуар.
Сухараў задаволена пазначыў нешта ў сваіх паперах і неўпрыкмет падміргнуў Вераніцы. Судзьдзя, той самы Лыкавец, які заўсёды, перад тым як зайсьці да Чэслава, зазіраў да Веранікі ды казаў у свае вусы абавязкова густое ды ўрачыстае «Вітаю Веранічку!», тужліва зірнуўу вакно ды пакруціў тоўсты шлюбны пярсьцёнак на пальцы.
— А ці чулі вы, як грамадзянка Дохтурава нецэнзурна лаялася ў адрас абвінавачанага?
— Так, — выдыхнула Вераніка, і зноў пасьля паўзы, падчас якой Сухараў усхвалявана падаўся наперад, нібы вырашыўшы яе ўшчыкнуць, а потым паўтарыла цьвёрда й гучна: «Так».
— Ці не маглі б вы апісаць, якія менавіта словы скарыстоўвала грамадзянка Дохтурава?
Вераніка пачырванела. Яе пашкадавалі й перадалі ліст паперы, на якім яна ўпершыню ў сваім жыцьці вывела нерашучай рукой усё тое, што чула ў Сьвеце штодня. Яе праца прыдалася: паставіць сябе на месца цёткі, калі такіх вось пацыентаў за дзень па некалькі праходзіла міма яе вачэй у кабінэце адміністрацыі, было няцяжка. «Жанчына — акторка», — прыгадала яна песьню Віктара Ветра, «Жанчына — акторка, жанчына, акторка, бывай да аўторка», і ледзь не засьпявала сабе пад нос, вяртаючыся ў калідор.
«Дзіўныя такія пачуцьці», — сказала яна задуменна, як усё яшчэ не астылая чэмпіёнка са сьцягам на мокрых плячах,
і Ён задаволена паўабняў яе, тут жа, зрэшты, адхіснуўшыся: Вераніка зьбянтэжана застыла на месцы, як абарваная песьня, •— ды Ён ужо не глядзеў на яе, прасоўваючы галаву ў залю. Гэта былі незвычайныя абдымкі, падумала Вераніка, гледзячы на сябе ў люстэрка. Так, незвычайныя. Быццам цябе ня могуць адляпіць. Аднак я ня веру, ня веру, ня веру. I буду змагацца.
Потым, у кавярні, яна ўсё цягнула мінэральную ваду й ніяк не магла наталіцца. Яна пайшла туды толькі ўпэўніўшыся, што і Ён ідзе сьледам, але Ён толькі выпіў за два прагныя глыткі сваю каву ды, пажартаваўшы пра нешта й пагладзіўшы Вераніку па шчацэ, зьбег. Усё было сапсавана самым прыкрым чынам, і нават адчуваньне таго, што зусім нядаўна Вераніка хаця б на крышачку аднавіла ў сьвеце справядлівасьць, не ратавала ад чорнага, горкага расчараваньня... Яна сядзела і з агідай старалася зачапіцца хаця б за нешта з таго, што казаў Сухараў — каб неяк зафіксаваць навакольле, надаць яму сэнс, не разгубіцца, не растварыцца канчаткова. Паблізу ўсаджвалася сьнедаць кампанія італьянцаў, усе як адзін падобныя да мафіёзі. Вераніка злавіла сябе на думцы, што ёй вельмі хочацца пабачыць цяпер салдата, якога яна выратавала ад няволі, паглядзець на яго, проста зірнуць, можа, гэта падзейнічала б на яе як супакаяльнае. Яна пачала ўглядацца ў твары астатніх наведнікаў. Людзі былі спрэс вясёлыя, добразычлівыя, яны відавочна ганарыліся тым, што могуць вось так схавацца ад сонца: з камфортам, без напругі, не зьмяняючы тону, не разразаючы стужкі на маленькай падарункавай упакоўцы шчасьця. Сухараў безупынку балбатаў, a потым нечакана прызначыў ёй на вечар спатканьне. Вераніка паморшчылася, нагадала яму пра свае прыёмныя гадзіны ў адміністрацыі й паднялася з-за стала, сама заплаціўшы за ваду, за Ягоную каву й за толькі што прынесеную падобнай да Фэміды афіцыянткай піццу.
* * *
Роў быў неглыбокі, але поўны пастак; усё ж неўзабаве Вераніка ўжо была на другім беразе. Яна прысела, абула чаравікі ды
пачала выкручваць крысо плашча, адначасова паглядваючы ў пашчу лесу, які з гэтага боку, у засені драўляных сьценаў, выглядаў яшчэ больш варожым. На мапе, як ні дзіўна, тое месца, куды яна прыйшла, абазначанае не было. Толькі гушчар, халодныя цёмныя джунглі, у якіх пракладваў сабе шлях чарвячок яе гераіні. Ацэньваць перавагі гульні, аднак, часу не было, задачай нумар адзін зьяўлялася дасьледаваньне гэтае маленькае драўлянае фартэцыі. Дзе ж тут у іх уваход? Вераніка паднялася на ногі, і тут вецьце па той бок рова здрыганулася, і адтуль вывалілася невядомая, пакрытая рудаватым пухам істота памерам з добрага каня. Стоячы на чатырох кароткіх лапах, гэты монстар пранізьліва крычаў, круцячы галавой; Вераніцы падалося, да яе нават далятала непрыемнае, з прысмакам тухляціны, рэха ягонага дыханьня. Крыкі нагадвалі птушыныя або малпіныя... Вераніка міжволі прыхінулася да сырой драўлянай сьцяны. Толькі яна паспрабавала разгледзець пачвару як сьлед, тая раптам ударыла па вадзе пярэдняй лапай, і Вераніку абдала з галавы да ног. Яна вылаялася, адчуваючы, як сьцякае за каўнер пякучы струмень, а монстар аглушальна ды радасна завішчаў. Пярэднія лапы монстра, пэўне, валодалі здольнасьцю станавіцца то карацейшымі, то даўжэйшымі, інакш як можна было патлумачыць, што гэтыя агідныя канечнасьці, якія толькі што стаялі на імху, увадначасьсе дасталі ажно да сярэдзіны рова... Вераніка махнула рукой у ягоным накірунку, і пачвары гэта відавочна не спадабалася. Гэтым разам лапа амаль дацягнулася да берагу, на якім ціснулася да сьцяны зь бервяна Вераніка, і ёй стала зразумела, што гэта яшчэ не мяжа для гэтага драпежніка. А скончыць сваю гульню вось так, па-дурному, ёй зусім не хацелася... «Гэй, ты, што я табе зрабіла?» — выгукнула яна й выставіла рукі далонямі наперад: можа, хаця б гэты жэст дасьць яму зразумець, што ён памыліўся ахвярай.
Пачвары, відаць, на гэта было напляваць. Наступны раз лапа дацягнулася амаль да ног Веранікі, і яна ўцяміла нарэшце, што яшчэ адна такая атака — і гульня для яе скончыцца. Крыўдна
было б пакідаць яе, столькі перажыўшы. Яна заўважыла, што кіпцюры на лапе ня сьведчаць пра міралюбнасьць прыхадня, хутчэй наадварот: адзін дотык такой лапай, і кампутар можна будзе выключаць. I Вераніка пабегла ўздоўж сьцяны. Адначасова яна намагалася неяк вызначыць, да якога племені належыць яе перасьледнік, які не марудзячы пабег за ёй уздоўж супрацьлеглага берагу. Ростам пачвара й праўда была з добрага каня, пысаю нагадвала нейкага інсэкта, целам — лысага мядзьведзя... Ззаду выгінаўся малпін хвост. Панапрыдумляюць жа... Агромністыя вочы монстра пільна сачылі за Веранікай, і не было ў іх ні шкадаваньня, ні хітрасьці, толькі нянавісьць, чыстая, атрутная, без дамешкаў. Урэшце Вераніка ўпала ў быццам бы пакусаную кімсьці траву ды папаўзла, пачвара зноў раможна заенчыла ды таксама запаволіла хаду. «Ну, усё», — Вераніка намацала кубак з матэ й з прыкрасьцю адкінулася да сьпінкі крэсла. Маці нешта сказала, праходзячы міма яе пакою, і Вераніка таксама нешта буркнула ў адказ. Падобна на тое, што маці гэтага хапіла.
Яна адкінула ад сябе мыш, як зламаную шпагу. Будзь што будзе. У\ада, калісьці так прыгожа ёю змайстраваная, імкліва страчвала старанна прыдбаныя пункты. Монстар спыніўся і колькі сэкундаў глядзеў на зрынутую Вераніку, а потым паволі, быццам смакуючы свой посьпех, пацягнуў да яе сьмертаносную лапу. Вераніцы хацелася заплюшчыць вочы, але ж жаданьне паглядзець на ўласную сьмерць перамагло. Лапа была ўжо каля самага яе твару, калі да яе проста з вышыні агароджы кінуўся з маланкавай хуткасьцю жалезны, доўгі, загостраны на канцы крук ды ўпіўся ў рудаватую скуру драпежніка. Д зікунскі крык разарваў лес. Нібыта яго нават асьвяціла чароўная, блізкая ўспышка. Зьвер хацеў падабраць пад сябе параненую лапу, але марна: крук ухапіўся так моцна, што зараз, здавалася, падцягне пачвару да самае сыдяны. Монстар супраціўляўся, як мог, і ўсё ж вырваўся. Каля твару Веранікі засталася лужына яркай кампутарнай крыві. Скуголячы й кульгаючы, драпежнік зьнік у кустоўі. Вераніка зь цікаўнасьцю ўзьняла галаву.