• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сарока на шыбеніцы  Альгерд Бахарэвіч

    Сарока на шыбеніцы

    Альгерд Бахарэвіч

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 354с.
    Мінск 2009
    81.53 МБ
    У сумцы Веранікі ляжалі падарункі для Тані Кулакоўскай, ружовы бегемот і віншавальная паштоўка, але Вераніка чамусьці ніяк не магла абраць момант, калі іх уручыць. Пра гаспадыню пакою, мажную, бялявую, з самымі вялікімі на курсе зубамі, успаміналі толькі тады, калі налівалі, ды Кулакоўская й не засмучалася з гэтае нагоды, седзячы на каленях у Жоры, які мэлянхалічна курыў імяніньніцы ў вуха. На нейкі момант стала цішэй, дзяўчаты старанна пераймалі сваіх пакінутых у Сонцаградах і Торфагорсках мамаў, кожная звычна скардзілася на лёс ды падпірала рукой падбародзьдзе, у кожнай вочы засьціла кінэматаграфічная бабская журба... Вераніцы спадабалася такая атмасфэра, яна павярнулася да сваёй суседкі, незнаёмай фарбаванай бляндынкі з мышыным тварам, і раптам пачала распавядаць пра выгоды абранай імі прафэсіі. Тая спачатку зьбянтэжана маўчала, ківаючы, а потым пачала ржаць, Вераніка засьмяялася таксама, але потым ёй здалося, што фарбаваная
    з чымсьці ня згодная, і Вераніка надзвычай лягічна пачала адстойваць свой пункт погляду.
    Яна казала вельмі пераканаўча, даводзілася перакрыкваць цэлы стол, яна махала рукамі: высьветлілася, што ўсе замоўклі й глядзяць толькі на яе, глядзяць і зьдзекліва пасьміхаюцца. Ды толькі Вераніку было не спыніць. Фарбаваная ледзь ня падала тварам у талерку, поўную недапалкаў... Тут рот Веранікі заляпілі нечыя моцныя, з даўгімі кіпцямі пальцы, Вераніка намагалася іх скінуць, але рукі ня слухаліся, абмяклае цела гарэла. «Разышоўся Трулік», — сказала Кулакоўская. «Піць нават бабе трэба ўмець»,-— важка прамовіў з-пад яе Жора. Пальцы на вуснах Веранікі ўжо зьбіраліся расьціснуцца, але ім спадабалася гэтая гульня, і яны націснулі мацней, гэтыя пальцы з доўгімі пазногцямі, з пахам цыбулі. Вераніка пачала дрыгаць нагамі, талеркі на стале весела зазьвінелі. «Задушыш», — дабрадушна сказала Маша, якая сёньня чытала даклад пра Насовіча. «Ды не», — прамовіў сыты голас за сьпінай Веранікі, і тут жа Жора, ня скідваючы Кулакоўскай, узяў гітару, правёў па струнах: «Не, як яна яе задушыць?.. A hoc для чаго?». I ён усё ж скінуў з каленяў Кулакоўскую, узяў акорд і фальшыва працягнуў:
    A hoc нам для чаго, A hoc нам для чаго? A hoc нам для таго, A hoc нам для таго...
    «Няхай носам дыхае», — рэзюмаваў нехта, і размова перайшла на Іну, каралеву курсу. Мужчынская палова гасьцей з ахвотай падтрымала тэму, пасыпаліся жартачкі, плёткі... Пальцы, аднак, не адпускалі Вераніку, заціскаючы ёй рот зь нейкім амаль мэдыцынскім прафэсіяналізмам. Ад дыму ўяе сьлязіліся вочы, а ў вушах гайдаўся нядаўні Жораў экспромт. I вельмі, вельмі хацелася жыць. Тым ня менш на Вераніку забыліся, і яна са зьдзіўленьнем, якое імгненна зьмянілася жахам, зра-
    зумела, што калі зараз жа, вось зараз жа не глыне паветра, то страціць прытомнасьць. «Прытомнасьць?» — зарагатала ўнутры адна зь бясконцых дадатковых Веранікаў, з усімі якімі яна яшчэ не перазнаёмілася. « Ды ты проста зараз...». I зноў рогат, гэта засьмяяўся Жора, выконваючы мацерную песеньку, якую ўсе з задавальненьнем падхапілі. Усе, апрача Веранікі, у якой у вачах ужо была ноч — а ноччу якія ж песенькі. Пакой аглушальна зароў у прыпеве, і тая, чые пальцы ляжалі на Веранічыных вуснах, прасьпявала таксама, добра пастаўленым голасам, такія галасы на дарогах не валяюцца. Ад Веранікі, нібыта пакідаючы нецікавую кветку, аддзяляліся адна за адной лёгкія постаці ды, расслойваючыся, раствараліся ў паветры, машучы празрыстымі крыламі.
    Сьвет раптам здрыгануўся й паплыў да адчыненага акна, туды, дзе на падваконьні сядзеў, зьвесіўшы ногі на сырую вуліцу, выдыхнуты вясёлым пакоем прывід. Вераніка яшчэ раз дрыганула нагамі, на спадніцу ёй упала гара нарэзанага сала ды недаедзеная фарбаванай вараная бульба, пасыпаная зьверху кропам і попелам. Фіранкі не варушыліся. На парозе нечакана вырас адзін з тых вусатых, якія глядзелі ў холе тэлевізар, у тым жыцьці, у мінулым, у эпоху бяз пальцаў на вуснах. «Ёсьць!» — закрычаў ён урачыста, зьняў капюшон і вываліў на стол мокрыя пляшкі. Пальцы расьціснуліся, і Вераніка падавілася паветрам, а тыя самыя пальцы ўжо клапатліва грукалі ёй па сьпіне. «Давай з намі!» — падміргнуў ёй Жорык, і вось Вераніка ўжо трымала, паліваючы спадніцу гарэлкай, плястмасавы кубачак і разявала бязгучна рот, бо й так грымела на ўвесь паверх: «Патаму што нельзя, патаму што нельзя, патаму што нельзя, патаму што нельзя!». Твары танулі ў татарскім дыме. Зусім ужо здаровая, без усялякіх прыкметаў нядаўняй прастуды, яна ўсё ж азірнулася потым, каб высьветліць, чый жа гэта быў голас, але са сьцяны на Вераніку глядзеў толькі постэр успацелай, падобнай да пантэры Магды — рыхтык такі, які вісеў у Веранікі дома.
    Яна бачыла, як Ён толькі што зайшоў у кабіну ліфта, як за Яго заўжды гатовай засьмяяцца сьпінай самкнуліся дзьверы, чула, як Ён задуменна зьвінеў ключамі, ведала нават, куды Ен ідзе (не пытайцеся, адкуль, у гэтым будынку ня ходзяць проста так на першы паверх), — яна бачыла, чула, ведала, і ўсё ж, праходзячы па пустэльным калідоры міма Ягонага кабінэту, націснула лёгка ручку. Ручка паддалася, кабінэт аказаўся незамкнутым, і Вераніка, падпарадкаваўшыся імгненнаму парываньню, увайшла. На ўсялякі выпадак у яе было тлумачэньне гэтага візыту, пад пахаю яна трымала напагатове вялікую скураную тэчку, у якой, папраўдзе, знаходзіўся толькі адзін аркуш, затое насамрэч важны, аркуш з гербам, які патрабаваў падпісаньня, хаця й не настолькі неадкладнага, каб ісьці зь ім да намесьніка проста зараз. Вераніка зьмяёй упаўзлаў кабінэт і ціха прычыніла дзьверы. Тут пахла плошчай ды добрай вэнтыляцыяй, скрозь краты адчыненых вокнаў даносіліся бадзёрыя крыкі будаўнікоў. Вераніка з салодкім пачуцьцём злачынцы агледзелася ды зноў схапілася за ручку дзьвярэй: з-за дзьвярэй невялікае, але высокае шафы вызірнула Ларыса ды адразу ж выставіла перад сабой далоні, нібы паказваючы, што яна ні да чаго не дакраналася. «Прывітаньне», — агаломшана прамовіла Вераніка й зрабіла зь нявінным выглядам некалькі крокаў да стала, на якім, сярод вясёлага гармідару рэчаў, горда стаяў у цені дзяржаўнага сьцяга маленькі сьцяжок маладых антыфашыстаў на шэрай падстаўцы.
    — Міласьці просім, — адгукнулася Ларыса, адступіўшы далей ад шафы, паказваючы, што ні за якай шафай яна ніколі не стаяла. — Ен у сталовую пайшоў, каву піць.
    — А я пастанову па Рачку прынесла, — хутка сказала Вераніка. — Але, мусіць, я лепш яму ў рукі...
    — Па Рачку? — зрабіла Ларыса вялікія вочы. — Так хутка? Яшчэ ж месяц ёсьць у запасе.
    Вераніка паклала тэчку на стол і тут жа забрала назад. «Зараз мы адчынімся», — дзьверы, здавалася, варушылі руч-
    кай, аднак гэта лухта, адсюль павінна быць чутно, калі нехта набліжаецца да кабінэту. Нават гудзеньне ліфта яны б пачулі. Ларыса падышла да Ягонага крэсла й паклала рукі на сьпінку, чакальна паглядаючы на Вераніку.
    — Добра, я пайду, — Вераніка, не адрываючы ад Ларысы вачэй, паволі зрабіла крок назад.
    — Ну давай, — усьміхнулася Ларыса. — Пойдзеш са мной у абед у Цэнтральны? Толькі я сёньня ня ем... Так, банан сабе куплю.
    — А я пірожнае, — прамовіла Вераніка з выклікам, потым пастаяла крыху моўчкі й дадала ўжо гучней:
    — Крэмавае.
    — Крэмавае? — задыхнулася Ларыса. — Ад салодкага ведаеш што бывае?
    Вераніка зноў падышла бліжэй, цяпер паміж імі быў толькі Ягоны стол. Вецер варушыў сьцяжкамі, на манітор кампутара паволі апусьцілася муха.
    — А ты што, дарэчы, тут робіш? — запыталася Вераніка ціхім голасам, паправіўшы нейкую паперчыну, якая ўжо была гатовая зьляцець з краю стала.
    — Працую, — сказала Ларыса, выцягнуўшы галаву так, каб Вераніцы было відаць кожную зморшчыну на яе ілбе.
    — У чужым кабінэце?
    — У чужым, — са штучнай вінаватасьцю ў голасе адказала Ларыса.
    — А можа, ня трэба ўсё ж у чужым?
    — А можа, ня трэба суваць нос у чужыя справы?
    — А можа...
    Ен зайшоў у кабінэт як заўсёды спартовай хадою, нават трохі падскокваючы. «Якія людзі...» — мімаходзь правёў пальцамі па аголеным плячы Веранікі ды сеў паміж імі за стол, і муха расчаравана вылецела ў акно. «Ну што, Ларыса Бацькаўна, як посьпехі?»
    — Ды тут у вас... — Ларыса зморшчылася, хітнула галавой на шафу. — Палову папераў трэба ў макулятуру.
    — Добра, давядзецца сакратарку клікаць, — Ён адкінуўся ў крэсьле ды пацягнуўся. — Дзякуй за дапамогу. Уяўляеце, дзяўчаты: а кава ў іх — паверыць не магу — скончылася... Што за народ!..
    — У сакратаркі Чэслава Карлавіча ёсьць, — сказала Ларыса, адчыняючы дзьверы. — I кававарка, калі яна толькі працуе.
    — Ага, — адгукнуўся Ён, думкамі ўжо далёка ад кавы. — Так. А ў Веранікі Бацькаўны што?
    Вераніка моўчкі паклала яму на стол тэчку, ён раскрыў, прабег вачыма ды засьмяяўся зьбянтэжана:
    — Рана! 3 гэтым пачакаем! He сьпяшайся так, Вераніка, сонейка, не сьпяшайся, a то памрэш!
    Вераніка ўзяла тэчку ды пайшла да выхаду. Ларысы ў кабінэце ўжо не было.
    — Пастой, — Ен падышоў да яе. — Ведаеш, Веранічка...
    Яна моўчкі глядзела ўніз, на мыскі ягоных туфляў.
    — Ведаеш, што... Ты толькі не крыўдуй.
    Ён паклаў руку ёй на плячо ды паспрабаваў зазірнуць у вочы:
    — Мы ў пятніцу гуляем супраць міліцыі. I, ведаеш, замест цябе вырашылі ўзяць Олю. Ну, гэтую, практыкантку... Яна нішто сабе знаўца, асабліва па розных юрыдычных пытаньнях... Пасядзі пакуль у запасе, адпачні... О’кей?
    Вераніка кіўнула ды ўзялася за ручку.
    — Але ты прыходзь, пабалець! — крыкнуў Ён ды зноў сеў за стол, уключыў кампутар ды глыбока задумаўся, нібы Вераніка даўно ўжо выйшла.
    Ты ў мяне ў гасьцях. Гэта, аднак, няпраўда: як можна быць у гасьцях у таго, хто сам вечна ў гасьцях? Як можна быць у гасьцях, знаходзячыся ў сябе на радзіме? Франк толькі што сышоў да сябе ў гатэль, і мы адразу ж выключаем сьвятло й забіраемся ў ложак. Месяц, гэтая сьветлавая рэкляма ночы, завіс акурат у нашым квадраце акна, і мне трохі шка-
    да тых, хто да раніцы яго пазбаўлены. Але не дзяліцца ж ім з астатнімі?
    Я ніколі не параўноўваю цябе зь Веранікай. I калі б Вераніцы прыйшло раптам у галаву раўнаваць або параўноўваць, яна б таксама ня мела на гэта права. Бо Вераніка была там, у тым жыцьці, ты ў гэтым, і хто ведае, хто будзе са мной ва ўсіх наступных. He, я ня веру ў перасяленьне душаў, я веру ў бясконцасьць і незваротнасьць выгнаньня, як бы гэта патасна ні гучала. Усе гэтыя краіны не мяжуюць паміж сабой — больш за тое, калі існуе адна, то астатнія зьнікаюць.