• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сарока на шыбеніцы  Альгерд Бахарэвіч

    Сарока на шыбеніцы

    Альгерд Бахарэвіч

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 354с.
    Мінск 2009
    81.53 МБ
    Яе адпачынак у «Машынісьце» сканчаўся, яна прабавіла між ягоных дратоў ды балёнікаў дзьве зьмены. Яшчэ ў Сьвеце, рыхтуючыся ехаць у лягер, яна з заміраньнем сэрца слухала аповеды тых, хто ўжо пабываў тут. I ўсё было гэтак сама, як ёй распавядалі ў задушлівым, густым кустоўі за домам: хлапечыя начныя вылазкі на дзявочую палову з выкарыстаньнем зубной пасты, гісторыі перад сном, пасьля якіх адна дзяўчынка зь іх атраду яшчэ тыдзень мачылася ў ложак, і піянэрбол на вытаптаным пяску, і конкурс песьні, на які Вераніку нават не ўзялі — забракавалі, і яна праплакала ўвесь дзень, схаваўшыся на ўскраіне лягеру, за паваленым дубам, адкуль яе прагналі старэйшыя хлопцы, і купаньне ў соннай, неглыбокай рэчцы, і камары, камары, камары... — пакуль не пачаўся гэты сэзон дажджоў, пасьля якога лягер ледзь не затапіла. Бацькі прыяжджалі да яе па выходных, але без энтузіязму — Вераніка бачыла, што ім карціць як найхутчэй зьехаць, і яны нават ня слухаюць, што яна распавядае ім дрыготкім ад захапленьня голасам. Брат так і не прыехаў ніводнага разу, але што там казаць, ён быў якраз у такім узросьце, як іхныя дзяжурныя каля ўваходу: ножыкі, карты...
    Менавіта пасьля гісторыі з конкурсам песьні Вераніка знайшла гэтую адтуліну ў агароджы. Невядома калі павалены дуб, што ляжаў паблізу ад сталовай, надзейна захінаў ад вачэй важатых ды выхавальнікаў зарослую густой высокай травой выспу, за якой, у сваю чаргу, тырчаў пень у клятчастым цені. Тым разам Вераніка, у якой яшчэ драла ў горле ад крыўды ды нядаўніх сьлёзаў, доўга стаяла перад раптоўна знойдзенай адтулінай. Хто ведае, можа, ёй карысталіся дарослыя, каб зьбегаць у бліжэйшую вёску па самагон, можа, важатыя лазілі празь яе, каб патанчыць на дыскатэцы ў райцэнтры, да якога было кілямэтраў пяць... Вераніцы было соладка ды страш-
    на, калі яна ўсё ж закрыла ўспацелай далоньню вочы свайму страху ды вылезла вонкі, адразу ж упаўшы ў замаскаваную палым гальлём канаву ды перапэцкаўшы ў глей сукенку. Тады яна вырашыла не адыходзіць далёка ад лягеру, пагуляла між зманліва рэдкіх ялінак, пазрывала яшчэ зеленаватых ягадаў ды выкінула іх каля заняпалага мурашніка... Але потым усё ж заблудзілася, бо навязьлівыя ўспаміны заміналі думаць пра нешта апрача нядаўняе несправядлівасьці й гналі ногі наперад. Неўзабаве яна выйшла да рэчкі. Цалкам магчыма, гэта была тая самая рэчка, у якой, трохі, відаць, далей, там, дзе сканчаўся лес, яны плёскаліся падчас першае зьмены. А можа, і не. Яна падышла да самае вады, і рукі самі ўзялі каменьчык і кінулі яго, млява ды няўпэўнена, у нясьпешную, амаль нябачную плынь. Нібыта ў каменьчыку была схаваная яе крыўда, нібыта пасьля гэтага яна цудадзейным чынам вернецца ў лягер, і важатая Сьвета кінецца да яе з прабачэньнямі. А каханьне яе ў іголцы, а сьмерць у яйку, а шчасьце ў куфры... Ці ня ў куфры. Зноў яна ўсё пераблытала. Вакол было ветрана ды вусьцішна. Яна павярнула галаву ды пабачыла Капітана. Ен паманіў яе пальцам: хадзі сюды, і яна, напачатку ўжо памкнуўшыся ўсім целам да лесу, потым стрымалася й баязьліва падышла. На першы погляд здавалася, Капітан лавіў рыбу, але потым, калі яны сустрэліся тут ужо другі раз, Вераніка ўцяміла, што Капітан быў занадта задуменны, каб хаця б нешта ўпаляваць у гэтай лянотнай, растлусьцелай, амаль нерухомай вадзе.
    Капітан жыў паблізу ў намёце, які чужому знайсьці было, бадай што, немагчыма, бо яго ад цікаўных вачэй абараняла вельмі падступнае на выгляд, быццам вынутае са змрочнай казкі й перанесенае сюды разам з зацьвілай багнаю ды зеленаватым сьвячэньнем, балота. Капітан браў Вераніку за руку ды йшоў адно яму вядомымі сьцежкамі. Пазьней, калі Вераніка ўжо скончыла ўнівэрсытэт, яна толькі жахалася, што магло б зь ёй здарыцца, акажыся Капітан іншым чалавекам — уся рызыка яе колішняй бесклапотнасьці паўстала перад Веранікаю ва ўвесь свой пачварны рост. Напэўна, і той, з крыламі, нябач-
    ны, хто не пакідаў Вераніку ўсё яе жыцьцё, то хаваючыся за фіранкамі, то выступаючы раптам з паветра, як Копэрфілд, у тую лягерную пару таксама йшоў за Веранікай, якая даверліва трымала Капітана за руку, ішоў, спатыкаючыся, правальваючыся па калена ды зноў ступаючы па купінах...
    Спачатку яны з Капітанам маўчалі, а потым урэшце разгаварыліся: Капітан распытваў яе пра бацькоў, пра лягер, і неўзабаве Вераніка ўжо распавядала пра сябе, захлынаючыся, пырскаючы падлеткавай чыстай сьлінай, пра брата, пра важатую Сьвету... Капітан быў сапраўдны — ён насіў адмысловую фуражку, ён пыхкаў люлькай, ён быў барадаты й надзвычай маркотны. Пах ягоных высачэзных, зялёнабурых, як балота, ботаў Вераніка памятала яшчэ доўга. Правая рука Капітана была зь нейкім загадкавым пашкоджаньнем: ён ня мог разагнуць як сьлед ні яе, ні пальцы... Затое левая працавала за дваіх, і Вераніцы было прыемна трымацца за гэтую руку, цьвёрдую, бы камень. У той час ёй пачалі сьніцца дзіўныя сны: парашутысты над ранішнім туманным лесам, таемныя знакі, скрыжаваныя рыдлёўкі... Дзіўна: болей такога зь Веранікаю ніколі не здаралася. Яна вярталася ў лягер як у сьне й не магла ўначы заснуць. Важатыя нічога не заўважалі. А аднойчы Вераніка заснула ў намёце Капітана — узяло сваё доўга бяссоньне — і вярнулася ў лягер толькі ўначы. Як заўсёды, Капітан правёўяе да агароджы. Яна, палохаючыся кожнага гуку, прабралася нарэшце, абмінаючы ліхтары, да свайго корпусу ды не распранаючыся шуснула пад коўдру, пачуўшы на ганку нечы голас. Але гэтае спазьненьне сышло ёй з рук, ніхто нічога не заўважыў.
    Калі Вераніка звольнілася з Цэнтру, яна вырашыла абавязкова знайсьці Капітана. Ен почасту зьяўляўся між яе ўспамінаў і ўсьміхаўся. Сто разоў Вераніка плянавала экспэдыцыю да той піянэрлягернай рэчкі, і аднойчы нават пагаварыла пра гэта, не называючы сапраўдных прычынаў, з адным маладым чалавекам, які, як здавалася Вераніцы, быў даволі авантурнага складу... Але жыцьцё раптам панеслася наперад з такой хуткасьцю,
    што Капітан праваліўся некуды ў шчыліну паміж дзяцінствам і даросласьцю, і, як высьветлілся, незваротна.
    Неяк яны сядзелі ля вады й Капітан, трымаючы ў руках непатрэбную вуду, сказаў нечакана:
    — Ведаеш, што там, на тым беразе?
    Вераніка пахітала галавой і паспрабавала злавіць у палёце страказу.
    — Гэта памежная рэчка, — прамовіў ён нечакана грубым голасам. — Памежная. Там — другая краіна, там усё ня так... Там усё магло б быць інакш. Ніколі не заплывай за сярэдзіну. Бо тады ўсё вельмі дрэнна скончыцца. Тут паўсюль памежнікі. Я іх ведаю, і таму яны нас не чапаюць. Але ніколі не заплывай... Чуеш?
    — Так, ня буду, — сказала Вераніка, хаця яна цудоўна ведала, што там, на другім беразе, ніякае не замежжа, а палі калгасу «Ліпеньскі» і, трохі далей, вайсковая частка. Ей чамусьці захацелася, каб Капітан распавёў яшчэ што-небудзь, але ён заняўся раптам рыбай, якая, ужо на палове шляху да сьмерці, раптам пляснулася ў ваду, сарваўшыся з вуды, і Капітан глуха вылаяўся.
    Вось жа дзіўна. Тады Вераніцы здавалася, што Капітан стаў для яе цэлым сусьветам. А прайшло ўсяго трохі часу, і трэ было йсьці ў школу — і сусьвет цудоўна абышоўся без Капітана. Ведалі б бацькі...
    ... — Ну дзе ты ходзіш, Веранічка! — ліхтарык раптам выхапіўяе зь цемры, і важатая Сьвета, грудастая, вялікая, вось бы каго зараз на сцэну, рашуча ўзяла Вераніку за руку. — У нас мала часу! 3-за цябе ўсё зрываецца!
    Яе пацягнулі да сцэны, за сцэну — пры набліжэньні важатай усе схавалі цыгарэты. На сцэне аглушальна роў вядучы. «Давай, давай!» — Сьвета рэзка задрала Вераніцы кофту ды прыціснула ёй да жывата падушку. «Ну, не тармазі!». Астатнія былі ўжо ў зборы ды зь цікавасьцю пазіралі на брудныя ногі Веранікі ў зусім размоклых басаножках: Веня Жук з кіёчкам і ў акулярах над прыклеенай белай барадой, якая, відаць, про-
    ста не дачакалася новага году, Анжаліка зь лялькай, Фарыд, закручаны ў бінты так, што быў відаць толькі арліны нос. На сцэне нешта зашыпела, і Сьвета таўханула Вераніку ў азадак. «Я ня буду ўдзельнічаць у гэтых ідыёцкіх дзіцячых сцэнках!» — віскнула раптам Анжаліка, інтэлігентная дзяўчынка з цэнтру гораду, але падштурхнутая Вераніка прывяла ў дзеяньне іхную працэсію, і яны вылецелі на сцэну й пасьпяхова расьселіся па крэслах, а пераможца нядаўняга конкурсу, падобная да ахопленай агнём малпы Алеся распусна сьпявала ў мікрафон невядома кім прыдуманую песеньку на матыў мульцяшнае « Доброты», у якой рэфрэнам гучала: «Трэба месца саступіць». Вераніка зірнула на малодшыя атрады, якія глядзелі на сцэну з пачцівасьцю — рукі на каленях, пальцы ў насох, на занятую сваімі справамі астатнюю публіку, і ёй падалося, што яна бачыць, як Капітан стаіць там, у заднім радзе, і пальцы ягоныя ўхвальна ды сумна варушацца.
    ♦ * ♦
    Да таго жудаснага вечара яны дзялілі з братам гэты вузкі пакой, бацькі спалі ў залі. Быў, натуральна, перапынак, Вераніка сама баялася сабе прызнацца, да чаго ён быў прыемны; гэтыя амаль два гады — брат тады пайшоў у войска, і хаця яна старалася падтрымліваць парадак у ягоных рэчах і ні на імгненьне не давала пакою выглядаць так, нібыта ён мае толькі адну гаспадыню, — гэта быў файны час. Але брат вярнуўся, і жыць зь ім станавілася ўсё цяжэй.
    3 часам узьніклі заканамерныя праблемы: усё ж няма нічога правільнага ў тым, што дарослыя брат і сястра жывуць у адным пакоі; у іх могуць узьнікаць нехарошыя, як казала бабуля Веранікі, думкі, дый наогул — індывідуальнасьцям трэба прастора, каб судакранацца бяз крыўдаў (гэта Вераніка недзе вычытала). Спачатку праблема вырашалася неяк сама сабой, брату першы год пасьля войска яшчэ захоўваў нейкія рэшткі любові й далікатнасьці. Потым стала прасьцей: брат амаль не начаваў дома, а калі й прыходзіў, то пад раніцу, калі
    Вераніка ўжо спала. Так што яна магла без усякіх цяжкасьцяў (ну хіба паглядваючы раз-пораз на дзьверы) пераапранацца, класьціся спаць і рабіць усё тое, што нармальны чалавек не выстаўляе на агульны агляд. Сказаць пра гэта бацькам значыла зрабіць ім вельмі балюча, і Вераніка гэта добра разумела. He, паведаміць пра ненармальнасьць становішча ёй даўно карцела, асабліва калі яна яшчэ вучылася ў школе, але потым Вераніка падумала пра тое, як гэта, відаць, цяжка — знайсьці для дачкі кватэру... А потым прыйшло азарэньне: яны проста чакаюць, калі я выйду замуж і праблема вырашыцца сама сабой. Ну не, злосна засьмяялася яна, я ня згодная. I Вераніка цьвёрда вырашыла адкладваць сабе на жытло, як толькі яна знойдзе працу.